Вы тут

Выстаўка «Аляксандр Касцючэнка. Прысвячэнне» ў Вялікім тэатры


«Я шчаслівы чалавек! У маёй галаве з’явіцца ідэя, я пагутару з рэжысёрам. Праз год спектакль ставяць на сцэне. І менавіта тое, што існавала ў маёй галаве», — прызнаўся калісьці ў адным інтэрв’ю мастак-пастаноўшчык Вялікага тэатра оперы і балета Аляксандр Касцючэнка. У год, калі майстру магло б споўніцца 65, у родным тэатры ўспомнілі яго ўнёсак у развіццё сцэнічнага мастацтва краіны. 


Вёска з прыгожай назвай 

Будучы мастак нарадзіўся 9 лютага 1958 года ў вёсцы, якая мае не толькі прыгожую назву — Вішнева, але і незвычайна вялікі спіс знакамітых жыхароў і ўраджэнцаў. У сценах касцёла Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі, распісаных вядомым мастаком Фердынандам Рушчыцам, былі пахрышчаны Сымон Будны, вядомы пратэстанцкі дзеяч, заснавальнік навуковай крытыкі Бібліі, Уладзіслава Луцэвіч, дзяячка культуры і жонка Янкі Купалы, Канстанцыя Буйло, паэтэса, і Уладзіслаў Чарняўскі, каталіцкі святар, аўтар перакладаў Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову. 

Аднак у хуткім часе бацькі-педагогі пераехалі разам з сынам у Мінск. Менавіта сталіцу краіны Аляксандр Касцючэнка і лічыў родным горадам. Прага да мастацкага асэнсавання, закладзеная за кароткі перыяд жыцця ў знакамітым і «класічным» беларускім мястэчку, у Мінску змагла разгарнуцца і напоўніцца сіламі для росту. Творца скончыў мастацкую школу, а затым Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Глебава. Менавіта «глебаўка» дапамагла канчаткова сфарміраваць бачанне сябе як мастака. 

Аляксандр Аляксандравіч вучыўся ў найлепшых. Сярод яго выкладчыкаў такія знакамітыя беларускія мастакі, як Май Данцыг, Пётр Крохалеў, Яўген Чамадураў. У памяць аб апошнім у 2011 годзе ўдзячны вучань ажыццявіў рэканструкцыю сцэнаграфіі настаўніка ў абноўленай оперы «Аіда», дэкарацыі да якой за паўстагоддзя да гэтага аформіў Яўген Рыгоравіч. 

«Тэатр — маё жыццё, мой другі дом» 

Пасля завяршэння вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце А. Касцючэнка працаваў у Музычным тэатры, пасля займаў пасаду галоўнага мастака ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. Паралельна з гэтым супрацоўнічаў з Купалаўскім тэатрам, Коласаўскім тэатрам у Віцебску і Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатрам. Некаторыя спектаклі са сцэнаграфіяй мастака яшчэ можна пабачыць у тэатры імя М. Горкага. 

Сам Аляксандр Касцючэнка распавядаў, што служыў некалькім тэатрам — і ў кожным з іх у яго атрымалася раскрыцца. Аднак яго вялікі талент знайшоў сваё сапраўднае месца ў Вялікім тэатры Беларусі. У якасці галоўнага мастака ён быў запрошаны ў 2009 годзе і да самай смерці ў 2019-м працягваў ствараць менавіта для оперных і балетных пастановак. 

Вось як сам майстар распавядаў аб сваім творчым падыходзе: «Спачатку ідзе вялікі збор матэрыялу: праслухоўваецца музыка, падбіраюцца матэрыялы ў бібліятэцы. А пасля адбываецца нешта — і ты пачынаеш разумець, што ў галаве пакрысе вымалёўваецца ідэя. Таму што дэкарацыі з’яўляюцца не проста так. Калі за спінай больш чым пяцьдзясят спектакляў, то цяжка прыдумаць штосьці новае. Неабходна проста чакаць выпадку, каб стварыць новы вобраз. На самай справе гэта вельмі цікава, але складана. 

Каб дэкарацыі да спектакля атрымаліся і стварыўся патрэбны эфект, усё павінна быць прадугледжана ў макеце. Тэатральная вытворчасць — дарагая справа. Усё правяраецца неаднаразова». 

Юбілей майстра 

З нагоды 65-годдзя з дня нараджння Аляксандра Касцючэнкі ў сценах Вялікага тэатра оперы і балета, служэнню якому мастак аддаў апошнія дзесяць гадоў свайго жыцця, ушанавалі памяць майстра. 

9 лютага, у дзень нараджэння Аляксандра Аляксандравіча, пачала працаваць выстаўка «Аляксандр Касцючэнка. Прысвячэнне». Аб творчасці мастака гаварылі Кацярына Дулава, генеральны дырэктар Вялікага тэатра, Наталля Шаранговіч, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, Ніна Шарубіна, народная артыстка Беларусі, Мікалай Калядка, дырыжор тэатра, а таксама сын мастака скульптар Канстанцін Касцючэнка. 

У экспазіцыі прадстаўлены карціны, створаныя ў перыяд з 1980 да 2019 года ў самых розных кірунках: нацюрморты, пейзажы, глыбока філасофскія работы. Карціна «Святая вячэра», распачатая ў 2019 годзе, так і не была скончана... 

На сцэне Вялікага тэатра Беларусі прайшлі паказы опер «Ганна Карэніна» і «Царская нявеста», сцэнаграфію да якіх стварыў Аляксандр Касцючэнка. Адметна, што опера Мікалая Рымскага-Корсакава ў год прэм’еры стала найлепшым спектаклем па меркаванні крытыкаў і атрымала Нацыянальную тэатральную прэмію 2015 года. 

Акрамя згаданых спектакляў убачыць сцэнаграфію мастака можна ў операх «Тоска» Дж. Пучыні, «Сівая легенда» Д. Смольскага, «Пікавая дама» П. Чайкоўскага, «Макбет» Дж. Вэрдзі, балетах «Папялушка» С. Пракоф’ева, «Анастасія» В. Кузняцова і інш. 

У 2017 годзе А. Касцючэнка атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь за творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, папулярызацыю духоўных каштоўнасцей і значны асабісты ўнёсак у пастаноўку опернага спектакля на музыку Д. Смольскага «Сівая легенда» па творы У. Караткевіча. 

Яна ЦЭГЛА 

Фота з сайта bolshoibelarus.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.