Вы тут

На Віцебшчыне больш за 50 працэнтаў аўтамабільных дарог патрабуюць рамонту


У Віцебскай вобласці больш за 50 працэнтаў аўтамабільных дарог патрабуюць рамонту. Капітальнага — звыш 480 кіламетраў дарожных артэрый або 16,2 працэнта ад агульнай працягласці; бягучага, які прадухіліць інтэнсіўны знос, — звыш 35 працэнтаў. З-за паскоранага разбурэння больш за тысячу сто кіламетраў дарог маюць абмежаванні па нагрузцы да 6 тон.


Абслугоўваннем аўтамабільных дарог рэспубліканскага значэння ў паўночным рэгіёне займаецца рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Віцебскаўтадар», на балансе якога знаходзіцца каля трох тысяч кіламетраў. У гэтым ліку 358 мастоў агульнай працягласцю больш за 14 тысяч метраў. За абслугоўванне мясцовых дарог адказвае камунальнае праектна-рамонтна-будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства «Віцебскаблдарбуд» — гэта амаль 15 тысяч кіламетраў, 857 мастоў і пуцеправодаў, звыш 14 тысяч водапрапускных труб. У склад прадпрыемства ўваходзяць 24 філіялы: 21 дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне (у раёнах), упраўленне вытворча-тэхнічнай камплектацыі, філіял «Віцебскдарпраект» і сельскагаспадарчы філіял «Кляўцы».

Навясныя шляхі

У кастрычніку 2022 года ў Віцебскім раёне і Наваполацку пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрылі два масты праз раку Каспля ў г. п. Сураж і Заходнюю Дзвіну. Два гэтыя збудаванні маюць стратэгічную важнасць для пасёлка і горада-нафтавіка, бо звязваюць дзве часткі названых населеных пунктаў. У Мёрскім раёне летась адкрыўся абноўлены мост праз раку Ауту. У планах на гэты год пазначаны бягучы рамонт трох мастоў на аўтадарогах мясцовага значэння: мост праз раку Сакалянка на аўтадарозе Орша — Коханава — Обальцы ў Талачынскім раёне, мост на пад'ездзе да вёскі Сосніна ў Шумілінскім раёне і мост на аўтадарозе Казакі — Сасноўцы Шаркаўшчынскага раёна. Акрамя таго, працягнецца рэканструкцыя моста праз раку Свячанка рэспубліканскай аўтатрасы М3 Мінск — Віцебск.

Тэмпературныя скокі

У гэтую зіму работнікі дарожных службаў маюць у разы больш ям, чым у мінулую. Прычына заключаецца ў частых пераходах тэмпературы праз нуль градусаў. Згладзіў бы праблему стабільны мінус зімой, аднак цяпер мы назіраем гуллівы настрой надвор'я: на Віцебшчыне ў пачатку студзеня снежнае покрыва цалкам растала, а пасля па яшчэ непакрытых снегам зямлі і асфальце стукнуў марозік. На дарожным палатне спачатку ўзнікаюць расколіны, у іх зацякае вада, якая ў працэсе замарожвання-адтавання робіць іх з часам усё большымі. Гэта сезонная з'ява, якая іграе відавочна не на руку дарожнікам. Што тычыцца якасці дарожных работ зімой, то адрамантаваныя ўчасткі асфальту падлягаюць замене ў цёплы перыяд. Калі атрымалася «залячыць» якасна, такі ўчастак будуць рамантаваць па неабходнасці, але варта разумець, што галоўнай абаронай супраць сезонных дэфектаў палатна з'яўляецца якасная перакладка асфальту.

Ёсць план — будзем працаваць

«Стан аўтамабільных дарог аказвае непасрэдны ўплыў на сацыяльна-эканамічныя аспекты развіцця эканомікі краіны, перш за ўсё на работу аўтатранспарту, рэнтабельнасць прадпрыемстваў і ўмовы жыцця насельніцтва. У апошнія гады ў сувязі з недафінансаваннем дарожнай галіны пакрыццё дарог руйнуецца паскоранымі тэмпамі, — расказалі спецыялісты РУП «Віцебскаўтадар». — Патрэба сродкаў на правядзенне рамонтных мерапрыемстваў пры ўмове давядзення транспартна-эксплуатацыйнага стану рэспубліканскіх аўтамабільных дарог вобласці да нарматыўных патрабаванняў у 2023 годзе складае больш за 474,5 мільёна рублёў. Фізічны аб'ём патрэбнасці ў рамонтах — звыш 1,5 тысячы кіламетраў, што складае 51,5 працэнта ад агульнай працягласці».

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Мяркуючы па выдаткаваных сродках на ўтрыманне, бягучы і капітальны рамонты з рэспубліканскага дарожнага фонду — 116,7 мільёна рублёў — нарматыўныя патрабаванні ў поўным аб'ёме паўночны рэгіён не выканае, аднак складаныя ўчасткі дарог будуць адрамантаваны. У 2023 годзе запланаваны капітальны рамонт 12,87 кіламетра рэспубліканскіх аўтамабільных дарог Віцебскай вобласці, а тым ліку дарогі Р22 Орша — Дуброўна — да М1/Е30 (Буда) на ўчастку 2,950 — 8,750 км. Будзе выконвацца капітальны рамонт трасы М1/Е30 Брэст (Казловічы) — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі (Радзькі) на ўчастку 573,800 — 580,864 км, а таксама пуцеправода на 555,824 км аўтадарогі М1 / Е30. На капітальны рамонт аўтадарог вобласці будзе накіравана 27,1 мільёна рублёў.

Што хвалюе вёску?

Абслугоўваннем і рамонтам сельскіх дарог займаюцца філіялы КУП «Віцебскаблдарбуд», у Віцебскім раёне за якасць абслугоўвання дарожнай сеткі адказвае ДРБУ 144, на дапамогу калегам прыходзіць і дзяржаўнае прадпрыемства «ЖРЭП Віцебскага раёна». Па меры фінансавых і тэхнічных магчымасцяў работнікі ДРБУ рэгулярна праводзяць работы па ўкладцы новага асфальтавага палатна на складаных участках дарог. Так у кастрычніку мінулага года ў вёсцы Зайцава Лятчанскага сельсавета дарожнікі не толькі абнавілі трасу, але і па просьбе мясцовых жыхароў усталявалі дадатковы прыпынак. Напярэдадні раённых дажынак у г. п. Янавічы з'явілася новая кальцавая развязка, на грунтавых сельскіх дарогах у вёсцы Берднікі праведзены ямачны рамонт. У 2021 годзе на трасе Віцебск — Сіроціна быў пакладзены новы асфальт, што істотна спрасціла шлях сельскіх жыхароў з бліжэйшых вёсак у Віцебск. Увогуле, дарожная сітуацыя ў населеных пунктах у радыусе 20-30 кіламетраў ад абласнога цэнтра спрыяльная, чаго не скажаш пра аддаленыя населеныя пункты, якія мяжуюць з Расіяй. На трасе Віцебск — Шлыкі добры асфальт пасля вёскі Курына змяняецца грунтавай дарогай. Асфальт пакладзены толькі ў межах вёсак, а шлях ад адной да другой па выбоінах займае па часе практычна столькі, колькі і пераадоленне 60 кіламетраў па трасе. Паварот на вёску Кавалёва Запольскага сельсавета і каля 9 кіламетраў да яе — грунтавая выбітая дарога — істотна ўскладняе работу аўтакрамы, хуткай дапамогі і іншых службаў. У тых краях вядуцца актыўныя работы па лесанарыхтоўцы і, верагодна, асфальт не вытрымаў бы вагі спецтэхнікі, якая актыўна там курсіруе. Малалікім жыхарам Кавалёва застаецца спадзявацца толькі на рэдкі грэйдар. Але, магчыма, у будучыні траса на Шлыкі стане не горшай за рэспубліканскую.

Факт

За 10 месяцаў 2022 года ў паўночным рэгіёне па Дзяржаўнай праграме «Дарогі Беларусі» правялі бягучы рамонт больш за 133 кіламетраў і капрамонт 5 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння. За студзень—кастрычнік завяршылі бягучы рамонт на 263 кіламетрах дарожных артэрый мясцовага значэння.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.