Вы тут

Яны ахвяравалі дзяцінствам дзеля баскетбола


Міжнародны бан і палітычныя інтрыгі, ад якіх апошні час ліхаманіць вялікі спорт, не перашкаджаюць развіццю спартыўнага рэзерву. Крызіс калісьці скончыцца, і трэба сустрэць гэты час моцнымі і падрыхтаванымі. Юныя баскетбалісты прынялі ўдзел у паўфінале межрэгіянальнага турніру па баскетболе «Кубак Фенікса» сярод каманд юнакоў 2008 года нараджэння. Нашу краіну прадстаўляла юнацкая зборная 2009 года нараджэння, гульцы якой вучацца ў Рэспубліканскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву (РДВАР). Спецыяльна для набыцця гульнявой практыкі трэнерскі штаб заявіў каманду ў старшую ўзроставую групу. Спецыялісты ўпэўнены, што гэта пойдзе на карысць юным гульцам, у канкурэнцыі з больш дарослымі і вопытнымі сапернікамі павышаецца спартыўнае майстэрства. Для юнакоў сёння гэта самае галоўнае. У паўфінале турніру беларусы занялі чацвёртае месца. Аднак гэта не нагода для суму. «Кубак Фенікса» — той самы выпадак, калі галоўнае не перамога, а ўдзел.


Адкрыты міжрэгіянальны турнір па баскетболе «Кубак Фенікса» праводзіцца сярод юнакоў і дзяўчат ва ўзроставых катэгорыях ад 10 да 14 гадоў. У спаборніцтвах удзельнічаюць 180 каманд з 38 гарадоў Расіі і Беларусі. «На першы погляд, беларуская і расійская школа баскетбола падобныя. Але ўсё ж такі ў расійскіх каманд ёсць свае асаблівасці і падыходы. І нашым камандам будзе карысна пра гэта даведацца. Гэтыя баскетбалісты ў будучыні ўвойдуць у склад нацыянальных зборных, і вельмі важна, каб у іх было як мага больш спаборніцкай практыкі», — адзначыла генеральны сакратар — выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна.

У спорце, як і ў жыцці, вучацца на сваіх памылках. Таму маладым гульцам часам карысна і памыліцца. Адмоўны вопыт — таксама вопыт. І такія турніры, як «Кубак Фенікса», дазваляюць набыць патрэбныя веды і навыкі.

«Наша мэта — падрыхтоўка рэзерву для нацыянальнай каманды. Мы працуем над развіццём індывідуальнай тэхнікі і індывідуальнай тактыкі. Індывідуальная тэхніка — тое, што яны ўмеюць рабіць з мячом, а індывідуальная тактыка — разуменне гульні. Вельмі важна не ўпусціць спартсмена ў 13-14 гадоў. У гэтым узросце яны праходзяць вельмі сур'ёзную школу падрыхтоўкі, прывыкаюць да дысцыпліны. Пачынаюць задумвацца над будучыняй, разумеюць ці хочуць рэалізаваць сябе як спартсмены альбо лепей абраць нешта іншае. Але, на шчасце, усе, хто сабраны ў гэтай камандзе, мараць аб высокім, ставяць вялікія мэты і ідуць да іх кожны дзень», — адзначае Аляксей Сяленя, старшы трэнер мужчынскай каманды па баскетболе U-14. Па словах трэнера, каляндар у каманды насычаны, гульнявой практыкі хапае: «У нашай краіне шмат каманд старэйшага ўзросту, з якімі мы можам сапернічаць. Так, мы не заўсёды іх перамагаем, але галоўнае — атрымаць гульнявы досвед. Хлопцам карысна праводзіць матчы, дзе яны могуць саступіць дваццаць балаў і ўбачыць свае слабыя бакі. Патрэбныя матчы, дзе яны выйграваюць два балы, каб убачылі, што такое барацьба да апошняга. Таму «Кубак Фенікса» для нас — выдатная магчымасць атрымаць гульнявую практыку, сустрэцца з камандамі з добрай падрыхтоўкай. Хлопцам вельмі карысна ўбачыць розныя школы падрыхтоўкі. У нас, напрыклад, не прынята гуляць зонавныя абароны, мы гуляем асабіста і ўсё прыкладна адно і тое ж у абароне. А, сустракаючыся з рознымі камандамі, бачыш разнастайнасць трэнерскай думкі ў абароне і нападзенні. Сёння гуляеш супраць асабістай абароны, заўтра — супраць зонавай абароны, потым гуляеш супраць зонавага прэсінгу — і ўсяму вучышся», — дзеліцца Аляксей Сяленя.

Алімпійская кроў

Сваю каманду трэнер называе ўнікальнай. Нягледзячы на юны ўзрост, хлопцы паводзяць сябе як дарослыя, адказныя спартсмены. Прыклад усёй камандзе задае капітан Сямён Гураль. «Графік у каманды сур'ёзны: па дзве трэніроўкі на дзень, яшчэ трэба вучыцца ў школе. Але кожны хлопец разумее, дзеля чаго гэта трэба. Яны ўсе з'ехалі з дому, ахвяравалі сваім дзяцінствам, адмовіліся ад гурткоў, дзіцячых забавак. Нягледзячы на ўзрост, гэта дарослыя людзі», — расказвае ён.

Разыначка каманды U-14 і ў тым, што ў ёй прысутнічае алімпійская кроў. Іван Багдановіч — сын алімпійскага чэмпіёна 2008 года па веславанні на байдарках і каноэ Аляксандра Багдановіча. Аляксей Сяленя адзначае, што Багдановіч-малодшы — фізічна моцны хлопец з характарам пераможцы. Захар Барбашынскі — малодшы сын алімпійскага чэмпіёна 1992 года, гандбаліста Андрэя Барбашынскага. Цікава, што калісьці баскетбольную будучыню прадракалі і самому Андрэю Барбашынскаму, але перамог гандбол. А вось нашчадак, па словах Андрэя Станіслававіча, цвёрда і ўпэўнена абраў баскетбол. «Усе гавораць, што мы з Захарам копія адзін аднаго. Спецыялісты адзначаюць, што ён добра арыентуецца на пляцоўцы. Ім усім сёння не хапае магутнасці, агульнай фізічнай падрыхтоўкі, але гэта можна выправіць. Самае галоўнае, што ў Захара ёсць мэта, мэтанакіраванасць, жаданне — дзякуй генам. У мяне ў яго ўзросце таксама была мэта і жаданне дасягнуць яе. Захар уважліва ставіцца да заняткаў спортам, не сачкуе, трэніруецца па два разы на дзень. Жадання ў яго не адабраць, і мы як бацькі гэта толькі падтрымліваем», — дзеліцца Андрэй Барбашынскі. Алімпійскі чэмпіён падкрэсліў, што зараз у хлопцаў адказны ўзрост — ім трэба пацвердзіць сваё ўменне і жаданне займацца спортам, максімальна праявіць сябе. Гэта няпроста. Але ж ніхто не гарантаваў, што ў вучылішчы алімпійскага рэзерву будзе лёгка. Андрэй Барбашынскі ведае гэта як ніхто іншы, таму і ўсяляк падтрымлівае сына.

Па выніках першага тура «Кубка Фенікса» найлепшым гульцом РДВУАР быў прызнаны Яраслаў Гесць, малодшага брат «галоўнага чэмпіёна беларускага баскетбола» Рамана Гесця. Раман таксама вучыўся ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, выступаў за клуб «Мінск», абараняў гонар краіны на чэмпіянатах Еўропы. А ў мінулым годзе перамог страшную хваробу і вярнуўся ў родны клуб у якасці трэнера. «Думаю, у Яраслава ёсць будучыня ў баскетболе. Калі яму пашанцуе і ён вырасце хаця б 195 сантыметраў, будзе выдатны гулец для зборнай Беларусі. Ён фанацее ад баскетбола, як і я. Мне падабаецца, як брат працуе, ён выкладваецца на максімум. Апроч трэніровак, пастаянна глядзіць розныя матчы, ролікі — актыўна цікавіцца баскетболам. Мне падабаецца такі падыход», — дзеліцца Раман.

Няхай «Кубак Фенікса» не сабраў на трыбунах тысяч аматараў. Але няма суменняў, што юныя баскетбалісты яшчэ будуць выступаць перад поўнымі трыбунамі. А пакуль яны крок за крокам, турнір за турнірам ідуць да гэтага. І самае галоўнае для іх — вера і падтрымка. Наперад, хлопцы!

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Беларуская федэрацыя баскетбола

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».