Вы тут

У рэдакцыю звярнуліся дзве мамы, чые сем'і прызналі сацыяльна небяспечнымі


Да нас у рэдакцыю звярнуліся дзве мамы. Іх гісторыі розныя і ў той жа час падобныя. Абедзве сям'і прызналі сацыяльна небяспечнымі таму, што «бацькі перашкаджаюць атрыманню дзецьмі абавязковай базавай адукацыі». Толькі ў першай гісторыі хлопчык пакуль жыве з мамай, сястрой і бабуляй, а ў другой — маму і тату ўжо пазбавілі бацькоўскіх правоў, дзяўчынка ж выхоўваецца ў дзіцячым доме. Абедзве мамы лічаць, што ў іх несправядліва забралі ці хочуць забраць дзяцей... Але ў прадстаўнікоў дзяржаўных органаў іншая пазіцыя на гэты конт.


Малюнкі васьмігадовага Ільюшы.

«Малады Ільюша хоча завесці сабе сяброў»

У ліпені мінулага года Ілью споўнілася 8 гадоў. Неўзабаве пасля свайго дня нараджэння хлопчык нарэшце загаварыў. На радасцях у жніўні мама з сынам пачалі праходзіць медагляд, каб пайсці ў 1 клас. Па даведку аб стане здароўя дзіцяці жанчына звярнулася ў прыватны медцэнтр. Кажа, думала, праблем не ўзнікне. Але ў працэсе зразумела, што да 15 жніўня прайсці медагляд не атрымаецца, бо хлопчыку прызначылі дадатковыя абследаванні. Таму 15 жніўня мама Ільі прыйшла ў гімназію № 29 і напісала заяву з просьбай адтэрмінаваць падачу дакументаў аб залічэнні сына ў 1 клас.

Усе дадатковыя абследаванні Ілья прайшоў да 1 верасня, але даведку аб гатоўнасці да школы дзіцяці так і не далі... Выдалі яе толькі 2 кастрычніка пасля таго, як маці звярнулася да адваката. Такую познюю выдачу даведкі медцэнтр матываваў тым, што ў дзіцяці жалезадэфіцытная анемія цяжкай ступені.

3-га кастрычніка мама прыйшла да дырэктара гімназіі з усімі неабходнымі дакументамі. Але ён, паводле слоў жанчыны, іх не прыняў. Маўляў, вы спазніліся, вучэбны працэс ужо ідзе напоўніцу. «У 10.00 мне адмовілі ў залічэнні дзіцяці ў гімназію. І ў гэты ж дзень у 14.00 адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета з-за таго, што Ілья не пайшоў у школу». У выніку сям'ю прызналі сацыяльна небяспечнай для дзяцей. «І гэта пры тым, што мае дзеці лечацца платна. У нас дзве кватэры ў цэнтры Мінска і загарадны дом у вёсцы, дзе я штогод аздараўляю сваіх сына і дачку».

Мама Ільі паказала мне арыгінал меддаведкі, з якой яна прыходзіла да дырэктара гімназіі. Там напісана, што хлопчык «здольны да навучання ў агульнаадукацыйнай установе». З прыпіскай — «рэкамендавана кансультацыя на базе МГЦКРАіР для вызначэння адукацыйнай праграмы». «Мы не паспелі прайсці псіхолага-медыка-педагагічную камісію, каб вызначыць адукацыйны маршрут дзіцяці. Але гэта, як кажа мая адвакат, не з'яўляецца нагодай для незалічэння дзіцяці ў школу. Тым больш гемаглабін быў нізкі і сына адназначна трэба было садзіць на дамашняе навучанне».

Дырэктар гімназіі № 29 адмовіўся каментаваць сітуацыю, пакуль маці хлопчыка не дасць дазвол на перадачу сваіх персанальных даных. Ва ўпраўленні па адукацыі Адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска на пісьмовы зварот рэдакцыі паведамілі, што ў сувязі з тым, што 8-гадовы Ілья з 1 верасня не прыступіў да заняткаў, каардынацыйны савет па кантролю за рэалізацыяй Дэкрэта № 18 прызнаў, што ён знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, бо «бацькі перашкаджаюць атрыманню дзіцем абавязковай базавай адукацыі ў любой форме яе атрымання». «Залічэнне дзіцяці ў школу ажыццяўляецца на падставе заявы, якую падае яго законны прадстаўнік, пры прад'яўленні пасведчання аб нараджэнні, а таксама медыцынскай даведкі аб стане здароўя. Поўны пакет дакументаў не быў своечасова прадстаўлены ў гімназію».

З Ільёй, яго мамай, сястрой і бабуляй я сустрэлася ў Заслаўі. У іх новай трохпакаёвай кватэры. Мама хлопчыка вырашыла прадаць адну кватэру ў Мінску і перабрацца на сваю малую радзіму, бо, паводле яе слоў, не бачыла іншага выйсця. Кажа, адчувала, што ў яе забяруць сына. Старэйшую дачку без праблем перавялі ў школу Заслаўя, дзяўчынка вучыцца ў 5 класе. «Да нас прыходзіла камісія, правяралі, у якіх умовах мы жывём, размаўлялі са мной, паглядзелі, што я здаю другую кватэру ў Мінску, — і ў мяне ёсць даход. Убачылі, што мы нармальная сям'я. Таму на савеце па прафілактыцы сказалі, што школа будзе хадайнічаць аб зняцці нашай сям'і з уліку тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Сацыяльны педагог ужо вынесла прадпісанне, што мы да красавіка павінны прайсці камісію па вызначэнні адукацыйнага маршруту Ільюшы. На той момант, калі нам выдавалі даведку аб стане здароўя, Ілья мог пайсці толькі на дамашняе навучанне, бо ў яго быў вельмі нізкі гемаглабін. Але зараз сітуацыя памянялася. Мы гемаглабін паднялі — самі ж бачыце, якое актыўнае дзіця. І цяпер нам хацелася б, каб ён вучыўся ў школе з іншымі дзеткамі. Часам ён, як бачыце, некіраваны, гіперактыўны, але ў калектыве, думаем, будзе паводзіць сябе лепш».

«Улетку, перад тым, як праходзіць медагляд, мы абнадзеілі Ілью, што ён пойдзе ў школу. Унук вельмі чакаў гэтага, памятаю, калі сядзелі перад кабінетам доктара ў чарзе, наш хлопчык напісаў друкаванымі літарамі, як кракадзіл Гена ў яго любімым мульціку: «Малады Ільюша хоча завесці сабе сяброў». Я тады нават праслязілася», — кажа бабуля.

Жанчыны вельмі ўдзячныя школе, што яна ўвайшла ў іх сітуацыю, і гатовы выканаць усе яе патрабаванні. Сказалі, што не будуць цягнуць да жніўня, а, як толькі пачне работу прыёмная камісія, пададуць пакет дакументаў для залічэння Ільюшы ў 1 клас.

На развітанне мама хлопчыка сказала, што ніяк не можа дапусціць, каб яе пазбавілі бацькоўскіх правоў. «Па-першае, у Ільюшы, акрамя прыроджанай касалапасці, няпросты дыягназ — мультыформная экссудатыўная эрытэма. Гэта сістэмная алергія на прадукты харчавання і на асобныя медыкаменты. Страшна ўявіць, калі яго забяруць у нас. Ён жа прымае шмат дарагіх лекаў. У яго ў любы момант можа пачацца прыступ, за ім патрэбны пастаянны догляд. Па-другое, гэта несправядліва, бо мы ніколі не перашкаджалі адукацыі дзяцей. Аб гэтым сведчыць хаця б тое, што мы звярнуліся ў медустанову, каб атрымаць даведку для паступлення ў школу. Я і падумаць не магла, што спазненне з яе атрыманнем можа прывесці да сур'ёзнай праблемы. Гэта такая пастка для людзей. Кожны чалавек можа па нейкіх прычынах спазніцца, тым больш дзіця праблемнае, прайсці з ім медагляд не так проста».

«Эльвіра, як і ўсе, марыць вярнуцца дадому, але...»

З бацькамі Эльвіры я, на жаль, убачыцца так і не змагла. Толькі паразмаўляла з яе мамай па тэлефоне. Жанчына распавяла, што 21 жніўня мінулага года дачку забралі ў прытулак Фрунзенскага раёна Мінска. Да 30 жніўня бацькі перапісваліся з Эльвірай. Але потым яе смартфон стаў па-за зонай доступу. «Калі пазванілі ў прытулак, нам сказалі, што мы не будзем кантактаваць з дачкой...» Бацькі Эльвіры лічаць, што іх сям'ю пакаралі незаконна і што ва ўсім вінаватыя школа № 16 і «Мужчынская гімназія», дзе вучылася іх дачка. У прыватнасці, паводле слоў мамы, у 4 класе Эльвіра была на індывідуальным навучанні, школу наведвала толькі для атэстацыі. Дзяўчынка вучылася на «9» і «10», мела пахвальныя граматы. «Калі мы падалі заяву з просьбай арганізаваць дачцэ індывідуальнае навучанне ў 2020/2021 годзе, нам адмовілі. Дырэктар стала патрабаваць, каб Эльвіра пачала наведваць школу».

Нягледзячы на адмову, увесь пяты клас Эльвіра вучылася дома. Мама з татам цалкам узялі гэта пытанне на сябе. Пасля таго, як напрыканцы навучальнага года ў школе сказалі, што Эльвіру не могуць атэставаць, бацькі вырашылі перавесці дачку ў прыватную ўстанову адукацыі. Выбар упаў на «Мужчынскую гімназію». «Там мы выбралі для Эльвіры дазволеную заканадаўствам індывідуальную форму атрымання адукацыі. 25 мая 2021 года дырэктар гімназіі прыняў у нас заяву, заключыў дагавор на аказанне платных паслуг, узяў перадаплату. У той жа дзень мы падалі заяву аб адлічэнні Эльвіры з папярэдняга месца вучобы, але дырэктар школы № 16 адмовілася перадаваць дакументы для пераводу, незаконна ўтрымлівала іх. Дырэктар «Мужчынскай гімназіі» абнадзеіў нас, паабяцаў, што пры неабходнасці яны самі атэстуюць Эльвіру, проста трэба будзе за кожны прадмет заплаціць грошы. Мы пагадзіліся, бо ў нас не было іншага выйсця». Але гэтага не здарылася. Па словах мамы, 1 верасня 2021 года Эльвіра прыступіла да вучобы. А 10 кастрычніка куратар напісала: «Паважаная мама Эльвіры, ваша дачка не з'яўляецца вучаніцай гімназіі, я выдаляю вас з тэлеграм-групы»...

...Эльвіру, як высветлілася, у 2017 годзе ўжо забіралі з сям'і. «Мы змагаліся за дачку некалькі месяцаў. Але вярнулі яе толькі з дапамогай Міністэрства замежных спраў. Нашы знаёмыя расказалі пра нашу сям'ю замежнай дэлегацыі, якая ў снежні 2017 года наведвала нашу краіну, а тая ў сваю чаргу паведаміла пра нас міністру. Неўзабаве нам пазванілі і сказалі, каб мы прыязджалі і забіралі Эльвіру. Дачка перажыла моцную траўму. Мы яе доўга аднаўлялі. Яна баялася заставацца ў школе, бо дзеці ёй расказвалі, што іх адтуль забіралі ў прытулак. Таму мы і пісалі заяву на індывідуальнае навучанне.

Мы не думалі, што праз пяць гадоў гэты кашмар можа паўтарыцца. Мы не бачылі дачку з канца жніўня, цяжка ўявіць, у якім яна стане. Нам не даюць з ёй размаўляць па тэлефоне, відаць, такім чынам хочуць нас прымусіць апраўдвацца. Ад сваёй дачкі мы не адмовімся. Але і выконваць тое, што нам кажуць, больш не будзем. У 2017 годзе нас з мужам прымушалі даказваць, што мы не алкаголікі, не наркаманы, што ў нас няма псіхічных захворванняў... Тое, што мы там чулі ў свой адрас, было прыніжэннем чалавечай годнасці. Зараз ад нас чакаюць таго ж самага. Каб прыйшлі і пачалі зноў даказваць, апраўдвацца, хочуць, каб мы маўчалі і больш не згадвалі пра дырэктара школы, якая незаконна ўтрымлівала дакументы Эльвіры, пра парушэнні «Мужчынскай гімназіі». Апошнюю, дарэчы, у выніку ліквідавалі, яе дырэктар, наколькі нам вядома, знаходзіцца за мяжой, на свабодзе. А наша дачка ў ізаляцыі ў дзіцячым доме... Хоць яна мае поўнае права жыць у сям'і, атрымліваць нашу любоў і падтрымку і дарыць іх нам. Мы верым, што знойдуцца вышэйстаячыя асобы, якія звернуць увагу на нашу сітуацыю, на гэту катастрафічную несправядлівасць».

У Міністэрстве адукацыі пацвердзілі інфармацыю аб тым, што «Мужчынская гімназія» больш не функцыянуе, яна ліквідавана 20 кастрычніка мінулага года. І дадалі, што на падставе заявы бацькоў Эльвіра сапраўды была залічана ў вышэйзгаданую прыватную ўстанову адукацыі. Аднак да заняткаў не прыступіла. У выніку дзяўчынка два гады не наведвала школу.

У афіцыйным адказе на зварот рэдакцыі Міністэрства адукацыі апісала, у якой сітуацыі апынулася Эльвіра. У 2017 годзе прычына адабрання дзяўчынкі з сям'і была тая ж: бацькі забаранялі дзіцяці наведваць школу. За 2016—2017 год яна была там толькі 8 дзён. Тады Эльвіру вярнулі ў сям'ю, бо бацькі даказалі, што яны гатовы выпраўляцца. І сапраўды, Эльвіра да 2020 года працягвала вучыцца ў школе № 16, якую наведвала падчас знаходжання ў прытулку. У жніўні 2020 года бацькі дзяўчынкі ў пісьмовых зваротах пачалі патрабаваць арганізаваць індывідуальнае навучанне ў дыстанцыйнай форме для іх дачкі. Пры гэтым дакументы, якія б указвалі на неабходнасць такой формы навучання, не прадставілі. Эльвіра зноў перастала хадзіць у школу. У снежні 2020 года правялі сацыяльнае расследаванне, падчас якога былі неаднаразовыя спробы наведаць сям'ю. Аднак бацькі Эльвіры не далі магчымасць паглядзець умовы жыцця і выхавання дзіцяці, дзверы кватэры не адчынялі. У выніку рашэннем каардынацыйнага савета Адміністрацыі Фрунзенскага раёна ад 29 студзеня 2021 года прызнана, што Эльвіра знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Бацькам давалі магчымасць выправіць сітуацыю. На працягу 2020/2021 года школа № 16 неаднаразова накіроўвала ім пісьмы, у якіх звярталася ўвага на неабходнасць арганізацыі навучання і праходжання атэстацыі Эльвірай. Але сям'я патрабавала правяраць работы, адпраўленыя па электроннай пошце, і атэставаць дачку дыстанцыйна, што не прадугледжана заканадаўствам. Рашэннем суда Фрунзенскага раёна Мінска ад 31 мая 2022 года бацькі Эльвіры пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Цяпер дзяўчынка выхоўваецца ў дзіцячым доме № 5 Мінска, вучыцца ў школе № 151.

Дзяржаўны апякун Эльвіры дырэктар дзіцячага дома № 5 Наталля Хурсевіч распавяла, што ў мэтах адаптацыі дзяцей да новых умоў першы час ім мабільны тэлефон не выдаецца. Але пасля таго, як псіхолаг дала дабро на тое, каб Эльвіра звязалася з бацькамі, бо для яе гэта важна, у прысутнасці апекуна дзяўчынка тры разы ім званіла. Першы і другі раз усё прайшло нармальна. Падчас трэцяй тэлефоннай размовы 5 снежня бацькі пачалі рэзка выказвацца ў адрас супрацоўнікаў дзіцячага дома. Настройвалі дзяўчынку супраць вучобы, праходжання медабследаванняў, казалі, што гэта ўсё можа паўплываць супраць яе.

«Яны казалі Эльвіры, што высылаюць ёй грошы, пасылкі з рэчамі. Але з 13 верасня абсалютна нічога ні разу не прыходзіла. Мы рэгулярна атрымліваем ад іх толькі пісьмы. Спачатку перадавалі іх Эльвіры. І давалі ёй магчымасць адказаць. Мы адправілі адказы Эльвіры, але яны вярнуліся назад. Бацькі гэтыя пісьмы нават не чыталі, адмовіліся іх прымаць. Потым псіхалагічны гвалт стаў назірацца і ў пісьмах, таму мы перасталі іх перадаваць Эльвіры», — дадала Наталля Хурсевіч.

Біялагічныя бацькі маюць права наведваць дзяцей са згоды законнага апекуна, падкрэсліла дырэктар дзіцячага дома. Але, на жаль, сям'я Эльвіры ні разу не выявіла жадання гэта зрабіць. У тэлефоннай размове яны казалі ёй, маўляў, дачушка, ты зразумей, мы на бок ворага не пойдзем; Эльвіра, ты павінна зрабіць так, каб цябе вярнулі ў сям'ю.

«Нам даводзіцца тлумачыць: «Эльвірачка, ад цябе нічога не залежыць. Каб ты вярнулася ў сям'ю, бацькі павінны выканаць пэўныя ўмовы», — працягвае дзяржаўны апякун. — Вядома, Эльвіра, як і ўсе мае выхаванцы, хоча дадому, чакае і спадзяецца. Абсалютна ў кожнага чалавека ёсць магчымасць вярнуць сваё дзіця. Перш за ўсё, на мой погляд, бацькам трэба праявіць інтарэс і жаданне сустрэцца са сваім дзіцём. Я, як мама, цяпер разважаю: няўжо вы не хочаце ўбачыць дачку? Ды ніякі вораг у вашай галаве вас не павінен спыняць. Ну і, вядома, трэба звярнуцца ў суд для аднаўлення ў бацькоўскіх правах, даказаць, што не будуць перашкаджаць навучанню дзіцяці. І Эльвіра вернецца ў сям'ю. А гэта самая галоўная мая задача — каб усе дзеці вярнуліся да сваіх мамы і таты».

Бацькоў Эльвіры, паводле слоў Наталлі Хурсевіч, апошні раз бачылі ў 2017 годзе. «Калі меркаваць па матэрыялах асабістай справы дзяўчынкі, яны не прымалі ўдзел ні ў адным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, каардынацыйнага савета. Не прысутнічалі на судзе па пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Склалася ўражанне, што гэта сацыяльна закрытыя людзі, бо падчас тэлефоннай размовы яны і Эльвіру настройвалі ні з кім не кантактаваць. Першы месяц ёй, сапраўды, было цяжкавата. Але паступова дзяўчынка адаптавалася. Прыходзіць са школы, хваліцца сваімі поспехамі. Яна вялікая разумніца, вучыцца на 9 і 10 балаў, рыхтуецца ўдзельнічаць у алімпіядах, займаецца ў гуртках па выяўленчым мастацтве, дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Упрыгожвала дзіцячы дом да Новага года, у яе залатыя рукі».

У мяне, як, думаю, і ў любога, хто будзе чытаць гэты матэрыял, адразу ўзнікла пытанне: «Як дзіця, якому бацькі перашкаджалі атрымліваць адукацыю, можа вучыцца на «9» і «10»?» «Насамрэч, сітуацыя ўнікальная, за гады сваёй працы ў дзіцячым доме я яшчэ з такой не сутыкалася, — кажа Наталля Хурсевіч. — Эльвіры цяпер 13 гадоў, яна па ўзросце павінна быць у 7 класе, а вучыцца толькі ў 5-м. Ёй усё даецца лёгка. Таму школа будзе хадайнічаць, каб у наступным годзе перавесці дзяўчынку экстэрнам у 7 клас».


Лілія КІР'ЯК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: «У нашай краіне прыярытэт — захаваць сям'ю»

«У жніўні 2020 года да нас, дэпутатаў, звярталіся асобныя мамы і патрабавалі, каб ім дазволілі перавесці дзяцей на індывідуальную форму навучання. Мы тлумачылі ім, што бацькі павінны прыкласці да заявы нейкае дакументальнае пацвярджэнне неабходнасці такога пераводу. У заканадаўстве вызначаны дакладныя крытэрыі. У прыватнасці, на індывідуальным навучанні могуць быць дзеці-спартсмены, члены зборнай, у якіх шчыльны графік трэніровак і якія пастаянна ўдзельнічаюць у турнірах; дзеці з узорных калектываў, якія часта выязджаюць на гастролі, прымаюць удзел у розных конкурсах. Акрамя таго, Кодэксам аб адукацыі прадугледжана такая форма атрымання адукацыі, як дамашняе навучанне. Гэта калі ў дзіцяці ёсць медыцынскія паказанні, каб да яго на дом прыходзілі настаўнікі. Але зараз ужо па новым Кодэксе аб адукацыі дазволена сумяшчаць дамашняе навучанне з наведваннем школьных урокаў. Мы ўнеслі адпаведную папраўку, каб мінімізаваць сацыяльную ізаляцыю дзяцей з асаблівасцямі стану здароўя. Калі яны здольны наведваць нейкія ўрокі ў школе разам з аднакласнікамі, то могуць гэта рабіць. Напрыклад, прыйсці ў клас на фізіку ці хімію і ўбачыць лабараторны дослед. Наведаць класную гадзіну, нейкае школьнае свята. Тым самым сацыялізавацца, знайсці сяброў.

Але каб здаровае дзіця вучылася дома без важкіх на тое прычын — такое немагчыма. Дыстанцыйная форма навучання ў нас з гэтага года ўкараняецца толькі ў ВНУ, з часам — у сярэдніх спецыяльных навучальных установах, каледжах. У школах і гімназіях аб дыстанцыйнай форме навучання гаворка не ідзе, там яе няма і не можа быць, бо традыцыйны ўрок, жывое слова настаўніка нішто не заменіць. Калі школьнік, не дай бог, зламаў нагу і нейкі час вымушаны знаходзіцца дома, толькі тады часова пад кантролем педагога могуць выкарыстоўвацца дыстанцыйныя тэхналогіі навучання. Падчас эпідэміі ковіду гэта пытанне востра паўстала перад школамі. І настаўнікі распрацоўвалі ўрокі, якімі напаўнялася адзіная адукацыйная інтэрнэт-платформа.

У Канстытуцыі, Кодэксе аб шлюбе і сям'і дакладна прапісаны абавязак бацькоў: не перашкаджаць атрыманню агульнай базавай адукацыі сваіх дзяцей. У адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі яна з'яўляецца абавязковай. Але гэта не значыць, што дзіця можа сядзець дома і мама ці бабуля будуць вучыць яго матэматыцы, мове і іншым прадметам. Разумееце, тыя бацькі, якія да нас звярталіся, хацелі менавіта гэтага. Пасля таго, як ім усё патлумачылі, звароты спыніліся. Але, відаць, не ўсе бацькі зразумелі нашы тлумачэнні, і некаторыя з іх, дзякуй богу, гэта адзінкавыя выпадкі, перасталі прыводзіць дзяцей у школу. Але гэта сведчыць толькі аб адным — аб вялізнай безадказнасці бацькоў да будучыні ўласнага дзіцяці. І гэта ўжо сур'ёзная прычына паставіць сям'ю на ўлік і папрацаваць з ёй.

Што тычыцца пастаноўкі сям'і на ўлік з-за таго, што яна знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, то гэтае калегіяльнае рашэнне прымаецца ў першую чаргу, каб абараніць правы і інтарэсы дзіця. Да нас часам звяртаюцца бацькі, якія лічаць, што іх несправядліва пазбавілі бацькоўскіх правоў. Мы разбіраемся з кожнай сітуацыяй. Але пакуль што не было такога выпадку, каб абвінаваціць каардынацыйны савет у несправядлівасці. Бо ў нашай краіне прыярытэт для ўсіх службовых асоб — захаваць сям'ю. Спрацаваць так, каб выправіць становішча, адрадзіць сям'ю, нават з вельмі складанай і, на першы погляд, безнадзейнай сітуацыі».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

P. S. Прозвішчы ў інтарэсах дзяцей не называюцца. Кантакты іх бацькоў знаходзяцца ў рэдакцыі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Усвядомлены выбар. Ці модна сёння «купляць беларускае»?

Усвядомлены выбар. Ці модна сёння «купляць беларускае»?

Гутарым з намеснікам старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталляй Мурашка.