Вы тут

Браты-блізняты Раман і Максім Рэкешы знайшлі сваё прызванне ў роце ганаровай варты


Пра іх кажуць — ідэальная пара. І гэта не пра падабенства характараў або бездакорную знешнасць. Браты Раман і Максім Рэкешы — блізняты. Хлопцы, якія, як дзве кроплі вады, падобныя адзін да аднаго, служаць у адным з элітных злучэнняў Узброеных Сіл — у роце ганаровай варты. А тут ідэальныя пары на вагу золата.


Для шэрагу дзяржаўных мерапрыемстваў і ўрачыстасцяў, у забеспячэнні якіх бяруць удзел ваеннаслужачыя роты ганаровай варты, падбіраюцца вайскоўцы выключна падобнай знешнасці — такія патрабаванні некаторых цырыманіялаў. Раман і Максім Рэкешы аблегчылі задачу сваім кіраўнікам на некалькі гадоў наперад. Маладыя людзі, якія прыйшлі ў элітнае падраздзяленне на тэрміновую ваенную службу, вырашылі застацца ў арміі на кантрактнай аснове — а значыць, абралі шлях прафесійных абаронцаў Айчыны.

Каб пазнаёміцца з братамі-вайскоўцамі, якіх з лёгкасцю ідэнтыфікаваць могуць толькі бацькі і самыя блізкія людзі, карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў размяшчэнні роты ганаровай варты. Пагутарыўшы з блізнятамі, што нясуць, напэўна, самую прыгожую службу, удалося паназіраць за тым, як ваеннаслужачыя ўнікальнага падраздзялення, што з'яўляецца візіткай Узброеных Сіл, удасканальваюць сваё майстэрства.

Усюды разам

Раман і Максім нарадзіліся ў аграгарадку Велямічы Столінскага раёна. Бацькі хацелі трэцяе дзіця, а атрымалі яшчэ дваіх памочнікаў — у хлопцаў ёсць два старэйшыя браты. Ніхто ў сям'і ніколі не насіў пагоны. Бацька ў свой час праходзіў ваенную тэрміновую службу, але на прафесійнай аснове свой лёс з арміяй не звязаў. Усур'ёз аб ваеннай службе ніколі не задумваліся і малодшыя сыны. З падлеткавага ўзросту яны хацелі служыць у арміі, але пра тое, каб там застацца, размовы не вялося.

З самага дзяцінства Раман і Максім найлепшыя адзін аднаму сябры. Не дзіва, што блізняты заўсёды і ўсюды разам: хадзілі ў адзін садок, вучыліся ў адным класе ў школе, нават паступаць вырашылі ў адну навучальную ўстанову. Аднак, адвучыўшыся ў Пінскім агратэхнічным каледжы, прыйшлося раз'ехацца. Праўда, не далёка адзін ад аднаго і ненадоўга.

— Паколькі скончылі каледж з чырвонымі дыпломамі, у нас першых было права выбару месца размеркавання, — расказвае Максім. — Я вырашыў, што буду працаваць у Смілавічах, што пад Мінскам, а брат у якасці першага працоўнага месца абраў адно з прадпрыемстваў горада Беразіно, што недалёка ад Смілавіч. Вакантных пасад у адным населеным пункце не было, таму, каб быць побач, мы наўмысна выбралі гэтыя гарады, якія знаходзяцца паблізу адзін ад аднаго.

На невялікай, але адлегласці браты-блізняты знаходзіліся нядоўга. І зноў быць разам атрымалася менавіта дзякуючы арміі. Не паспелі хлопцы асвоіцца на новым месцы жыхарства, толькі пачалі ўнікаць у сутнасць сваёй прафесіі, як і аднаму, і другому прыйшла павестка з ваенкамата.

— Так атрымалася, што, калі прадстаўнікі воінскіх злучэнняў адбіралі сабе прызыўнікоў, нам прызначылі прыйсці ў ваенкамат у розныя дні, — згадвае Раман. — Спачатку планавалася, што Максім пойдзе служыць у спецназ. Пагутарыўшы са мной, прадстаўнікі вайсковых падраздзяленняў прапанавалі мне прыйсці ў ваенкамат яшчэ раз, але ўжо з братам. На наступны дзень мы размаўлялі з ваеннаслужачымі Мінскай ваеннай камендатуры, якія прапанавалі нам праходзіць службу ў роце ганаровай варты. Іх зацікавіла тое, што мы блізняты. Тым больш група здароўя падыходзіла. Безумоўна, мы не маглі адмовіцца ад такой прапановы.

Цікавая служба

Гэта цяпер Раман і Максім разумеюць, чаму іх кандыдатуры падыходзяць для службы ў адным з элітных падраздзяленняў беларускай арміі. Абодва — высокія: звыш 180 сантыметраў. Аднолькавага целаскладу, славянскай знешнасці, без шрамаў і татуіровак на целе — гэта яшчэ не ўсе крытэрыі строгага адбору ў роту ганаровай варты. Самі пра сябе хлопцы не скажуць, але канстатую: Максім і Раман плюс да ўсяго яшчэ і прыгожыя. Адным словам, сапраўды, ідэальная пара.

— Усе разлікі ў роце размеркаваны па парах, — тлумачаць прафесійныя тонкасці браты. — Па двое мы сустракаем кіраўнікоў дзяржаў і ўрадавыя дэлегацыі, ускладаем вянкі да помнікаў і абеліскаў, аддаём ушанаванні пры пахаванні воінаў, якія загінулі падчас абароны нашай Радзімы, высокапастаўленых асоб. Таму вельмі важна сфарміраваць пары такім чынам, каб хлопцы былі не толькі аднолькавага росту, але і падобнай знешнасці. У нашым выпадку ўсё супала.

Праўда, як удакладняюць вайскоўцы, адзін з братоў вышэйшы за другога на адзін сантыметр. Толькі візуальна заўважыць гэта практычна немагчыма.

Маладыя людзі прызнаюцца, што вельмі задаволены справай, якой займаюцца. Тое, што знаходзяцца абсалютна на сваім месцы, Раман і Максім зразумелі напрыканцы сваёй тэрміновай службы. Доўга не думаючы, яны прынялі рашэнне застацца ў арміі. Жаданне маладых людзей перавесціся на кантрактную службу ў камандаванні падтрымалі і дазволілі заключыць кантракт яшчэ да таго, як скончыцца тэрміновая служба.

— Нам спадабалася ў арміі, — тлумачаць сваё рашэнне маладыя людзі. — Служыць у роце ганаровай варты вельмі цікава. Рэгулярна выязджаем у розныя вайсковыя злучэнні краіны, увогуле, шмат дзе бываем. Ці думалі мы калі, вясковыя хлопцы, што рэгулярна будзем прысутнічаць на найважнейшых дзяржаўных мерапрыемствах у Палацы Незалежнасці, Палацы Рэспублікі, у іншых месцах, бачыць кіраўніка дзяржавы, іншых вышэйшых службовых асоб?! Безумоўна, для нас гэта вялікі гонар.

На тое, што яны засталіся ў арміі, як прызналіся Максім і Раман, паўплываў і добры калектыў. Па словах ваеннаслужачых, кіраўніцтва з павагай і разуменнем ставіцца да падначаленых, калі на тое ёсць прычына, заўсёды падставіць плячо і прыйдзе на дапамогу. А гэта дарагога варта.

Цярпенне і вытрымка

За ідэальнай выпраўкай і сінхроннымі дзеяннямі, якія штораз дэманструюць ваеннаслужачыя роты ганаровай варты, стаяць штодзённыя трэніроўкі. Нягледзячы на тое, што Максім і Раман ужо самі ажыццяўляюць падрыхтоўку вайскоўцаў новага папаўнення, яны і сябе трымаюць у добрай фізічнай форме. Браты па-ранейшаму бяруць удзел у забеспячэнні дзяржаўных мерапрыемстваў і іншых урачыстасцяў.

Аднак не толькі фізічнай форме, адточванню пэўных элементаў удзяляюць увагу вайскоўцы. Вельмі важна трэніраваць такую рысу характару, як цярплівасць. Нярэдка ваеннаслужачым роты ганаровай варты нерухома даводзіцца стаяць на мерапрыемствах па некалькі гадзін. Пры гэтым не дазваляецца не тое што паварушыцца — нават чхнуць ці кашлянуць нельга. А здароўе часам і іх, здаецца, самых стойкіх, падводзіць. Нярэдка нерухома даводзіцца стаяць і на санцапёку, і ў моцны мароз.

— Гэтаму мы акурат і навучаемся падчас трэніровак, — адзначаюць браты-блізняты. — Не кожны можа справіцца з такой нагрузкай. Вытрымка і цярпенне — тыя якасці, без якіх служба ў роце ганаровай варты проста немагчымая. Не кожны можа нерухома прастаяць гадзіну-дзве. Мы трэніруемся гэтаму кожны дзень. Для таго каб на выездзе было лёгка, цяжка павінна быць тут, на пляцы Мінскай ваеннай камендатуры.

Безумоўна, мае значэнне і характар. Вытрымаць каласальныя нагрузкі, якія кладуцца на плечы ваеннаслужачых роты ганаровай варты, могуць толькі стойкія людзі, якія не баяцца цяжкасцяў. «Гэта не значыць, што ўсім, хто тут служыць, усё даецца лёгка, — заўважае Раман. — Няпроста многім, але хлопцы бяруцца за задачу і, сціснуўшы зубы, яе выконваюць. У такіх пасля ўсё атрымліваецца, з кожным разам становіцца лягчэй».

— А ў спёку цяжка выстаяць па некалькі гадзін? — цікаўлюся ў братоў.

— Няцяжка, — адзначае Максім. — Спіна толькі мокрая, а так усё нармальна. Аднак не трэба на гэтым засяроджваць увагу. У такія моманты мы не думаем пра тое, як нам горача і што карабін цяжкі. Канцэнтруемся на іншых думках.

Хлопцы расказваюць, што многія звяртаюць увагу на тое, што яны падобныя. «Часам нясеш варту, падыходзяць людзі і пытаюцца: «А вы блізняты? — прыводзяць прыклад ваеннаслужачыя. — А нам жа нельга ні адказаць, ні галавой кіўнуць».

— Ці ёсць такія элементы, якія не кожнаму даюцца пад сілу?

— Ускладанне вянкоў, — кажа Раман. — Каб высока і сінхронна падымаць ногі, згінаць іх, патрэбна трэніравацца не адзін дзень. Павінны быць моцныя ногі. Каб падрыхтаваць іх належным чынам, некаторым хлопцам патрабуецца не менш чым год трэніровак.

Як расказваюць вайскоўцы, часам вянкі, якія ім даводзіцца ўскладаць ад імя кіраўніка дзяржавы або пэўных дэлегацый, могуць важыць па 30—40 кілаграмаў. Таму мала высока і сінхронна рухацца, важна яшчэ і ўтрымаць іх, у тым ліку на выцягнутых руках. Гэты элемент таксама трэніруецца на пляцы: у вайскоўцаў роты для такіх мэт ёсць жалезныя вянкі па 30 і нават 60 кілаграмаў!

Па словах Рамана Рэкеша, насамрэч, складана толькі тады, калі вучышся. «Калі ўжо навучыўся, то ўсё даецца проста, — кажа ён. — Гэты вянок здаецца і не такім цяжкім. Калі ўжо пачынаеш ісці, каб яго ўскласці, нават нейкі адрэналін з'яўляецца, і ўжо не адчуваеш цяжару, які ў цябе ў руках».

Ваеннаслужачыя роты ганаровай варты трэніруюцца не толькі на пляцы. На тэрыторыі ваеннай камендатуры для іх створана спартыўная зала, дзе можна і некаторыя элементы ўдасканаліць, і проста карысна правесці час. Калі хлопцы ведаюць, што будуць працаваць на цырымоніі, якая адбываецца на сцэне, то ідуць трэніравацца ў клуб, дзе для гэтага створаны адпаведныя ўмовы.

Удваіх лягчэй

Камандзіры аддзяленняў ужо прызвычаіліся, што падчас дзяржаўных свят яны не адпачываюць, як многія грамадзяне, а нясуць службу. «Нааадварот, адчуваем гонар, што мы не проста з'яўляемся сведкамі святочнай урачыстасці з нагоды якой-небудзь даты, а самі бяром у ёй удзел», — гаворыць Раман.

Хлопцы прызнаюцца: ім пашанцавала нарадзіцца блізнятамі. «Удваіх лягчэй ісці па жыцці, — перакананы Максім. — Калі мы прыйшлі ў армію, нам было прасцей, чым астатнім: можна нешта абмеркаваць, падзяліцца адзін з адным. Вельмі важна, каб у такія адказныя моманты побач быў блізкі чалавек. Мы дагэтуль адчуваем падтрымку адзін аднаго. Калі патрэбна парада, у першую чаргу звяртаюся да брата».

Нягледзячы на знешняе падабенства, хлопцы прызнаюцца, што па характары яны розныя. Раман — больш спакойны, ураўнаважаны. Максім эмацыянальны, часам нават імпульсіўны. Аднак гэта ніколькі не перашкаджае братам быць адзін аднаму найлепшымі сябрамі.

У родным аграгарадку браты-блізняты — мясцовыя знакамітасці. Вядома ж, нярэдка вяскоўцы маюць магчымасць убачыць сваіх землякоў па тэлебачанні. Безумоўна, сваімі сынамі вельмі ганарацца бацькі. А іх дзеці, у сваю чаргу, — тым, што нясуць службу ва Узброеных Сілах, якія з'яўляюцца гарантам міру і бяспекі на нашай зямлі.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».