Вы тут

Меддапамога інвалідам: бясплатна, безадмоўна і ў першачарговым парадку


Медыкі настойваюць: інваліднасць — гэта нагода працаваць разам з пацыентам над тым, каб паляпшаліся стан яго здароўя і якасць жыцця. Як у нашай краіне арганізавана медыцынская дапамога інвалідам, расказвае Вікторыя Голікава, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.


— Адны людзі кажуць: «Я дамогся прызначэння інваліднасці», а іншыя: «Урач адправіў на камісію для прызначэння інваліднасці». А хто па законе павінен ініцыіраваць гэты працэс? Якія медыцынскія інстанцыі трэба прайсці чалавеку, каб яму ўстанавілі групу інваліднасці?

— Наяўнасць прыкмет інваліднасці вызначаюць спецыялісты медыка-рэабілітацыйных экспертных камісій (МРЭК) пры правядзенні медыка-сацыяльнай экспертызы. Накіраванне на такую экспертызу выдае ўрачэбна-кансультацыйная камісія (УКК) дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя, у якой лечыцца пацыент.

На пасяджэнне УКК пацыента накіроўвае ўрач пасля правядзення дыягностыкі, а таксама пасля завяршэння лячэння і медыцынскай рэабілітацыі.

Пры наяўнасці прыкмет інваліднасці пацыенту, якому больш за 18 гадоў, устанаўліваецца група інваліднасці і яе прычына, дата наступлення і тэрмін інваліднасці.

Трэба разумець, што інваліднасць — гэта такое парушэнне здароўя, якое перашкаджае чалавеку ўдзельнічаць у жыцці грамадства нароўні з іншымі людзьмі. Паколькі гаворка ідзе аб парушэнні здароўя, то працэс ініцыіруе ўрач, які лечыць пацыента.

— «Мы адначасова з суседкай лячыліся ў анкадыспансеры, толькі ёй далі інваліднасць, а я ўсё не магу яе дамагчыся», — выказвае крыўду наша 53-гадовая чытачка.

— Падставай для ўстанаўлення інваліднасці ў дарослых пацыентаў з'яўляецца наяўнасць абмежавання адной або некалькіх катэгорый жыццядзейнасці з ліку базавых: здольнасць да самастойнага перамяшчэння і самаабслугоўвання, да арыентацыі і да зносін, кантролю сваіх паводзін, а не наяўнасць захворвання, у прыватнасці анкалагічнага.

Акрамя таго, інваліднасць устанаўліваецца пры ўмове наяўнасці абсалютна неспрыяльнага клініка-працоўнага прагнозу на найбліжэйшы час, а таксама сумнеўнага або адносна-неспрыяльнага клініка-працоўнага прагнозу. Гэтаксама ўлічваецца факт завяршэння ці неабходнасці далейшага працяглага лячэння пацыента.

— У якіх выпадках групу інваліднасці чалавек атрымлівае пажыццёва, у якіх — трэба зноў ісці на камісію? «Бацьку ампутавалі частку рукі, і ён павінен хадзіць на пераагляд, як быццам рука можа вырасці, а ў яго суседкі «нешта з галавой» і інваліднасць прызначана пажыццёва», — звяртаецца чытач...

— Думаю, не варта прыводзіць пералік анатамічных дэфектаў, пры якіх дарослым пацыентам устанаўліваецца інваліднасць пажыццёва. Цяпер усе нарматыўныя прававыя дакументы знаходзяцца ў адкрытым доступе. Пытанне ж чытача, сапраўды, вельмі папулярнае. Пры наяўнасці захворванняў з устойлівымі незваротнымі парушэннямі функцый органаў і сістэм арганізма неабходна назіранне спецыялістаў МРЭК на працягу не менш як трох гадоў, бо ўстанаўленне інваліднасці ў большасці выпадкаў суправаджаецца фарміраваннем індывідуальнай праграмы медыцынскай рэабілітацыі, абілітацыі інваліда або праграмы рэабілітацыі пацярпелага ў выніку няшчаснага выпадку, прафесійнага захворвання. Спецыялісты МРЭК пры правядзенні агляду абавязаны правесці аналіз выканання назначаных рэкамендацый і іх эфектыўнасць. Ад гэтага будзе залежаць рашэнне аб устанаўленні той ці іншай групы інваліднасці, а, магчыма, спатрэбіцца складанне новых рэабілітацыйных праграм, улічваючы ў тым ліку пратэзаванне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі.

Задача медыкаў — максімальна дапамагчы чалавеку аднавіць здароўе, каб палепшыць якасць жыцця. І калі пацыент гатовы актыўна ўдзельнічаць у гэтым працэсе, то вынік будзе значна лепшы.

— Для многіх людзей наяўнасць групы інваліднасці асацыіруецца з сацыяльнымі льготамі, а што яна дае з пункту гледжання медыцыны?

— У кожнай дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя інваліды забяспечваюцца ўсімі відамі кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, у тым ліку спецыялізаванай і высокатэхналагічнай, — безадмоўна, бясплатна і ў першачарговым парадку.

Практычна ўсе арганізацыі аховы здароўя забяспечаны безбар'ерным асяроддзем для шырокага доступу інвалідаў да медыцынскіх паслуг. Інвалідам праводзяцца комплексныя медыцынскія агляды, ажыццяўляецца дыспансернае назіранне, лячэнне, медыцынская рэабілітацыя і медыцынская абілітацыя ў амбулаторных і стацыянарных умовах. Для больш эфектыўнага лячэння ў стацыянарных умовах даецца магчымасць іншай асобе знаходзіцца разам з інвалідам І групы ў гэтай арганізацыі аховы здароўя і ажыццяўляць догляд.

Інваліды І і ІІ групы маюць права на 90-працэнтную скідку з кошту лекаў, якія выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў. Інваліды з хірургічнымі захворваннямі пры наяўнасці заключэння УКК дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя забяспечваюцца перавязачнымі матэрыяламі. Інваліды ІІІ групы маюць права на 50-працэнтную скідку з кошту лекавых прэпаратаў, якія выдаюцца па рэцэптах урачоў для лячэння захворвання, якое прывяло да інваліднасці.

Інваліды І і ІІ групы маюць права на бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў, за выключэннем зробленых з каштоўных металаў, металаакрылатаў, металакампазітаў, металакерамікі і фарфору, а таксама нанясення пакрыцця з нітрыд-тытану ў дзяржаўная арганізацыі аховы здароўя.

Важнай падтрымкай з'яўляецца забеспячэнне інвалідаў тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. Іх больш за 50 пазіцый: ад простых мыліц да супрацьпролежневых матрацаў і слыхавых апаратаў.

Фота: pixabay.com

Акрамя таго, інваліды І групы забяспечваюцца падгузкамі і іншымі сродкамі гігіены на падставе заключэння УКК дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя пры наяўнасці шэрагу захворванняў.

Непрацоўныя інваліды І і ІІ групы маюць права на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне або аздараўленне пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў. А асобы, якія суправаджаюць інвалідаў І групы ў санаторыі, забяспечваюцца пуцёўкамі бясплатна пры наяўнасці заключэння УКК дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя аб неабходнасці суправаджэння.

Аднак пералічаныя льготы не распаўсюджваюцца на асоб, інваліднасць якіх наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў, з прычыны алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап'янення, членашкодніцтва.

У 2022 годзе медыцынскую рэабілітацыю з запаўненнем індывідуальнай праграмы медыцынскай рэабілітацыі, абілітацыі пацыента ў стацыянарных і амбулаторных аддзяленнях атрымала больш за 80 000 інвалідаў, у тым ліку дарослых — больш за 60 000. У нашай краіне функцыянуе 331 аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі, з іх 99 стацыянарных аддзяленняў, у якіх 4715 ложкаў. У амбулаторных умовах аказваюць дапамогу ў 232 аддзяленнях медыцынскай рэабілітацыі.

— Чаму існуе менавіта тры групы інваліднасці?

— Гістарычна так склалася. Трохгрупавая класіфікацыя інваліднасці была прынята ў 1932 годзе, у аснову якой лёг «прынцып вызначэння працаздольнасці, зыходзячы з магчымасці для інваліда ў залежнасці ад яго стану здароўя выконваць якую-небудзь прафесійную працу або працу ў сваёй ранейшай прафесіі».

У адпаведнасці з дадзенай класіфікацыяй да І групы адносіліся асобы, якія цалкам страцілі працаздольнасць і маюць патрэбу ў пабочным доглядзе; да ІІ групы — якія страцілі цалкам здольнасць да прафесійнай працы як па сваёй, так і па іншай прафесіі; да ІІІ групы — непрацаздольныя да сістэматычнай працы па сваёй прафесіі ў звычайных умовах працы для гэтай прафесіі, але якія могуць выкарыстоўваць сваю астаткавую працаздольнасць на нерэгулярнай працы, пры скарочаным працоўным дні або ў іншай прафесіі са значным зніжэннем кваліфікацыі.

Цяпер падыходы зусім іншыя і ахопліваюць усю сферу жыццядзейнасці чалавека.

— Вельмі шмат пытанняў узнікае з нагоды працоўнай і непрацоўнай групы інваліднасці...

— Цяпер у нарматыўных прававых актах, якія рэгламентуюць устанаўленне інваліднасці, адсутнічае паняцце працоўнай і непрацоўнай групы. Незалежна ад групы інваліднасці, у пацыентаў ацэньваецца здольнасць да працоўнай дзейнасці і клініка-працоўны прагноз.

Спецыялісты супастаўляюць вынікі медыцынскага агляду пацыента з патрабаваннямі, якія прад'яўляюцца прафесіяй да яго стану здароўя, умовамі і характарам працы пацыента, магчымасцю іх негатыўнага ўплыву на стан здароўя пацыента. Абавязкова ўлічваецца здольнасць пацыента ажыццяўляць працоўную дзейнасць, якая адпавядае яго кваліфікацыі. Па выніках гэтай ацэнкі фарміруюцца працоўныя рэкамендацыі. Не выключана, што ў некаторых выпадках працоўная дзейнасць будзе супрацьпаказана чалавеку.

— Усе людзі розныя: для адных інваліднасць — нібыта вышэйшае дасягненне ў жыцці, іншыя гэты факт не надта афішуюць. У чым памылка тых людзей, якія не паведамляюць наймальніку аб інваліднасці?

— Сапраўды, людзі маюць розныя жыццёвыя арыенціры і каштоўнасці. Трэба разумець: нягледзячы на навукова-тэхнічны прагрэс, сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржавы, жыццё інвалідаў прадаўжае заставацца, на жаль, вельмі складаным. Аднак у многіх з іх ёсць мэта максімальна інтэгравацца ў жыццё грамадства на ўмовах раўнапраўя, і яны не просяць, каб да іх ставіліся з жалем, хоць і маюць патрэбу часам у дапамозе навакольных. Іншыя, наадварот, патрабуюць усебаковай увагі, абароны і дапамогі.

Наймальніку абавязкова трэба ведаць аб наяўнасці інваліднасці ў работніка, таму што ён павінен стварыць для яго адпаведныя ўмовы працы. Пры спрыяльных абставінах чалавек зможа даўжэй быць эканамічна незалежным і сацыяльна адаптаваным. Хаваючы факт інваліднасці, работнік можа прычыніць шкоду свайму здароўю.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.