Вы тут

Літаратурна-краязнаўчымі сцежкамі


У Саюзе пісьменнікаў Беларусі працуе секцыя краязнаўства, якую ўзначальвае старшыня творчага аб’яднання — Алесь Карлюкевіч. У бюро секцыі ўваходзяць Аляксандр Валковіч, Таццяна Канапацкая, Анатоль Бензярук з Берасцейшчыны, а таксама — калегі з іншых рэгіянальных арганізацый СПБ Зіновій Прыгодзіч, Ігар Пракаповіч, Мікалай Барысенка і іншыя. 


Значнае месца ў развіцці пісьменніцкай краязнаўчай працы займае літаратурнае краязнаўства. Вось і зусім нядаўна быў арганізаваны конкурс сярод школьнікаў краіны на лепшую працу, прысвечаную пісьменнікам той старонкі, дзе жывуць і вучацца падлеткі. Арганізатары конкурса — Саюз пісьменнікаў Беларусі і часопіс «Роднае слова». 

Літаратурнае краязнаўства — тая прастора, што дапамагае адкрываць новае і блізкае ў дачыненні да той ці іншай мясцовасці, паказвае, адкуль, з якога гістарычнага і геаграфічнага ландшафта прыходзіць да пісьменнікаў натхненне. Часам іншую старонку называюць літаратурным гняздом, бо ў межах пэўнай тэрыторыі нарадзілася надзвычай шмат паэтаў і празаікаў. Як, напрыклад, на Уздзеншчыне — і Пятро Глебка, і Кандрат Крапіва, і Алесь Пальчэўскі, Антон Бялевіч, Алесь Махнач, Лідзія Арабей... Ды і цяпер тут жывуць і працую прафесійныя літаратары — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Сабалеўскі, Дзмітрый Вінаградаў, Галіна Нічыпаровіч. 

А вось новая літаратурна-краязнаўчая кніга Алеся Карлюкевіча расказвае пра такое гняздо на Гародзеншчыне — выданне так і называецца: «Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі». У багата ілюстраванай кнізе чытача чакаюць сустрэчы з аповядам пра творчасць, мастацкія здабыткі, пра жыццё славутых асоб у гісторыі беларускай і сусветнай літаратуры: народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка, Ніну Тарас, Вячаслава Адамчыка, Фёдара Янкоўскага, Анатоля Клышку, Вячаслава Чамярыцкага... Даследчык не абмінае ўвагай і судакрананне з Навагрудчынай класіка сусветнай паэзіі Адама Міцкевіча, творцаў XIX — пачатку XX стагоддзяў Вінцэся Каратынскага, Яна Чачота, Ядвігіна Ш. 

У полі зроку аўтара «Навагрудчыны...» — руплівасць такіх літаратурных, гістарычных краязнаўцаў, як Леанід Пракопчык, Мікалай Гайба, Мікалай Нікалаеў, Святлана Кошур. З кнігай можна смела прыходзіць на ўрокі роднай літаратуры і гісторыі і выкарыстоўваць яе старонкі як дадатковы матэрыял для вывучэння гісторыі роднага краю. 

Дарэчы, яшчэ раней Алесь Карлюкевіч выдаў іншыя кнігі, дзе знайшлося месца расповядам пра майстроў прыгожага пісьменства: «Старонкі радзімазнаўства», «Ігуменскі павет», «Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі», «Пуцявінамі зорак». Старонкі гэтых выданняў — добры падказчык у віртуальным падарожжы па нашай роднай Беларусі. Набыць кнігу «Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі» можна ў кнігарні «Акадэмкніга» у Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72, а таксама — у кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне. 

У планах працы секцыі краязнаўства — спрыянне нараджэнню новых кніг пра літаратурныя мясціны нашай краіны. У прыватнасці, калектыў аўтараў працуе над грунтоўным летапісам «Дзяржыншчына. Літаратурнае гняздо Беларусі». 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?