Вы тут

Выстава «Творцы» — роздум пра глыбінныя сімвалы беларускага народа


Роздум пра глыбінныя сімвалы беларускага народа — аснова натхнення многіх мастакоў, якія стваралі ў мінулым стагоддзі і працягваюць свае пошукі сёння. Плённа ў гэтым кірунку шмат гадоў працуе творчы дуэт — Тамара і Уладзімір Васюкі. Сёлета пара адзначае 50-годдзе шлюбу. Юбілейная выстаўка «Творцы» ў Нацыянальным мастацкім музеі — частка аўтарскага праекта майстроў «Лінія і формы», які паплечнікі ствараюць на працягу чвэрці стагоддзя.


Уладзімір Васюк «Саюз зямлі і неба», 2013 г.

Для не знаёмых з творчасцю мастакоў куратары выстаўкі падрыхтавалі элегантнае прадстаўленне: «Шматгадовае ўзаемапранікненне і сувязь разнастайных форм, прыёмаў і тэхнік аднаго з найстаражытнейшых відаў мастацтва — керамікі, якім валодае Тамара Іванаўна, і па па-філасофску вытанчанай духоўнасці сюжэтаў аркушаў арыгінальнай графікі Уладзіміра Уладзіміравіча спрыялі з’яўленню ўнікальных твораў, якія знаёмяць гледача з адзіным гарманічным асяроддзем, напоўненым пачуццём цеплыні і кахання творчага і сямейнага саюза стваральнікаў». Трэба заўважыць, што муж і жонка выступаюць і як настаўнікі некалькіх пакаленняў маладых беларускіх аўтараў, якія атрымлівалі адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Да таго ж Тамара Васюк з 1990 года займаецца праектам па адраджэнні традыцыйнай беларускай керамікі: рэстаўрацыяй, рэканструкцыяй і рэтрансляцыяй яе асноўных відаў, форм і тэхналогіі. Уладзімір Васюк — аўтар больш як 10 фірменных стыляў, якія складаюцца з комплексу распрацовак: знак, лагатып, герб, сцяг, харугва і гэтак далей.

Абодва творцы натхняюцца гісторыяй і традыцыямі, аднак подых даўніны ў іх эксперыментах выказаны па-рознаму. Кампазіцыі Тамары Васюк расказваюць аб моцы прыроды, аб унікальнасці ўсяго жывога: гэта падкрэсліваюць выбраныя колеры, збольшага стрыманыя, формы, знарок недасканалыя, тэкстура… У сюжэтах Уладзіміра Васюка адчуваецца магутнасць надзвычайнага, нязведанага. Ён па-майстэрску стварае ілюзію аб’ёму, віртуозна кіруе чорным і белым колерамі, арганізоўваючы асаблівую прастору, дзе хапае месца недагаворанасці, паўтонам. Аднак у абодвух выпадках адлюстравана гармонія з навакольным светам, суладдзе ў задуме і рэалізацыі. Усё робіцца з пяшчотай.

Тамара Васюк «Татэм К», 2017 г.

Тамара і Уладзімір Васюкі працягваюць эксперыментаваць і шукаць разнастайныя повязі з сучаснасцю, аднак спадчына, гістарычная, культурная і мастацкая, для іх мае першараднае значэнне. На прыкладзе графікі Уладзіміра Уладзіміравіча відаць, на што скіраваны думкі аўтара. Тут і тэма асветніцтва (трыпціх «Космас Скарыны», 2017), і нацыянальныя сімвалы, блізкія многім жывапісцам, графікам і скульптарам мінулага стагоддзя (трыпціх «Гісторыя нівы», 2018), і біблейскія матывы (трыпціх «Крыж на небе, суладдзе на зямлі», 2019). Некаторыя сюжэты аб’яднаны своеасаблівай касмічнай скіраванасцю, нібыта пра зямное сказана болей чым дастаткова, а наконт загадак сусвету ў айчынным мастацтве яшчэ мала хто адважваецца разважаць і тым больш нейкім чынам выяўляць свае адносіны. Боязна, рызыкоўна, сумніўна. Аднак смеласць і рашучасць вельмі часта ўзнагароджваюцца.

Работа выстаўкі «Творцы» ў НММ працягнецца да 12 лютага.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».