Вы тут

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!


Усмешка — яе візітоўка, а ўменне ствараць вакол сябе пазітыўную атмасферу і дарыць любоў — якасці з ДНК. Дзякуючы неверагоднай працавітасці ёй скарыўся спартыўны Алімп, а зусім нядаўна і беларускі тэлеэфір. Мая суразмоўніца — спартсменка, грамадскі дзеяч, любячая жонка і мама. Любоў Чаркашына расказала для чытачоў аб спорце, сакрэтах замужжа, выхаванні дзяцей, прыгажосці і здаровых звычках.


Калі плакаць, дык толькі ад шчасця

— У канцы 2022-га Вы адсвяткавалі прыгожую дату — 35 гадоў. Мяркуючы па вашых пастах у сацсетках, яна стала для Вас асаблівай. Чаму?

— Лік «35» у суме дае 8, сімвал бясконцасці, рашучасці, упэўненасці ва ўласных сілах і рашэннях, якія прымаюцца. Менавіта гэты дзень нараджэння аказаўся для мяне нейкім шалёным па ўнутраных перажываннях, думках, асобасным росце. Я злавіла сябе на думцы, што ўвесь дзень правяла, як нацягнутая струна. Менавіта ў гэты дзень усвядоміла: мною ўжо пройдзены немаленькі шлях. І каб рухацца наперад з нейкімі новымі мэтамі і жаданнямі, трэба будзе інакш сябе матываваць. Па-даросламу. І нічога ўжо нельга будзе спісаць на маладосць. Усё, надышла сталасць! У свой дзень нараджэння я зведала самую неверагодную гаму пачуццяў: і смяялася, і плакала. Плакала ад шчасця. Ад таго, што ёсць сям’я, сяброўкі, якія прыехалі павіншаваць мяне. Упершыню ў жыцці я так шмат унутры сябе адчула ў адзін момант.

— З якімі дасягненнямі Вы падышлі да гэтага ўзросту: прафесійнымі і асабістымі?

— За 35 гадоў як прафесіянальны спартсмен я рэалізавалася абсалютна: медалі чэмпіянатаў свету і Еўропы, Кубкаў свету, Гран-пры, медалі Алімпійскіх гульняў. Гэта званне «Заслужаны майстар спорту», ордэн. Гэта адзін з максімумаў прафесіянальнага спартсмена для мяне. Акрамя таго, я ўжо больш за 12 гадоў з’яўляюся членам выканаўчага камітэта НАК. Гэта як тры алімпійскія цыклы пратрымацца. Даволі складаная і адказная работа. А яшчэ я — кіраўнік камісіі «Жанчыны і спорт», якой былі рэалізаваны вельмі цікавыя праекты, і, упэўнена, будуць яшчэ.

— Навошта Вам пры Вашай высокай занятасці і запатрабаванасці яшчэ і грамадская нагрузка?

— Большасці з нас неабходна ў нейкі жыццёвы момант адчуваць сябе патрэбнымі. Гэта гісторыя пра «аддаваць». Аддаваць сваю энергію, час, імя іншым людзям, каб адчуваць сваю неабходнасць. Цяпер для мяне гэта вельмі важна.

— Ёсць у Вашым прафесійным жыцці і трэнерская работа. Наколькі гэта гісторыя пра «аддаваць»?

— Гэта асобная старонка маёй біяграфіі, зусім новы вопыт. Першыя 3-4 гады я ў пошуку свайго стылю глядзела па баках і спрабавала капіраваць тых трэнераў, чыя методыка мне падабалася. Калі ты быў спартсменам, гэта быў адзін погляд і разуменне трэніровачнага працэсу. У пазіцыі трэнера многае аказалася зусім не такім, як бачылася раней. Цяпер, гледзячы на сваіх спартсменаў: як яны мяне чуюць, як рэагуюць, якімі людзьмі сыходзяць пасля спорту, я веру ў тое, што ўсё ж такі знайшла сваю дарогу. Прынамсі, я пра «не нашкодзіць».

— Які Вы трэнер?

— Я патрабавальная. Знайду мільёны прычын, чаму трэба давесці справу да канца. Працавітасць і настойлівасць — гэта, перш за ўсё, МАЕ рысы характару як гімнасткі. Такія якасці я імкнуся выхоўваць і ў маіх падапечных. Вядома, патрабуючы дасягнення пастаўленых мэт, я заўсёды ўлічваю мяжу маіх вучаніц на сённяшні дзень. Трэба ўмець своечасова спыніцца. Пры ўсёй маёй патрабавальнасці люблю пажартаваць, узняць настрой. У маіх сілах на трэніроўках стварыць тую асаблівую, «маю» атмасферу, па якой дзяўчынкі вельмі сумуюць, калі я еду ў камандзіроўкі. Пазітыўны настрой — вельмі важна незалежна ад роду дзейнасці.

— Тэлебачанне — гісторыя далёкая ад спорту, калі не сказаць дыяметральна супрацьлеглая. Як яно здарылася ў вашым жыцці?

— Мне прапанавалі, і я вырашыла паспрабаваць, як кажуць, выпрабаваць сябе на «слабо». У нейкі момант я падумала: «А што, калі ўсё, што я ўмею, круціцца вакол гімнастыкі? І я буду займацца гэтым яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў?» Мне стала страшна. Захацелася паспрабаваць штосьці новае, але абавязкова не на шкоду маёй базавай прафесіі.

Да журналістыкі ў мяне заўсёды было цёплае стаўленне. Я вельмі часта давала інтэрв’ю, і ў цэлым з усімі журналістамі ў мяне заўжды ўсё складвалася добра. Паміж тэлебачаннем і мастацкай гімнастыкай, на мой погляд, можна правесці паралель. Там я выходзіла і выступала, і ў кадры я раблю тое ж самае, праўда, у новай для сябе якасці — тэлевядучай.

— Дзякуючы спартыўным дасягненням Вы самі — брэнд. Ці лёгка далося новае амплуа?

— Нялёгка, скажу адразу. Планка занадта высокая. Я не магла падвесці саму сябе. Калі мы бачым карцінку з боку, здаецца, што ўсё проста. Але не, тэлебачанні  — гэта работа цэлай каманды прафесіяналаў, якой ты абавязаны адпавядаць. Я вучылася правільна дыхаць, рабіла зарадку, кожную раніцу праводзіла артыкуляцыйную гімнастыку, каб пачала працаваць міміка. Дзякуючы гэтым заняткам я зноў адчула сябе вучаніцай. Перш чым «сесці ў кадр», прыйшлося вельмі шмат папрацаваць. Я вельмі ўдзячная Таццяне Вячаславаўне Рудакоўскай, якая ўклала ў мяне шмат сіл, энергіі і ведаў.

— Колькі спатрэбілася часу, каб пачуць: «Любоў, Вы стаіце ў раскладзе»?

— Каля паўгода. Першы выхад праграмы «Суботняя раніца» адбыўся 3 сакавіка 2022 года ў дзень нараджэння майго сына. Як бачыце, гэты дзень аказаўся для мяне незабыўным! І хутка ўжо год, як я працую ў эфіры. Мне вельмі падабаецца фармат праграмы. Да мяне ў студыю прыходзяць госці з абсалютна розных сфер, і гэта так здорава! Дзякуючы ім, я кожны раз прымушаю сябе пашыраць свае веды і кругагляд. Прайшоўшы невялікі, але ўсё-такі свой шлях, цяпер я гляджу на тэлебачанне зусім іншымі вачыма.

Мы самі творцы сваіх гісторый

— Для збалансаванасці жыцця асабісты бок таксама не павінен «правісаць». Што важна для Вас як для жанчыны?

— Да асабістых дасягненняў я стаўлюся вельмі спакойна. У мяне ніколі не было мэты ўдала выйсці замуж. Усё атрымалася само сабой. І ў гэтым, безумоўна, заслуга таго выхавання, якое я атрымала ў дзяцінстве. У 2024-м будзе ўжо 15 гадоў, як я знаходжуся ў шлюбе. Для тых, хто чуе аб гэтым упершыню, гэта становіцца поўнай нечаканасцю.

— 14 гадоў — вялікі перыяд! Як лічыце, ці лёгка жыць з гімнасткай?

— Гэта пытанне хутчэй не да мяне, а да майго мужа. Немалаважную ролю ў нашых адносінах адыграла тое, што мой муж таксама спартсмен. Ён заўсёды разумеў тое, чым я займаюся, і што мяне важна падтрымліваць у маёй прафесіі, асабліва калі я паказваю высокія вынікі. Калі Віця пайшоў з футбола, я дала яму магчымасць і час пашукаць сябе ў сферах, не звязаных са спортам. Шанцуе, калі ты знаходзіш чалавека, які гатовы цябе прымаць і разумець. За гады нашага шлюбу мы разам сталелі, у пэўныя моманты жыцця падстаўлялі адно аднаму плячо і забяспечвалі фінансавы складнік нашай сям’і.

Цалкам інтэрв’ю чытайце ў лютаўскім нумары часопіса «Алеся».

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота Нацыянальнага Алімпійскага камітэта і з асабістага архіва Любові Чаркашынай

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.