Вы тут

На выставе «Дынастыя» ўпершыню паказалі некаторыя работы Гаўрылы Вашчанкі


Выстаўка «Дынастыя», прымеркаваная да 95-годдзя народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі (1928—2014), працуе ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» да 12 лютага. У экспазіцыі прадстаўлены знакавыя карціны з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, а таксама (што асабліва каштоўна) з калекцыі сям’і мастака. Некаторыя глядач убачыць упершыню. Свае работы прадставілі сын Гаўрылы Вашчанкі Канстанцін і ўнучка Ангеліна.


Гаўрыла Вашчанка «Зачараваная», 1979 г.

Малая радзіма, бацькоўская хата, маці — на першы погляд, толькі гэтыя тэмы цікавілі народнага мастака. Нібыта ўсё, што звязана з творчасцю Гаўрылы Вашчанкі, круціцца вакол Палесся. Цвіце бэз («Май», 2010). Дрэвы схіляюцца над возерам («Веліч», 1997). Буслы адпачываюць пасля доўгага палёту («Два буслы», 1967). Пчаляр збірае «ўраджай» («Ліпеньскі мёд», 1982). Бабуля вяртаецца з грыбоў («Бабіна лета», 1993). Двое прагульваюцца летнім вечарам («Рамантычны краявід», 1981). Мужчына пасвіць кароў («Радасць быцця», 1985). Гэтыя і многія іншыя сюжэты і вобразы сталі вызначальнымі для айчыннага мастацтва ў тым ліку дзякуючы намаганням Гаўрылы Вашчанкі. Квінтэсэнцыя яго любові да Палесся — праграмная работа «Маё Палессе» (1971), а таксама больш позняе палатно «Ave Айчыны» (2008), поўныя палкага натхнення.

Натуральна, не толькі родны край захапляў мастака. Акрамя выключна тэматычных работ, як, напрыклад, прысвячэнні трагедыі Чарнобыля, Гаўрыла Вашчанка стварыў мноства кампазіцый на тэму рэлігіі і язычніцтва, а таксама глыбока філасофскіх сюжэтаў. Шмат увагі прыцягваюць менавіта яны — камяні на карціне «Плывуць аблокі» (1999), сонца на палатне «Абрамаў дуб» (1999), яйка ў кампазіцыі твора «Думкі аб хлебе» (1972)… Найвыдатнейшыя эксперыменты з колерам і тэкстурай мазка выяўлены менавіта ў падобных метафарычных сюжэтах. Нездарма ў цэнтры маштабнай экспазіцыі размешчаны работы якраз гэтага кірунку. Аздабляе дадзеную частку выстаўкі скульптурны партрэт Гаўрылы Вашчанкі аўтарства Уладзіміра Слабодчыкава (работа 2006 года).

Успамінае першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч:

— Калі я пісала кнігу пра Гаўрылу Харытонавіча, вельмі важным было, што ўдавалася пагаварыць з ім у майстэрні. Пра сваю творчасць мастак аднойчы сказаў так: можна хадзіць на пленэры, займацца эцюдамі, але твор нараджаецца ў галаве. І нараджаецца ён ад тэмы, якую хочаш раскрыць. Яна павінна быць моцная сама па сабе, але мастак павінен яе яшчэ болей узмацніць. Думка павінна быць данесена да гледача так, каб ён яе пачуў.

Падчас адкрыцця ўспаміналі творцу заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзімір Зінкевіч і народны мастак Уладзімір Тоўсцік. Больш сціплым і нешматслоўным быў сын Гаўрылы Харытонавіча. За Канстанціна Вашчанку прамовілі работы, выкананыя ў асноўным у змяшанай тэхнiцы. Вобразы і спосабы іх выяўлення даволі пераканаўчыя, а знаходкі вельмі змястоўныя. Відавочная і поліфанічнасць: усё ж Канстанцін Вашчанка даўно атрымаў прызнанне як мастак, фатограф і дызайнер. Асабліва ўражваюць творы, у якіх адлюстравана пераасэнсаванне катэгорыі смерці: «Легенда трох мерцвякоў» (1993), «Нацюрморт I» (2020), «Глядзець у вочы!» (2017)…

На выстаўцы «Данастыя» творчасць Ангеліны Вашчанкі прадстаўлена не так шырока, аднак дастаткова, каб ацаніць яе пошукі. Вучаніца Акадэмii мастацтваў, яна працуе
ў графіцы і, відавочна, захапляецца казкай, міфам. На адной з літаграфій пад зусім не выпадковай назвай «Натхненне» (2021) можна ўбачыць яе дзеда — Гаўрылу Вашчанку.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».