Вы тут

Губернатар Іван Крупко правёў прыём грамадзян у Гомелі


Па дапамогу да старшыні Гомельскага аблвыканкама звярнулася жыхарка вёскі Раманавічы, што пад Гомелем. Яна паскардзілася на індывідуальнага прадпрымальніка, які ўзяў задатак за добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол магілы сына жанчыны, але работы па дагаворы, па яе словах, так і не выканаў. Цалкам аплаціла заяўніца і неабходныя будматэрыялы.


— Аднойчы патэлефанаваў і сказаў, што на гэтых жа могілках будуць ставіць помнік, і пахаванне абкладуць пліткай, патрэбны яшчэ грошы. Высветлілася, што ў той дзень ніякія работы не выконваліся, а на званкі прадпрымальнік не адказваў, — распавяла жанчына і патлумачыла, што яе звароты ў адміністрацыю раёна, дзе зарэгістраваны індывідуальны прадпрымальнік, у іншыя інстанцыі не дапамаглі вырашыць пытанне.

Падчас прыёму было адзначана, што рашэнне праблемы ўскладняе той факт, што дагавор заяўніца падпісала на выкананне іншых відаў работ.

— Знайсці і прапанаваць прадпрымальніку выканаць работы, за якія атрымаў грошы. Калі не пойдзе насустрач — дапамагчы скласці іск у суд, — даручыў адказным службам Іван Крупко.

На прыём да кіраўніка рэгіёна звярнулася таксама жыхарка Гомеля, якая ў чарговы раз прасіла дапамогі разабрацца з шумам ад работы крамы ў іх доме. Па словах Валянціны Эдуардаўны, з-за таго, што яе кватэра знаходзіцца прама над гандлёвай кропкай, яна вымушана жыць у бесперапынным шуме. У сітуацыі ўжо разбіраліся адказныя службы.

— Па выніках замераў у дзённы і начны час перавышэння шуму не зафіксавана, — адзначыў галоўны санітарны ўрач вобласці Сяргей Белы. Ён пацвердзіў і факт правядзення крамай работы па шумаізаляцыі.

Скаргаў ад іншых жыхароў дома не паступае. Між тым па звароце гамяльчанкі дадатковую праверку цяпер праводзіць пракуратура.

— Аб’яднаць зварот з тым, што паступіў у пракуратуру, і разабрацца, — даручыў губернатар.

На немагчымасць з-за шуму спакойна жыць ва ўласнай кватэры старшыні аблвыканкама паскардзіўся яшчэ адзін заяўнік. Гамяльчанін, які жыве на праспекце Леніна, перакананы, што незаконна праведзеная перапланіроўка ў суседняй кватэры паўплывала на шумаізаляцыю жылля.

— Па сутнасці, я страціў буферную зону, можна сказаць, што жыву з суседзямі ў адной кватэры. Чую ігру на піяніна, крык і бег дзяцей, удары па сценах, — апісаў сітуацыю гамяльчанін.

Парушэнне ў перапланіроўцы ў гарвыканкаме прызналі, таму будзе прынята рашэнне аб аднаўленні жылога памяшкання ў ранейшых аб’ёмах. Дадаткова Іван Крупко даручыў правесці пракурорскую праверку па гэтым звароце.

З просьбай паўплываць на дзеянні прадпрымальніка, які незаконна фарбуе аўтамабілі на вуліцы,звярнуліся жыхары Рагачова.

— Едкі пах фарбы далятае і да нашых участкаў. Мы размаўлялі з суседам, але адзін аднаго не пачулі. Паток машын не спыняецца, — паскардзіліся заяўнікі, якія фіксуюць сітуацыю на відэа.

Як высветлілася, сусед заяўнікоў ужо прыцягваўся да адказнасці за выкананне паслуг без рэгістрацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэты зварот Іван Крупко ўзяў на кантроль. Па даручэнні кіраўніка рэгіёна санслужба, падатковая інспекцыя і праваахоўнікі тэрмінова правядуць сумеснае разбіральніцтва. Як запэўніў губернатар, сітуацыі будзе дадзена кампетэнтная ацэнка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».