Вы тут

Люты-сакавік — лепшы час для чаранкавання вяргіняў


Вяргіні можна размножваць не толькі дзяленнем клубняў, але і чаранкаваннем. А найлепшы час для закладкі клубняў на чаранкаванне — люты-сакавік, пасля таго як яны прайшлі перыяд спакою.


Фота: pixabay.com

Дастаўшы клубні, закладзеныя на захоўванне, часам можна ўбачыць, што пупышкі на іх прараслі і з'явіліся бляклыя парасткі, якія выраслі ў цемры. Іх варта выдаліць, паколькі новыя дужыя расліны з такіх кволых праросткаў наўрад ці атрымаюцца.

Ідэальныя парасткі з'яўляюцца на святле пры тэмпературы каля 15 °С. Таму трэба раскласці клубні ў прыдатныя ёмістасці і прысыпаць лёгкай пажыўнай глебай. Выдатны і даступны варыянт — сумесь урадлівай садовай зямлі і пяску.

Дрэнажны пласт і адтуліны ў дне ёмістасці можна не рабіць, бо глебу трэба будзе падтрымліваць у злёгку вільготным стане, умерана паліваючы не часцей за два разы на тыдзень. Каранёвую шыйку заглыбляць не трэба, яе неабходна пакінуць на паверхні. Пасаджаныя клубні трэба паставіць на самае светлае прахалоднае акно.

Парасткі звычайна з'яўляюцца праз пару тыдняў. Калі яны падрастуць да 10-15 см, можна рабіць чаранкаванне. На чаранкі падыходзяць парасткі вяргіні з двума-трыма міжвузеллямі. Хутчэй за ўсё ўкараняюцца парасткі, выламаныя разам з пяткай. З такіх потым і клубні атрымліваюцца найбольш якасныя. Але выломліваць чаранкі можна толькі ў тым выпадку, калі замяшчальныя пупышкі размяшчаюцца непасрэдна на верхняй частцы клубня, прылеглай да каранёвай шыйкі. Калі ж пупышкі знаходзяцца на сцябле, то чаранкі трэба акуратна зразаць наўскос з пяткай.

Частка сцябла з замяшчальнымі пупышкамі павінна застацца на клубні, каб развіваліся новыя парасткі. Іх зноў можна будзе выкарыстоўваць для чаранкавання. Выламаўшы ці зрэзаўшы ўсе чаранкі з часткай шыйкі, можна пазбавіць клубень усіх пупышак, і тады ён загіне.

Каб працэс укараненне ішоў хутчэй, свежыя чаранкі перад пасадкай апрацоўваюць стымулятарам кораняўтварэння, а высадзіўшы, накрываюць празрыстым поліэтыленавым пакетам. Аптымальная тэмпература паветра — 18-20 °С, ваду для паліву пажадана браць крыху цяплей ад пакаёвай. Першым часам трэба сачыць за тым, каб на яркім сонцы чаранкі не падвялі, пры неабходнасці спатрэбіцца іх прыцяняць. Але прыкладна праз тыдзень яны ўжо цалкам адужэюць і будуць выдатна пачувацца без усякіх хованак. Укараненне займае каля месяца, а яшчэ праз 4-5 тыдняў у вас будуць паўнавартасныя расліны, якія можна высаджваць у грунт, калі міне пагроза замаразкаў.

Вяргіні, вырашчаныя з чаранкоў, зацвітаюць раней, а догляд за імі такі ж, як за раслінамі з клубняў. Пасадачныя ямы запраўляюць поўным мінеральным угнаеннем (прыкладна 2 ст. лыжкі), пасадкі мульчыруюць перагноем і добра паліваюць. Вяргіні вельмі адчувальныя да падкормаў. У першай палове лета не менш за тры разы ўжываюць раствор арганічнага ўгнаення, чаргуючы такія палівы з мінеральнымі падкормамі. У другой палове лета ўсе ўгнаенні адмяняюць, каб добра выспелі клубні.

На высакарослых сартах пакідаюць па два парасткі і з пачаткам галінавання пасынкуюць, выдаляючы ўсе бакавыя парасткі на сцябле да вышыні 20-30 см. Такі прыём таксама спрыяе лепшаму выспяванню клубняў, а значыць, і іх захаванасці ўзімку.

Звычайна першыя бутоны на вяргінях рэкамендуюць выдаляць, каб цвіценне не адымала сілы ў маладой расліны. Але часам вельмі хочацца хутчэй убачыць першыя кветкі. Шкада псаваць такую прыгажосць. Далейшы догляд за раслінамі зводзіцца да рэгулярнага падвязвання кустоў і выдалення звялых кветак.

У канцы лета трэба не забыцца абагнаць вяргіні, бо пасля першых замаразкаў звычайна вяртаецца цяпло, і вяргіні працягваюць цвісці, а іх клубні тым часам даспяваюць.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?