Вы тут

Урад вызначыў, якія мерапрыемствы пройдуць у Год міру і стварэння


Урад зацвердзіў рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2023 годзе Года міру і стварэння. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 1 лютага 2023 года нумар 93, паведамляе БелТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.


Фота: БелТА.

У план увайшлі мерапрыемствы, накіраваныя на кансалідацыю беларускага грамадства на аснове ідэй міру і стварэння. Напрыклад, мерапрыемствы, якія прымеркаваны да знакавых падзей у гісторыі краіны і маюць асаблівае гістарычнае і грамадска-палітычнае значэнне, адзіныя дні інфармавання, патрыятычная ўсебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі», інфармацыйна-адукацыйны праект «ШАГ» («Школа актыўнага грамадзяніна»). Таксама ў планах развіццё інтэрнэт-праекта «Дакументальны летапіс сучаснай беларускай дзяржавы», мерапрыемствы па папулярызацыі вытворчых і працоўных дасягненняў арганізацый і асобных работнікаў.

Таксама планам прадугледжана ўдасканаленне сістэмы ваенна-патрыятычнага выхавання. У Беларусі пройдуць мерапрыемствы, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне насельніцтва на аснове гордасці за ўласную краіну, яе гісторыю і культуру, імкнення да мірнага і незалежнага стваральнага жыцця, гатоўнасці да абароны незалежнасці. Таксама плануецца адкрыць музей на базе дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь», правесці мітынг-рэквіем, прысвечаны 80-й гадавіне трагічнай гібелі жыхароў Хатыні. Акрамя таго, у планах грамадзянска-патрыятычны праект «Поезд Памяці», рэспубліканская акцыя «Архівы — школе», якая прадугледжвае асвятленне актуальных пытанняў гісторыі беларускай дзяржаўнасці, ваеннай гісторыі Беларусі, генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Планам прадугледжаны і экскурсійныя праграмы па гістарычных мясцінах Беларусі, месцах баявой і партызанскай славы, пахаванняў ахвяр генацыду беларускага народа, у музейныя ўстановы для азнаямлення з адпаведнымі экспазіцыямі.

Актуальна і развіццё мірных ініцыятыў, у прыватнасці, ініцыятыў Прэзідэнта Беларусі на міжнародных міжурадавых, міжпарламенцкіх і іншых пляцоўках. Планам таксама прадугледжаны прапаганда дасягненняў устойлівага развіцця краіны, круглыя сталы, дыялогавыя пляцоўкі, іншыя мерапрыемствы, у тым ліку праект «Лідарская платформа «Каманда будучыні», дыялогавыя пляцоўкі для навучэнскай моладзі на тэму «Мір і стварэнне ў сістэме каштоўнасцей сучаснай моладзі», дыскусійная платформа «Беларусь будучыні» для навучэнскай моладзі.

Асобны пункт плана — садзейнічанне міжканфесійнаму і міжнацыянальнаму дыялогу, які забяспечвае мір і згоду ў беларускім грамадстве. У прыватнасці, усебеларуская малітва «За мір і згоду» ў рамках святкавання Дня Незалежнасці, навукова-асветная экспедыцыя «Дарога да святыняў», прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства, IV Фестываль мастацтваў беларусаў свету.

Асаблівы акцэнт будзе зроблены на дэманстрацыі пераваг беларускай эканамічнай мадэлі ва ўмовах глабальнай турбулентнасці. Так, будуць рэалізаваны мерапрыемствы, якія забяспечваюць далейшы рост эканомікі і павышэнне яе канкурэнтаздольнасці, плануецца павышаць ступень удзелу бізнесу ў прыняцці рэгулятарных рашэнняў у сферы прадпрымальніцкай дзейнасці. У планах таксама ўдзел у нацыянальных выстаўках (экспазіцыях) у замежных дзяржавах, X Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Акрамя таго, у 2023 годзе будзе пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю шэраг аб’ектаў адукацыі, аховы здароўя, культуры, спартыўных і фізкультурна-аздараўленчых аб’ектаў.

У плане таксама адзначаны пазіцыянаванне стваральнай працы як галоўнай умовы развіцця беларускай дзяржавы, інфармацыйнае суправаджэнне Года міру і стварэння.

Усяго запланавана 68 мерапрыемстваў.

Паўнамоцтвы па каардынацыі дзейнасці дзяржорганаў, іншых арганізацый па выкананні плана ўскладзены на Міністэрства эканомікі.

Пастанова ўступіла ў сілу 1 лютага 2023 года.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.