Вы тут

Шанхайскім шляхам. Беларусь упэўнена крочыць да членства ў ШАС


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім адобраны праект мемарандума аб абавязацельствах Беларусі ў мэтах атрымання статусу дзяржавы — члена Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


З 2010 года Беларусь з'яўляецца партнёрам па дыялогу ШАС, а з 2015-га мае статус наглядальніка пры арганізацыі. Летась распачата працэдура прыёму нашай краіны ў члены ШАС. Для афармлення ўдзелу трэба падпісаць і ратыфікаваць мемарандум, а таксама далучыцца да шэрагу дакументаў, якія складаюць дагаворна-прававую базу гэтага інтэграцыйнага аб'яднання.

Праектам мемарандума вызначаны агульныя абавязацельствы Беларусі выконваць мэты і прынцыпы міжнародных дагавораў, прынятых у ШАС, тэрміны далучэння да такіх дагавораў, фінансавыя аспекты ўступлення ў арганізацыю, а таксама палажэнні аб замяшчэнні квотных пасад у яе органах. Паўнамоцтвы на падпісанне мемарандума аддадзены Міністэрству замежных спраў.

Як вядома, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва — найбуйнейшая сусветная рэгіянальная платформа ўзаемадзеяння. Пра яе стварэнне было абвешчана 15 чэрвеня 2001 года ў Шанхаі Казахстанам, Кыргызстанам, Кітаем, Расіяй, Таджыкістанам і Узбекістанам. Да гэтага краіны працавалі ў фармаце «Шанхайскай пяцёркі» — без Узбекістана. Палітычнае аб'яднанне было заснавана на Пагадненні аб умацаванні даверу ў ваеннай галіне ў раёне граніцы (Шанхай, 1996 год) і Пагадненні аб узаемным скарачэнні ўзброеных сіл у раёне граніцы (Масква, 1997 г.). Цяпер яе членамі з'яўляюцца восем краін (акрамя заснавальнікаў, гэта Індыя і Пакістан, якія таксама далучыліся ў 2017-м) з агульным насельніцтвам больш чым тры мільярды чалавек, якія фарміруюць чвэрць глабальнага ВУП. У 2021-м быў пачаты працэс павышэння статусу Ірана ў складзе арганізацыі да ўзроўню дзяржавы-члена.

З 2010 года наша краіна з'яўляецца партнёрам па дыялогу, а з 2015-га мае статус афіцыйнага наглядальніка ШАС. Рашэнне аб пачатку працэдуры прыёму Беларусі ў арганізацыю аднагалосна было прынята на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС у Самаркандзе ў верасні мінулага года. «Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва ператвараецца з рэгіянальнай арганізацыі ў глабальную. І самае галоўнае цяпер — не ўпусціць гэты момант. Трэба даць шанц тым дзяржавам (іх нямала) для таго, каб яны маглі знайсці альтэрнатыву існуючым рэаліям. Нашая арганізацыя можа стаць глабальнай. Аб'ектыўна стаць. І вырашаць глабальныя праблемы светаўладкавання ў сучасных умовах. Трэба не спазніцца, злавіць гэты момант і адэкватна на гэта адказаць», — адзначыў у сваім выступленні на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС у Самаркандзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Паводле палажэння аб прыёме новых членаў у ШАС, дзяржава-заяўнік павінна далучыцца да дзейных у арганізацыі міжнародных дагавораў (а іх каля 40), унесці неабходныя змяненні ў нацыянальнае заканадаўства. «Мы за год зробім, — паставіў задачу беларускі лідар. — І як толькі мы прымем усё, што там напрацавана, яны ўсю гэту інфармацыю збяруць і ў Дэлі — на стол кіраўнікам дзяржаў. Ёсць — мы становімся членамі. Гэты шлях усе павінны прайсці».

У мінулым месяцы ў Варанасі (Індыя) прайшлі кансультацыі упаўнаважаных прадстаўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з упаўнаважаным прадстаўніком Беларусі. У мерапрыемстве ўзяў удзел начальнік галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі Міністэрства замежных спраў Беларусі Ігар Белы, паведамілі ў прэс-службе МЗС. «Беларусь мэтанакіравана ішла да паўнапраўнага членства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Мы былі партнёрамі па дыялогу, потым сталі назіральнікамі. Як толькі станем поўнафарматнымі членамі ШАС, атрымаем доступ да ўсіх праектаў, да ўсіх дамоўленасцяў, а таксама да двухбаковых і шматбаковых праектаў, якія рэалізоўваюцца», — растлумачыў раней Ігар Белы.

Па выніках кансультацый паміж дзяржавамі — членамі ШАС і Беларуссю быў падпісаны пратакол. У ім, у прыватнасці, адзначалася, што Беларусь гатова да паскарэння выканання міжнародна-юрыдычных працэдур для ўступлення ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва ў якасці паўнапраўнага члена. Падпісанне Прэзідэнтам указа, якім адобраны праект мемарандума аб абавязацельствах Беларусі ў мэтах атрымання статусу дзяржавы — члена ШАС, — важны крок у гэтым кірунку.

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва дае рэальную пляцоўку для раўнапраўнага, паважлівага дыялогу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў летась на гістарычным пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС у Самаркандзе, дзе была адобрана заяўка нашай краіны на членства ў ШАС. «Выконваючы базавыя мэты і прынцыпы, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва дае рэальную пляцоўку для раўнапраўнага, паважлівага дыялогу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, ва ўмовах кардынальных змяненняў у глабальным светаўладкаванні і санкцыйных войн, развязаных Захадам, у арганізацыі выпрацоўваюцца цывілізаваныя падыходы да вырашэння актуальных міжнародных і рэгіянальных пытанняў. «Перакананы, «шанхайскі дух» і ўсебаковае супрацоўніцтва могуць стаць моцным падмуркам для новай архітэктуры свету», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».