Вы тут

Наведвальнікі музея ў Сапоцкінскай сярэдняй школе трапляюць у... дот


Усталяваць імітацыю агнявога збудавання вырашылі невыпадкова. Тут, уздоўж памежнай тэрыторыі Гродзенскага раёна, напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны праходзіла так званая «лінія Молатава». Менавіта на ёй прынялі першы бой воіны Гродзенскага гарнізона 22 чэрвеня 1941 года. Іх асабістыя рэчы, зброю знаходзілі падчас раскопак пошукавікі. Менавіта гэтыя рэчы сталі экспанатамі школьнага музея. 


Арганізатар музея, настаўнік і краязнаўца Андрэй Янулевіч праводзіць па незвычайнаму памяшканню. Яно створана ў паглыбленай сцяне, бачна ваенная дыярама, уладкаваны полкі для экспанатаў. Побач стэнды з фотаздымкамі і дакументамі. У пакоі захоўваецца больш за 300 ваенных экспанатаў і 500 лістоў. Яны — ад ветэранаў, якія стаялі на гэтых межах напачатку вайны. Пазней, у 80-90-я гады з імі вяла перапіску 56-я пошуковая група сапоцкінскіх школьнікаў, і такім чынам складвалася гісторыя тых падзей. Некаторыя лісты аформлены ў альбомы. Іх сабралося дзевяць, яны даступны для наведвальнікаў — кожны можа адкрыць такі альбом і, што называецца, з першых вуснаў даведацца аб падзеях 22 чэрвеня 1941 года. 

Гэтыя падзеі былі імклівыя і кароткатэрміновыя. Вораг кінуў на агнявыя кропкі артылерыю, авіяцыю і танкі. Абаронцы трымаліся да апошняга.

— На тэрыторыі Сапоцкіна знаходзіўся 68-ы Гродзенскі ўзмоцнены раён, аснову якога складалі доты. Таму мы вырашылі ў сваім музеі прадставіць гэты цікавы і незвычайны макет. На тэрыторыі Беларусі засталося крыху больш за сто такіх аб’ектаў, якія размешчаны на працягу 20 кіламетраў. Яны знаходзяцца у розным стане. Адны поўнасцю разбураныя, іншыя больш-менш захаваліся, некаторыя так і не былі дабудаваны. На прыкладзе нашага макета можна даведацца, як дот быў узброены. Тут бачым перыскоп, зброю, як выглядала вентыляцыя паветра, сістэма сувязі, — расказвае субяседнік. 

Падчас экскурсіі наведвальнікаў знаёмяць з гісторыяй будаўніцтва дотаў. Яна таксама вельмі цікавая.

Рашэнне аб узмацненні граніцы было прынята ў 1939 годзе пасля таго, як аб’ядналіся Усходняя і Заходняя Беларусь. Адпаведна была перанесена і дзяржаўная мяжа. У 1940-м годзе тут пачалося будаўніцтва лініі Молатава. Па словах суразмоўцы, гэта была вялізная будоўля, усе бліндажы выкопвалі ўручную, каб пазбегнуць шума, бо немцы ўжо стаялі каля мяжы. Доты будаваліся на самой граніцы. 

— Усяго на пачатак вайны было пабудавана каля 200 дотаў. Але не ўсе паспелі дарабіць. Самымі ўладкаванымі былі першы і другі вузел абароны. Тут ішлі самыя гарачыя баі. Аб гэтым сведчыць вялікая колькасць снарадаў, якія потым знаходзілі ў гэтых месцах. Ды і самі доты пранізаны снарадамі, пашкоджаны выбухамі, — працягвае свой расказ Андрэй Янулевіч. — З успамінаў ветэранаў мы зрабілі выснову, што менавіта яны даўжэй за ўсіх абараняліся. Можна адзначыць вучэбную роту дзявятага кулямётнага батальёна, іх доты трымаліся тры дні ў поўным атачэнні і блакадзе, пакуль не скончыліся боепрыпасы. Пасля таго, як яны былі ўзарваны, тыя, хто там выжыў, перабраліся праз Нёман.

Ветэраны ў сваіх лістах прыгадваюць, што напярэдадні вераломнага нападзення нямецкіх войскаў, на савецкім прыграніччы усё было, як звычайна. Больш таго, падраздзяленне папярэджваюць, што суседняя ваенная частка будзе весці манеўры, не трэба звяртаць увагу. Таму першыя выбухі і гул самалётаў тут успрынялі як вучэнне. Многія вайскоўцы нават не паспелі заняць агнявыя пазіцыі. 

— Перыядычна сюды прыязджае віцебскі пошукавы атрад, і кожны раз яны падымаюць байцоў. Кожны раз, — з горыччу заўважае субяседнік. — Амаль усе экспанаты яны нам перадалі. Байцы ляжалі разам са сваімі рэчамі ў акопах у тых позах, як іх застала куля. Магчыма, ляжаць і пад абломкамі дотаў. Да іх немагчыма дабрацца з-за бетонных абвалаў. Дарэчы, некаторыя доты пазначаны таблічкамі як аб’екты гісторыка-культурнай каштоўнасці. 

Андрэй Янсулевіч дэманструе частку ўзарванай пушкі з дота. Адразу і не разабраць, што гэта за прылада. І такіх экспанатаў тут шмат. Але школьнікі-экскурсаводы пошукавага атрада могуць падрабязна расказаць пра кожную рэч. Яны таксама ўдзельнічаюць у аднаўленні экспанатаў. Такім чынам быў нададзены пачатковы выгляд нямецкаму карабіну, які тут знайшлі на другім вузле абароны. Было іржавае жалеза, яго вычысцілі, зрабілі прыклад. Цяпер можна бачыць, якой зброяй страляў немец у савецкіх байцоў, кажа краязнаўца. Ён дэманструе яшчэ адзін ваенны экспанат, знойдзены пры раскопках. Гэта французскі кулямёт «шатэльро», які таксама стаяў на ўбраенні германскай арміі пасля захопу Францыі. 

— Паглядзіце, якая арыгінальная фляжка, — пераходзіць да іншых экспанатаў Адрэй Янулевіч. — Тут мы бачым надпіс: «Гродна. У гады Айчыннай вайны.». З другога боку — сэрца прабітае стралой. Фляжка нямецкая, а надпісы па-руску, відавочна, што яна не аднойчы пераходзіла з рук у рукі. Бачым на ёй два прозвішчы — Качанаў і Журанаў. У байцоў не было медальёнаў, а толькі эбанітавыя капсулы з асабістымі дадзенымі, але яны не заўсёды захоўваліся, былі вельмі малыя, таму байцы яшчэ пазначалі сябе на кацялках, на кубках і іншых рэчах. Кацялкі, як правіла, усе падпісныя. 

На месцы нямецкага лагера, адкуль ішоў наступ, знойдзена нямала нямецкіх рэчаў. Прычым не толькі зброі, але і бытавых. Можна ўбачыць, як выглядала запальнічка нямецкага салдата ці афіцэра, акуляры і нават бутэлька з-пад адэкалона. 

Некаторыя рэчы без спецыяльнага каментарыя складана вызначыць. Напрыклад, невялікая гарэлка з гільзы, карандашы з патронаў. 

Каскі, гарматы, супрацьгазы, дакументы, значкі — кожная рэч мае сваю гісторыю і свой лёс. 

— Да 60-х гадоў сотні загінулых байцоў былі раскіданы па ўсёй прыгранічнай тэрыторыі. У 1965 годзе мясцовыя жыхары паказвалі месцы стыхійных пахаванняў, і парэшткі звозілі ў брацкую магілу ў Сапоцкіне. Магчыма, яшчэ нямала такіх стыхійных пахаванняў засталося на гэтай зямлі, — лічыць краязнаўца. 

Як і самі доты, музей-дот таксама з’яўляецца часткай раённага турыстычнага маршрута. Але не толькі. Школьнікі папулярызуюць свае экспанаты праз удзел у патрыятычных конкурсах, рыхтуюць відэапрэзентацыі і расказваюць аб сваіх экспанатах на сайтах. У 2021 годзе сапоцкінцы сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурса на лепшы пошукавы атрад у рамках акцыі «Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем». 

Маргарыта УШКЕВІЧ 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».