Вы тут

Эстрадная спявачка Дзіяна Таліна: Наша шчасце складаецца з дробязяў


Кажуць, што момант знаёмства — гэта момант ісціны. Таму, калі мы ўпершыню ўбачылі нашу госцю, не маглі не заўважыць яе прыроджаную сціпласць, што для творчай асобы, згадзіцеся, рэдкасць. Аднак на сцэне ад сціпласці не застаецца і следу — яна яркая, таленавітая, харызматычная! Са сваёй сцэнічнай дзейнасцю наша гераіня ўдала сумяшчае ролі маці і любячай жонкі. Аб творчасці і сям’і мы пагаварылі з лаўрэатам і дыпламантам міжнародных фестываляў і конкурсаў, беларускай эстраднай спявачкай Дзіянай Талінай.


— Дзіяна, усё пачынаецца з сям’і... Раскажыце, калі ласка, пра сябе. Ваша схільнасць да музыкі, мабыць, перадалася ад родных?

— Я карэнная брастаўчанка. 

І сапраўды, у мяне музычная сям’я. Я ўдзячная матулі, што яна прывіла мне любоў да музыкі. Мая любімая мама Таццяна Анатолеўна была ўдзельніцай брэсцкіх калектываў «Сузор’е», «Берасцейка» і іншых. У свой час яны аб’ездзілі ўвесь Савецкі Саюз... Таму дома гучалі толькі народныя спевы. Але я абрала «папсовы» кірунак, бо сёння ён вельмі папулярны і любімы многімі, асабліва поп-шансон.

У сем гадоў я паступіла ў брэсцкую музычную гімназію № 4, была салісткай узорнага хору «Сantus» (кіраўнік А. А. Шэлест). Шматлікія выступленні, конкурсы... У піянерскім летніку «Салют» у 12 гадоў на адным мерапрыемстве я праспявала папулярную песню тых часоў «Вецер з мора дуў» спявачкі Наталі і заняла першае месца. Вельмі хвалявалася перад сваім першым выхадам на сцэну. Ды і цяпер, вядома ж, хвалююся, бо які артыст не хвалюецца?

Былі пастаянныя заняткі па вакале. Маім настаўнікам, сябрам — і тых школьных гадоў, і цяпер — з’яўляецца выдатны педагог Ларыса Іванаўна Бадратдзінава. 

— Дзіяна, што найбольш запомнілася з дзяцінства?

— Мая мама, педагог, заўсёды ведала, ад самага майго нараджэння, як і чым мяне зацікавіць. 

Я займалася ва ўсіх магчымых гуртках, студыях і індывідуальна — з найлепшымі педагогамі па вакале. Напэўна, для дзіцяці самае галоўнае, каб яно развівалася, займалася па сваіх інтарэсах. Маё дзяцінства праходзіла, як і ва ўсіх дзяцей у тыя гады. 

У школьны перыяд гэта падрыхтоўка да ўрокаў, шматлікія заняткі ў гуртках, студыях... А летам — актыўныя гульні і, вядома ж, адпачынак у летніках. На святы мы заўсёды збіраліся вялікай сям’ёй — Новы год, Каляды, Вялікдзень, 8 Сакавіка…

— Раскажыце пра свой творчы графік. З чаго пачынаецца дзень?

— Мой дзень пачынаецца з кубка духмянай кавы, лёгкага сняданку і прагляду спіса запланаваных спраў. Творчы графік вельмі шчыльны: шматлікія рэпетыцыі, запісы, падрыхтоўка да канцэртаў з маім балетам, аранжыроўкі, здымкі кліпаў. Люблю браць удзел у конкурсах і фестывалях. Адзін з іх назаўсёды застанецца ў маёй памяці. Гэта Міжнародны фэстываль-конкурс «Марская жамчужына» ў Адэсе, які праходзіў у 2019 годзе. Я прадстаўляла нашу краіну і прывезла заслужаную ўзнагароду — «Залатую жамчужыну». Гэта было цікава і вельмі хвалююча для мяне! У Брэсце не так даўно прайшлі тры мае сольныя канцэрты «Па тонкіх лініях», «Любоў напалову», «Мая гісторыя». Сваёй творчасцю падзялілася з жыхарамі гарадоў Высокае, Баранавічы, Маларыта, Пінск і іншых. У планах — радаваць маіх любімых гледачоў новымі вобразамі, песнямі, канцэртамі і выступленнямі.

— Напэўна, пры такім графіку цяжка сумяшчаць працу і сям’ю?

— Гэтае пытанне хвалюе ўсіх, хто хоць крыху ведае мяне. Так, у мяне атрымліваецца ўсё сумяшчаць дзякуючы разуменню і падтрымцы блізкіх. Немагчыма быць сёння спявачкай, заўтра мамай, паслязаўтра жонкай — неабходна быць усімі адначасова, тут і цяпер. Мая сям’я мяне заўсёды ва ўсім падтрымлівае, гэта мой надзейны тыл. Яны суправаджаюць мяне на ўсіх канцэртах, на ўсіх выступленнях, заўсёды хвалююцца за мяне. Таму толькі дзякуючы падтрымцы сям’і мне ўдаецца ўсё сумяшчаць.

— Я ведаю, што ваш муж Віталь таксама творчая асоба. Як вы пазнаёміліся?

— Свайго мужа я ўбачыла на сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы (раней «Брэсцкі тэатр драмы і музыкі») на адной з самых цікавых музычных пастановак «Брэменскія музыканты» (рэжысёр Д. Нуяндзін).

Пасля мы з Віталем сустрэліся на адным мерапрыемстве, дзе ён быў у якасці госця, а мяне запрасілі выканаць некалькі песень. Пасля заканчэння майго выступлення ён прызначыў першае спатканне... І ўсё закруцілася. З таго незабыўнага моманту, які змяніў нашы лёсы, прайшло 15 гадоў.

— Як святкавалі вяселле?

— Прапанова рукі і сэрца была чароўная! Таму і вяселле было такое ж: з размахам (усміхаецца). Заказалі рэстаран, лімузін, артыстаў, запрасілі гасцей. Ну, і ўсё такое ў вясельным духу.

— Скажыце, пры такім публічным жыцці, напэўна, ёсць месца для рэўнасці? І як вам удаецца, нягледзячы ні на што, жыць у згодзе шмат гадоў? Ёсць нейкі сакрэт?

— Ёсць давер, каханне і паразуменне. А сакрэтаў няма: можа, у гэтым і ёсць уся разгадка (смяецца).

— Дзіяна, чым сёння здзіўляе муж? Які найбольш запамінальны падарунак ён зрабіў і якія сюрпрызы робіце яму вы?

— Мой муж заўсёды ведае, што і як зрабіць, каб гэта было нечакана і прыемна. Аднойчы, яшчэ ў студэнцкія гады, прыехаў на лімузіне ў дваццаціградусны мароз да прыступак універсітэта з вялізным букетам белых руж, а з лімузіна ў гэты момант — песня «Букет из белых роз...» А ў нас якраз скончыліся заняткі, і студэнты пачалі выходзіць з універсітэта. Так усе і засталіся стаяць на ганку, глядзелі, што адбываецца, пакуль мы не з’ехалі. Гэта было запамінальна. Я ў сваю чаргу стараюся рабіць прыемнае для мужа і натхняю на новыя сюрпрызы.

— У вас расце сын, чым ён захапляецца?

— Арсеню 9 гадоў. Ён усе мае песні добра ведае, ганарыцца мной, ён самы мой актыўны прыхільнік (смяецца). Таксама займаецца музыкай, іграе на акардэоне. Ці будзе артыстам, не ведаю, але мы з мужам падтрымаем яго выбар.

— Хто ў вас галоўны кухар у сям’і? Якімі стравамі здзіўляеце адно аднаго?

— Галоўны кухар у нас мой муж. Як вядома, мужчыны гатуюць лепш за жанчын. Звычайна я складаю меню, а мой муж купляе інгрэдыенты і гатуе. Асабліва ён любіць гатаваць стэйк-грыль са смажанымі артышокамі і бульбай.

— А традыцыі у вашай сям’і ёсць?

— Кожная сям’я мае свае звычаі і традыцыі. Яны прыносяць у дом гармонію адносін і пачуццё надзейнасці. У нас у сям’і ёсць традыцыя падарожнічаць і разам адпачываць.

— Дзіяна, як вы з мужам знаходзіце час для бытавых спраў, бо ў сямейным жыцці без гэтага нікуды, а прафесія артыста патрабуе вельмі шмат часу?

— Проста імкнёмся правільна размяркоўваць свой дзень.

— Што, на ваш погляд, самае галоўнае для шчаслівага сямейнага жыцця?

— Паразуменне, павага адно да аднаго і, вядома ж, каханне…

— Дзіяна, дайце, калі ласка, свае парады для маладых пар, якія збіраюцца стварыць сям’ю.

— Сямейнае шчасце складаецца з дробязяў. Не забывайце казаць «дзякуй» за кожную дробязь, якую каханы чалавек робіць для вас. Дарыце каханне і цеплыню проста так і ніколі не пераставайце слухаць і чуць адно аднаго. Кожны павінен ставіць інтарэсы каханага чалавека на першае месца. Муж клапоціцца пра жаданні жонкі больш, чым пра ўласныя, і наадварот — гэта правіла сапраўды працуе і дапаможа пазбегнуць шмат якіх сямейных праблем.

— Адкуль чэрпаеце натхненне і сілы? Як любіце адпачываць і аднаўляцца пасля канцэртаў, каб зноў ззяць як зорка?

— Чэрпаю сілы ў сваёй сям’і. Вельмі любім адпачываць у розных кутках маёй любай Беларусі, а менавіта ў Белавежскай пушчы. Энергія лесу, зачараваныя краявіды, магчымасць паназіраць за дзікімі жывёламі — усё гэта вельмі перазараджае і перазагружае.

— Дзіяна, вы вельмі яркая, таленавітая спявачка, прыгожая жанчына. Раскрыйце сакрэт вашай прыгажосці?

— Я вельмі сціплы чалавек і ніколі не акцэнтую на сабе ўвагу, але калі мяне пазнаюць і падыходзяць, просяць аўтограф, мне вельмі прыемна. Наконт маёй яркай знешнасці — магіі ніякай няма. Галоўны сакрэт прыгажосці — здаровы сон.

— Слухаючы вашы песні, адчуваеш, што вы ўкладаеце ў іх частачку і свайго ўласнага жыцця.

— Усе песні розныя. І, выконваючы кожную з іх, я быццам пражываю маленькую гісторыю, маленькае жыццё. Тое, што я адчуваю падчас выканання, адчувае і мой любімы глядач. Для мяне гэтыя імгненні вельмі дарагія! Я заўсёды адкрытая для слухачоў, для маёй каманды — і мы заўсёды на адной хвалі. Гэта бясконцае задавальненне! Маё галоўнае жаданне — каб пасля канцэрта гледачы выходзілі натхнёныя, акрыленыя, поўныя яркіх эмоцый, з выдатным настроем. А мая сям’я падтрымлівала мяне пасля кожнага выступлення і радавалася маім поспехам!

Надзея ЗУЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».