Вы тут

Усходазнаўца з Гродна


У 2021 годзе, у маі, маглі б адзначыць 125-гадовы юбілей з дня нараджэння гісторыка Ісаака Рыгоравіча ЛІЎШЫЦА, які нарадзіўся ў Гродна. Але ж за мітуснёю і рознымі мітрэнгамі і на дату, і на асобу годнага ўраджэнца Беларусі ўвагі ніякай не звярнулі. Што нам, сённяшнім «гісторыкам», сённяшнім летапісцам, дзень учарашні, дзень даўно забыты... 


А між тым асоба савецкага ўсходазнаўца, егіптолага, лінгвіста, гісторыка, які свае першыя крокі зрабіў у Гродна, багатым на гісторыю горадзе на Нёмане, — яркі прыклад высокай уніклівасці ў мінуўшчыну. Праўда, ёсць версія, што нарадзіўся Ісаак у Коўна (суачсны Каўнас, не так далёка і ад старажытнай Гародні)... Але дакладна вядома, што сям’я Ліўшыцаў праз некаторы час пасля нараджэння хлопчыка пераехала на Міншчыну, у Ігумен — сённяшні Чэрвень... Пераехалі Ліўшыцы ў павятовы горад Ігумен не пазней 1898 года. Бацька — Гірш Моўшавіч Ліўшыц быў казённым равінам. А ў 1903 годзе сям’я перабралася ў Ніжні Ноўгарад. У 1905 бацьку абралі казённым равінам ужо ў Ніжнім Ноўгарадзе. Пазней ён працаваў дырэктарам гімназіі. Маці — Эстэр-Рохл Беркаўна Кавенакая (1872 — 1942), педагог. 

У 1915 годзе Ісаак заканчвае 1-ую Ніжагародскую гімназію. Паступае на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. А ў 1919 годзе перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт. У Маскве наш зямляк вучыўся яшчэ і музыцы — у вядомага скрыпача Льва Маісеевіча Цэйтліна (1881 — 1952). У 1918 — 1920 гг. Цэйтлін — прафесар Музычна-драматычнага інстытута, а ў 1920 — 1952 гг. — прафесар Маскоўскай кансерваторыі, загадчык кафедры скрыпкі. Цэйтлін — адзін з заснавальнікаў саветскай скрыпічнай школы. 

Жыццё прымушала маладога чалавека, захопленага гісторыяй і мастацтвам, падпрацоўваць статыстыкам Цэнтрасаюза (1918), супрацоўнікам медыцынскай канцылярыі 5-га эвакуацыйнага шпіталя (1919), справаводцам Упраўлення санітарна-прапускнымі пунктамі горада Масквы (1920), у музеі Льва Мікалаевіча Талстога (1921 — 1923).

У 1925 годзе Ісаак Ліўшыц закончыў факультэт грамадскіх навук Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. І пачаў працаваць у Яфетычным інстытуце Акадэміі навук СССР, які пазней перайменавалі ў Інстытут мовы і мышлення. Так, гэта Інстытут славутага М. Маара. Мікалай Якаўлевіч Маар (1865 — 1934) — грузінскі, расійскі і савецкі ўсходазнаўца, каўказавед, філолаг, гісторык, этнограф, археолаг, акадэмік Імператарскай Акадэміі навук (1912). Пасля — акадэмік і віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук СССР, атрымаў вядомасць як стваральнік «новага вучэння пра мову». З 1928 года Маар узмоцнена пачаў збліжаць сваю павярхоўную тэорыю з марксізмам, хаця раней левымі поглядамі не вызначаўся. У прыватнасці, з’явілася тэорыя пра мову як пра «надбудову» над сацыяльна-эканамічнымі адносінамі, якія адлюстроўвалі стадыі развіцця грамадства (рабаўладальніцкую, феадальную і інш.). Традыцыйная індаеўрапеістыка была абвешчана Маарам буржуазнай навукай... 

Паралельна з працай у Інстытуце Маара наш зямляк у 1926 — 1929 гады вывучаў замежныя мовы ў аспірантуры Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Напісаў і выдаў цэлы шэраг навуковых прац, прысвечаных старажытнаегіпецкай мове, пісьменству, гісторыі. Увесну 1936 года Ісааку Ліўшыцу прысудзілі ступень кандыдата філалагічных навук па сукупнасці прац. 

У 1942 годзе ў блакадным Ленінградзе памерла маці вучонага. Ісаака Ліўшыца разам з групай акадэмікаў эвакуіравалі ў Казань. Заснаваны напачатку XIX стагоддзя, Казанскі ўніверсітэт заўжды быў уважлівы да ўсходазнаўства. Тут у 1833 годзе была створана першая ў Еўропе кафедра мангольскай мовы. А ў 1837 годзе — першая ў Расіі кафедра кітайскай мовы. У 1875 — 1883 годзе ў Казанскім універсітэце запрацавала Казанская лінгвістычная школа. У час Вялікай Айчыннай вайны ў Казанскім універсітэце размясціліся эвакуіраваныя з Масквы і Ленінграда ўстановы Акадэміі Навук СССР, інтэрнаты для супрацоўнікаў. Гэта, відавочна, паспрыяла стварэнню ў красавіку 1945 года на базе ўніверсітэцкіх і акадэмічных падраздзяленняў Казанскага філіяла АН СССР... У час вайны Ісаак Ліўшыц быў у эвакуацыі і ў Ташкенце, дзе таксама рускімі вучонымі было зроблена нямала для арганізацыі навукі ў рэгіёне. 

Пасля вайны вучоны працягнуў працу ў Ленінградскім Інстытуце мовы і мышлення. Праз год быў адзначаны медалямі — «За доблесную працу ў Вялікую айчынную вайну 1941 — 1945 гг.» і «За абарону Ленінграда». У красавіку 1948 года згодна рашэнню Прэзідыўма АН СССР Ліўшыца пераводзяць у Інстытут усходазнаўства АН СССР, дзе якраз і былі на той час сканцэнтраваны даследванні ў галіне егіпталогіі. Пасля рэарганізацыі інстытута ў жніўні 1950 года Ісаак Ліўшыц працягвае супрацоўніцтва з АН СССР па дамове. У маі 1955 года вучонага прынялі ў Ленінградскае аддзяленне Інстытута гісторыі АН СССР на пасаду старшага навуковага супрацоўніка. А ў сакавіку 1959 года разам з групай усходазнаўцаў І. Ліўшыца пераводзяць у Інстытут усходазнаўства АН СССР. У 1963 годзе па сукупнасці навуковых публікацый наш зямляк з Гродна становіцца доктарам філалагічных навук. Памёр Ісаак Ліўшыц 13 ліпеня 1970 года ў Ленінградзе. І зараз перавыдаецца зборнік перакладзеных ім старажытнаегіпецкіх гісторый — анталогія «Казкі і аповесці Старажытнага Егіпта». Адно з блізкіх па часе выданняў было здзейснена ў Маскве ў 2005 годзе. 

Сястра Ісаака Рыгоравіча — Дзебора Ліўшыц (1903 — 1988), перакладчыца, літаратар, мовазнаўца. Пераклала болей 40 кніг: раманы, аповесці, апавяданні, артыкулы, эпісталярыю Ж. Верна, Р. Ралана, Р. Брэдберы, Ч. Дзікенса, Жорж Санд, В. Гюго... Самым эталонным лічыцца і здзейснены Д. Ліўшыц пераклад «Трох мушкецёраў». 

Мікола БЕРЛЕЖ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Сезон грыпу чакаецца ў студзені — сакавіку. Эпідэміёлаг расказаў, як і калі лепш прышчапіцца

Сезон грыпу чакаецца ў студзені — сакавіку. Эпідэміёлаг расказаў, як і калі лепш прышчапіцца

З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.

Жыллё

Кватэры разыходзяцца як гарачыя піражкі. 2023 год можа стаць сапраўды рэкордным

Кватэры разыходзяцца як гарачыя піражкі. 2023 год можа стаць сапраўды рэкордным

Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.

Культура

Кірыл Халецкі: «Мой дэбют адкрые магчымасці  для іншых маладых кінематаграфістаў»

Кірыл Халецкі: «Мой дэбют адкрые магчымасці для іншых маладых кінематаграфістаў»

З рэжысёрам «Кіношнікаў» — наша размова пра мары і іх увасабленне ў рэальнасць.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?