Вы тут

Аляксандру Фінскаму падуладны розныя тэхнікі і матэрыялы


Павіншаваць знакамітага беларускага скульптара Аляксандра Фінскага з 70-годдзем і адкрыццём выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі прыйшлі калегі, родныя і сябры, прыхільнікі яго таленту. Даволі прасторная зала выставачнага корпуса была амаль цалкам запоўнена гасцямі. Творчасць Аляксандра Фінскага сапраўды добра знаёма аматарам айчыннага мастацтва. Ды і прафесійная супольнасць ацаніла па заслугах дасягненні творцы ў скульптуры, пра што сведчаць шматлікія ўзнагароды і званні.


«Трэцяе пакаленне», 2022 г.

Імя Аляксандра Фінскага часта згадваецца ў звязцы з мемарыялам «Яма. Мінскае гета» (2000), які лічыцца адным з самых яркіх манументальных твораў у гісторыі айчыннай скульптуры. Аўтарам ідэі і кіраўніком праекта стаў Леанід Левін, аднак да стварэння спрычыніліся розныя архітэктары і скульптары. Ужо толькі па гэтай рабоце відаць маштаб творчага мыслення яе аўтараў. Між тым адкрыцці многіх манументаў, створаных Аляксандрам Фінскім, былі значнымі падзеямі ў жыцці краіны. Гэтым разам няма патрэбы згадваць кампазіцыі, пра якія і так сказана шмат. Час паразважаць пра станковую скульптуру, якой майстар таксама займаецца на працягу ўсяго жыцця.

Куратарам юбілейнай выстаўкі выступіў Генадзь Лісаў, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея. Аднак, як падкрэслівалася на адкрыцці, канцэпцыю экспазіцыі шмат у чым вызначыў сам скульптар.

— Творчасць Аляксандра Фінскага была адным з адкрыццяў нашага пакалення. Крочу па выстаўцы і літаральна па гадах успамінаю тое, як Аляксандр Міхайлавіч адгукаўся на тыя ці іншыя з’явы, падзеі, — адзначае народны мастак Беларусі Уладзімір Слабодчыкаў. — У гэтых работах не бачу нават долі кан’юнктурнасці, нейкіх запазычанняў. Майстру споўнілася 70, але духоўны ўзрост, здаецца, яшчэ там, на метцы 30.

«Ранак», 2016 г.

Аляксандру Фінскаму падуладны розныя тэхнікі і матэрыялы. Ён працуе і з бронзай, і з мармурам, і з дрэвам… Малая форма для скульптара — найперш магчымасць паразважаць для сябе, а не для аўдыторыі; шанс знайсці новыя сцяжынкі на даволі цярністым шляху. Між тым станковыя творы, прадстаўленыя на суд гледача, вельмі блізкія яго пачуццёваму свету, іх змест зразумелы, іх пасыл схіляе да асабістых роздумаў. Дабрыня і чалавечнасць, цеплыня і лірычнасць — гэтыя асаблівасці мастацкага метаду не могуць пакінуць назіральніка абыякавым.

Дарэчы, графіка — амаль невядомы бок творчасці многіх скульптараў. Некаторыя з іх, як, дарэчы, і Аляксандр Міхайлавіч, лічаць яе толькі дадаткам да асноўнага занятку. Падобная графіка, як правіла, цесна звязана з лепкай ці разьбярствам, аднак гэтым яна і адметная. Гэта такое ж шчырае аўтарскае выказванне.

— Для мастака вельмі важна, калі ён бачыць на сваіх выстаўках людзей нераўнадушных, — дзеліцца Аляксандр Фінскі. — Між тым я ніколі не лічыў сябе выдатнай асобай. Свет увесь час здзіўляе, і адчуваеш: ты яшчэ нічога не зразумеў. Трэба яшчэ шмат чаго зрабіць, каб наблізіцца да таго цуду, які стварае прырода.

Фрагмент экспазіцыі.

Звышадчувальнасць творчасці, яе ўменне прадказваць, а таксама бесперапыннасць часу — лейтматывы выстаўкі Аляксандра Фінскага. Гэта тое, аб чым ніколі не надакучыць разважаць аматару мастацтва; тое, што схіляе творцаў да цікавых эксперыментаў; тое, што хвалюе людзей, незалежна ад узросту, адукацыі, прафесіі, схільнасцей і пераваг.

Выстаўка Аляксандра Фінскага будзе працаваць да 5 сакавіка. Да гэтага часу можна наведаць аўтарскія экскурсіі. Дарэчы, частка экспанатаў адкрыта для тактыльнага агляду — такія работы адзначаны спецыяльным знакам (спецыяльная праграма НММ для людзей са слабым зрокам).

Даведка

Аляксандр Фінскі нарадзіўся 2 студзеня 1953 года ў вёсцы Вясёлы Гай Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. У 1971-м скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (цяпер — Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка), а ў 1977-м абараніў дыплом у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) па спецыяльнасці «Скульптура». Член Беларускага саюза мастакоў з 1984 года. Некалькі дзесяцігоддзяў Аляксандр Фінскі працуе і як педагог. З 1977 да 1991 года ён выкладаў у гімназіі-каледжы мастацтваў, а з 1991 года навучае студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сёння Аляксандр Фінскі прафесар кафедры скульптуры.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».