Вы тут

Змяненні ў законе, сачэнне за цэнамі і дакладнасць даных


Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева расказала БелТА аб асноўных выніках дзейнасці Белстата за мінулы год.


Фота: БелТА.

Іна Мядзведзева адзначыла, што асноўная задача спецыялістаў камітэта — забяспечыць органы дзяржкіравання запатрабаванай статыстычнай інфармацыяй па ўсіх аспектах жыццядзейнасці. «Увесь 2022 год мы стараліся забяспечыць максімальную даступнасць даных, адкрытых для выкарыстання. Белстат актыўна працаваў з Генеральнай пракуратурай, Камітэтам дзяржаўнага кантролю і Міністэрствам унутраных спраў па выяўленні запазычанасцей па заработных платах і дакладнасці даных па сельскай гаспадарцы», — расказала кіраўнік камітэта.

Ключавой падзеяй 2022 года стала прыняцце змяненняў у закон «Аб дзяржаўнай статыстыцы». «Мы атрымалі больш шырокія паўнамоцтвы. У дакуменце заканадаўча замацаваны тыя практыкі, якія ўжо сёння ўкаранёны ў нашай дзейнасці. Цяпер мы можам запытваць у арганізацый першасныя ўліковыя дакументы без выхаду на праверку, доступ да ўсіх банкаў і баз даных. Гэта трэба для таго, каб не нагружаць рэспандэнтаў дадатковай інфармацыяй і зборам справаздачнасці», — растлумачыла Іна Мядзведзева.

У мінулым годзе супрацоўнікі Белстата актыўна працавалі з адміністрацыйнымі данымі. «Гэта інфармацыя Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва для вызначэння штомесячнага разліку колькасці занятага насельніцтва, а таксама даныя сістэмы кантролю касавага абсталявання МПЗ», — расказала старшыня.

Белстат цесна працаваў з пытаннямі сачэння і рэгістрацыі цэн, у тым ліку ўносіў прапановы па рэгуляванні цэнаўтварэння на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Іна Мядзведзева адзначыла, што ўсе прапановы былі ўлічаны і адлюстраваны ў пастанове ўрада нумар 713.

У мінулым годзе прадаўжалася работа па прадстаўленні даных па пытанні дэмаграфіі — распрацаваны праграмны прадукт, які дае магчымасць штогод разлічваць колькасць насельніцтва ў сельскіх населеных пунктах, у тым ліку з размеркаваннем па палавой прыкмеце. «Калі да гэтага мы ўлічвалі інфармацыю не ніжэйшую за гарады, то цяпер зможам прадставіць даныя па сельскіх населеных пунктах. Такое зроблена ўпершыню. Да гэтага мы атрымлівалі такую інфармацыю па перапісе раз у 10 гадоў», — расказала Іна Мядзведзева.

Важная таксама работа, якую рабіў Белстат у мінулым годзе па МУР, адзначыла яна. Камітэт забяспечвае вядзенне базы даных па 267 паказчыках мэт устойлівага развіцця, а ў мінулым годзе былі атрыманы даныя яшчэ па 9 індыкатарах.

Таксама вялікая работа праведзена ў рамках выканання пунктаў саюзнай праграмы па збліжэнні макраэканамічнай палітыкі — гарманізацыі статыстычнай метадалогіі з Расстатам. «Мы выканалі ўсе пункты безагаворачна. Гэта быў вялікі пласт работы, таму што давялося аналізаваць поўнасцю ўсю метадалогію, якую выкарыстоўваюць і Белстат, і Расстат, а таксама супаставіць яе», — адзначыла Іна Мядзведзева.

У 2022 годзе завершаны работы па ўкараненні геаграфічных каардынат у статыстычны рэгістр: створаны рэсурс унікальных адрасоў, вызначаны геаграфічныя каардынаты для ўсіх аб’ектаў адміністрацыйнай часткі рэгістра і рэалізавана магчымасць іх дабаўлення ў выхадную інфармацыю. Гэта дасць магчымасць у далейшым атрымліваць геапрасторавую візуалізацыю аб’ектаў у геаінфармацыйных сістэмах. «З улікам гэтай работы мы можам пераходзіць да стварэння ГІС-карт», — рэзюмавала старшыня.

Сёння ў Белстаце праходзіць пашыранае пасяджэнне калегіі, на якой прысутнічаюць кіраўнікі, намеснікі ўсіх структурных падраздзяленняў і галоўных статыстычных упраўленняў абласцей і Мінска. На мерапрыемстве падведзены вынікі работы органаў дзяржстатыстыкі за 2022 год і намечаны планы на гэты год.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».