Вы тут

Тур дэ Гарадок. Мясцовы Дом рамёстваў адраджае і захоўвае ажурнае ткацтва


Віцебшчыну нездарма называюць перлінай краіны: рэгіён багаты не толькі на рэкі і азёры, але яшчэ і на традыцыі, абрады і народныя рамёствы, якія адраджаюць мясцовыя майстры. Сёлета Гарадок, што на Віцебшчыне, стане пляцоўкай для правядзення ХХХ юбілейнага Дня беларускага пісьменства, і мы сабралі для вас цікавыя нагоды, па якіх неабходна завітаць на самую поўнач Беларусі.


Больш, чым стагоддзе таму, у Гарадоцкім раёне жанчыны займаліся ткацтвам — ручнікі, абрусы, сурвэткі лічыліся неад'емным элементам побыту. З цягам часу гэтае народнае рамяство адышло ў нябыт, не засталося ў жывых носьбітаў гэтай тэхнікі ткацтва, але загадчыца Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Марына Гушчо паспела схапіць за тонкую кісейную нітку ўнікальны від мастацтва, ды так, што ў 2013 годзе яно стала здабыткам краіны.

Дакрануцца да кісеі — так у народзе называюць ажурнае ткацтва — можна ў Доме рамёстваў і фальклору, дзе сёння для аматараў народных традыцый праводзяць майстар-класы. Адметнай асаблівасцю ажурных вырабаў з'яўляецца разрэджаная сеткавая структура. Малюнак ствараюць празрыстыя геаметрычныя шэрагі палос і квадратаў. Для ткацтва такіх вырабаў выкарыстоўваюцца адбеленыя льняныя ніткі, што мясцовыя жыхары асацыіруюць з зацяжнымі зімамі ў самым паўночным пункце Беларусі. Краі вырабаў упрыгожваюцца карункамі, вязанымі кручком з белых ільняных нітак. Станок для яго патрэбны звычайны, але работа ў стылі ажурнага ткацтва вельмі складаная. Простыя льняныя ніткі кудлацяцца ў працэсе, пачынаюць блытацца паміж сабой — трэба пастаянна быць напагатове.

Народны майстар Беларусі Марына Гушчо.

Унікальная тэхніка ткацтва з'яўляецца часткова перададзенай, а ў большасці сваёй адноўленай па артэфактах, знойдзеных падчас пошукавых экспедыцый, і навуковай літаратуры народным майстрам Рэспублікі Беларусь па ткацтве Марынай Гушчо. Жанчыне дапамагла былы дырэктар мясцовага краязнаўчага музея Кацярына Уварская, якая некалькі дзесяцігоддзяў таму сустракалася з апошнімі майстрыхамі кісеі, запісвала тэхнікі работы, па якіх часткова і ўдалося аднавіць амаль страчанае мастацтва. Намаганні не аказаліся безвыніковымі — у 2013 годзе ажурнае ткацтва ўвайшло ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны і стала славутасцю не толькі Гарадоччыны, але і ўсёй краіны.

Ажурныя вырабы былі прадстаўлены на шматлікіх выставах у Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы, Турцыі, Венесуэле. У апошнюю ў 2007 годзе Марыну Леанідаўну запрасілі ў складзе групы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва падчас візіту Прэзідэнта. Там беларускія захавальнікі народных рамёстваў дэманстравалі культурныя каштоўнасці Беларусі. Але бязважкія ручнікі з карункавым аздабленнем ніколі не прадаваліся, усе яны — а гэта цэлая калекцыя ў розных тэхніках — з'яўляюцца найкаштоўнейшымі прадметамі фондаў Дома рамёстваў.

У 2020 годзе з мэтай папулярызацыі ажурнага ткацтва і яго больш шырокага распаўсюджання Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору атрымаў прэзідэнцкі грант. За яго сродкі было закуплена новае абсталяванне, праводзіліся майстар-класы і практычныя курсы для ткачых з усіх рэгіёнаў.

Зараз любы ахвотны можа па дамоўленасці сесці за станок і прыкласці руку да старажытнага мастацтва, але трэба разумець, што ткацтва, тым больш такое далікатнае, — справа зусім няхуткая і забраць з сабой палатно не атрымаецца. На памяць аб Гарадоччыне можна прывезці зробленыя сваімі рукамі кубачак або цацку-свістульку з гліны, саламянага павука або талерачку з лазы — усе майстар-класы каштуюць не больш за чатыры рублі. Уваходны квіток з экскурсіяй па майстэрнях абыдзецца ўсяго ў 76 капеек, а ў салоне «Ля Парнаса» можна набыць адмысловыя саламяныя пано, ільняныя шоперы і іншыя сувеніры на любы густ.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».