Вы тут

Брутальнасць і летуценнасць, ваяўнічасць і рамантычнасць — «Дэкарт-22»


Адна з традыцый Беларускага саюза мастакоў — ажыццяўленне буйнога мастацкага праекта, прысвечанага сучаснаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. У V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва «Дэкарт-22», што адбылося ў лістападзе 2022 года, удзельнічалі не толькі члены БСМ, але і студэнты, а таксама мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Зараз у Палацы мастацтва працуе выстаўка лаўрэатаў трыенале. У экспазіцыі можна ўбачыць сучасныя тэкстыль, кераміку, шкло, батык, метал.


Мастацтвазнаўчае журы, у склад якога ўваходзілі члены секцыі мастацтвазнаўства і крытыкі Беларускага саюза мастакоў, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея і Музея горада Мінска, выбралі найлепшых у намінацыях «Традыцыя», «Наватарства», «Аўтарскі праект», «Аб’ект» і «Дэбют». Пераможцамі, апроч іншых, сталі вядомыя мастакі — Валерый Калтыгін, Наталля Яўглеўская, Вольга Сазыкіна, Генадзь Фалей. Найбольш яскравымі журы палічыла эксперыменты сярэдняга пакалення творцаў. Сярод іх — Вольга Рэднікіна, Вольга Сямашка, Ганна Амбросава, Жанна Марозава, Хрысціна Высоцкая, Алена Чэпелева, Ірына Пекусава і іншыя. Гран-пры трыенале атрымала майстар кавальскай справы Марыя Тарлецкая.

Да таго ж у рамках выстаўкі лаўрэатаў V Трыенале «Дэкарт-22» ёсць магчымасць пазнаёміцца з праектам «Па-за часам часу», куратарамі якога выступілі Вольга Сямашка і Ганна Амбросава — лаўрэаты ў намінацыі «Аўтарскі праект». Прадстаўлена керамічная скульптура (або скульптурная кераміка) як памежная сучасная з’ява.

Брутальнасць і летуценнасць, ваяўнічасць і рамантычнасць — да якіх толькі матываў не звяртаюцца сучасныя мастакі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Натхніць іх, здаецца, можа ўсё што заўгодна: сляды ад каціных кіпцюроў («Чорны кот» 2020 года Вольгі Рэднікінай), разнастайныя табурэткі («Бясконцасць» 2019 года Ірыны Шчаснай), звычайнае акенца («Забытае акно» 2017 года Жанны Марозавай), паўразбураныя цаглінкі («Блок» 2005 года Ірыны Раткевіч), марская хваля («Хваля» 1993 года Ірыны Фінцклер), а то і кран («Неньютонаўская вадкасць» 2022 года Ірыны Пекусавай)… Іншая справа — ажыццяўленне ідэі. Нехта схільны ў сваіх эксперыментах да лаканічнасці і загадкавасці (безумоўна, даволі цяжка асэнсаваць канцэпцыю некаторых работ, асабліва тых, што не маюць назвы), іншыя, наадварот, спрабуюць з дапамогай усяго толькі шкла ці тэкстылю сказаць болей, чым могуць. 

Як падкрэсліваюць арганізатары, выстаўка лаўрэатаў V Трыенале «Дэкарт-22» дэманструе новыя падыходы да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое паступова выходзіць на іншы ўзровень — узровень аб’ектаў. Убачыць экспанаты можна да 12 лютага.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.