Вы тут

Як беларускія медыкі ратавалі жыцці пацярпелым ад землетрасення ў Алепа


У сірыйскім Алепа адбылося чарговае землетрасенне магнітудай да 6,3 бала. Медыцынскі атрад, які накіраваўся з гуманітарнай місіяй у Алепа, аказвае дапамогу пацярпелым не толькі ў ваенна-палявым шпіталі, але і непасрэдна на вуліцах горада. У найкарацейшыя тэрміны былі мабілізаваны сілы і сродкі медыцынскага атрада, падрыхтаваны месцы ў стыхійным лагеры для начлегу людзей, якія засталіся без прытулку над галавой. Тылавая служба беларускага медыцынскага атрада забяспечыла пацярпелых абаграваннем, гарачай гарбатай і харчаваннем.


…Рацыя ў кожнага медыка працуе бесперапынна. Па ёй увесь час чуеш з КПП, колькі пацыентаў прыйшло і ў якім яны стане. У Сірыю камандзіраваны лепшыя хірургі, рэаніматолагі, траўматолагі, тэрапеўты, сківічна-тварны хірург і іншыя спецыялісты 432-га Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Гэта — ваенныя медыкі, якія прайшлі службу ў самых розных экстрэмальных сітуацыях. У многіх з іх — вопыт камандзіровак у складзе міратворчай місіі ААН у Ліван.

— Работа тут спецыфічная. Графік у нас 24 на 7. Адпачываеш, пакуль ёсць магчымасць. Здараецца такое, што цягам сутак у цябе няма магчымасці нават прысесці. Калі ты за пару сутак дзве гадзіны падрамаў — ужо добра, — адзначае неўролаг шпітальнага аддзялення медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння падпалкоўнік медыцынскай службы Павел Зарэцкі.

Як толькі адбылося землетрасенне, жыхары Алепа сталі выбягаць на вуліцы ў шоку і стрэсе. Многія гублялі прытомнасць. Машыны запоўнілі ўсе навакольныя вуліцы, і ў спешным парадку ўсе пакідалі Алепа. Многія людзі засталіся начаваць у сваіх аўтамабілях, на вуліцы. У першыя хвіліны землетрасення мясцовая жыхарка Аміна так моцна спалохалася, што страціла сваё дзіця. Пачала яго шукаць і ад моцнага стрэсу страціла прытомнасць на вуліцы каля беларускага ваенна-палявога шпіталя. Афіцэры-медыкі аказалі ёй кваліфікаваную медыцынскую дапамогу і дыягнаставалі ў яе калапс. Пасля аказанай медыцынскай дапамогі яна вярнулася дадому са сваім малалетнім дзіцем.

У ваенна-палявы шпіталь свайго дзесяцігадовага ўнука прынёс пажылы мужчына. У хлопчыка, які пакутуе цукровым дыябетам першага тыпу, на фоне стрэсу ад землетрасення паўстаў гіпаглікемічны стан. Беларускія ваенныя медыкі хутка дыягнаставалі захворванне і не далі развіцца больш цяжкаму стану. Увёўшы неабходныя прэпараты, нашы медыкі выратавалі жыццё маленькаму жыхару Алепа. Яго дзядуля быў вельмі ўдзячны беларускім ваенным урачам.

Дарэчы, ужо больш за тыдзень у Алепа функцыянуе ваенна-палявы шпіталь, дзе аказваюць дапамогу мясцоваму насельніцтву. Ваенныя ўрачы аглядаюць пацыентаў, вызначаюць ступень пагрозы здароўю і аператыўна аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу.

Цэлы спецназ беларускіх урачоў працуе ў Алепа – 45 прафесіяналаў: урачы тэрапеўтычных спецыяльнасцей, УГД-спецыялісты, хірургі, анестэзіёлагі-рэаніматолагі, афтальмолагі, траўматолагі, неўрапатолагі і рэнтгенолагі, стаматолаг, іншыя спецыялісты, сярэдні медыцынскі персанал. Палявы ваенны шпіталь поўнасцю аснашчаны медыцынскім абсталяваннем і лекавымі прэпаратамі з Беларусі.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Алепа — Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».