Вы тут

Як мы глядзелі тэлевізар у студзені? Дадзеныя медыявымяральніка


У першы месяц года рэйтынг тэлебачання ў нашай краіне вырас амаль на 2,5 працэнта ў параўнанні са снежнем. У сярэднім амаль 62 працэнты насельніцтва штодня ўключалі тэлевізар. Павялічыўся і сярэднясутачны час прагляду, а вось ахопліванне аўдыторыі (сярэдняя колькасць чалавек, якія ўключалі тэлевізар хаця б на адну хвіліну за суткі) трошкі знізілася.


Фота: pixabay.com

Максімальны аб’ём аўдыторыі прыпадаў па-ранейшаму на вячэрнія гадзіны: паміж паловай шостай да адзінаццаці — і ў будзённыя дні, і ў выхадныя. Пры гэтым глядацкая актыўнасць значна вышэйшая ў суботу і нядзелю пасля паловы дзявятай раніцы, да гэтага часу яна ніжэйшая.

Сярод тэлегледачоў захоўвалася большая доля жанчын (61 працэнт), трошкі зменшылася колькасць дзяцей, моладзі і людзей ва ўзросце з 55 да 64 гадоў і павялічылася ў групах 35–54 гады і 65+. У топе пяці запатрабаваных жанраў змен не адбылося. На першым месцы — кіно, на другім — забаўляльныя праграмы, на трэцім — навіны, на чацвёртым — пазнавальныя праграмы, на пятым — музыка. Пры гэтым запыт на фільмы, навіны і сацыяльна-палітычныя праграмы перавышае прапанову, а прапанова забаўляльных, музычных, спартыўных праграм перавышае попыт.

У студзені падраслі ў параўнанні са снежнем рэйтынгі ў каналаў СТБ, «РТР-Беларусь», «Беларусь 3», «Беларусь 5» і ВТБ. Сярэднясутачнае ахопліванне вырасла ў АНТ, «РТР-Беларусь», СТБ, «Беларусь 3». Вырас сярэдні час прагляду сярод гледачоў СТБ, ВТБ і «Беларусь 5».

Сярод 15 самых рэйтынгавых праграм большасць паказаў «РТР-Беларусь». У топе «Весткі тыдня» сярэдзіны месяца, «Прывітанне, Андрэй!» (21 студзеня), «Песні ад усёй душы» (8 студзеня), вячэрнія «Весткі» за 8 студзеня, «Прэм’ера года», «Песня года», «Гумар года», «Беларусь. Навіны» (21 студзеня) названага канала, а таксама «Поле цудаў» (20 студзеня) АНТ, «Сёння» (14 студзеня), «Суперстар. Вяртанне» ў першы дзень года і «Цэнтральнае тэлебачанне» напрыканцы месяца «НТБ-Беларусь».

Што тычыцца самых рэйтынгавых праграм цягам студзеня на кожным канале, то ў «РТР-Беларусь», «НТБ-Беларусь», АНТ — гэта названыя выпускі «Весткі тыдня», «Сёння» і «Поле цудаў». На «Беларусь 1» — фінальны «Фактар.by», МІР — фільм польскага рэжысёра Ежы Гофмана «Знахар» раніцай у суботу 7 студзеня. На «Беларусь 2» самай рэйтынгавай стала серыя «Сляпая» 30-га. На СТБ — «Навіны 24 гадзіны» (13.30) 8 студзеня. На «Беларусь 3» — фільм «Вяселле ў Малінаўцы» апоўдні 2 студзеня. На «Беларусь 5» — «Біятлон. Кубак Садружнасці. 2022 — 2023. Гонка праследавання. Жанчыны» (28 студзеня).

Дадзеныя справаздачы па тэлеглядзенні дала кампанія «Медыявымяральнік».

Вольга МЯДВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?