Вы тут

Гаўрыла Вашчанка — беларускія работы па сутнасці


«Каб любіць Беларусь нашу мілую»... неабавязкова ехаць далёка. Гэта мог бы растлумачыць народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка. Сёлета майстру споўнілася б 95 гадоў, яго ўжо няма з намі. Але душа, здаецца, недзе тут. Прынамсі, яе адчуваеш у Палацы мастацтва на выстаўцы «Дынастыя», дзе прадстаўлены творы заснавальніка творчага роду і яго нашчадкаў.


Калі задумацца, з якой птушкай атаясамліваецца душа беларуса, то экспазіцыя падкажа адказ — менавіта дзякуючы творам Гаўрылы Вашчанкі. А ён вельмі шмат маляваў буслоў. Птушка надзеі, птушка жыцця. Птушка яго радзімы, дзеля якой ён вельмі плённа працаваў, пакінуўшы шмат твораў, якія знаходзяцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, у калекцыі сям'і. І цяпер яны сабраліся ў адной экспазіцыі, побач з творамі сына Канстанціна і ўнучкі Ангеліны. Тры пакаленні мастакоў, а такое ўяўленне, што распавядаюць пра адно, толькі па-рознаму.

Гаўрыла Харытонавіч. Па-першае, адметны яго маштаб — нават у памерах карцін. Асабліва ў тых, што прысвечаны яго роднаму Палессю. Заспакаяльнасць краявідаў і размераны рытм колераў — ад веры ў тое, што гэтая зямля здолее перажыць усё і ўзняцца нават пасля трагедый, звязаных з вайной ці «мірным» атамам. Ён адчуваў і адлюстроўваў Беларусь — і на ўзроўні сімвалаў, і на ўзроўні выбару колераў, і на ўзроўні асаблівага духу. Відаць, гэта было засвоена з дзяцінства, якое прайшло на Гомельшчыне, і не адпускала, калі паехаў вучыцца мастацтву ў Кіеў, а пасля ў Львоў. Між іншым той перыяд быў карысны не толькі для самога мастака, але і ўсёй Беларусі, бо, навучыўшыся сам, ён прыедзе ў Мінск і створыць кафедру манументальнага мастацтва, будзе мець шмат вучняў, сярод якіх цяпер ужо таксама народныя мастакі Беларусі.

Але не манументальнасць твораў Гаўрылы Вашчанкі здзівіць на гэтай выстаўцы, а менш вядомыя яго работы, якія знаходзяцца ў калекцыі сям'і і рэдка выстаўляліся раней. Яны таксама беларускія па сутнасці — па тэмах, сюжэтах і па цеплыні, якую выпраменьваюць. Па крохкасці захаваных імгненняў. Якія ён нібыта ўхапіў захопленым поглядам і назаўжды захаваў не толькі ў сваёй памяці. Тут Гаўрыла Вашчанка паўстае такім, якім яго шмат хто не ведаў і не мог уявіць.

Канстанцін Гаўрылавіч. Той момант, калі лепш глядзець самі творы, чым гаварыць пра іх. Абраў уласны шлях у мастацтве, адрозны ад бацькавага, — стаў мастаком-графікам. Але працуе ў жывапісе, у фотамастацтве, стварае арт-аб'екты... Яго мастацтва — на цяперашні час, калі больш важкай становіцца думка, а выяўленне толькі імкнецца яе падкрэсліць. Але і ў яго думкі пра наша, роднае, беларускае. І нават без работ са знакамітага скарынаўскага праекта яго клопат зразумелы: гэта роздум пра чалавека і свет, які яго атачае, — цалкам наш, асветніцкі падыход.

Ангеліна Канстанцінаўна. Унучка Гаўрылы Вашчанкі, як і яе бацька, абрала графіку. Вучыцца ў акадэміі мастацтваў і ўжо не першы раз выстаўляецца. Сярод яе афортаў і літаграфій вылучаецца адна работа, якая мае сімвалічную назву «Натхненне». На ёй можна пазнаць яе знакамітага дзеда. Род сапраўды натхняе — і гэта так па-беларуску...

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».