Вы тут

Форма броваў сапраўды здольная змяніць твар. Малюем «правільныя» бровы


Памятаеце, як у фільме «Службовы раман» сакратарка Верачка адукавала Людмілу Пракоф’еўну Калугіну ў пытаннях прыгажосці, моды і жаноцкасці? Яна сцвярджала, што броў павінна быць «тоненькай, здзіўлена прыпаднятай» і «гэта ж непрыстойна, калі ў вас так густа растуць бровы!». Пацешна, што ў нашы дні ў трэндзе была б «мымра», а не гламурная Вера...


Заўважым, што модзе схільныя не толькі адзенне і абутак, аўтамабілі і дызайн памяшканняў, упрыгажэнні і кнігі, айфоны, сацыяльныя сеткі і перавагі ў выбары мэсэнджараў... Модзе схільна наогул усё. У тым ліку... рысы твару. Зрэшты, нос, напрыклад, пакуль моду не занадта цікавіць, як і форма вушэй. А вось шчокі (скулы), форма (а дакладней пухласць) вуснаў, разрэз вачэй і гушчыня павек — тут мода адчувае сябе цалкам прывольна. Асабліва ёй падуладныя тыя рысы твару, якія лёгка змяніць. Памятаеце, пару гадоў таму была павальная мода на, ну, вельмі густыя вейкі, і не так шмат дзяўчат тады не паспрабавалі нарошчванне, а самыя модныя — нават рабілі са сваіх павек сапраўдныя пухнатыя «шчоткі». Мода схлынула, і сёння нават пры нарошчванні павек большасць кліентак аддае перавагу натуральнасці замест «лялечнасці». Ну, а «правільны» выгляд броваў з 1970-х (калі быў зняты «Службовы раман») наогул зведаў ашаламляльныя змены. Вышчыпаныя ў нітачку бровы сёння — муветон (хоць мода, вядома, цыклічная, і тоненькія бровы ўжо пачалі сваё вяртанне ў трэнд). Але пакуль што на змену ім напачатку трэцяга тысячагоддзя прыйшла мода на бровы густыя. І, як часта бывае, пачалася гэтая мода з гіпербалы — то-бок, у трэндзе былі ну вельмі густыя і прыкметныя бровы (а-ля Леанід Ільіч Брэжнеў. Жартую, вядома! А-ля Кара Дэлэвінь). Бровы нарошчвалі: рабілі татуаж ці проста доўгатэрміновую афарбоўку ў салоне, надаючы валасінкам над вачыма выключную гушчыню. Сёння ў гэтым пытанні мода таксама «пасталела», і цяпер прапаведуе натуральны выгляд броваў — у меру густых, і, вядома, дагледжаных. Ужо не першы сезон такія бровы — галоўны акцэнт у модным макіяжы. Модніцы ведаюць: у гэтым пытанні важны скрупулёзны падыход — выбар падыходнай менавіта вашаму твару формы броваў, правільна падабранае адценне і здаровы бляск валасінак.

Ідэальная форма

Форма броваў сапраўды здольная змяніць твар. І наадварот: каб на твары бровы выглядалі гарманічна, іх форма павінна спалучацца з формай вашага твару. І пачнем з круглага твару, што досыць часта сустракаецца ў нашых дзяўчат і, на думку многіх візажыстаў, з’яўляецца адным з самых складаных у плане падбору мэйкапа. Гэта калі шырыня і даўжыня твару роўныя, а шчокі акругляюць яго форму. Такому твару катэгарычна проціпаказаная круглявая форма броваў — інакш твар будзе выглядаць як калабок. А вось бровы з высокім уздымам і кароткім кончыкам візуальна выцягнуты твар. Калі твар квадратны (лоб і ніжняя сківіца прыкладна роўныя па даўжыні), такой форме падыдуць закругленыя бровы з шырокім «пачаткам». Далей дуга бровы пераходзіць у амаль прамую лінію з невялікім заломам над сярэдзінай вока. Важна зрабіць востранькія куткі броваў. Натхняемся фота Анжаліны Джолі — у яе як раз квадратны твар, і, зразумела, вельмі правільная форма броваў. А вось тонкія і кароткія бровы, як і раўнамерна круглявая форма броваў квадратнаму твару зусім не дарэчы. Трохвугольны твар (шырокі лоб і рэзкае звужэнне да падбародка) патрабуе раўнамерна выгнутых броваў сярэдняй даўжыні. Можна злёгку іх прыпадняць, таму што прамая форма броваў зрокава яшчэ больш звузіць і завастрыць падбародак, а форма твару набудзе падабенства з сэрцайкам.

На доўгім або прамавугольным твары (шырыня менш даўжыні, а лоб, падбародак і скулы маюць аднолькавую шырыню) выйгрышна будуць глядзецца прамыя гарызантальныя бровы. А калі вам пашанцавала мець класічную (авальную) форму твару — лоб толькі злёгку шырэй, чым падбародак, скулы высокія і выразныя — тут адкрываецца прастор для творчасці. Падыдзе ўвогуле любая форма броваў. І з іх дапамогай можна рабіць акцэнт на той ці іншай з рысаў твару (скажам, візуальна павялічыць вочы, адцягнуць увагу ад формы носа і г.д.). Аптымальная форма броваў для авальнага твару — гарызантальная, але добра будуць выглядаць і дугападобныя бровы. Яны змякчаць рысы і зробяць вобраз больш юным і пяшчотным.

Зрэшты, нават форма твару не так важная, як памер і разрэз вачэй, якімі ўзнагародзілі вас бацькі. Так, калі «размясціць» бровы далей ад пераносся, гэта дазволіць візуальна скарэктаваць блізка пасаджаныя вочы. Калі вочы глыбока пасаджаныя, бровы патрэбныя якраз танчэйшыя і з больш высокім уздымам. Густыя «хлапечыя» бровы дапамогуць зрокава зрабіць больш выцягнутымі круглыя вочы. А вось калі ад прыроды вам дасталіся маленькія вочы, шырокія бровы катэгарычна не падыдуць. Блізка да века размяшчаць іх таксама нельга — вочы зусім «згубяцца» на твары. Тут таксама патрэбныя досыць тонкія (але, вядома, не «у нітачку») бровы. Вочы чароўнай міндалепадобнай формы варта падкрэсліць правільнай формай броваў — выгнутай лініяй з рэзкім заломам над сярэдзінай века. І, нарэшце, з дапамогай формы броваў можна адцягнуць увагу ад такой распаўсюджанай узроставай праблемы, як навіслае павека. У еўрапейскіх жанчын навіслае павека з’яўляецца гадам да 40, а вось у Азіі ў многіх жанчын яно бывае ад нараджэння — гэта проста асаблівасць разрэзу вачэй. З іх і бярэм прыклад. Бровы з выразным і рэзкім заломам карэктуюць навіслае павека, і яно становіцца менш прыкметным. З еўрапейскіх прыгажунь арыентуемся на бровы Джэніфер Эністан або Клаўдзіі Шыфер, з азіяцкіх — на бровы Люсі Л’ю.

А ў цэлым, памятайце, што лепшы стыліст — прырода, і яна паклапацілася пра тое, каб усе рысы вашага твару былі ў гармоніі, найлепшым чынам. Таму радыкальна мяняць форму броваў візажысты не раяць. Вельмі часта, настаяўшы на тым, каб памяняць, скажам, круглявую форму броваў на бровы з рэзкім заломам, дзяўчыны потым адчуваюць, што такія бровы на іх твары выглядаюць ненатуральна — нібы чужыя. Карэктаваць форму броваў можна і трэба, мяняць цалкам — значыць, рызыкаваць адчуць незадаволенасць вынікам, майстрам і сабой.

Праца над памылкамі

Але ўсё вышэйсказанае датычыцца салонных працэдур з бровамі. Між тым, вельмі многія жанчыны абыходзяцца хатнім мейкапам. І ў макіяжы броваў дзяўчыны ўсяго свету дапускаюць адны і тыя ж памылкі. І часцей за ўсё гэта — няправільны выбар тона. Тон у тон з натуральным колерам броваў (або з натуральным колерам вашых валасоў) — няправільны адказ. У гэтым выпадку бровы апынуцца занадта цёмнымі, нададуць вам пануры выгляд ці выклічуць у памяці, зноў жа, Леаніда Ільіча. Колер касметыкі для броваў бярэм на тон святлейшы за натуральны колер валасінак на бровах. Яшчэ адна памылка — недастатковая растушоўка геля, алоўка або ценяў для броваў. Нібы намаляваныя фламастэрам, бровы выглядаюць занадта штучна. Растушоўка колеру зробіць выгляд броваў больш натуральным. І больш прывабным. З папярэдняй памылкі выцякае наступная — занадта дакладнае прафарбоўванне пачатку бровы. Або нават спроба зрабіць пачатак бровы больш густым пры дапамозе колеру. Не трэба гэтага рабіць. Твар набывае суровы незадаволены выгляд, бровы візуальна сыходзяцца да пераносся, нібы вы чымсьці незадаволеныя. Памятайце: каб вызначыць «пачатак» бровы, у думках правядзіце вертыкальную лінію ад самай шырокай часткі крылаў носа ўверх. І нават калі пачалі маляваць брыво правільна, усё роўна моцна не зафарбоўвайце яе пачатак. А вось хвосцік можна прамаляваць выразна.

Сёння ў модзе натуральнасць і лёгкая, прадуманая нядбайнасць — у прычосцы, напрыклад. Ключавое слова тут — прадуманая. Або, скажам так, уяўная. Таму гель для броваў — не лішні наварот, а абавязковы этап макіяжу. Кудлатыя бровы і валасінкі ў розныя бакі не нададуць вам зачаравання.

Дарэчы, у новым 2023 годзе ў макіяжы броваў мірна суіснуюць дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі — натуральнасць і экстравагантнасць. І калі з першай мы ўжо асвоіліся, другая пакуль сустракаецца толькі на подыумах. Гэта і бліскучыя бровы, і асветленыя або зусім выбеленыя бровы (якія амаль не бачныя на твары). Аб гэта апошнім трэндзе візажысты пішуць, што такі прыём надае твару мяккасць і жаноцкасць, але жанчыны ў масе сваёй ім пакуль не вельмі вераць. «Сцерці з твару бровы» прапануецца пры дапамозе шчыльнага кансілера. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».