Вы тут

Кашаль у дзяцей: лячыць ці не? Запыталі ў спецыялістаў


Кашаль у дзяцей — справа тонкая, скажа любы дасведчаны доктар. Сапраўды, ніводны іншы сімптом хваробы не мае столькі нюансаў. Сухі і вільготны, глухі і звонкі, моцны і слабы — можна пералічваць велізарную колькасць адценняў. Таму перш чым пачынаць лячыць кашаль, трэба зразумець яго прычыну. Разбіраемся, што варта абавязкова зрабіць, перш чым звяртацца па лекі, і што трэба ведаць аб прэпаратах перад тым, як ісці ў аптэку.


Фота: pixabay.com

Ліквідуем прычыну

«Лекі ад кашлю» для ўрача гучыць гэтак жа недарэчна, як «лекі ад галавы» ці, напрыклад, «ад паносу». Ніводны доктар не можа прызначыць іх, не ўбачыўшы хворага і не ўяўляючы, аб якім кашлі і пра якую хваробу ідзе гаворка.

— Лечаць не кашаль, а хваробу, якая прывяла да яго ўзнікнення. Ёсць нешта, што раздражняе слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і прыводзіць да ўтварэння макроты і ўзнікнення кашлю, — тлумачыць загадчыца 3-га педыятрычнага аддзялення 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Людміла Кіпцэвіч. — Ліквідуем тое «нешта» — кашаль спыніцца. І тут ёсць некалькі варыянтаў. Пры бактэрыяльнай інфекцыі прызначаюцца антыбіётыкі, пры алергіі — супрацьалергічны прэпарат, пры віруснай інфекцыі проста чакаем, пакуль арганізм сам справіцца з вірусам, або прызначаем супрацьвірусныя прэпараты.

Такім чынам, трэба разумець, што кашаль не пройдзе, пакуль не будзе ліквідавана яго прычына. Калі вы ці ваша дзіця кашляеце таму, што ў пакоі вельмі суха, вы будзеце кашляць да той пары, пакуль не купіце ўвільгатняльнік, альбо пакуль не прыйдзе вясна і не адключыцца цэнтральнае ацяпленне.

Павышаем эфектыўнасць

У той жа час кашаль істотна пагаршае жыццё хворага дзіцяці і яго сваякоў. Таму проста цярпліва чакаць, пакуль кашаль пройдзе, не варта.

— Кашаль пры ВРЗ — не проста сімптом, які перашкаджае жыць, гэта ключавы механізм актыўнай ачысткі дыхальных шляхоў. Таму галоўны прынцып сімптаматычнага лячэння кашлю — не ліквідаваць яго, а павышаць эфектыўнасць, — кажа ўрач. — Найважнейшая асаблівасць эфектыўнага кашлю — выдаленне назапашанай макроты.

Што вызначае эфектыўнасць кашлю?

  • Здольнасць кашляць, гэта значыць сіла кашлевага штуршку і магчымасць кашляць свядома. Чым большае дзіця, тым мацнейшыя дыхальныя мышцы і кашлевы штуршок, тым большы аб'ём паветра, што выдыхаецца. У немаўлят з адкашліваннем больш праблем.
  • Якасць макроты. Калі яна вадкая, адкашляцца лёгка, а кашаль эфектыўны. Густая — адкашляцца вельмі цяжка.

Таму часта надзвычай важна ўплываць на якасць макроты, каб яна стала больш вадкай, лягчэй адыходзіла. І тут важна падтрымліваць рэжым прахалоднага вільготнага паветра, што з'яўляецца прафілактыкай перасыхання макроты і слізістых. Неабходна таксама шмат піць для забеспячэння нармальнай рэалогіі крыві.

— Калі дзіця цёпла адзетае, шмат п'е, у пакоі халаднавата і вільготна, гэта азначае, што амаль 90 % мерапрыем-
стваў, накіраваных на сімптаматычнае лячэнне кашлю, вы ўжо ажыццявілі, — звяртае ўвагу ўрач.

Ці патрэбныя таблеткі?

Існуюць дзве асноўныя групы лекавых сродкаў. Першая група — супрацькашлевыя сродкі, якія яго прыбіраюць. Другая — адхарквальныя лекі, якія паляпшаюць кашаль.

Першая група прызначаецца ў сітуацыях, калі кашаль не карысны, не мае фізіялагічнай мэтазгоднасці, не спрыяе выздараўленню, а толькі перашкаджае. Такіх выпадкаў няшмат. Самае відавочнае паказанне — коклюш. Акрамя таго, запаленне вонкавай абалонкі лёгкіх — плеўры. Таксама прэпараты першай групы прызначаюцца пры некаторых надзвычай небяспечных лёгачных хваробах, як правіла, анкалагічных, і пры падрыхтоўцы да правядзення хірургічных або оталарынгалагічных маніпуляцый, калі інструмент уводзіцца ў дыхальныя шляхі.

Адхарквальныя сродкі прызначаюцца, калі трэба вывесці макроту з дыхальных шляхоў.

Асартымент адхарквальных сродкаў, якія ёсць у аптэчнай сетцы і рэальна выкарыстоўваюцца ў дзіцячым узросце, велізарны — некалькі сотняў прэпаратаў у самых разнастайных лекавых формах.

— Паказанні да ўжывання, выбар канкрэтнага прэпарату, працягласць выкарыстання, доза — усё гэта вельмі індывідуальна, вызначаецца дыягназам, цяжарам захворвання, узростам пацыента і самае галоўнае — урачом, — рэзюмуе Людміла Кіпцэвіч.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».