Вы тут

«Прыходзьце, людзі добрыя, прыходзьце!» Сяргей Дзяргай і расчыненыя дзверы яго паэзіі


Згадваю яго па той, не так ужо і блізкай у часе нарадзе-семінары, што ладзіў часопіс «Вожык» для сваіх «свежых» літаратурных сіл. Шчыравала цёплая і сонечная восень 1962 года, і ў каралішчавіцкім лесе ўсё ззяла і пералівалася барвамі, гарэла золатам бярозавага жаўталісту, дыхала мяккім і ціхім водарам адыходзячага бабінага лета. Маладым нагам лёгка хадзілася па караністых, прысыпаных прысохлым лісцем сцяжынах, і сама дрымотная цішыня, здавалася, радавалася нашай хадзе, бо ў такт крокам гучалі і яшчэ нейкія вясёлыя словы. Дзівам трапіў я на тую нараду, бо гумарыст з мяне быў аніякі. Спрабаваў нешта там рыфмаваць, але смешнага нічога не атрымлівалася, можна было смяяцца толькі з маёй бездапаможнасці ў гумарыстычных намерах. Добра памятаю, што ў той дзень ад’езду хадзіў я бязмэтна па калідоры Саюза пісьменнікаў, які месціўся па вуліцы Энгельса, і, відаць, нечым прыглянуўся галоўнаму рэдактару «Вожыка» Паўлу Кавалёву.


— Паедзем, хлопча, вучыцца пісаць гумар! — збянтэжыў ён мяне нечаканай прапановай.

— Дык я ж гумару не пішу, — пачаў я нібыта апраўдвацца.

— Будзеш пісаць. Мы ж едзем вучыцца, а не пісаць, — падахвоціў ён тым жа жартоўным тонам.

І мы паехалі. Там, у Каралішчавічах, было, вядома ж, каго паслухаць і ў каго павучыцца. Той жа маладой памяццю запомніў і другога мужчыну, не надта гаваркога, як здалося, але вельмі прыветлівага і лагоднага. Ён апіраўся на кавеньку, а вуснамі з лёгкім прыўсмехам пасмоктваў бліскучы муштук з цыгаркаю. Сяргей Сцяпанавіч Дзяргай — гэта быў ён, хто мне дужа спадабаўся. А вершы мае ён пахваліў потым. Асабліва — лірычныя.

А гумарыстычныя я пачаў пісаць ужо там, у лесе, нібыта ў апраўданне за сваю прысутнасць тут. Адзін з іх ён потым нават надрукаваў у той самай «Бібліятэцы “Вожыка”». Кнізе далі назву «Працяг знаёмства». Гэта камусьці тое друкаванне было працягам знаёмства, а мне, зялёнаму студэнту, — самым пачаткам яго, хай і не зусім удалым, але радасным. Любіў ён маладых і падтрымліваў іх, як толькі мог. Гэта ён першым заўважыў таленавітых хлопцаў-студэнтаў Я. Сіпакова, Р. Барадуліна і Б. Сачанку і прыхіліў у «Вожыку». І як жа ўдала яны саспулкаваліся тады пад псеўданімам «Сібарсач».

Тады, у шасцідзясятыя, таго ўжо, мінулага веку, паэзія сапраўды гучала на поўны голас. Наогул, гэта быў яе залаты час. Хрушчоўская «адліга» надавала моцы паэтычнаму слову, яно шырока заяўляла пра сябе са старонак газет і часопісаў, з радыёперадач, са сцэн і стадыёнаў. У вершах С. Дзяргая чулася сваё, адметнае гучанне, было яно з нейкай нязмушанай спасылкай на час, з абноўленай свежай рытмікай, з філасофскай заглыбленасцю ў з’явы і падзеі новага часу.

* * *

Заўсёды, пішучы пра паэтаў, мы шукаем у іх нейкіх праграмных вершаў, якімі і вызначаецца асаблівасць іх літаратурнай хады і шляху. Творчая адметнасць на тое і існуе, каб было відаць сапраўднае аблічча кожнага творцы, каб быў адчувальны і сам характар творчага пошуку. Сваё праграмнае Сяргей Дзяргай, магчыма, сказаў і пазнавата, недзе на пачатку тых ужо згаданых шасцідзясятых. У вершы «Мая мэта» чытаем:

Асушыць —

       дзе яшчэ забалочана,

Даплаціць — дзе яшчэ не даплочана,

Там прайсці —

        дзе было не дазволена,

Дасаліць —

         дзе было недасолена.

І разбавіць —

        дзе перасалоджана.

Распагодзіць —

          дзе нераспагоджана.

Развяселіць усё,

           што засмучана.

І злучыць,

          што калісьці разлучана.

І апець,

       ўсё яшчэ неапетае...

Вось такую

         паставіў мэту я.

«Апець усё яшчэ неапетае» — мэта для аднаго творцы не такая простая, нават немагчымая. І такую задачу паэт хутчэй за ўсё ставіў перад усёй айчыннай паэзіяй, а не толькі перад адным сабой. Наогул, аб месцы мастацтва ў жыцці, аб сутнасці самога мастацтва С. Дзяргай разважае шмат дзе ў сваіх вершах. А прызначэнне самога мастацтва ён бачыць вось у чым:

Каб соль не страціла

Ўласцівую ёй солкасць,

А песня — гукаў

Трапяткіх і кволых,

Вясёлка — колераў,

Каханне — шчырасці,

А чалавек душы сваёй

Вялікай, несмяротнай —

На свеце існуе

Мастацтва.

Тут ужо яскрава праглядваецца і сама творчая канструкцыя аўтарскай выбудовы верша. Да сваёй галоўнай думкі ён падыходзіць разважліва, даючы ёй прайсці і адным, і другім калідорам, пакуль не адчыняцца галоўныя дзверы. Варта адзначыць, што сваё паэтычнае «Я» паэт шукаў доўга і пакутліва, дбаючы і пра эмацыянальнае напаўненне радка, і пра глыбіню думкі, і пра тую ж адметнасць самой формы. Дзяргаёўскі верш, які ніколі не адпрэчваў традыцыйна-народнага, звыклых фальклорных вобразаў, смела ўбіраў у сябе больш сучасныя, імкліва-гукавыя рытмы, добра агучваўся дакладнаю рыфмаю. Аўтар не пераставаў здзіўляць чытача і свежымі, яшчэ нерушнымі словамі. Ён смела звяртаўся да таго ж верлібра. Часта форму верша і яго інтанацыю падказвала сама тэма. Прыкладам можа быць верш «Трое ўначы». У згаданым творы ўся энергетыка зыходзіць з адчування самой трагічнасці моманту. Даводзіцца і самі радкі прамаўляць нібыта з прытоеным дыханнем:

Па правую руку ішла

               Мужнасць,

Па левую, крыху адстаючы, —

               Страх.

Ноч прыслухоўвалася да нашых крокаў.

Ноч углядалася ў нас цьмянымі бельмамі.

Ішлі…

Малюнак часоў вайны. Ці не ўзята гэта з самой біяграфіі паэта? Тут і рытм кроку добра адчуваецца: ён то запаволены, з прыслухоўваннем і заміраннем сэрца, то імгненна прыспешаны. А далей пачынаюць крочыць самі словы, у якіх мы слыхам сваім ловім чалавечае дыханне. Яго перадае і неаднаразовым паўторам тое ж нямецкае «halt», пададзенае і рытмічнай структурай, і графічным малюнкам. Гэты тэхнічны аўтарскі прыём спрацоўвае бездакорна. Аўтар разумее, што паэзія выйграе толькі тады, калі сродкі, якімі яна карыстаецца, вынікаюць з самой задумы і зместу. Часта перавага нечага аднаго бывае не толькі недастатковай, але і шкоднай. Сапраўднаму майстру такое не пагражае. Сяргей Дзяргай быў у гэтым упэўнены. Ён ведаў, што камертон душы, на якім ён звярае кожны свой верш, вельмі чуйны.

Недзе зусім блізка па гучанні з вышэйзгаданым стаіць і верш «Патруль». Зноў жа — крокі, хада, і ўсё нібыта агучана рэхам праз біццё самога сэрца. Не хацелася б называць гэта нейкім прыдуманым аўтарскім прыёмам, хутчэй за ўсё — стыхійнае сведчанне самой хады.

Гэта толькі адна старонка з паэтычных сяганняў паэта. У іншых было і шмат іншага: і весялейшага, і змрачнейшага. Не проста так сабе прамовілася аднойчы: «…Ува мне і маўчыць, і крычыць // І праклятае, і святое».

Не спяшаючыся, спакваля працаваў у паэзіі С. Дзяргай, хоць друкавацца пачаў за тры гады да вайны. Таксама позна. «А няма куды спяшацца», — казаў ён сам сабе. І жыць і тварыць лепш за ўсё не спяшаючыся. Другі зборнік «Крэмень аб крэмень» прыйшоў да чытача ў 1958-м. Было б памылковым бачыць у гэтай назве нейкае крэсіва. Не, крэмень аб крэмень агню не выкрасіш, патрэбен яшчэ метал. Аўтар тут намякае на супрацьстаянне цвёрдага з цвёрдым. Гэта амаль тое, калі сутыкаюцца ў двубоі адразу дзве праўды. Але самай значнай, этапнай кнігай Сяргея Дзяргая варта лічыць «Чатыры стыхіі» (1962). Яна мела шырокі розгалас у літаратурным свеце, яе не абмінала доўгі час сваёй увагай і крытыка. Нездарма кніга была адзначана самай прэстыжнай тады Літратурнай прэміяй імя Янкі Купалы (сёння гэта дзяржаўная прэмія). Назву зборніку даў аднайменны цыкл, на які паэта натхнілі палотны французскага мастака Франсуа Рэнье: «Паветра», «Вада», «Агонь» і «Зямля». Калі мастацкае адштурхоўваецца ад таго ж мастацкага, атрымліваецца часта вельмі дзіўны і нечаканы па сваім эмацыянальным накале сплаў. Тут таксама ёсць штосьці ад крамнёвасці супрацьстаяння. Спрадвечнае і жыццёвае, пяшчотна падсвечанае пачуццём таго ж кахання, набыло такую выразную філасофскую абгрунтаванасць, нібыта сапраўды ў адным выбуховым уздыху сышліся і паядналіся адразу чатыры найгалоўнейшыя стыхіі жыцця. Задума паэта сталася шчасліва і бездакорна рэалізаванай. Чатыры стыхіі яшчэ больш акрылілі ды ўзвысілі самую галоўную для аўтара стыхію — яго паэзію.

Крытыка мала пісала тады пра паэмы Сяргея Дзяргая. А было відаць, што яго задумы і пошукі ўжо даўно не ўкладваюцца ў рамкі нават разгорнутага верша. Ды і сама думка паэта была падрыхтавана да разгорнутасці зместу, нейкіх роздумных паваротаў ад рэальнага да ўяўнага з абавязковым філасофскім падсумаваннем. Усяго ў набытку аўтара каля дзясятка паэм. Магчыма, і не спраўдзіла аўтарскіх спадзяванняў яго паэма «Шаша энтузіястаў», дзе аўтар так арганічна, нават стылёва наблізіўся да творчасці Пушкіна. А вось другая «На ласкавым хлебе», як мне здаецца, проста ў свой час не была як след прачытана. Мяне і сёння захапляе вобразнае апісанне сядзібы ў гэтым каларытным творы:

Хата з малёваным пеўнікам,

З ганкам, падобным да кліраса,

Калядным пісаным пернікам

Побач царквы прытулілася.

Бэзам абсаджана дворышча,

Тынам з бярвення аточана,

Пахне антонаўкай хораша.

Выйграваў паэт у добра скандэнсаваным праз думку паэтычным матэрыяле, грунтоўна выстраеным у арыгінальную форму з элементамі народнага песеннага жанру.

…Лагодны чалавек з кавенькаю ды мунштуком прывабліваў сваёй гасціннасцю. У яго цеснай мінскай кватэры вельмі ўтульна пачуваліся маладзейшыя паэты, чыталі свае смелыя, а то і наіўныя вершы, а болей слухалі яго, інтэлігентнага. Алег Лойка тыя сустрэчы прыгадвае так: «Гаварылі мы заўсёды пра паэзію, і вечары ніколі не доўжыліся. Не, гэта быў не падрыў аўтарытэту літкансультацыі пры Саюзе пісьменнікаў… Усё было цікава. Галоўнае — без навязвання нам сваёй волі, без катэгарычнасці, як роўны з роўным, хоць роўнасці не было: сустракаліся складанага жыццёвага вопыту чалавек і наіўныя падлеткі, майстар слова і пачынаючыя».

Сваё можна схаваць ад чужых — ад сябе не схаваеш. Усе размовы на тых вечарах са студэнтамі зводзіліся толькі да паэзіі. А ў лёсе асабістым было столькі цяжкага, нават трагічнага. Усё жыццё неадступна хадзіла за ім яго хвароба. Тады, у 1927 годзе, з-за яе мусіў нават пакінуць вучобу. Праз многа гадоў яна зноў нагадае пра сябе.

А як пачувацца чалавеку, якога раптам беспадстаўна аб’явілі ворагам народа? Недзе ў сярэдзіне 30-х яго арыштавалі і прыгаварылі да трох гадоў зняволення. А потым спахапіліся, адмянілі прысуд. І ён паехаў у вёску і жыў у брата. Ліха як быццам абмінула. Ды не, не абмінула. У 1939 годзе пра яго нечакана ўспомнілі. І ён апынуўся ў высылцы ў Казахстане.

У 1941 годзе вярнуўся ўрэшце на радзіму. Пасяліўся ў прыгарадзе каля Навабеліцы. А тут пачалася вайна. І ён бярэ на сябе непасільныя змагарныя абавязкі: трымае сувязь з партызанамі, распаўсюджвае літаратуру. Сядзіць нібыта на парахавой бочцы, бо хавае і ўзрыўчатку. Потым у вершы пра гэта скажацца так:

Жыцця — не было,

Але не было і смерці,

Быў — дух, ператвораны ў полымя.

І будучы цяжка хворым, да самай смерці ён не застанецца без сяброў, без тых жа размоў пра паэзію, пра тое, што пісалі іншыя. Быў у паэта клопат пра вершаванае слова, пра яго заўтрашні дзень. І жыццё сваё, хоць і нялёгкае, нават пакутлівае, ён пражыў годна, пакінуўшы нам, як прыклад, і шчырую паэзію разам з запрашэннем у яе: «Прыходзьце, людзі добрыя, прыходзьце! Стукайце ў дзверы маёй хаты!» Дзверы яго паэзіі, як і хаты, ніколі і не зачыняліся. Яны шырока расчынены для нас і нашчадкаў і сёння.

Казімір КАМЕЙША

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».