Вы тут

Васіль Гаўруковіч: Мы самі мяняем стаўленне грамадства да інваспорту


У Магілёве сёлета снежна. Снег шчодра накрыў горад, а спецыялісты з дапамогай адмысловай тэхнікі ўкаталі яго ў лыжню. Цяпер у Пячорскім лесапарку не змаўкаюць дзцічыя галасы. Тут займаюцца навучэнцы абласной спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы прафсаюзаў «Спартак», адной са шматлікіх спартыўных школ краіны. Але «Спартак» — школа ўнікальная: толькі тут лыжным майстэрствам авалодваюць падлеткі з парушэннямі зроку і апорна-рухальнага апарату, будучыня паралімпійскага спорту. З 242 навучэнцаў школы 20 маюць асаблівасці ў стане здароўя. Адзінае ў краіне лыжнае аддзяленне для дзяцей з інваліднасцю адкрылася ў школе ў 2018 годзе. Адкрыццё новых аддзяленняў у спартыўных школах — падзея звычайная, але далёка не кожная школа можа прыняць дзяцей, якія маюць праблемы са здароўем. Магілёўскі «Спартак» змог дзякуючы намаганням і актыўнасці аднаго чалавека — Васіля Гаўруковіча, чые энтузіязм і ідэі дапамагаюць развівацца айчыннаму паралімпійскаму спорту. Цяпер ён узначальвае ўнікальную школу.


Сваю гісторыю любові са спортам Васіль Юр'евіч называе банальнай: за савецкім часам у дзяцей з Магілёва было не так шмат забавак, каб грэбаваць заняткамі спортам. Ды і ў Магілёве лыжныя традыцыі маюць добрыя карані. Цікавы факт: першая беларуская прызёрка зімовых Алімпійскіх гульняў Рыта Ачкіна нарадзілася менавіта ў Магілёве. На Алімпіядзе 1968 года яна заваявала «бронзу» ў лыжных гонках.

«Я займаўся любімай справай, атрымліваў задавальнне, увайшоў у зборную каманду Рэспублікі Беларусь. Але ў кожнага свая мяжа здольнасцяў. Праз час аналізуючы сябе як спартсмена, як трэнер я разумею, што ў мяне не было такіх здольнасцяў, як у нашых лідараў. Мой найлепшы вынік — 11-е месца на першынстве свету, неаднаразова перамагаў на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Але гэта не тыя вынікі, якія б мне хацелася, якімі можна было б ганарыцца», — дзеліцца Васіль Юр'евіч. Затое можна ганарыцца вынікамі спартсменаў, з якімі ён працаваў ужо як трэнер. Самая знакамітая з іх — Ядвіга Скорабагатая, паралімпійская чэмпіёнка 2002 года, уладальніца васьмі паралімпійскіх медалёў у лыжных гонках.

«У 1998 годзе я не трапіў на Алімпійскія гульні ў Нагана. І ў якасці заахвочвання мне прапанавалі паехаць на Паралімпійскія гульні, дапамагчы камандзе. Вельмі хацелася пабываць у Японіі, было цікава паглядзець на такія маштабныя спаборніцтвы, я пагадзіўся. Дапамагаў камандзе з апрацоўкай лыж, рознымі тэхнічнымі момантамі, там жа адбыўся мой першы вопыт у якасці лідара», — успамінае Васіль Гаўруковіч. Варта патлумачыць: у паралімпійскім лыжным спорце і біятлоне лідар — гэта чалавек, які «вядзе» спартсмена з парушэннямі зроку на дыстанцыі, ён бяжыць наперадзе, а спартсмен, арыентуючыся на голас, бяжыць за ім. Зразумела, што на лідары ляжыць вялікая адказнасць за вынік. «Без лідара развіццё спартсмена спыняецца. І часта лідар дае больш, чым трэнер. Ён бяжыць са спартсменам на дыстанцыі, ён яго адчувае. Татальна сляпыя бягуць на голас. Бег без лідара і бег з лідарам даюць розныя вынікі, з лідарам, натуральна, вынік вышэйшы. Самае галоўнае — гэта давер. Скорабагатая ехала за мной, нават калі б спераду была прорва. Трэба дабіцца таго, каб спартсмен давяраў лідару больш, чым сабе. Без лідара немагчыма паказаць высокі вынік і немагчыма зрабіць эфектыўную тэхнічную трэніроўку. Для поспеху павінна быць трыа — лідар, трэнер і спартсмен», — тлумачыць Васіль Гаўруковіч. З Ядвігай Скорабагатай ён супрацоўнічаў і як лідар, і як трэнер. Медалі з Паралімпійскіх гульняў 2002, 2006 і 2010 — найлепшы паказчык іх працы.

«У Нагана я ўбачыў выступленні Ядвігі, ацаніў яе ўзровень і зразумеў, што яна можа прэтэндаваць на прызавое месца. У 1998 годзе ў паралімпійцаў яшчэ не было адзінай нацыянальнай каманды, але, зразумела, паміж сабой усе мелі зносіны. Я разумеў, што магу дапамагчы Ядвізе, яна гэта разумела. І за паўтара года да Гульняў у Солт-Лейк-Сіці мы сталі працаваць, нам далі стыпендыю, каб былі магчымасці для падрыхтоўкі. Усё было нармальна, калі не ўлічваць, што я жыў у Магілёве, а Ядвіга — у Гродне. Але справа толькі ў мэце і ідэі — астатняе ўсё можна вырашыць. У Ядвігі было вялізнае жаданне працаваць і перамагаць, яна прысвячала трэніроўкам увесь свой час. Я ездзіў да яе ў Гродна, яна — да мяне ў Магілёў. Так і працавалі. На руку і тое, што Ядвіга была ўжо падрыхтаванай спартсменкай. На Паралімпійскіх гульнях 1996 года яна стала бронзавым прызёрам па лёгкай атлетыцы. Яна разумела, як павінен трэніравацца прафесійны спартсмен. Гэта чалавек, які ніколі не сядзіць на месцы. Яе спартыўныя здольнасці разам з тымі ведамі і вопытам, што я ёй даў, дазволілі паказаць самы высокі вынік», — расказвае Васіль Гаўруковіч.

Дзякуючы прыкладу Ядвігі Скорабагатай, як і многіх іншых спартсменаў, паралімпійскі спорт стаў паўнавартаснай часткай спартыўнага жыцця краіны. «Усё пачыналася як сацыяльная адаптацыя, рэабілітацыя людзей з інваліднасцю. Цяпер паралімпійскі рух носіць сапраўдны спартыўны характар. Усе разумеюць, што медаль трэба зарабіць потам і крывёю. У 2017 годзе адкрыўся Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфалімпійскіх відах спорту — паралімпійскі спорт выйшаў на новы прафесійны ўзровень. Самае галоўнае, што з'явілася магчымасць зрабіць інваспорт прафесійнай дзейнасцю, раней усё трымалася на энтузіязме. Мы самі мяняем стаўленне грамадства да інваспорту», — упэўнены Васіль Гаўруковіч.

«У нас ёсць адзінае патрабаванне — спорт»

У сувязі з гэтым адкрыццё аддзяленняў для дзяцей з інваліднасцю ў спартыўных школах падаецца абсалютна лагічным і правільным крокам. Аб якім прафесійным спорце можа ісці гаворка без рэзерву? Але і тут на першым месцы пакуль стаіць энтузіязм.

«Працу з Ядвігай Скорабагатай я скончыў у 2011 годзе, стаў працаваць у спартыўнай школе. Думкі аб аддзяленні для дзяцей з інваліднасцю меліся, але было страшна, ці набяром дзяцей, ці прыйдуць яны, як да гэтага паставяцца бацькі. Ды і вопыту было малавата. Я паступова вучыўся працаваць з дзецьмі, заняў пасаду намесніка дырэктара ў школе. У 2018 годзе з'ездзіў на Паралімпійскія гульні, вельмі натхніўся і зразумеў: трэба адкрываць аддзяленне. Дырэктар школы падтрымала», — расказвае Васіль Юр'евіч. А пазней дырэктарам школы стаў і ён сам.

«Самае галоўнае — нашы спартсмены. Магчымасці абласной школы дазваляюць набіраць дзяцей з усёй Магілёўскай вобласці. Наша асноўная апора — Шклоўская спецшкола-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Дзеці там знаходзяцца пастаянна, яны занятыя, і спорт стаў добрай часткай іх распарадку. У выйгрышы застаюцца ўсе: дзеці займаюцца спортам, і наша аддзяленне можа плённа працаваць», — адзначае Васіль Гаўруковіч. Аднак рэсурсаў адной толькі школы-інтэрната недастаткова. Таму «Спартак» пастаянна шукае патэнцыяльных выхаванцаў. «Складана знайсці дзіця, якое мае праблемы са здароўем і хацела б займацца спортам. Але яшчэ складаней растлумачыць яго бацькам, чым спорт можа быць карысны. У нас ёсць база даных, якую напрацоўваем шляхам зносін, сустрэч, наведванняў школ. Я тэлефаную, угаворваю, многія, здаецца, і цікавяцца, але да нашай школы не даходзяць. Набор вучняў — вельмі руплівая праца. Бывалі прыклады, калі бацькі самі прасілі ўзяць іх дзіця, але дактары не давалі дазволу. Мы тлумачылі, што ў нас асаблівая методыка, што здароўю нічога не пагражае. Быў выпадак, калі хлопцу даведку для заняткаў паралімпійскімі лыжнымі гонкамі далі, а ўнізе заключэнне — не прыдатны. Перамовы з медыкамі вяліся амаль два гады. Паколькі ў кожнага нашага спартсмена — розныя дыягназы, могуць быць розныя наступствы заняткаў спортам — да кожнага вучня ў нас індывідуальны падыход», — расказвае Васіль Юр'евіч.

Многія спецыялісты ў паралімпійскім спорце ўпэўнены, што спартсменам з інваліднасцю, калі тым дазваляе стан здароўя, варта трэніравацца ў адных групах са здаровымі спартсменамі. Па-першае, так вырашаецца пытанне сацыяльнай адаптацыі інвалідаў, па-другое, павышаецца іх спартыўны ўзровень. У Магілёўскай СДЮШАР прафсаюзаў «Спартак» гэта пацвярджаюць летнія спартыўныя лагеры для выхаванцаў школы. Спартсмены разам трэніруюцца, жывуць, ладзяць конкурсы і творчыя вечары. «Яны там не толькі адпачываюць. Мы ў лагеры робім такую спартыўную працу, якую на працягу сезона не заўсёды выконваем. Не заўсёды нарматыўна-прававая база і тэхніка бяспекі даюць магчымасць праводзіць сумесныя трэніроўкі інвалідаў і здаровых спартсменаў. Але калі спартсмен ужо высокага ўзроўню і мы бачым, што ён не згубіцца сярод здаровых, то, вядома, яны трэніруюцца разам, разам ездзяць на зборы. Нашым спартсменам не хапае канкурэнцыі, не хапае спарынг-партнёраў. Таму праводзім хуткасныя трэніроўкі са здаровымі спартсменамі, даводзіцца гэта рабіць. Часта нашы здаровыя спартсмены становяцца лідарамі для сваіх таварышаў», — заўважае Васіль Гаўруковіч.

Вялікая праблема не толькі Магілёўскай спартыўнай школы, але і ўсёй галіны — трэнерскія кадры, іх катастрафічна не хапае. Васіль Юр'евіч адзначае, што ў школе былі б рады спецыялісту, але не кожны трэнер зможа працаваць са спартсменамі з інваліднасцю. Адным не хапае ўпэўненасці, другім — ведаў. Адукацыя трэнераў для паралімпійцаў — яшчэ адна глабальная праблема. Няма дакладнай сістэмы навучання такіх спецыялістаў. Хто хоча вучыцца сам, але такіх фанатаў, зразумела, адзінкі. Вось і ў Магілёўскай СДЮШАР прафсаюзаў «Спартак», акрамя Васіля Гаўруковіча, які больш заняты на пасадзе дырэктара, з вучнямі-паралімпійцамі працуе толькі адзін трэнер — Анастасія Каралькова. У дапамогу — мудрае планаванне часу і, у прыватнасці, тое, што ў юных паралімпійцаў толькі адна трэніроўка ў дзень. Дзве трэніроўкі могуць нашкодзіць іх здароўю і дадаць лагістычных праблем: на інваліднай калясцы вельмі нязручна два разы на дзень ездзіць на трэніроўку.

«У нас ёсць трэнеры ў Бялыніцкім, Круглянскім раёнах, у Асіповічах і ў Магілёўскім раёне. Імкнёмся развіваць паралімпійскі спорт па ўсёй вобласці. Але трэнер не заўсёды гатовы ўзяць такое дзіця, ён баіцца, не ведае, як да яго паставіцца, як з ім працаваць. Наш трэнер Анастасія Андрэеўна Каралькова ўжо ўсё ведае, бачыць і разумее, нічога не баіцца. Яна ўжо атрымлівае асалоду ад працы. Анастасія Андрэеўна ведае, што можа з дзецьмі зрабіць, у яе ёсць лыжаролерная траса, зала, інвентар, магчымасць выехаць на спаборніцтвы, арганізаваць зборы», — расказвае Васіль Юр'евіч.

Па яго словах, у рабоце з асаблівымі спартсменамі трэнеры паблажлівасці нікому не аказваюць: «Сваім беражлівым стаўленнем мы можам нашкодзіць. У нас ёсць патрабаванне — гэта спорт. Калі не будзем патрабаваць дысцыпліны і выканання нашага аб'ёму і ўвесь час будзем гладзіць па галаве, нашкодзім. Таму, нягледзячы на нашыя блізкія адносіны са спартсменамі, імкнёмся вытрымліваць дыстанцыю, праводзіць выхаваўчую працу. Разумеем, што ў нас няма рэзэрву. І тое ж самае адчувае нацыянальная каманда. Не так шмат спартсменаў у нашай краіне ў будучыні могуць стаць лідарамі сусветнага спорту. Улічваючы гэта, імкнёмся працаваць з імі такім чынам, каб яны правялі ў спорце шмат гадоў. Гэта значыць не фарсіруем падрыхтоўку ў маладым узросце. Калі моцна нагружаць 17-гадовага спарстмена, да 25 гадоў ад яго нічога не застанецца. Гэта вельмі тонкая грань. Трэба адчуваць свайго падапечнага — у гэтым і ёсць мастацтва трэнера і мастацтва падрыхтоўкі спартсменаў».

«Яны ўспрынялі гэта як шанц на новае нармальнае жыццё»

Сумесныя намаганні трэнераў прывялі іх падапечных да нацыянальнай каманды. Уладзіслаў Кандратаў мог бы выступіць на Паралімпійскіх гульнях у Пекіне, калі б не тое несправядлівае адхіленне. Уладзіслаў родам са Шклова, у дзяцінстве, як многія хлопчыкі, любіў спорт, перавагу аддаваў хакею. Але ў 15 гадоў жыццё Уладзіслава кардынальна змянілася. Напярэдадні свайго дня нараджэння ён вырашыў пакатацца на старым скутары, які сам рамантаваў. Паехаў, але перад цягніком спыніцца не змог, падвялі тармазы... Бальніца, аднаўленне, рэабілітацыя... Новае жыццё, ужо без ног. І новы від спорту — лыжныя гонкі. Спецыяльны інвентар для хлопца знайшоў Васіль Гаўруковіч, ён жа запэўніў Улада і яго бацькоў, што варта паспрабаваць. Снегу тады не было, таму першае знаёмства з новым заняткам — на ролерах. «Зразумела, што траўма была і ў самога Улада, і ў бацькоў. І тут ім кажуць пра нейкія магчымасці, расказваюць пра тое, што ніколі не бачылі і не чулі. Яны гэта ўспрынялі як шанц на новае нармальнае жыццё. Я шмат расказваў Уладу пра паралімпійскі спорт, скідваў відэа, матэрыялы. Затым прыцягнулі яго на зборы. Першы раз падаў, баяўся, але з часам уцягнуўся. Пачаў адэкватна рэагаваць на нашу нагрузку. Стаў выконваць нашы патрабаванні, што вельмі важна, таму што не ўсе на гэта гатовыя. І паступова Улад «уліўся», гэта стала яго ладам жыцця. Калі мы размаўляем з бацькамі — кажам, што ў іх дзіцяці ёсць шанц на самарэалізацыю. Можа не атрымацца, усе хочуць быць чэмпіёнамі, але не ў кожнага атрымліваецца. Але ж паспрабаваць можна. Дзіця, якое да нас прыходзіць, нічога не губляе», — адзначае Васіль Юр'евіч. Нядаўна Уладзіслаў Кандратаў выступаў на Кубку Расіі сярод спартсменаў з парушэннем апорна-рухальнага апарату. Заняў чацвёртае месца, здаецца, медаля няма, але вынік нядрэнны — асабліва калі ўлічваць, што сярод юніёраў ён быў найлепшы. Спартсмен таксама стаў стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Па словах Васіля Гаўруковіча, Улад атрымлівае асалоду ад спорту, таму задача трэнераў — рыхтаваць яго да наступных стартаў і падтрымліваць матывацыю.

Зусім блізка да галоўнай каманды краіны падышла Аляксандра Гуркіна, вучаніца Шклоўскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Дзяўчынка амаль нічога не бачыць, але змагла выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту, выканаць усе разрадныя нормы для адбору ў зборную каманду. «Перспектыва ёсць, але трэба працаваць. З Сашай працаваць складана, таму што яна практычна нічога не бачыць і з ёй увесь час павінен хтосьці быць. Пастаяннага лідара няма. Саша яшчэ школьніца, і, калі пасля Шклова яна пяройдзе ў Магілёў, мы гэту працу сістэматызуем. Пакуль жа спрабуем яе развіваць. Саша прагрэсіруе з году ў год, але гэта вельмі карпатлівая праца. Калі Улад Кандратаў займаўся хакеем, то Саша ніколі спортам не займалася, і яе сардэчна-сасудзістая сістэма не развіта належным чынам. Гэты недахоп трэба кампенсаваць, а гэта не год і не два. Ці зможам мы, ці зможа яна, ці зможам знайсці лідара, развіць гэтую перспектыву — пакуль пад пытаннем», — адзначае Васіль Юр'евіч.

Зразумела, што лепей за ўсё спартыўныя навыкі развіваюцца ў спаборніцтвах. На жаль, пакуль спартсмены пазбаўлены міжнароднай спаборніцкай практыкі. Але, па словах Васіля Гаўруковіча, яго вучням яе хапае і ўнутры краіны, дапамагаюць сумесныя спаборніцтвы з расійскімі паралімпійцамі.

Пакуль у Магілёўскай СДЮШАР прафсаюзаў трэніруюцца толькі лыжнікі: здаровыя і тыя, хто мае асаблівасці здароўя. Але, па словах Васіля Гаўруковіча, ёсць планы адкрыць аддзяленне па стральбе з лука для паралімпійцаў. Ужо знайшлі інвентар, ахвотных. Але самая вялікая праблема — няма трэнера. Магчыма, гэта таксама шанц для спецыяліста, які шукае сябе...

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

г. Магілёў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».