Вы тут

«Цырк» у Давосе. Чаму глабальны форум пераўтварыўся ў пасмешышча?


Амерыканскі мільярдэр, заснавальнік SpaceX і Tesla Ілан Маск падвёў вынікі сусветнага эканамічнага форуму, які прайшоў у Давосе. Прадпрымальніку для гэтага спатрэбіўся толькі адзін сімвал. «Гэта можна рэзюмаваць адным смайлікам», — напісаў ён у сваім «Твітэры» і дадаў да свайго поста эмадзі з чалавекам, які спіць. Такім чынам адзін з найбагацейшых людзей планеты адрэагаваў на твіт сузаснавальніка кампаніі NFTech Марыа Наўфаля, які пералічыў усе, па яго меркаванні, ключавыя падзеі мерапрыемства. Раней Маск арганізаваў у сацсетцы апытанне, у якім карыстальнікам прапаноўвалася ацаніць, ці павінны сусветны эканамічны форум кантраляваць свет. Абсалютная большасць тых, хто прагаласаваў (амаль 90 працэнтаў), не пагадзіліся з такой ідэяй. Чаму Давоскі форум пераўтварыўся ў пасмешышча?


Кірмаш фанабэрлівых

Адметна, што апытанні, якія традыцыйна рыхтуюцца напярэдадні форуму, сёлета аказаліся змрочнымі. 73 працэнты з больш за чатыры тысячы прадстаўнікоў бізнесу, апытаных PwC у кастрычніку—лістападзе мінулага года, чакаюць запаволення сусветнага росту ў наступныя 12 месяцаў. Гэта найгоршы вынік у гісторыі, зарэгістраваны аналітыкамі з 2011-га. Больш за тое, 2/3 эканамістаў чакаюць рэцэсіі ў 2023-м.

Эканаміст Нурыэль Рубіні, які прадказаў крызіс 2008 года, у калонцы для The Guardіan таксама звярнуўся да «давоскіх эліт» з папярэджаннем. На яго думку, свет цяпер стаіць перад самымі вострымі фінансавымі і эканамічнымі пагрозамі за некалькі дзесяцігоддзяў. Ён называе іх «мегапагрозамі» і адносіць да іх высокую інфляцыю, стагнацыю эканамічнага росту, а таксама новыя геапалітычныя выклікі, якія павышаюць рызыкі ўзнікнення «халодных і гарачых войнаў». Акрамя таго, эксперт адзначае пагрозы новых пандэмій, што могуць дорага абыходзіцца, а таксама кліматычных змяненняў.

«У Еўропы дастаткова праблем, аднак на СЭФ яны паўнавартасна не абмяркоўваюцца. У кароткатэрміновай перспектыве еўрапейскія эканомікі павінны рэагаваць на моцную інфляцыю, неэфектыўны энергетычны рынак і рызыку рэцэсіі. У доўгатэрміновай перспектыве ім давядзецца адаптавацца да значна больш высокіх цэн на энерганосьбіты пасля палітычнага разрыву з Расіяй», — заявіў іz.ru дырэктар Цэнтра даследаванняў мадэляў індустрыялізацыі Вышэйшай школы сацыяльных навук (Францыя) Жак Сапір.

Анансаваны як самы масавы па колькасці высокапастаўленых удзельнікаў, цяперашні 53-ы Сусветны эканамічны форум (СЭФ) у Давосе, як заўсёды, аказаўся «кірмашом фанабэрлівых». Аднак напрыканцы сваёй працы ён быў падобны на паветраны шарык, які здзьмуўся, адзначыў zvezdaweekly.ru. Арганізатар і нязменны кіраўнік СЭФ Клаус Шваб анансаваў цяперашні форум як нешта прарыўное.

Лухта на «шабашы»

На «шабаш» глабалістаў былі запрошаны 2700 гасцей са 130 краін, у тым ліку каля паўсотні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Сёлета ў Давосе зарэгістравалася больш чым 1500 прадстаўнікоў топ-менеджменту 700 кампаній, у тым ліку звыш 600 кіраўнікоў вядучых сусветных карпарацый, якія працуюць у такіх сектарах, як фінансавыя паслугі, энергетыка, матэрыялы і інфраструктура, інфармацыя і камунікацыйныя тэхналогіі. Выйсці на давоскія панэлі пагадзіліся больш за сто мільярдэраў. Расійскія і кітайскія бізнесмены заўважаны не былі.

Удзельнікі павінны былі пачуць новыя «ўводныя» ад сусветнай глабалісцкай эліты пад лозунгам «Супрацоўніцтва ў раздробненым свеце» (Cooperatіon іn a Fragmented World), як сам Шваб анансаваў тэму сёлетніх дыскусій. Па тым, як СЭФ асвятлялі сусветныя СМІ, стала зразумела: гэта была проста гаварыльня, бясконцы паток пустых заяў.

Ад эканомікі ў Давосе ўжо нічога не засталося. Пра гэта гавораць не толькі расійскія, але і заходнія эканамісты. «Мы бачым, як ён памірае ў нас на вачах. Многія разумеюць, што яны нясуць лухту — вось і ўсё. І гэтая сімптаматыка лезе з усіх шчылін», — заявіў вядомы расійскі эканаміст Міхаіл Хазін. Паводле яго слоў, ужо відавочна: карціна свету змянілася, а «гэтыя хлопцы» спрабуюць адлюстраваць, што ўсё працягваецца. Праблема форуму не ў тым, што там сабралася мала народу, людзей якраз было шмат — бяда ў тым, што людзей, якія «руляць светам», там больш няма. Ім аказалася няма чаго рабіць у Давосе.

У эфіры «Салаўёў Lіve» Міхаіл Хазін адзначыў, што сёлетняя давоская «тусоўка» канчаткова расставіла ўсё па сваіх месцах. Паводле яго слоў, усе, хто глядзеў навіны з гэтай падзеі, разумелі, што яны бачаць зусім разгубленых і бездапаможных людзей. Як адзначыў Хазін, на фоне змяненняў у свеце ўзнятыя на форуме тэмы наогул не маюць ніякага дачынення да цяперашняй рэальнасці і зусім адвязаны ад актуальных праблем. У выніку атрымліваюцца развагі проста аб выдуманай планеце. Гэты форум канчаткова ператварыўся ў тусоўку для сваіх, зазначыў эканаміст. Далей яго трэба ўспрымаць толькі і выключна такім чынам. Успрымаць сур'ёзна тое, што там абмяркоўваюць розныя фінансісты, канчаткова страціла ўсялякі сэнс.

Рэгіянальная пляцоўка

Нядзіўна, што Давос пакінулі без увагі не толькі кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін і старшыня КНР Сі Цзіньпін, але таксама лідар ЗША Джо Байдэн. Больш за тое, туды не паехалі не толькі расійскі, але і кітайскі бізнесы. Кітайская дэлегацыя ў цэлым аказалася вельмі малалікай. З усёй «сямёркі» да Давоса дабраўся адзін нямецкі канцлер Олаф Шольц. Ні прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, ні прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак да Давоса не даехалі. Другой пасля Шольца значнай фігурай была ўсяго толькі старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Як адзначыў vz.ru, ударам стала адмова паехаць на форум яго заснавальніка Клауса Шваба. Ударам пад дых — адмова ўдзельнічаць у Давосе мільярдэра Джорджа Сораса, які спаслаўся на «несупадзенне раскладу» (вельмі дзіўная адгаворка, улічваючы, што канферэнцыя была прызначана за тры месяцы).

«Адсутнасць большасці прадстаўнікоў «вялікай сямёркі», Кітая і Расіі пазбаўляе форум характару калектыўнага глабальнага органа, які раней фарміраваў стратэгічныя ініцыятывы. Ён праходзіць падчас маштабных геапалітычных канфліктаў, таму большасць глабальных лідараў занятыя сваімі тактычнымі палітычнымі і эканамічнымі праблемамі», — заўважыў vz.ru загадчык кафедры сусветных фінансавых рынкаў і фінтэха Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Пляханава Дзяніс Перапяліца. На яго думку, статус форуму ўпаў шмат у чым таксама дзякуючы крызісным з'явам у ЗША і Еўропе і страце глабалістамі ініцыятывы ў сусветным маштабе. «Давос паступова ператвараецца ў рэгіянальную заходнюю пляцоўку, ссоўваючы акцэнты з вырашэння глабальных пытанняў на абслугоўванне інтарэсаў трансатлантычнага алігархата», — адзначыў Дзяніс Перапяліца.

«Раней на форуме збіраліся палітычныя прадстаўнікі буйных эканамічных дзяржаў, кіраўнікі найбуйнейшых сусветных транснацыянальных карпарацый і найбагацейшыя прадстаўнікі ўсяго свету. Яны звычайна абмяркоўвалі працэс глабалізацыі сусветнай эканомікі. У гэтым годзе ацэньваць на эканамічным форуме ў Давосе практычна няма чаго. Ідэя глабалізацыі становіцца ўсё менш актуальнай на фоне паступовай адмены аднапалярнага свету, што лішні раз паказала адсутнасць прэзідэнтаў і прэм'ераў вядучых сусветных эканамічных дзяржаў, — заўважыў аналітык Freedom Fіnance Global Уладзімір Чарноў. — Транснацыянальныя кампаніі больш не змогуць кантраляваць усе сусветныя рынкі ў абноўленых геапалітычных умовах. Мусіць, менавіта таму ў складзе ўдзельнікаў форуму такія змены».

Недаразвітыя тусоўшчыкі

Недаразвітыя палітычныя тусоўшчыкі. Менавіта так намеснік кіраўніка Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў назваў удзельнікаў сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе. «Якая ж ганьба, калі не сказаць больш груба, — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале. — На давоскім форуме абмяркоўваюць... пастаўку танкаў ва Украіну. Там гэтая польская дуда заявіла, што збірае кааліцыю заходніх краін для пастаўкі бранятанкавай тэхнікі Кіеву. Раней у Давосе абмяркоўвалі іншае. Накшталт эканомікі і ўсё такое. Добра, што там сёння няма ні расійскага, ні кітайскага бізнесу».

Такая эмацыянальная пазіцыя цалкам зразумелая. Ужо відавочна, што некалі найважнейшае сусветнае эканамічнае мерапрыемства вырадзілася ў нейкі клуб, які марыць аб мінулым і займаецца звядзеннем дробязных рахункаў падчас крызіснага цунамі, якое накрывае ўсіх. Сама тэма сёлетняга форуму была сфармулявана як «супрацоўніцтва ў фрагментаваным свеце», аднак яе трэба было назваць, хутчэй, «адсутнасцю супрацоўніцтва ў фрагментаваным свеце». Цэлы шэраг палітолагаў і эканамістаў адзначаюць, што свет распадаецца на часткі, што дзяржавы ўсё менш і менш гатовыя сумесна вырашаць агульныя праблемы, аддаючы перавагу рабіць упор на аднабаковыя дзеянні.

«Глабальны свет, у чыё існаванне некалі мы верылі і які звязаны з ідэяй заснавання некалі неаліберальнага мазгавога цэнтра ў Давосе, распадаецца ўсё мацней на прыватныя і ўладныя інтарэсы», — канстатаваў міністр эканомікі Германіі Роберт Хабек. Гэта выявілася і ў перыяд эпідэміі каранавіруса, калі амаль усе ратаваліся паасобку, і зараз. «Ідэалогія форуму была заснавана на ўяўленні аб тым, што сусветная эканоміка вызначае развіццё свету і ў тым ліку палітычных працэсаў. І, вядома, у цяперашніх умовах гэтае ўяўленне пад пытаннем. Мы бачым, што геапалітыка адсоўвае эканоміку на задні план. Што некаторыя краіны прымаюць рашэнні, якія не зусім рацыянальныя, скажам мякка, з эканамічнага пункту гледжання, але апраўданыя з пункту гледжання іх геапалітычных інтарэсаў», — адзначыў lіfe.ru генеральны дырэктар Расійскага савета па міжнародных справах Андрэй Картуноў.

Нядзіўна, што скептычнага меркавання аб Давосе як аб нейкім глабальным кіраўнічым форуме прытрымліваюцца не толькі ў Расіі. «СЭФ хутка становіцца нікім не абіраным сусветным урадам, пра які людзі не прасілі і якога не хацелі», — напісаў у сябе ў «Твітэры» мільярдэр Ілан Маск і дадаў, што не паехаў на гэтае «сумнае» мерапрыемства. Калумніст The Guardіan Гамільтан Нолан назваў форум «зборышчам бязлітасных плутакратаў» і напісаў, што гэтае мерапрыемства — самы яскравы прыклад «сустрэчы, замест якой было б дастаткова электроннага ліста».

Эскортніцы для «іншапланецян»

Рэзанансным стала выступленне на форуме ў Давосе пасланца ЗША па клімаце Джона Кэры, які быў дзяржсакратаром пры Бараку Абаме. Яно выклікала шмат кпінаў. У сваёй прамове Джон Кэры імкнуўся прадставіць прысутных людзей эксклюзіўнымі выратавальнікамі свету, нават назваўшы іх іншапланецянамі, ахарактарызаваўшы план па вырашэнні кліматычнага пытання пазаземным. «Гэта даволі незвычайна, што мы — абраная група людзей — можам збірацца разам і сапраўды казаць аб выратаванні планеты. Я маю на ўвазе, што думаць аб выратаванні планеты — гэта іншапланетна. Калі вы скажаце гэта камусьці, то большасць людзей падумаюць, што вы проста вар'ят, які абдымае дрэвы». Пазней у сваёй прамове Кэры паскардзіўся, што «нібыта мудрыя дарослыя людзі» ігнаравалі навуку, матэматыку, фізіку і змены клімату, а таксама дадаў, што ўпэўнены: свет павінен перайсці да нізкавугляроднай, безвугляроднай эканомікі.

Fox News перадае, што крытыкі назвалі выступленне Кэры крывадушным і пагардлівым. Палітычны стратэг Джэйсан Д. Мэйстэр задаўся пытаннем: «Вы калі-небудзь задумваліся, чаму глабалісцкія эліты, такія як Барак Абама і Джон Кэры, любяць выдаткоўваць мільёны на асабнякі на самым беразе мора, калі яны так занепакоены зменай клімату?» Карыстальнікі ў сацсетках паказалі на тое, што Кэры прапаведуе вугляродныя абмежаванні і патрабуе, каб вы выкладвалі тысячы за электрамабілі, а сам падарожнічае па свеце на прыватным самалёце. «Я заўсёды ведаў, што яны іншапланецяне», — пажартаваў сувядучы ў Tіmcast Люк Рудкоўскі. Журналіст Этана Хехт заўважыла: «Гэтыя людзі занадта сур'ёзна ставяцца да сябе». Радыёвядучы Вінс Кагліанэзэ параўнаў мерапрыемства ў Давосе з самітам мульцяшных суперзладзеяў.

І яшчэ. Вядомае брытанскае выданне Daіly Maіl распавяло пра, так бы мовіць, адпачынак «абранай групы людзей». «Сусветная эліта, якая вырашае найвялікшыя сусветныя праблемы — уключаючы гендарную няроўнасць — на саміце ў Давосе падсілкоўвае ўсплёск прастытуцыі ў швейцарскім курортным горадзе, — заўважыла Daіly Maіl. — Кожны год попыт на прастытутак тут імкліва ўзрастае, як толькі пачынаецца сустрэча сусветных лідараў і магнатаў, якія прылятаюць з усяго свету, каб паразмаўляць адзін з адным. Эскортніцы забраніравалі тыя ж гатэлі, што і высокапастаўленыя асобы са сваімі супрацоўнікамі на час пяцідзённага саміту. У 2020 годзе расследаванне The Tіmes паказала, што сама меней 100 прастытутак адправіліся тады на саміт у Давосе».

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».