Вы тут

Аладкі з бульбянога пюрэ, варыянты бутэрбродаў і адбельванне пліткі


Аладкі з бульбянога пюрэ з тварагом і зяленівам

Яны падыдуць да супу замест хлеба ці стануць сытным перакусам. Рэцэпт выручыць, калі засталося бульбяное пюрэ з абеду ці вячэры і яго ўжо ніхто не есць.


Спатрэбіцца: бульба — 500 г, яйка курынае — 2 шт, масла сметанковае — 30 г + 30 г на змазванне аладак, тварог 9 % — 100 г, соль — 1 ч.л., сода — 0,5 ч.л., куркума — 0,5 ч.л, зяленіва — 50 г, мука пшанічная — 600—700 г.

Сырую абабраную бульбу заліваем вадой, не солім і варым да гатовасці. З гатовай бульбы зліваем вадкасць, дадаём 30 г масла і ператвараем у пюрэ.

Бульбяному пюрэ даём астыць. Дадаём дробна нарэзанае зяленіва (падыдзе і замарожанае ў тым ліку), соль, куркуму, соду, яйкі і тварог. Змешваем усе інгрэдыенты да аднастайнай масы.

У 2-3 этапы дадаём прасеяную муку і замешваем цеста. Пакідаем паляжаць пры пакаёвай тэмпературы 15—20 хвілін.

Падпыляем стол мукой, выкладваем на яго цеста і дзелім на 6—8 частак.

Раскатваем аладкі даволі тонка пад патрэбны дыяметр патэльні.

Смажым аладкі з бульбянога пюрэ на сухой патэльні на сярэднім агні пад накрыўкай. Затым пераварочваем і смажым з іншага боку ўжо без накрыўкі. На выпечку ідзе прыкладна па 2 хвіліны з кожнага боку.

Гатовыя аладкі здымаем з патэльні і змазваем з кожнага боку кавалачкам масла.

Як варыянт, можна масла растапіць і змазваць бульбяныя аладкі пры дапамозе сіліконавага пэндзліка.

Пакуль пякуцца астатнія аладкі, гатовыя закрываем поліэтыленавым пакетам — так яны стануць далікатныя і мяккія.

Варыянты бутэрбродаў

  • Kустачкі чорнага хлеба + тварожны сыр + памідор + шпроты + зяленіва.
  • Хлеб жытні, абсмажаны на алеі + бурак, надзёрты на тарцы + надзёрты сыр + часнок + маянэз + зяленіва + селядзец слабасалёны + цыбуля.
  • Хлеб тоставы + надзёртае авакада + надзёрты сыр плаўлены + надзёртае на тарцы варанае курынае яйка + соль — па жаданні + перац чорны + лімонны сок, каб авакада не пацямнела + маянэз або натуральны ёгурт + ласось слабасалёны.
  • Батон + алей для абсмажвання батона + яйка, надзёртае на тарцы + часнок + маянэз + агурок салёны або марынаваны + шпроты.
  • Хлеб падсмажаны + яйка, надзёртае на тарцы + надзёртыя крабавыя палачкі + маянэз + соль і перац + цыбуля чырвоная + зяленіва для ўпрыгожвання.
  • Батон + алей для абсмажвання + яйкі + сырок плаўлены + маянэз + часнок + грудзінка курыная вэнджаная + памідоры чэры + гарчыца французская + пятрушка.
  • Чорны хлеб + авакада + тварог (мяккі, тлустасць 9 %) + лімон + молаты чорны перац + соль + печань траскі + свежае зяленіва.
  • Чорны хлеб або батон + авакада + зялёны яблык + яйкі вараныя + маянэз ці натуральны ёгурт + чорны молаты перац + селядзец + цыбуля зялёная + кроп.?
  • Батон + сыр фета + перац чорны молаты + крабавыя палачкі + масліны + пятрушка.

Як адбяліць швы паміж пліткай

Самы просты і эфектыўны метад

Для таго каб рамонт у ванным пакоі ці на кухні заўсёды выглядаў свежым, важна сачыць за вонкавым выглядам швоў. Калі яны пакрываюцца цёмным налётам, неабходна своечасова правесці апрацоўку паверхні.

На пачатковым этапе адбяліць швы не складзе ніякай цяжкасці. Вельмі эфектыўным сродкам з'яўляецца лімонная кіслата, якая дазваляе ў кароткі тэрмін пазбавіцца ад цёмнага налёту на швах. У гель для мыцця посуду трэба дадаць столькі лімоннай кіслаты, каб сумесь па кансістэнцыі стала падобная на пасту. Пасля размяркоўваем атрыманы састаў па швах і чакаем пятнаццаць хвілін. Потым бяром старую зубную шчотку ці губку з жорсткім бокам і пачынаем апрацоўку. Застанецца толькі змыць сродак. Вынікі будуць заўважныя адразу.

Можна камбінаваць лімонную кіслату з іншымі кампанентамі. Калі швы знаходзяцца ў вельмі запушчаным стане, варта крыху змяніць рэцэпт. Для гэтага бяром аднолькавую колькасць лімоннай кіслаты, соды і гарчыцы, дадаём крыху вады. Атрыманую пасту наносім на швы і пакідаем на сорак хвілін. Пасля яе можна змыць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?