Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Па законах гасціннасці»


Па законах гасціннасці

У школе мы праходзілі творчасць Кандрата Крапівы: на памяць вучылі ягоныя байкі... Адну з іх — аб тым, як «ехаў Дзедка на кірмаш, з ім на возе — Баба...» я помню дагэтуль. Праўда, адзін радок мы там перапісалі. У Крапівы было:


Фота: pixabay.com

— Кінь, дурная, бо зганю!

Дзед тут Бабе кажа. —

Ты паможаш так каню,

Як хваробе кашаль…

У нас жа:

...Ты паможаш так каню,

Як Валодзю Паша.

...Яны, гэтыя двое, былі знаёмыя даўно, але завочна: я свайму чалавеку нешта расказвала пра супрацоўніцу Надзю і яе сям’ю. Надзя, напэўна ж, расказвала пра нас. А потым мы разам апынуліся ў адной кампаніі, хораша пасядзелі, па дарозе дамоў — вырашылі прайсціся…

— Вы заўтра ў вёску, на бульбу? — перапытала Надзея.

— Ну, з карабля на баль, — уздыхнула я.

— Што — многа бульбы? — пацікавіўся яе муж Паша.

— 30 «сотак», — адказаў мой Валодзя.

Паша стаў спачуваць, маўляў, 30 — гэта і праўда шмат.

— Дык паехаў бы ды памог, — пяць капеек уставіла Надзя.

— А што? Я магу, — згадзіўся той.

Мужчыны — і неяк адразу ж — дамовіліся, што ў суботу ў восем раніцы Паша на метро прыедзе на канцавую станцыю, што на выездзе з горада мы «падхопім» яго і на машыне памчымся далей.

На словах усё выглядала проста, на справе ж…

Без дзесяці восем — ранавата — мы першы раз падрулілі да тога выезду. Пашы на месцы не было, стаянка забароненая... Прыйшлося праехаць наперад, хвілін пятнаццаць пастаяць, развярнуцца і падруліць яшчэ раз. Наш памочнік, на жаль, не з’явіўся.

Набралі яго мабільны. Жонка адказала, што тэлефон Паша забыўся дома, а сам — ужо з гадзіну як выехаў (там пехатой хвілін трыццаць).

У такіх сітуацыях нічога добрага ў галаву не прыходзіць: з чалавекам нешта зрабілася — з-за нашай бульбы…

Не так хутка, як хацелася, але Пашу мы знайшлі — у блізкім скверы, з бутэлькай піва.

...Да вёскі дабраліся недзе пад абед, паселі за стол, добра падмацаваліся. Паша зацікавіўся нашай сялібай, назвамі паселішчаў. Мой тата — настаўнік гісторыі — захацеў яму ўсё расказаць ды паказаць. Так што пасля абеду гэтыя двое (тату ў нас ніхто не пярэчыць) пайшлі па вясковых вуліцах, потым — па яўрэйскіх і праваслаўных могілках…

Дамоў вярнуліся толькі пад вечар і на бульбу ўжо не пайшлі: закон гасціннасці ніхто не адмяняў — час быў займацца лазняй. Тата ўзяўся яе рыхтаваць, Паша круціўся побач.

Вечарам нашы мужчыны «адрываліся па поўнай»: парыліся ў лазні, абліваліся халоднай вадой, выпівалі і размаўлялі.

...У нядзелю раніцай нікога з іх падняць не ўдалося: на бульбу тройца выйшла бліжэй да 12-і і толькі для таго, каб госцю набраць найбуйнейшай. Да таго ж (зноў закон гасціннасці) мама стала складваць у сумкі масла, сала, смятану, яйкі... Нешта, вядома ж, нам, а найболей — госцю.

...У панядзелак, на рабоце, мы сустрэліся з Надзяй. Яна ветліва падзякавала нашай сям’і за гасцінцы. Сказала:

— Ну, мой жа Паша зарабіў іх, дапамог!

— Яшчэ і як! — засмяялася я, пры сабе пакінуўшы Кандратава «як хваробе кашаль».

— Ён у мяне такі, — пахвалілася мужам Надзя. — Мы на яго Смаленшчыну да свекрыві як прыедзем, — ён ніводнай хвілінкі не пасядзіць! Увесь час нешта робіць!

...Трэба разумець, Смаленшчына — не Міншчына, а свае бацькі — не чужыя?

М. Смагіна

г. Мінск


Багаты хадот: сабака ды кот

Бязбедны і Мікола, бо дроту кола

У слова «многа» сінонімаў не злічыць: тут і хмара, і процьма, і гіблота, і бачана-нябачана, і па вушы, і хоць адбаўляй, хоць гаць гаці, хоць каўшом бяры…

Багата заменнікаў і ў слова «мала»: скупа, трохі, вобмаль, жменя, пад абрэз, на зуб, як бабе сесці, як кот наплакаў…

Гэта — і вядома ж, далёка не ўсё! — паводле слоўніка, бо ў нашай вёсцы яшчэ і сваё параўнанне ходзіць. Нарадзілася яно выпадкова і досыць даўно, калі дахі крылі адмысловай дошчачкай…

Дык вось, вяртаецца з фермы калгасны пастух, ідзе галаву задраўшы — пазірае, як мужчыны крыюць дах.

— Памагай бог! — вітаецца з імі пастух.

— Казаў бог, каб і ты памог, — крычыць яму нехта зверху.

— А што — трэба памагчы? — цікавіцца Мікола.

— Ды не пашкодзіла б... Дроту, бач, не хапае, каб дах дабіць.

— Во! А ў мяне ж яго цэлая бухта! — хваліцца пастух.

— Дык, можа, пазычыў бы?

— З дарагой душою! Хадзем!

Пайшлі страхары на падворак Міколы... Разам з ім, гаспадаром, агледзелі ўсе закуткі ў гумнах-дрывотнях, усе сцены-платы... Дроту знайшлі, — можа, з метр! І тое калючага... Карацей — мелі смеху з пустабрэху!

Злосці таксама хапіла, бо змарнавалі час.

Але ж, здаецца, недарма, бо, пачуўшы слова «многа», у вёсцы дагэтуль удакладняюць: «Як у Міколы дроту?.. Ці яшчэ больш?»

Алесь Сачанка

г. Мінск


Першыя дзеткі яны такія

Усе застоллі ў адной знаёмай сям’і пачынаюцца з песні «Я люблю тебя, жизнь». Там, калі помніце, ёсць радкі: «...Будут внуки потом / Все опять повторится сначала».

І сапраўды: з імі, маленькімі, зноў і першыя ўсмешкі, і першыя зубкі, і крокі, і слоўцы, і літары... А далей — болей!

Знаёмая бабуля расказвала:

— Наш Кірыл неяк дужа чытаць навучыўся. Аднойчы ідзём з ім па вуліцы, а ён і кажа: «Вунь там напісана; «АП-ТЭ-КА». Я не паверыла, бо ніхто ж не вучыў... Падумала, можа, ён проста запомніў, бо ў дзверы пад гэтай шыльдай мы ўжо заходзілі: нешта з лекаў куплялі…

Карацей, вырашыла праверыць: колькі метраў з малым прайшлі, новую шыльду паказваю, пытаюся:

— А тут ёсць знаёмыя літары? Што напісана?

Ён мне ў расцяжку:

— З-а-г-с Ча-ву-ска-га ра-ёна.

Мае сумненні тут жа і адпалі: умее чытаць, у садку навучылі. Прычым той навукі яму ўжо і мала, бо Кірыл пытаецца:

— Бабуля, а што такое гэты за-гс?

Тлумачу, што сур’ёзная ўстанова, што людзі ў ёй (і твае бацькі таксама) рэгіструюць шлюбы і нараджэнне дзяцей, атрымліваюць адмысловыя пасведчанні.

Расказала я тое і, напэўна, забылася б, але ж Кірыл нагадаў.

Падрос ён, даведаўся, што ў годзе дванаццаць месяцаў, мог лёгка назваць, які за якім... Але ж нечага не разумеў.

— Бабуля, ты казала, што дзеці ў маміным жывоціку жывуць дзевяць месяцаў. Гэта ж так? — пытаецца ў мяне.

Кажу яму:

— Так.

— А чаму я нарадзіўся праз пяць?

— І хто ж табе гэта сказаў? — цікаўлюся я.

А ўнук замест адказу — кулём у суседні пакой, прыносіць адтуль дакументы з загса: «Пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу» і сваё «... аб нараджэнні». Кажа:

— На, пачытай: мама з татам пажаніліся 7 студзеня, а я нарадзіўся 10 чэрвеня і гэтага ж года!

...Што мне было казаць? А тым больш — знянацку, дзіцяці. Вырашыла схітрыць:

— Дык ты ж, Кірыл, такі непаседа! Круцішся, верцішся... Настаўніца скардзіцца, ты 45 хвілін спакойна не пасядзіш. А тут дзевяць месяцаў... Не змог ты вось гэтак доўга, — нарадзіўся раней.

...Цяпер той бабулін унучак ужо студэнт, не паспееш азірнуцца, як стане мужам, а то і бацькам. Першыя дзеткі яны сапраўды непаседлівыя: могуць нарадзіцца не толькі праз пяць месяцаў пасля рэгістрацыі шлюбу, але і за дзесяць да…

Абы нараджаліся — на радасць бацькам і бабулям-дзядулям.

Валерый Гаўрыш

г. Чавусы


Што задужа — нездарова

(Тое, кажуць, і свіння не есць)

З гэтым і сапраўды не паспрачаешся, а тым больш — пачуўшы гісторыю, што расказаў знаёмы трактарыст:

— Пасляваенныя гады былі вельмі цяжкія! І ў той жа час... шчаслівыя, бо скончылася вайна, бо засталіся жывыя, а да ўсяго — маладыя! Як пісаў наш паэт: «...Ні жуды, ні нуды, / Толькі шчасце кахання!»

Але ж гэта — трохі пазней, а спачатку…

Я толькі-толькі скончыў курсы трактарыстаў, уладкаваўся на работу ў калгас. Шчыраваў ад цямна да цямна ды дзяўчат усё роўна бачыў — найбольш адну, сінявочку…

Увосень мы згулялі вяселле. Яе сям’я мяне добра сустрэла. Яно і зразумела: гаспадарку весці — не штанамі трэсці, трэба і сена накасіць, і дроў назапасіць, і гарод пасадзіць. Там жа ў хаце адны жанчыны: дачка (мая, значыць, жонка), яе мама і бабуля (мужы іх з вайны не вярнуліся). Таму яны самі, бедныя, і касілі, і вазілі, і аралі…

А тут раптам я... Ды яшчэ трактарыст.

Мы дружна зажылі! Мае жанчыны адна перад адной: мне — найлепшы блін, паўнейшую міску, «лішнюю» скварку... Аж няёмка было ад такой павагі! А яшчэ больш — ад месца за сталом: на покуці. Гаспадар жа, маўляў! У дваццаць гадоў.

Дык вось аднойчы ўсе мы пазнавата вярнуліся з поля — збіраемся вячэраць. Краем вока бачу, што бабуля, галоўны кухар, пасаліла страву, потым, трошкі падумаўшы, дабавіла солі яшчэ (дома ведалі, што я люблю салёнае, што дасольваю часам за сталом).

Потым цешча падышла да пліты, пакаштавала варыва і таксама пасаліла (думаю, значыць, трэба было?).

А хвілін праз пяць, бачу, яшчэ і жоначка мая за сальніцу, за лыжку…

Я тады нічога больш не прыдумаў: пры ўсіх узяў у рукі соль... А мае жанчыны — тут жа, у адзін голас: «Не трэба!!!»

Смех ды і годзе! Усе хацелі як лепш... Але тое, што атрымалася, таксама з’елі, бо з добрым настроем і ў добрай кампаніі.

І. Букоўскі, В. Шуневічы

Глыбоцкі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».