Вы тут

Пачаць з сябе


У мяне дома на паліцы побач з кнігамі стаіць скрынка. Туды я складваю прыемныя дробязі, што купляю з думкай: «Гэта падару пры сустрэчы Тані, а гэта адназначна спадабаецца Алесю...» Днямі, пакуль шукала патрэбны прэзент, вока зачапілася за новенькі гліняны кубак з трэшчынай. Муж набываў на кірмашы кававы сервіз ручной работы, дык вось у якасці бонуса майстар аддаў яму той бракаваны кубачак. Ужо чатыры гады ён ляжаў у скрынцы незапатрабаваны. Я доўга круціла яго ў руках, разглядала, гладзіла. І мне ён падаўся такім прыгожым. Нават з трэшчынай. Больш за тое, падумалася, што без той трэшчынкі гэта быў бы зусім звычайны кубак. Убачыўшы прыгажосць у недасканалым, паказала сваю знаходку мужу. Маўляў, чаму ён ляжыць без справы? Давай што-небудзь прыдумаем. І адна за адной пасыпаліся ідэі: можна зрабіць з яго званочак на дзверы ці выкарыстаць як падсвечнік…


У той дзень я падумала, што мы, людзі, як тыя кубачкі: у кожным з нас ёсць свая трэшчынка, і не адна. І так важна, каб побач быў хтосьці, хто любіў і прымаў бы цябе такім, які ты ёсць. А потым прыйшла яшчэ адна думка: што не варта чакаць прыняцця ад іншага. Самы галоўны чалавек, які павінен прымаць цябе, — гэта ты сам. Як піша Глорыя Мур, «палюбі сябе сама, а астатнія падцягнуцца».

Нядаўна знаёмая напісала пост пра свайго сына-школьніка. «Ваня ўдзельнічаў у конкурсе па беларускай мове. Ужо дома мы разбіралі заданні і знайшлі некалькі памылак. Калі дайшлі да трэцяй памылкі — сын пачаў плакаць, а потым наогул парваў усе паперкі. Спытала, чаму ты так расстройваешся, я ж на цябе не сваруся? Сказаў, што баіцца асуджэння аднакласнікаў, якія хіхікаюць, калі ён атрымлівае адзнаку ніжэй за „9“. А другую прычыну толкам не змог патлумачыць, проста назваў яе памылкафобіяй. І вось як з гэтым змагацца? Быццам бы пастаянна тлумачу, што можна быць неідэальным, рабіць памылкі, што любіць з-за гэтага я яго не перастану. Вельмі не хачу, каб ён баяўся памылак (хоць сама якраз такая ж), таму што гэта тармозіць рух. Што параіце? Як навучыць дзіця не баяцца памылак?»

«Думаю, варта пачаць з сябе, — напісала я ёй. — Самой навучыцца ставіцца да сваіх памылак спакойна, з гумарам. Бо прыклад мамы заразлівы». І параіла пагуляць з сынам у гульню «Хто больш памылак зробіць спецыяльна». Напрыклад, можна адно аднаму пісаць запіскі з памылкамі. А потым разам пасмяяцца.

Чаму трэба пачынаць з сябе? Па-першае, таму што мы не зможам навучыць іншага чалавека быць лепей, чым ёсць самі. Па-другое, тое, што мы хочам змяніць у іншых, перш за ўсё трэба змяніць у нас саміх. «Добры спосаб выявіць свае недахопы — знайсці тое, што раздражняе цябе ў іншых», — пісаў Энтані дэ Мело. Бо мы лепш за ўсё бачым у іншых менавіта свае недасканаласці. Праверана на практыцы: калі мы становімся лепшымі, нас усё менш і менш раздражняюць учынкі іншых. І нейкім дзіўным чынам мяняюцца і паводзіны апошніх.

Адзін малады чалавек марыў змяніць свет. З гэтай мэтай выправіўся ў вандроўку. Ішлі гады, але ён заўважыў, што, як бы ён ні стараўся, свет не мяняўся. Тады хлопец вырашыў стрымаць свой запал і змяніць парадак толькі ў сваёй краіне. Але і з гэтага нічога не атрымалася. Тады ён вырашыў вярнуцца дадому і паспрабаваць змяніць толькі сваю сям’ю. Але блізкія, на жаль, і не падумалі лічыцца з яго павучаннямі. І толькі на старасці гадоў той чалавек нечакана зразумеў: "Адзіны, каго я магу змяніць у гэтым жыцці, — гэта я сам. Пачынаць трэба было з сябе. Калі б я спачатку змяніўся сам, тады ўласным прыкладам змяніў бы сваю сям’ю. А потым, кіруючыся іх адабрэннем, я, магчыма, змог бы палепшыць становішча спраў у маёй краіне, і, хто ведае, можа быць, нават змяніў бы свет. Таму, калі вы таксама хочаце змяніць свет, краіну, сына, не станавіцеся на чужыя граблі, а... пачніце з чалавека ў люстэрку.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.