Вы тут

Метад памідора


Днямі ўкладвала я сына спаць. Пасля таго як пачыталі кніжку, ён, як звычайна, пачынае скакаць на ложку і гучна смяяцца. Урэшце, маё цярпенне лопаецца, і я павышаю голас. І тут сын выдае: «Мама, а памятаеш, у тваёй кніжцы напісана: «Мамачка, не крычы» (якраз напярэдадні я прынесла з бібліятэкі кнігу з такой назвай). «Ведаю, — кажу, — што крычаць на дзяцей нельга. Але ж ты мяне сам настойліва правакуеш на гэта. Я ўжо пяты раз прашу цябе легчы спаць, а ты не слухаешся. Вось скажы, што мне зрабіць, каб ты супакоіўся?» — «Ведаеш, калі ты на мяне крычыш, у мяне сэрца можа ўпасці і разбіцца. Ты лепш мяне проста абдымі і скажы: «Сымонка, міленькі, давай ужо спаць». І праспявай «Купалінку». — «Ну, давай паспрабуем», — кажу. Раблю тое, што ён сказаў, і вось дык цуд — мой неўтаймоўны, як па ўзмаху чароўнай палачкі, заціхае. «Дзякуй табе, такі дзейсны спосаб прыдумаў, — сказала яму раніцай. — Буду нагадваць табе пра яго штодня. І ты, калі раптам я забудуся і зноў павышу на цябе голас, таксама хуценька скажы слова-пароль «абдыманкі».


Пакуль не ведаю, якія парады даюцца ў кнізе «Мамачка, не крычы», але хачу падзяліцца з вамі яшчэ некалькімі эфектыўнымі метадамі, якія дапамагаюць мне ў штодзённым жыцці.

Пра цудоўную тэхніку «я-паведамленне» мне падчас інтэрв'ю на тэму бацькоўска-дзіцячых адносін распавяла псіхолаг. З таго дня я стараюся прымяняць яе ў дачыненні не толькі да сына, але і да мужа. Замест таго каб абвінаваціць іх у чымсьці і прад'явіць чарговую прэтэнзію, акцэнтуюся на сваіх пачуццях і агучваю іх. Замест «Выключы ты нарэшце музыку!» кажу «Музыка мне замінае сканцэнтравацца», замест «Зноў ты не прыбраў пасля сябе свае інструменты» — «Мне непрыемна, калі ў пакоі вэрхал». «Слухай, калі б ты ведаў, як мне было крыўдна... Я засмучаюся... Я перажываю...» Заўважыла, што як толькі пачала прымяняць у сваім сямейным жыцці тэхніку «я-паведамленне», мы з мужам зусім перасталі сварыцца і яшчэ больш зблізіліся.

Работа займае істотную частку нашага жыцця. Таму, лічу, вельмі важна зрабіць так, каб яна была ў радасць. Дарэчы, я вельмі люблю сустракацца з людзьмі, браць інтэрв'ю. Але калі прыходзіць час здымаць запіс з дыктафона, так захапляюся, што магу прасядзець перад экранам камп'ютара некалькі гадзін запар. У выніку адчуваю боль у вачах, стому ды спустошанасць. Апошнія месяцы па парадзе сяброўкі пачала практыкаваць метад... памідора, прыдуманы італьянцам Франчэска Чырыла. Стаўлю будзільнік (сам Франчэска карыстаўся механічным кухонным таймерам у выглядзе памідора, таму так і назваў сваю тэхніку) на 25 хвілін і працую, не адхіляючыся на званкі і месенджары, затым раблю пяціхвілінны перапынак. І так чатыры заходы. Пасля чацвёртай 25-«хвілінкі» раблю перапынак на паўгадзіны. Такая тэхніка кіравання часам дапамагае не стамляцца, пераключацца, асвяжаць думкі.

Яшчэ адну тэхніку работы ў радасць прыдумала чатырохгадовая дачушка маёй сяброўкі Тані. Яе так і назвалі — «Алісіна клумба». А пачалося ўсё з таго, што дзяўчынка села рабіць маме ў падарунак аплікацыю. «Палянка» яшчэ і напалову не была запоўненая кветкамі, як малеча ўжо стамілася. «Мама, нічога, калі я наклею гэту кветачку і больш не буду?» — сумна ўздыхае Аліса. — «Нічога. Рабі справу, пакуль яна прыносіць табе радасць. А потым адкладай і займайся іншым. Пазней зможаш вярнуцца», — сказала мама і прызналася, што сама здзівілася сваёй мудрасці. На наступны дзень Таня вырашыла прымяніць «Алісіну клумбу» на справе. Напісала спіс задач. І пачала рабіць часткамі, у некалькі падыходаў, пераключаючыся з адных спраў на іншыя. Я таксама не раз заўважала, што змена дзейнасці не толькі засцерагае ад
выгарання, але і ўзнімае эфектыўнасць працы і, што немалаважна, настрой.

Калі здараецца нешта, што нам не падабаецца, можна змяніць сітуацыю альбо (калі першае нерэальна) сваё стаўленне да яе. Мне пашанцавала: я нарадзілася са здольнасцю шукаць штосьці станоўчае ў тым, што зусім не радуе. Калі ў вас няма такой якасці, можна яе развіць, як гэта рабіла дачка святара з кнігі Элінар Портэр. Паліяна марыла аб прыгожай ляльцы. Але ў пасылцы, якая прыйшла ёй з дабрачыннага камітэта, памылкова аказаліся дзіцячыя мыліцы. Дзяўчынка спачатку засмуцілася. Але тата сказаў: «Паліяна, трэба радавацца!» Здавалася б, чаму можна радавацца, калі замест лялькі табе даюць мыліцы? «Радуйся, што яны табе не патрэбныя!» З таго часу Паліяна пачала гуляць у радасць. Правілы вельмі простыя: трэба ва ўсім знаходзіць што-небудзь такое, чаму можна ўсміхнуцца.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».