Прэмія Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» клубу вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС была прысуджана за актыўную дзейнасць па ваенна-патрыятычным выхаванні падлеткаў. Усяго ў падраздзяленнях Міністэрства ўнутраных спраў створана 17 ваенна-патрыятычных клубаў, якія функцыянуюць на тэрыторыі злучэнняў і воінскіх часцей. Школьнікі — як хлопчыкі, так і дзяўчынкі — з нецярпеннем чакаюць тых дзён, калі яны могуць апрануць выдадзеную ім у клубе воінскую форму і пераступіць парог школы мужнасці і патрыятызму.
У кастрычніку 2021 года, калі ва ўнутраных войсках быў створаны першы ваенна-патрыятычны клуб «Рысь», у ім налічвалася каля 80 дзяцей з Першамайскага раёна Мінска. Цяпер клуб-першапраходзец наведваюць больш як 160 хлопчыкаў і дзяўчынак. Самаму малодшаму выхаванцу — 9 гадоў, старэйшаму — 17. У клубе займаюцца дзеці з усіх раёнаў Мінска, прыводзяць сюды сваіх нашчадкаў і жыхары прысталічча.
Заняткі ў ваенна-патрыятычным клубе «Рысь» праходзяць амаль штодзень. Для кожнай групы — двойчы на тыдзень. Па дзве гадзіны — у будны дзень, па чатыры — у нядзелю. Праграма настолькі разнайстайная, што сумаваць школьнікам не даводзіцца. Падчас цыкла прадметаў «Я і мая Айчына» яны больш глыбока вывучаюць гісторыю Беларусі, асаблівая ўвага выхаванцаў скіравана на перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці з цікавасцю засвойваюць агнявую, страявую, медыцынскую і агульнафізічную падрыхтоўку, рукапашны бой, ваенную тапаграфію, асновы бяспечнай жыццядзейнасці.
— У залежнасці ад пары года, мясцовасці звяртаем увагу выхаванцаў і на правілы паводзін у розных сітуацыях, — адзначае кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь» маёр Руслан ШЫГ. — Дапусцім, у перыяд лёдаставу папярэджваем дзяцей аб адпаведных правілах бяспекі на лёдзе, тлумачым, як аказваць першую дапамогу пацярпеламу. Летам вывучаем небяспечныя расліны і грыбы, трэніруемся арыентавацца ў лесе на выпадак, калі чалавек заблукаў.
За партай у выхаванцаў ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь» праходзіць каля 10% заняткаў. Асноўная частка навучальнага працэсу адбываецца ў спартыўных залах і страявых пляцоўках, у ціры і з выездам на мясцовасць. Урокі гісторыі, як правіла, праводзяцца на тэрыторыі сучасных мемарыяльных комплексаў. Не застаюцца ўбаку школьнікі і ад удзелу ў рэспубліканскіх акцыях і грамадскіх праектах. У прыватнасці, свой уклад выхаванцы клуба ўнеслі і ў рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу «Хатынь».
Падчас канікулаў у дзяцей яшчэ больш разнастайная праграма. У суправаджэнні сваіх кіраўнікоў «рысяняты» маюць магчымасць на свае вочы ўбачыць многія гістарычныя мясціны краіны. Апошняя паездка, ад якой выхаванцы клуба дагэтуль пад уражаннем, была ў Брэсцкую крэпасць. Запомнілася дзецям не толькі экскурсія па гэтым святым для кожнага беларуса месцы, а і тое, што яны начавалі ў воінскай часці — а значыць, ненадоўга адчулі сябе ў ролі салдата.
Руслан Шыг нагадаў: ідэйным натхняльнікам стварэння ваенна-патрыятычнага клуба стаў кіраўнік дзяржавы, які падчас аднаго са сваіх выступленняў перад журналістамі звярнуў асаблівую ўвагу на работу з моладдзю. Дзякуючы міністру унутраных спраў Івану Кубракову гэтая задумка была рэалізаваная.
Большасць выхаванцаў клуба жадае стаць у далейшым вайскоўцамі. «Мы, у сваю чаргу, дзяцей накіроўваем, азнаямляем, арыентуем, прафілюем, аднак ціску на тое, каб яны ў будучыні абралі афіцэрскі шлях, няма, — заўважае камандзір ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь». — Як неаднаразова казаў камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, мэта ваенна-патрыятычных клубаў — выхаванне паўнавартаснага грамадзяніна, які ведае свае правы, абавязкі і прыносіць карысць грамадству, якую б прафесію ён не абраў».
Ваенна-патрыятычная работа на базе злучэння не ўзнікла раптоўна. Цікавасць дзяцей да жыцця воінскай часці 3214 заўсёды была вельмі высокай. З пачатку 2000-х гадоў у перыяд школьных канікулаў на яе тэрыторыі функцыянавалі ваенна-патрыятычныя лагеры. Кожны раз быў поўны аншлаг. Месцаў у лагеры не хапала, а колькасць ахвотнікаў пазнаёміцца з укладам воінскай часці толькі расла, таму меркавалася, што ваенна-патрыятычныя клубы будуць запатрабаваныя ў школьнікаў. І не прагадалі. У гэтым карэспандэнты «Звязды» пераканаліся асабіста.
Вадзім Рагачэўскі ў клубе з першага дня яго існавання. Кажа, што прыйшоў сюды з цікавасці. Цяпер жа не ўяўляе свайго тыдня без заняткаў у «Рысі». Дзевяцікласнік адной з мінскіх школ прызнаецца, што за амаль за паўтара года наведвання клуба, за выключэннем тых дзён, калі хварэў, не прапусціў ніводнага занятку. «Мой бацька — участковы інспектар міліцыі, — з гонарам расказвае юнак. — Гледзячы на яго, таксама вырашыў звязаць сваё жыццё з міліцыяй і абараняць людзей. Я ў гэтым асяроддзі расту, таму прафесія мне будзе блізкай. Планую паступаць на факультэт унутраных войскаў Ваеннай акадэміі і ў выніку служыць ва ўнутраных войсках». Вадзім адзначае, што кожны дзень у клубе не падобны на папярэдні. «Тут ніколі не сумна, — заўважае ён. — Завёў шмат сяброў, займаюся справай, якая мне па душы, — фехтаваннем».
Сярод тых, хто наведвае «Рысь», нямала дзяўчат. Выхавацелі ваенна-патрыятычнага клуба адзначаюць, што прыходзяць яны сюды мэтанакіравана. Як і хлопцы, дзяўчаты разглядаюць клуб як плацдарм для далейшага паступлення ў вышэйшую ваенную навучальную ўстанову.
Знаёмімся з трыма прыгажунямі ў форме колеру хакі. Лізавета Буцэвіцкая марыць стаць ваенным псіхолагам. Дзеля дасягнення сваёй мэты прыйшла ў ваенна-патрыятычны клуб тады, калі ён толькі ствараўся. Паліна Ганчарык наведвае клуб з верасня. Прызнаецца, што больш за ўсё ёй падабаюцца ўрокі стральбы. Паступаць плануе ў Спецыялізаваны ліцэй МУС. Лічыць, у тым, што дзяўчына носіць ваенную форму, умее валодаць зброяй і маршыруе не горш за мужчын, няма нічога дзіўнага. І па прыклад ёй далёка хадзіць не трэба: мама служыць у міліцыі. Яшчэ больш матывуе і ваенная біяграфія дзядулі — кадравага афіцэра. Карына Румянцава прыйшла ў «Рысь» па парадзе бацькі, які ў свой час праходзіў у 3214 часці воінскую службу. «Я з самага дзяцінства цікаўлюся ваеннай тэмай, — прызнаецца дзяўчына. — Не аднойчы бацька браў з сабой на палігон. Больш за ўсё ў клубе мне падабаецца займацца страявой і агнявой падрыхтоўкай».
— Бацькі выхаванцаў клуба адзначаюць, што іх дзеці сталі больш дысцыплінаваныя, павысілася іх паспяховасць у школе, — звяртае ўвагу Руслан Шыг. — З кастрычніка 2021 года мы вядзём маніторынг, і, сапраўды, у нас няма дзяцей, якія сталі горш вучыцца. Клуб стаў своеасаблівым стымулам атрымліваць добрыя адзнакі ў школе. Мы пастаянна знаходзімся на сувязі з бацькамі, заўсёды адкрытыя для прапаноў і аператыўна на іх рэагуем.
Дар'я Стральчонак у клубе ўсяго другі занятак. Адзінаццацікласніца адной з мінскіх школ пра клуб даведалася ад дзяцей, якія наведваюць яго ўжо працяглы час. Дзяўчына плануе паступаць у ВНУ сілавога профілю. А каб паспяхова здаць уступныя экзамены, варта многаму яшчэ навучыцца — у гэтым, пераканана Даша, ёй дапамогуць настаўнікі клуба.
Са студзеня кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ № 2, якім зацвярджаецца новая рэдакцыя Правілаў прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі. Сярод тых, хто па-за конкурсам будзе залічвацца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, а таксама на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, — і выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў.
— Ваенна-патрыятычныя клубы становяцца прышчэпкай ад страху перад арміяй, — перакананы Руслан Шыг. — Па фільмах, якія не нясуць жыццёвай праўды, нельга меркаваць аб службе. У клубе ў школьнікаў ёсць магчымасць паназіраць за вайскоўцамі. Так ці інакш яны сутыкаюцца з аб'ектыўнай інфармацыяй, ведаюць, што адбываецца ў падраздзяленнях, маюць зносіны з салдатамі. І, як бачым, жаданне ў маладых людзей наведваць ваенна-патрыятычны клуб, а ў выніку звязаць сваё жыццё са службай, толькі ўзрастае.
Пазнаёміліся карэспандэнты «Звязды» і з чатырохлапымі выхаванцамі-сімваламі не толькі ваенна-патрыятычнага клуба, а ўвогуле вайсковай часці 3214. Рысі на тэрыторыі падраздзялення жывуць ужо не адзін год. Цяперашнія гадаванцы — Фенікс і Фіёна — чацвёрты і трэці год адпаведна. На пастаяннае месца жыхарства на тэрыторыю вайсковай часці жывёлы «пераехалі» не з дзікай прыроды, а са спецыяльных гадавальнікаў. Да прыезду незвычайных «жыхароў» тут рыхтаваліся: вывучалі ўмовы пражывання іх у заапарку і стварылі аналагічны вальер. Патрэбныя вітаміны і харчаванне рысі атрымліваюць у поўным аб'ёме.
Догляд жывёл ажыццяўляе стралок-гранатамётчык Роты ганаровай варты воінскай часці 3214 Дзяніс Еспянка. Каб знайсці агульную мову з рысямі, салдату тэрміновай службы спатрэбілася два тыдні. «Нягледзячы на тое, што Фенікс і Фіёна ні дня не правялі ў дзікай прыродзе, інстынкт драпежніка нікуды не дзеўся, — расказвае Дзяніс. — Насцярожваюцца, калі нехта чужы заходзіць у вальер. Незадаволена сябе паводзяць, калі дзеці праяўляюць да іх цікавасць. Прасцей знайсці агульную мову з Фіёнай».
Як высветлілася, практычна ўвесь дзень рысі спяць — рэдка калі днём іх убачыш актыўнымі. Таму тое, што жывёлы выйшлі са сваіх домікаў акурат тады, калі да іх у вальер завітала фотакарэспандэнт «Звязды», лічаць ваеннаслужачыя, вельмі добры знак праяўлення добразычлівасці да сваіх гасцей — такой, якую ў ваенна-патрыятычным клубе «Рысь» выказваюць да кожнага навічка, які марыць прысвяціць сваё жыццё служэнню Айчыне.
Вераніка КАНЮТА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Урокі гісторыі на мове віртуальнай рэальнасці.
Гутарым з намеснікам старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталляй Мурашка.