Вы тут

Цікавы вопыт і праверка на трываласць


У ліпені 2020 года пачаў работу Маладзёжны савет (парламент) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, які з'яўляецца кансультатыўна-дарадчым органам і ажыццяўляе сваю дзейнасць на грамадскіх пачатках. Мэтай Маладзёжнага парламента з'яўляецца садзейнічанне дзейнасці Нацыянальнага сходу ў галіне заканадаўчага рэгулявання правоў і законных інтарэсаў моладзі. З таго часу прайшло больш як два гады, у жніўні 2022 года было сфарміравана другое скліканне парламента.

Работу Маладзёжнага савета сёння каардынуюць 10 камісій, яны супрацоўнічаюць з профільнымі камісіямі абедзвюх палат парламента. Мы пагутарылі са старшынёй камісіі па пытаннях культуры і міжнацыянальных адносін Станіславам ПАЗЮКОМ аб уключэнні моладзі на месцах у грамадскае жыццё і ролі Маладзёжнага парламента ў краіне.


— Станіслаў Сяргеевіч, вы ўзначальваеце камісію ўсяго паўгода. Як успрынялі навіну аб вылучэнні вашай кандыдатуры ад Віцебскага раённага Савета дэпутатаў?

— Вядома, гэта вялікі гонар, бо ад кожнага раёна і горада абласнога падпарадкавання (акрамя Мінска) у склад другога склікання ўвайшло ўсяго па адным прадстаўніку. Адразу ўсвядоміў высокую адказнасць і давер з боку мясцовых органаў улады, які мы з членамі камісіі стараемся апраўдваць у яркіх праектах і буйных мерапрыемствах.

— Старшынёй камісіі па справах культуры вас абралі невыпадкова — вы з'яўляецеся намеснікам дырэктара Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці. Як атрымліваецца сумяшчаць работу, якая па сутнасці не абмяжоўваецца працоўным днём і не характарызуецца спакоем, з удзелам у Маладзёжным парламенце?

— Няпроста, але атрымліваецца. Са 138 дэлегатаў другога склікання — толькі двое студэнтаў. Такім чынам, практычна ўсе мае калегі займаюць кіруючыя пасады на месцах і сумяшчаюць асноўную работу з парламенцкай. Варта адзначыць, што раёны дэлегавалі самых дастойных кандыдатаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, таму цяпер у рамках работы камісій ніякіх праблем няма.

— Якую ролю іграе парламент ва ўключэнні моладзі ў грамадскае жыццё?

— З улікам таго, што гэта новая форма работы, якой усяго два гады, да канца ўнутраная сістэма маладзёжнага органа не адладжана. Нягледзячы на гэта, ужо можна назіраць зацікаўленасць падрастаючага пакалення ў сур'ёзным удзеле ў жыцці краіны ў рамках праекта «Адзіны парламенцкі дзень» ва ўстановах адукацыі, мэтай якога з'яўляецца знаёмства з дзейнасцю МПНС, фарміраванне прававой культуры ў маладых людзей. Сёння існуе мноства маладзёжных саюзаў і арганізацый, дзе можна рэалізаваць свой інтэлектуальны і творчы патэнцыял, а калі тыя ж навыкі і ўменні можна прымяніць з карысцю для грамадства ў рамках Маладзёжнага парламента — гэта істотна матывуе падрастаючае пакаленне фарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю і адчуваць прамы ўдзел у дзяржаўных працэсах.

— Раскажыце аб праведзенай рабоце за мінулы год і планах на 2023-і.

— Члены камісіі прынялі ўдзел у 55 мерапрыемствах, правялі — 45. Камісія ў сваёй рабоце абапіраецца на пытанні адстойвання нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, звязаных з захаваннем гістарычнай памяці, папярэджаннем спроб фальсіфікацыі гістарычных фактаў, а таксама з развіццём асветніцкай дзейнасці ў галіне культуры і мастацтва. Я рэгулярна прымаю ўдзел у цырымоніях перапахавання астанкаў савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, апошняе мерапрыемства прайшло ў Віцебскім раёне. У рамках яго падрыхтоўкі з намеснікам старшыні Маладзёжнага парламента пры Дзяржаўнай Думе Расіі Аленай Яракінай мы арганізавалі сустрэчу «Аб культурным узаемадзеянні членаў Маладзёжных парламентаў Саюзнай дзяржавы». Да самага маладога дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства — члены камісіі правялі лёгкаатлетычныя забегі, гала-канцэрт «Адзін народ, адна Радзіма», узялі ўдзел у аўтапрабегу «За Беларусь!». Чатыры члены камісіі ўзялі ўдзел у патрыятычным форуме «Гэта НАША гісторыя!», пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мішчанкі рэалізуецца праект-выстава «Гераічны летапіс Крычаўшчыны». У кастрычніку 2022 года Бажэна Ярэміч узяла ўдзел у добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Вядома, члены Маладзёжнага парламента не абыходзяць бокам рэспубліканскія акцыі «Нашы дзеці», «Ад усёй душы», «Збяром партфель першакласніку!». Важным кірункам работы з'яўляецца ўдзел у прамых тэлефонных лініях і выязных прыёмах, якія праводзяцца дэпутатамі і членамі Савета Рэспублікі — за паўгода мы прынялі ўдзел у трох прамых лініях і пяці прыёмах грамадзян.

Калі гаварыць пра планы на бягучы год, то ў лютым запускаецца новы сацыякультурны праект «Знакамітыя людзі суверэннай Беларусі», у сакавіку—ліпені адбудзецца цырымонія ўзнагароджання «Чалавек года Віцебшчыны», абласны фестываль вулічнага мастацтва «Волаты Прыдзвіння», Дзень моладзі на «Славянскім базары ў Віцебску». На стадыі падрыхтоўкі знаходзіцца цікавы праект «Школа маладога палітыка», які будзе рэалізаваны ва ўстановах адукацыі; мы прымаем удзел і ў падрыхтоўцы 30-га юбілейнага Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў верасні ў Гарадку. Члены камісіі па пытаннях культуры працуюць над напісаннем гімна Года міру і стварэння.

Нашы ініцыятывы знаходзяць важкую падтрымку ў Савеце Рэспублікі, некаторыя з праектаў фінансуюцца. А мы ў сваю чаргу аналізуем запыты маладых людзей, сінтэзуем іх з сучаснымі тэндэнцыямі і нашым творчым патэнцыялам.

— Што для вас значыць работа ў Маладзёжным парламенце?

— Вялікая адказнасць і магчымасць папулярызацыі і прасоўвання дастойных культурных праектаў паўночнага рэгіёна на рэспубліканскай і міжнароднай арэне. Гэта цікавы вопыт і праверка на трываласць, а яшчэ — вялікі сацыяльны ліфт, таму што пасля работы на такім высокім узроўні перад табой адкрываюцца новыя перспектывы.

Гутарыла Аляксандра ГВОЗДЗЕВА


У тэму

Парламенцкія аб'яднанні моладзі рэгіянальнага ўзроўню існуюць у Беларусі больш за 10 гадоў. Першай у 2007 годзе была створана маладзёжная палата пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў. На сёння аналагічных структур у розных гарадах краіны каля 60. Стварэнне Маладзёжнага рэспубліканскага парламента стала лагічным працягам. Ініцыятыва зыходзіла ад прадстаўнікоў новага пакалення. У 2017 годзе на сустрэчы з навучэнцамі «Моладзь. Погляд у будучыню» пра яе расказалі Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Кіраўнік дзяржавы ідэю падтрымаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».