Вы тут

Карэйскі разлом. Чаму нарастае напружанасць на паўвостраве?


Днямі Японія, ЗША і Рэспубліка Карэя правялі ў Японскім моры сумесныя вучэнні з удзелам баявых караблёў з-за ажыццёўленага напрыканцы мінулага тыдня запуску КНДР міжкантынентальнай балістычнай ракеты (МБР). Адпаведны даклад апублікаваў Аб'яднаны камітэт начальнікаў штабоў Сіл самаабароны Японіі, паведаміла ТАСС. Адзначаецца, што ад Японіі ў мерапрыемстве быў задзейнічаны эсмінец «Атага», ад ЗША — эсмінец «Бэры», ад Рэспублікі Карэя — эсмінец «Кароль Сэджон Вялікі». Паведамлялася, што мэта манеўраў — адпрацоўка рэагавання на запуск балістычных ракет. Адметна, што літаральна за некалькі дзён да гэтага Сеул і Вашынгтон правялі вучэнні авіяцыі, да якіх прыцягнулі прынамсі адзін амерыканскі стратэгічны бамбардзіроўшчык B-1B. Аб гэтым паведаміла агенцтва Yonhap са спасылкай на Камітэт начальнікаў штабоў Рэспублікі Карэя. У КНДР паабяцалі беспрэцэдэнтны адказ на вучэнні. Чаму нарастае напружанасць на Карэйскім паўвостраве?


Пхеньян у форме

Запуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты (МБР) быў праведзены ў другой палове дня 18 лютага. КНДР сёлета выпрабоўвала ракеты, па яе мерках, дастаткова даўно — толькі 1 студзеня. Праўда, вайскоўцам з ЗША, Японіі і РК, якія назіралі за Паўночнай Карэяй, адразу стала ясна, што паляцела «нешта вялікае», бо ракета знаходзілася ў паветры больш за гадзіну і яе бачылі над Японіяй, нагадаў news.ru. На наступны дзень СМІ КНДР у падрабязнасцях растлумачылі, што адбылося, у асноўным пацвердзіўшы і некалькі ўдакладніўшы агучаныя па гарачых слядах ацэнкі суседзяў. Паводле паведамлення паўночнакарэйскай газеты «Нодон Сінмун», запуск МБР «Хвасон-15» у мінулую суботу прайшоў па асабістым указанні лідара КНДР Кім Чэн Ына ў рамках вучэнняў па раптоўнай праверцы боегатоўнасці ракетных падраздзяленняў. Кіраўнік Паўночнай Карэі раніцай даў загад здзейсніць напад па цэлях умоўнага саперніка, а ў другой палове дня ракета паляцела з аэрадрома Сунан пад Пхеньянам. Паводле даных КНДР, сістэма паднялася на 5769 кіламетраў і праляцела 989 кіламетраў. Яна знаходзілася ў паветры амаль 1 гадзіну і 7 хвілін. Як сцвярджалася, «Хвасон-15» паспяхова трапіла ў зададзены раён у водах Японскага (Усходняга) мора.

На падрыхтоўку вадкапаліўнай міжкантынентальнай балістычнай ракеты да старту і стрэльбаў спатрэбілася амаль дзевяць з паловай гадзіны. Па выніках Цэнтральны ваенны камітэт КНДР высока ацаніў узровень гатоўнасці і рэальныя баявыя магчымасці падраздзяленняў, на ўзбраенні якіх знаходзяцца МБР. Запуск выклікаў вялікую занепакоенасць у ЗША, РК і Японіі. Эксперты хутка падлічылі: калі б ракета паляцела не па завышанай траекторыі («свечкай»), а пад вуглом 30—45 градусаў, што аптымальна для далёкасці, то яна змагла б паляцець на 13—14 тысяч кіламетраў і трапіць у любы аб'ект на тэрыторыі ЗША. Аб гэтым, у прыватнасці, заяўляў міністр абароны Японіі Ясукадзу Хамада.

З улікам абставін вучэнняў таксама была зроблена выснова, што КНДР завяршыла стадыю выпрабаванняў і як мінімум некаторыя МБР ужо стаяць на баявым дзяжурстве. Праўда, у Сеуле некаторыя спецыялісты адзначылі, што пакуль рана казаць аб поўнай гатоўнасці ракеты, бо выпрабаванні не прайшлі ў патрэбным рэжыме для тэсціравання працэсу паўторнага ўваходу боегалоўкі ў атмасферу. Былі выказаны меркаванні, што не адбылося і аддзяленне яе баявой часткі. На думку амерыканскіх і паўднёвакарэйскіх спецыялістаў, праз запуск МБР Пхеньян выказаў сваю незадаволенасць амерыкана-паўднёвакарэйскімі вучэннямі, якія праводзяцца ў рамках рэалізацыі канцэпцыі пашыранага стрымлівання.

Гульня мускуламі

Зрэшты, нягледзячы на разуменне матываў КНДР, ЗША і РК хутка вырашылі правесці новыя вучэнні, якія сталі адказам на ракетны запуск. 19 лютага ў раён Карэйскага паўвострава з Гуама прыбыў стратэгічны бамбардзіроўшчык ВПС ЗША В-1В, здольны несці ядзерную зброю. Ён, амерыканскія самалёты суправаджэння F-16, а таксама паўднёвакарэйскія знішчальнікі F-35A і F-15K правялі сумесныя вучэнні, дзе імітаваўся зваротны ўдар па саперніку. Гэта значыць, у адказ на ракетны старт Паўночную Карэю паспрабавалі запалохаць самалётамі саюзнікаў.

Праўда, на гэтым справа не скончылася, узнік новы віток напружанасці. Раніцай 20 лютага падраздзяленне дальнабойнай артылерыі Заходняга фронту арміі КНДР правяло вучэбныя стрэльбы са звышбуйной РСЗА калібру 600 мм, якая названа «найноўшай сістэмай шматзараднай і высокадакладнай зброі». Усяго было выпушчана дзве ракеты, якія пераадолелі адлегласці ў 395 і 337 кіламетраў і «паспяхова трапілі ва ўмоўныя цэлі ў зададзеным раёне». Падкрэслена, што дадзены від узбраення (KN-25 у заходняй класіфікацыі) з'яўляецца «сродкам тактычнага ядзернага ўдару, які валодае велізарнай сілай, дастатковай для пашкоджання аператыўнага аэрадрома саперніка з дапамогай адной устаноўкі, здольнай выпусціць чатыры ракеты».

У Сеуле палічылі, што такім чынам Пхеньян празрыста намякнуў, што пры неабходнасці ён зможа пры дапамозе залпа толькі адной такой устаноўкай РСЗА знішчыць любую буйную ваенна-паветраную базу, размешчаную на тэрыторыі РК. Цікава, што вялікія ваенныя аэрадромы, дзе знаходзіцца асноўная колькасць самалётаў ВПС Паўднёвай Карэі і ЗША, размешчаны ў раёне гарадоў Чханчжу, Асан і Кунсан. Гэта прыкладна 340—390 кіламетраў ад месца запуску паўночнакарэйскіх РСЗА. Пасыл відавочны: КНДР патрэніравалася ва ўмоўным знішчэнні гэтых баз ВПС РК і ЗША ў адказ на вучэнні днём раней.

Скрышальны адказ

У той жа дзень была апублікавана афіцыйная заява Кім Ё Чжон, малодшай сястры Кім Чэн Ына. Яна падкрэсліла, што Пхеньян уважліва сочыць за дзеяннямі сапернікаў і мае намер даць вельмі магутны і скрышальны адказ на варожыя ў дачыненні да яго меры. Цікава, што Кім у адной заяве змагла і абразіць, і як бы супакоіць Паўднёвую Карэю. Яна параіла суседзям «лепш думаць, якую бяду пацягнуць за сабой такія акты. Кажу для дурняў: ніколі нашы МБР не возьмуць на прыцэл Сеул».

Кім адказала на словы скептыкаў, падкрэсліўшы, што запуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты прайшоў паспяхова і ўсё функцыянавала нармальна. Яна абвінаваціла ЗША ў правядзенні варожай палітыкі ў дачыненні да Пхеньяна і раскрытыкавала дзеянні і рашэнні Савета Бяспекі ААН, які замест забеспячэння міру і бяспекі становіцца правадніком лініі Вашынгтона. Кім Ё Чжон адзначыла, што Ціхі акіян «будзе нашым ракетным стрэльбішчам, а вось частата яго выкарыстання залежыць ад паводзін Вашынгтона». Гэта значыць, былі анансаваны новыя ракетныя запускі, накіраваныя на ЗША. Мабыць, гаворка ідзе ў першую чаргу аб ракетах сярэдняй і вялікай далёкасці.

«Адказ на адказ» працягнулі ЗША і Паўднёвая Карэя, асудзіўшы дзеянні КНДР. Сеул таксама ўвёў дадатковыя аднабаковыя санкцыі супраць Пхеньяна, пад якія трапілі чатыры фізічныя асобы і пяць арганізацый КНДР. Зрэшты, зразумела, што дадзеныя меры насілі сімвалічны характар, «каб не пакідаць дзеянні Поўначы без пакарання», няхай нават і ўмоўнага. Апроч серыі паветраных і водных манеўраў саюзнікі анансавалі з сярэдзіны сакавіка правядзенне буйнамаштабных ваенных вучэнняў «Шчыт свабоды» (Freedom shіeld), дзе запланаваны ўдзел вялікай колькасці войскаў, баявой тэхнікі, стральбы, а таксама адпрацоўка як абарончых, так і наступальных дзеянняў. Гэтыя манеўры стануць першымі пасля прыходу да ўлады ў Сеуле кансерватыўнага прэзідэнта Юн Сок Ёля, які выступае за сілавы ціск на Пхеньян і паглыбленне ваеннага саюзу з Вашынгтонам. Гэта адрознівае Юна ад папярэдняга ўрада РК, які спрабаваў актывізаваць міжкарэйскае супрацоўніцтва і знізіў маштаб вучэнняў з ЗША. Таму, як можна меркаваць, вучэнні будуць падкрэслена буйнымі і накіраванымі супраць КНДР.

Гарачая вясна

Тактыка, якая выяўляецца ў абмене выпадамі паміж Паўночнай Карэяй і ЗША з РК, а таксама агульны стратэгічны аналіз падыходу бакоў з вельмі вялікай доляй упэўненасці дазваляюць экспертам выказаць здагадку, што Карэйскі паўвостраў чакаюць неспакойныя канец лютага і вясна, адзначае news.ru. Пхеньян, Вашынгтон і Сеул настроены вельмі ваяўніча. КНДР дакладна дала зразумець, што вучэнні саюзнікаў яе моцна нервуюць і яна будзе на іх адказваць, у першую чаргу ракетнымі запускамі. ЗША і РК, наадварот, быццам падштурхоўваюць Пхеньян, праводзячы і плануючы новыя і буйнейшыя вучэнні.

На думку экспертаў, у ракетчыкаў КНДР ужо даўно «свярбяць рукі», бо ім трэба даводзіць да ладу рознага роду ракеты, чым яны, падобна, з задавальненнем і зоймуцца ў найбліжэйшы час. ЗША і РК, мяркуючы па ўсім, будуць шчодрыя на стварэнне ім адпаведных падстаў. У КНДР яшчэ не выпрабавана ўпершыню паказаная на парадзе ў Пхеньяне 8 лютага цвердапаліўная МБР, трэба яшчэ адшліфаваць запускі вадкапаліўных МБР, ёсць «сырыя» ракеты сярэдняй далёкасці, падводнага базіравання, вядуцца распрацоўкі гіпергукавой зброі, крылатых ракет вялікай далёкасці. Акрамя таго, усё ўжо даўно гатова да выпрабавання ядзернай зброі, і Пхеньян, мяркуючы па заявах, мае намер выпрабаваць кампактны боезарад. Адказ ЗША і саюзнікаў — Паўднёвай Карэі і Японіі — выльецца ў канцэнтрацыі авіяносных груповак, стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў, знішчальнікаў-невідзімак, атамных падводных лодак і разнастайных вучэнняў з іх выкарыстаннем. Усё гэта чакае Паўночна-Усходнюю Азію ўжо ў вельмі хуткай будучыні.

Каля небяспечнай мяжы

Актывізацыя ракетных выпрабаванняў у Паўночнай Карэі з'яўляецца адказам КНДР на небяспеку, якую для іх уяўляе ЗША, распавёў tsargrad.tv старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра карэйскіх даследаванняў Інстытута Кітая і сучаснай Азіі РАН Канстанцін Асмолаў. Ён адзначыў, што такім чынам КНДР «паказвае зубы» Вашынгтону. «Ёсць такое паняцце, як дылема бяспекі, калі ты турбуешся наконт агрэсіі суседа і ўзбройваешся. На апошнім парадзе яны (КНДР. — Рэд.) паказалі 12 ракет, якія ў стане даляцець да Нью-Ёрка. У выпадку гіпатэтычнага канфлікту КНДР і ЗША, нават калі ўся тэрыторыя Поўначы ператворыцца ў дэкарацыі да апакаліпсіса, але ў Амерыцы куды-небудзь падзенецца Лос-Анджэлес, то гэта не будзе ўспрымацца як перамога ЗША», — заўважыў эксперт.

Яшчэ летась у верасні ў КНДР быў прыняты закон аб ядзернай зброі, у якім адзначаецца, што галоўная задача арміі — прадухіленне вайны шляхам стрымлівання саперніка, а ракетна-ядзерны патэнцыял — гэты крайні, але неабходны сродак. «КНДР выступае супраць усялякіх формаў вайны і імкнецца да будаўніцтва мірнай планеты, дзе ажыццёўлена міжнародная справядлівасць», — адзначаецца ў законе. Там жа падкрэсліваецца, што Паўночная Карэя разглядае ядзерную зброю «як апошні сродак у адказ на знешнюю агрэсію, а таксама на дзеянні, якія сур'ёзна пагражаюць бяспецы дзяржавы і народа».

Далейшае ўзмацненне напружанасці на Карэйскім паўвостраве можа прывесці да перасячэння небяспечнай мяжы і пераходу да бескантрольнай эскалацыі канфлікту, заявіў першы намеснік пастаяннага прадстаўніка Расіі пры ААН Дзмітрый Палянскі падчас выступлення на пасяджэнні Савета Бяспекі сусветнай арганізацыі. Палянскі папярэдзіў, што далейшае раскручванне спіралі эскалацыі падводзіць нас усё бліжэй і бліжэй да небяспечнай рысы, за якой падзеі могуць прыняць бескантрольны характар, перадае ТАСС.

Расійскі дыпламат таксама выказаў шкадаванне, што Злучанымі Штатамі і іх саюзнікамі былі праігнараваны прадпрынятыя Пхеньянам у 2018—2019 гадах крокі, рэалізацыя якіх магла б прывесці да кардынальнага паляпшэння абстаноўкі ў субрэгіёне. Акрамя гэтага, Палянскі заўважыў, што неаднаразовыя заклікі Пхеньяна да Вашынгтона спыніць варожую дзейнасць і адмовіцца ад нарошчвання ціску таксама засталіся без увагі. Дыпламат падкрэсліў, што гэта тупіковы шлях, які нясе прамую пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы.

Відавочна, што ЗША мэтанакіравана праводзяць мілітарызацыю Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. Гэта спрадвечная рыса палітыкі Вашынгтона. Прадстаўнік кітайскага знешнепалітычнага ведамства Ван Вэньбінь апраўдана назваў ЗША найбуйнейшым распальвальнікам канфліктаў у свеце, паведаміла ТАСС. Па словах дыпламата, за мінулыя 240 гадоў ЗША не былі ўцягнуты ў войны толькі 16 гадоў. Ван Вэньбінь таксама адзначыў, што з часоў заканчэння Другой сусветнай вайны амерыканскія ўлады ініцыявалі каля 80 працэнтаў узброеных канфліктаў у свеце. За гэты час Вашынгтон распачаў спробы ажыццявіць дзяржперавароты ў больш чым 50 краінах, умешваўся ў правядзенне выбарчага працэсу як мінімум у 30 краінах, а таксама спрабаваў ліквідаваць больш чым 50 лідараў замежных дзяржаў. Напэўна, каментырыі тут залішнія.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».