Вы тут

Як гаспадарка пад кіраўніцтвам Станіслава Ястраба стала перадавой у Беларусі


«Зямля спешкі не любіць»​. Гэта выказванне стала прафесійным крэда галоўнага агранома ВК «Альгоўскае» Станіслава Ястраба, які 20 гадоў адпрацаваў у кааператыве. Пад яго кіраўніцтвам гаспадарка стала спецыялізавацца на вырошчванні гародніны і стала перадавой не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў рэспубліцы.


Гэтымі днямі Станіслаў Іосіфавіч адзначыў 75-годдзе. Азіраючыся назад, ён з цеплынёй і гонарам успамінае пройдзены нялёгкі, але пачэсны шлях, смелыя эксперыменты на складаных паўночных зямлях і дасягненні невялікага кааператыва, адзначаныя на дзяржаўным узроўні. 

Станіслаў Іосіфавіч неаднойчы падымаўся на галоўную сцэну свята працаўнікоў вёскі, атрымліваючы ўзнагароды за сельскагаспадарчыя прарывы. У 2004 годзе кааператыву за высокую ўраджайнасць падарылі аўтамабіль «Ніва», які дырэктар «Альгоўскага» Дэміка Надзірашвілі адразу перадаў галоўнаму аграному.

У 2008 годзе «Альгоўскае» прадэманстравала ўсёй краіне найвышэйшую ўраджайнасць збожжавых у Віцебскай вобласці — 60,8 цэнтнера з гектара. Гэта быў прарыў у параўнанні з пачаткам 1990-х, калі хлебаробы збіралі толькі 28,2 ц/га. Валавы збор збожжа павялічыўся ў 13 разоў, у засекі засыпалі 10 тысяч тон. Тады Прэзідэнт на рэспубліканскіх «Дажынках» уручыў кіраўніцтву вытворчага кааператыва «Знак Пашаны». 

Станіслаў Ястраб родам з Докшыцкага раёна, першыя крокі ў прафесіі рабіў у мясцовым калгасе імя Карла Маркса. Атрымаў адукацыю ў Лужаснянскім сельгастэхнікуме, пасля скончыў Вялікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці «вучоны аграном». Менавіта слова «вучоны» у дыпломе вызначыла яго працоўны стыль: не проста выконваць заданні кіраўніцтва, а нутром адчуваць зямлю, распрацоўваць сваю сістэму земляробства.

«Не бывае дрэннай зямлі — бываюць дрэнныя гаспадары», — так характарызуе асноўны сэнс сваёй прафесіі Станіслаў Іосіфавіч. «Зямлю неабходна любіць і старанна на ёй працаваць: захоўваць севаабарот, своечасова ўносіць угнаенні — ды не абы-якія, а тыя, што падыходзяць менавіта для гэтай глебы, асаблівую ўвагу надаваць ахове раслін ад пустазелля, якое з’яўляецца галоўным канкурэнтам збожжавых культур».

У кааператыве ўлічвалі асаблівасці надвор’я, заўсёды пачыналі сеў пазней за астатнія гаспадаркі, таму знаходзіліся на асаблівым кантролі ў кіраўніцтва раёна. Але высокія намалоты і танажы, заканчэнне палявых работ у тэрмін запэўнівалі: тактыка, якую абралі ў кааператыве, правільная. Пад кіраўніцтвам Станіслава Ястраба ў гаспадарцы пачалі атрымліваць высокія ўраджаі гародніны. Бульбай, капустай, морквай і буракамі забяспечвалі не толькі Віцебскі раён, але і горад. Акрамя таго, «Альгоўскае» спецыялізавалася на продажы элітнага насення гаспадаркам рэспублікі: рэалізоўвалі тысячы тон бульбы, яравых і азімых культур. У 2005 годзе паспрабавалі вырошчваць капусту, атрымалася. Пасля вывелі спосаб безрасаднага вырошчвання і не пралічыліся — па тэхналогіі, якой ужо больш за 15 гадоў, сёння працуе вучаніца Ястраба, галоўны аграном вытворчага кааператыва Вольга Якаўлева.

Успамінае аграном і свой самы складаны год: у 2004-м з-за даждлівага лета хлебаробы не змаглі ўбраць каля 40 гектараў ячменю, непагадзь тады панавала ва ўсім рэгіёне. Камбайны і трактары, збочваючы з дарогі на поле, літаральна гразлі ў раскіслай глебе... Прыязджалі і з Камітэта дзяржаўнага кантролю, але вынік быў адзін — сабраць залатыя каласы, якія ў той год былі асабліва налітыя, было немагчыма. «Ведаеце, зімой праязджаў каля гэтага поля, дык шчыміла сэрца. Але перад нябеснай канцылярыяй мы бездапаможныя», — дзеліцца Станіслаў Іосіфавіч.

У скарбонцы ўзнагарод нямала падзяк і перамог рэспубліканскага ўзроўню, званне «Чалавек года Віцебшчыны — 2008». Тады абласная прэмія праходзіла ўпершыню, і галоўны аграном увайшоў у залатую сотню заслужаных дзеячаў паўночнага рэгіёна. 

Сыходзіць на заслужаны адпачынак, прызнаецца Станіслаў Іосіфавіч, было нялёгка — прыкіпеў сэрцам. Яшчэ некалькі гадоў пасля выхаду на пенсію ён дапамагаў «Альгоўскаму» не толькі словам, але і справай. І сёння яго вучні, якія працягваюць традыцыі, закладзеныя Ястрабам, звяртаюцца да яго за парадай.

Станіслаў Іосіфавіч з жонкай Соф’яй Віктараўнай пабудавалі ў Альгова свой дом, зараз яны ўдваіх апрацоўваюць 25 сотак зямлі: ён шчыруе на матаблоку, яна даглядае цяпліцы. Дапамагае бацькам сын Дзяніс, з радасцю дзеда з бабуляй наведваюць двое ўнукаў.

З нагоды 75-годдзя ў госці да Станіслава Іосіфавіча з падарункамі завіталі старшыня Віцебскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Таццяна Дзіканава, старшыня Бабініцкага сельсавета Валянціна Варона, калегі і сённяшняе кіраўніцтва ВК «Альгоўскае», каб яшчэ раз выказаць падзяку за важкі ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу раёна і моцны закладзены падмурак гаспадаркі.

«Ваш прафесійны вопыт і вялікая жыццёвая мудрасць вельмі каштоўныя. Вы сталі адным з тых, хто сфарміраваў слаўныя аграрныя традыцыі, грунтуючыся на сумленнасці, працавітасці і адданасці сваёй справе. Ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця і аптымізму», — такімі словамі павіншавала юбіляра Таццяна Дзіканава і ўручыла падарунак. 

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».