Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Дзе варэнне?»


Пасля школы мы прыйшлі да мяне. Перакусім і будзем вучыць урокі. У сёмым класе мы выконвалі хатняе заданне разам — так весялей. Надвор’е не радавала, церушыў дожджык і зрываў усе нашы планы на сёння. Галка паставіла чайнік на электрычную плітку. А я зазірнула ў печ і выцягнулі адтуль кашу.


Фота: pixabay.com

На стале ляжалі вараныя яйкі і стаяла талерка з кіслай капустай, запраўленай сланечнікавым алеем. Мы вырашылі пашукаць яшчэ што-небудзь, салодкае, для ўзняцця настрою. Зазірнулі ў шафку — пуста, а вось пад ложкам выявілі пяцілітровы слоік клубнічнага варэння.

Асцярожна выцягнулі на свет, развязалі чорную нітку, якая была закручана вакол шырокага горла пяцілітровай банкі зверху цэлафану. Запомнілі, як нітка была завязана, адклалі яе і цэлафан у бок. Водар клубнічнага варэння запоўніў пакой. Ягадкі плавалі ў сіропе цэленькія, як свежыя.

Спачатку мы вырашылі адкласці сабе трошкі, каб не было прыкметна, што бралі. Адклалі ў кубак, банку закрылі цэлафанам, завязалі той жа ніткай і паставілі на месца. Клубнічнае варэнне заўсёды падымае настрой, гэта дакладна. Праверана на ўласным вопыце.

Варэнне было смачным і духмяным. Праз паўгадзіны нам зноў захацелася варэння, і мы, не раздумваючы, палезлі за слоікам. «Не раздумваючы» — таму што супраціўляцца спакусе было бессэнсоўна. Так мы лазілі пад ложак разоў пяць. Настрой у нас стаў выдатны, і ўрокі мы зрабілі хутка.

На наступны дзень пасля школы мы адразу пайшлі да мяне і палезлі за слоікам, іншая ежа нас не цікавіла. Да свайго здзіўлення ўбачылі, што ўчора з’елі амаль літр. Сэнсу рабіць выгляд, што мы яго не чапалі, ужо не было. І мы замест абеду налілі сабе варэнне ў талеркі для супу і з батонам з асалодай з’елі.

Так мы абедалі пяць дзён і былі проста шчаслівыя, а потым варэнне скончылася. У нядзелю мама рабіла генеральную ўборку і выявіла, што банка апусцела. «А дзе варэнне?»- здзівілася яна. Потым падышла да мяне і спытала: «Куды дзелася варэнне?»

Я зрабіла выгляд, што вельмі занятая ўрокамі і не чую. «Янка, ты не брала варэнне?» — перапытала яна. Давялося прызнацца. Мама прыйшла ў жах: «Вы за пяць дзён з’елі пяць літраў варэння?! Мне не шкада варэння, але нельга ёсцi столькі салодкага, можна зарабіць цукровы дыябет». Я вінавата маўчала. Што тут можа быць апраўданнем?

Мама схадзіла да цёткі Ніны, Галкiнай мацi, і яны абедзве былі збянтэжаныя і напалоханыя тым, што мы з’елі столькі салодкага. Пыталіся: ці не сохне ў нас у роце, ці не хочам мы ўвесь час піць? Цэлы дзень мы лавілі на сабе іх занепакоеныя погляды, а ў панядзелак раніцай нас павялі ў паліклініку здаваць аналіз на цукар.

На шчасце, аналізы былі ў парадку. Цяпер варэнне замыкалі ад нас на ключ у кладоўцы і выдавалі нам па дзве сталовых лыжкі да чаю, калі мы прасілі. Але мы не раскайваліся, што яго з’елі. Мы былі шчаслiвыя гэтыя пяць дзён.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.