Вы тут

У Чэрыкаўскай бібліятэцы дзяцей вучаць... з дапамогай лялек


Усё пачалося з ініцыятывы няўрымслівай Валянціны Куруленкі, былой загадчыцы Чэрыкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, больш чым 30 гадоў таму. Яна наогул шмат займалася грамадскай дзейнасцю і таму натхнёна пачала рэалізоўваць новую ідэю. Звярнулася да мясцовага майстра Мікалая Царкова, каб той зрабіў казачную батлейку, а па першыя лялькі адправілася ў Гомельскі лялечны тэатр. Праз дзесяць гадоў бібліятэчны тэатр «Вясёлка» атрымаў званне «ўзорны»!


— Гэта было запатрабавана, і бібліятэчныя работнікі актыўна ўключыліся, — расказвае дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Чэрыкаўскага раёна Тамара Галюта. — Ставілі спектаклі па матывах народных казак, беларускага фальклору. Разумелі, што для дзяцей патрэбныя розныя формы з выкарыстаннем нацыянальнага каларыту. Каб шанавалі і бераглі менавіта сваё. Творчая дзейнасць тэатра лялек пачыналася з заняткаў з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту: развучваліся пацешкі, ладзіліся гульні з казачнымі персанажамі, паказ лялечнага, настольнага, пальчыкавага тэатраў...

Для захоўвання тэатральнага рэквізіту ў бібліятэцы ёсць асобнае памяшканне — бутафорская. Колькі тут лялек, складана злічыць. Самыя рарытэтныя — гомельскія, перыяду 1990-х. У той час загадчыкам аддзела культуры ў Чэрыкаве быў Мікалай Тыманюк, менавіта з яго лёгкай рукі і набылі першыя партыі лялек. З тых часоў калекцыя неаднаразова папаўнялася. Цяпер тут якіх толькі няма — пальчыкавыя, планшэтныя, роставыя...

Батлейка — таксама ўжо рэліквія. Мікалай Прохаравіч Царкоў, які яе змайстраваў, на жаль, пайшоў з жыцця. Але наколькі ў яго былі таленавітыя рукі і творчая душа, відаць па вырабе. Дыхтоўны дамок са сценамі з бярвення, карункавым упрыгажэннем і зоркай усярэдзіне, вельмі мабільны, з лёгкасцю перасоўваецца і ўвесь час у рабоце. На гэтыя Каляды, напрыклад, адбылося дабрачыннае прадстаўленне.

— Нашы артысты — дзеці, пачынаючы з 8 гадоў, — расказвае загадчыца сектара па абслугоўванні дзіцячага чытача Цэнтральнай раённай бібліятэкі, кіраўнік тэатра Валянціна Дамаркова. — На цяперашні час іх 13 чалавек. Змянілася восем пакаленняў юных акцёраў, а гэта звыш 100 дзяцей і падлеткаў.

Раз у паўгода тэатр ладзіць прэм'еру. Рэжысёрамі выступаюць члены калектыву раённай бібліятэкі. Апошняя з пастановак — «Казка пра недарэчнае мышаня» Самуіла Маршака. У ёй вельмі добра раскрываецца сямейная тэма, лічыць Валянціна Дамаркова.

Лялькі ў тэатры шматфункцыянальныя, выконваюць па некалькі розных роляў. Пара нябачных рухаў рукі — і Шапакляк ператвараецца ў добрага дзядулю. Часам тут звяртаюцца па паслугі майстра з Дома рамёстваў — Алесі Казначэевай.

У актыве тэатра шмат дыпломаў і грамат. Лялечны тэатр — нязменны ўдзельнік гарадскіх свят.

— З дапамогай тэатральнага мастацтва дзеці развіваюць свае творчыя здольнасці, вучацца працаваць у камандзе, адказнасці, — кажа Валянціна Дамаркова.— Сцэнарыі распрацоўваюцца так, каб кожны атрымаў ролю па сваіх здольнасцях і характары. Рэпертуар складаецца па матывах найлепшай айчыннай і сусветнай літаратуры. Вялікая ўвага аддаецца спектаклям на тэму бяспекі, аб правілах паводзін.

Тэатр гастралюе па дашкольных установах адукацыі, гарадскіх і сельскіх школах, клубах і бібліятэках, наведвае раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвай адукацыі і рэабілітацыі. У выніку дзеці захапляюцца мастацтвам і чытаннем, роднай мовай і культурай, вучацца бачыць прыгожае, разважаць аб свеце і сабе, з карысцю запаўняюць вольны час.

— Лялечныя тэатры — адзін са складнікаў нашых бібліятэк, — адзначае дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна Ілона Сарокіна. — Такая форма папулярызацыі чытання кнігі сярод дзяцей вельмі даўняя і надзейная. І, як паказвае час, яна запатрабаваная. Тэатры, якія ездзяць па дзіцячых садках і паказваюць прадстаўленні, ёсць яшчэ ў Шклове і Асіповічах. У Асіповічах робяць прадстаўленні і для дарослых. Дзеці самі прапануюць нейкія творы і самі рэжысіруюць. Шмат хто менавіта праз тэатр прыходзіць да кнігі і становіцца нашым пастаянным чытачом.

Нэлі ЗІГУЛЯ

г. Чэрыкаў

Фота з архіва Цэнтральнай раённай бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».