Вы тут

На Віцебшчыне падрыхтоўваюць машыны і пасяўныя агрэгаты да новага сезона


У сельгаспрадпрыемстваў Віцебшчыны гарачая пара: не на полі, а на мехдварах шчыруюць над тэхнікай механізатары і слесары, падрыхтоўваюць машыны і пасяўныя агрэгаты да новага сезона. Прыказка «ладзь калёсы зімою» на некалькі месяцаў становіцца для аграрыяў своеасаблівым прафесійным крэда. Мы завіталі ў вытворчы кааператыў «Альгоўскае», што ў Віцебскім раёне, і даведаліся аб планах гаспадаркі на будучую вясну.


Трактарыст-машыніст Дзмітрый Гапоненка

На календары ўжо афіцыйна другі вясновы дзень, але сёлетняя зіма ніяк не хоча саступаць сваё месца і закідвае снягамі Віцебшчыну. І хоць на Брэстчыне гаспадары на ўласных падворках збіраюцца ў хуткім часе садзіць бульбу, у паўночным рэгіёне пасяўной не відаць і на гарызонце — матухна-зямля яшчэ спачывае пад тоўстай снегавой коўдрай. Вось у аграрыяў і ёсць у запасе яшчэ крыху часу, каб давесці да ладу кожную адзінку тэхнікі.

На сённяшні дзень гатоўнасць трактарнага парку вобласці складае звыш 90 працэнтаў, у некаторых раёнах гэты паказчык вышэйшы, у некаторых — ніжэйшы, аднак сёлета райвыканкамы больш актыўна выдзяляюць сродкі з мясцовых бюджэтаў на падтрымку сельгасвытворцаў — што і дае добры вынік: задача адрамантаваць 95 працэнтаў энерганасычаных трактароў будзе выканана. З пачатку года на рамонт тэхнікі ў Віцебскай вобласці з усіх крыніц было накіравана каля 8 мільёнаў рублёў.

Снежным вясновым ранкам накіроўваемся на мехдвор аддзялення «Бабінічы» вытворчага кааператыва «Альгоўскае». У ангары грукае жалеза, пішчыць «балгарка», стракоча зварка — працоўны дзень у разгары. Каля кожнага «жалезнага каня» — свой «урач» з гаечнымі ключамі. Механізатары найлепш ведаюць слабыя месцы сваіх машын, таму з канца лістапада, калі тэхніка становіцца на захоўванне пасля апошніх палявых работ, самі вядуць неабходны рамонт. А яго хапае: кожная адзінка патрабуе замены расходных запчастак, некаторыя агрэгаты — паўнавартаснага рамонту. У складаных пытаннях на дапамогу трактарыстам прыходзяць слесары і зваршчыкі. Талакой ужо падрыхтавалі машынны парк на 80 працэнтаў.

Начальнік рамонтнай майстэрні аддзялення «Бабінічы» Дзмітрый Ізобаў

Каля сеялкі «Амазон Цырус — 6001» завіхаецца трактарыст-машыніст Дзмітрый Гапоненка. «Трэба памяняць утулкі, „пальцы“, падрабіць сашнікі і паглядзець каткі. Амаль гатова, снег сыдзе — і ў поле», — пералічвае мужчына шэраг неабходных работ, якія чалавеку, далёкаму ад унутранай кухні мехдвара, зразумець складана. Побач ставіць новыя «зубы» травяной сеялцы «Кёхерлінг» замест пашкоджаных механізатар Аляксандр Галушка. Эх, прыгожыя яны, гэтыя «зубы» — чорныя, бліскучыя... Аб функцыі агрэгата расказвае загадчык рамонтнай майстэрні Дзмітрый Ізобаў: «Вясной на полі застаецца пласт з перагнілай леташняй травы, які замінае падсеву траў. Гэтымі прыстасаваннямі трактар яе збірае, узрыхляе глебу, што значна паляпшае ўсходжасць».

«Капітальны рамонт закрануў і „Расу“ — машыну для ўнясення мінеральных угнаенняў: варылі раму, рамантавалі каробку, зямянілі колы, — працягвае экскурсію па ангары Дзмітрый Аляксандравіч. — Цяпер як новенькая, не падвядзе».

Па словах галоўнага інжынера ВК «Альгоўскае» Мікалая Захожага, на сённяшні дзень у гаспадарцы знаходзяцца на ўліку 48 трактароў, 8 з іх — энерганасычаныя. Два дыскатары, сем культыватараў, дзевяць плугоў — тэхнікі хапае для апрацоўкі ўсіх плошчаў кааператыва. Адной са складанасцяў, з якімі сутыкаюцца аграрыі падчас рамонту, з’яўляецца доўгая пастаўка неабходных запчастак, асабліва імпартных. Яны, дарэчы, патрабуюць і вялікіх фінансавых укладанняў: толькі для адной сеялкі «Амазон» спатрэбілася 70 тысяч рублёў.

Трактарыст-машыніст Аляксандр Галушка

На будучы сезон у «Альгоўскім» пад пшаніцу адведзена 500 гектараў, пад ячмень — 460, 200 гектараў пад рапс, 600 — пад кукурузу, 40 — пад гародніну. Як расказала галоўны аграном вытворчага кааператыва Вольга Якаўлева, гаспадарка робіць стаўку ў роўнай ступені на збожжавыя культуры і гародніну, спецыялізуецца на продажы элітнага насення. Дарэчы, менавіта ў «Альгоўскага» можна набыць высакаякаснае насенне па прыемных цэнах, чым актыўна карыстаюцца не толькі шматлікія сельгаспрадпрыемствы краіны, але і насельніцтва.

Вольга Міхайлаўна — адна з тых спецыялістаў, хто аддаў рабоце ў гаспадарцы звыш 20 гадоў: пачынала ў 2000-м на сортавыпрабавальным участку, а будучая сяўба для яе будзе ўжо шостай на пасадзе агранома ў вытворчым кааператыве. Прафесійнага сакрэта працы на зямлі ў яе няма, высокія ўраджаі можна атрымаць толькі пры захаванні тэхналогій на ўсіх этапах палявых работ: падкарміць, правесці хімпраполку, апрацаваць расліны ад шкоднікаў. І калі дваццаць гадоў таму «Альгоўскае» з-за цяжкіх умоў надвор’я падыходзіла да сяўбы апошнім, сёння земляробы пачынаюць работы, як толькі сыдзе снег, прасушваюць глебу агрэгатамі. Дый зімой у агранома хапае клопату: з пачатку снежня пачынаюць заключаць дагаворы на пастаўку галандскага насення морквы і капусты, абнаўляюць элітнае насенне збожжавых культур, шукаюць неабходныя ўгнаенні. «За пяць гадоў работы не было ні адной лёгкай пасяўной, гэта заўсёды цяжкая і камандная праца. Калі, як той казаў, талакой не патупаем — потым не палопаем, — усміхаецца Вольга Міхайлаўна. — На маёй памяці няма і такога жніва, калі б мы не паспелі сабраць увесь ураджай».

Галоўны аграном Вольга Якаўлева (злева) на ўборцы морквы

А вось былы галоўны аграном вытворчага кааператыва Станіслаў Іосіфавіч Ястраб, які калісьці і натхніў маладую Якаўлеву зрабіць крок у бок сельскай гаспадаркі, такі год прыпамінае: у 2004-м з-за даждлівага лета хлебаробы не змаглі ўбраць каля 40 гектараў ячменю, такая непагадзь тады панавала ва ўсім рэгіёне. Камбайны і трактары, збочваючы з дарогі на поле, літаральна гразлі ў раскіслай глебе і не мелі падыходу да нівы. Прыязджаў і Камітэт дзяржаўнага кантролю, але вынік быў адзін — сабраць залатыя каласы, якія ў той год былі асабліва налітыя, немагчыма. «Я і дагэтуль помню, як зімой, калі праязджаў каля гэтага поля, сціскала сэрца. Але перад нябеснай канцылярыяй мы бездапаможныя», — успамінае Станіслаў Іосіфавіч. Пад яго кіраўніцтвам у 2008 годзе «Альгоўскае» прадэманстравала ўсёй краіне найвышэйшую ўраджайнасць збожжавых у Віцебскай вобласці — 60,8 цэнтнера з гектара. Гэта быў вялікі прарыў у параўнанні з пачаткам 1990-х гадоў, калі хлебаробы збіралі толькі 28,2 ц/га. Валавы збор збожжа павялічыўся ў 13 разоў, у засекі паклалі 10 тысяч тон хлебнага золата. Тады Прэзідэнт на рэспубліканскіх «Дажынках» уручыў кіраўніцтву вытворчага кааператыва «Знак Пашаны». У 2005 годзе паспрабавалі вырошчваць капусту, атрымалася. Пасля вывелі спосаб безрасаднага вырошчвання і не пралічыліся — па тэхналогіі, якой ужо больш за 15 гадоў, працуюць і сёння.

Былы галоўны аграном ВК «Альгоўскае» Станіслаў Іосіфавіч Ястраб

Да былой славы цяпер дацягнуцца цяжка — вялікая канкурэнцыя з буйнейшымі аграхолдынгамі, аднак «Альгоўскае» сёння з’яўляецца вядучым прадпрыемствам у раёне па вырошчванні гародніны і збожжа, забяспечвае харчовую бяспеку ўстановам і арганізацыям раёна і цэлай краіны. Планы на будучы сезон у віцебскіх аграрыяў вялікія, галоўнае — каб надвор’е спрыяла.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».