Вы тут

Самота дрэва, сон дарогі. Адкрылася выстава да 65-годдзя Валерыя Шкарубы


«Смутак», «Непазбежнасць», «Прымірэнне», «Дотык», «Напружанне»... Назвы карцін, у якіх дасканала перадаюцца названыя эмоцыі праз звычайны беларускі пейзаж. Заснежаная дарога, на якой яшчэ ні следу, восеньскі лес з полымем лістоты і вугальнымі росчыркамі галля, густое кустоўе, круты паварот ракі, стары драўляны плот, пад якім туляцца сціплыя кветкі... Мастак Валерый Шкаруба ўмеў убачыць у звыклых дэталях вечныя сімвалы, ператварыць пейзаж у паэтычны вобраз і нават філасофскі трактат... Рэтраспектыўная выстава «Валерый Шкаруба. In Memoriam», якая адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, прысвечана памяці і 65-годдзю з дня нараджэння мастака. Больш за паўсотні твораў дазваляюць пабыць у заварожваючай мастакоўскай версіі сусвету.


Лілія Ананіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, падчас адкрыцця выставы падзялілася сваімі ўспамінамі пра Валерыя Шкарубу, свайго земляка. На яе думку, яго велічныя, сціплыя і глыбокія пейзажы, творы вялікага майстра, зразумелыя і блізкія ўсім, і напоўненыя любоўю да Беларусі.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык распавёў пра міжнародны поспех Валерыя Шкарубы, перад якім былі адкрытыя самыя славутыя музеі свету. Алена Капыток, дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х.Каладзеева, дзе дзейнічае персанальная карцінная галерэя Валерыя Шкарубы, згадала, што мастак шчодра дарыў свае карціны ўстановам роднага горада — каб імі маглі любавацца землякі. Дачка Валерыя Шкарубы, мастачка Вольга Шкаруба, распавяла, як бацька вучыў яе ў кожнай працы выкладвацца на мяжы магчымага. А яшчэ ўмеў шчыра, па-сапраўднаму радавацца чужому поспеху. Яго адкрытае сэрца рабіла яго адначасова і моцным, і датклівым.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў прадэманстраваў новы мастацкі альбом з серыі, які прадстаўляе славутых мастакоў Беларусі — выданне пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь» і прысвечана Валерыю Шкарубу.

Выстава зладжана ў той галерэі музея, дзе пры жыцці найбольш любіў выстаўляцца Валерый Шкаруба — гэта адкрытая прастора на другім паверсе, якую наведвальнікі часам называюць «на балконе», а супрацоўнікі музея завуць «галерэяй з калонамі». Добрае месца, напоўненае святлом, якое гарманічна зліваецца са святлом ад чароўных пейзажаў. Выстава прадоўжыцца да 26 сакавіка.

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.