Вы тут

«Кітайцы ў Беларусі: жыццё, праца, вучоба» — кніга, якой адразу можна зачытацца


Кніга «Кітайцы ў Беларусі: жыццё, праца, вучоба» — адна з тых, якую можна разгарнуць на любой старонцы і зачытацца, акунуўшыся ў свет вельмі інтымных перажыванняў, новага досведу, цікавых падзей і амаль што дэтэктыўных сюжэтаў.


Аўтары — яны ж і героі гэтай кнігі — адважныя людзі, якія не пабаяліся ехаць у далёкую незнаёмую краіну. Іх у Беларусь прывяла праца, вучоба або беларуска-кітайскае дзелавое супрацоўніцтва. Усе гісторыі — не выдуманыя сюжэты, а рэальныя старонкі жыцця людзей удалечыні ад радзімы, у краіне з іншай культурай, іншым менталітэтам, іншым ладам жыцця.

Але выданне «Кітайцы ў Беларусі: жыццё, праца, вучоба» не толькі пра кітайцаў, пра іх турботы ў далёкім краі, пра вопыт наладжвання побыту на іншым канцы зямлі, развіцця карʼеры і будавання зносін. Насамрэч гэтая кніга — пра нас, тых, хто жыве ў гэтай краіне: пра норавы і звычаі беларусаў, пра наш нацыянальны характар і нашу рэчаіснасць. Гаворачы пра сябе, героі непрадузята і красамоўна апісалі нас: побыт, звычкі, адносіны паміж сабой і стаўленне да гасцей, лад жыцця.

Чытаючы кнігу, даведваемся пра сябе тое, што самі ў сабе ніколі не заўважаем, чаму не надаём значэння, што стала для нас звычайным. А гэта на самай справе можа, аказваецца, здзівіць чалавека з іншай краіны. А часта не толькі здзівіць, але і змяніць.

Адна з гераінь кнігі, пражыўшы ў Беларусі даволі доўга, заўважыла ў свае прыезды дадому ў Кітай, што ёй увесь час здаецца, нібыта маці на яе павышае голас, а то і проста крычыць!.. Так, прызвычаіўшыся да нашай ненадакучлівай манеры зносін, стрыманасці знешніх эмоцый, яна спакваля пераняла не толькі тое, як мы размаўляем паміж сабой, але і… стала крышачку беларускай.

У кнізе шмат кранальных аповедаў пра спагадлівасць беларусаў, пра гатоўнасць прыйсці на дапамогу. І нават калі зрабіць папраўку на ветлівасць кітайскіх герояў, якія пісалі свае гісторыі, усё адно кніга змяшчае зарад душэўнай цеплыні, сапраўднай чалавечай удзячнасці.

З гісторый мы бачым, як сяброўства, што нараджаецца паміж асобнымі людзьмі, становіцца асновай дружбы нашых народаў. Аповеды не нясуць ідэйнай нагрузкі, напісаны не дзеля птушачкі. Затое яны напоўнены цэлым россыпам прыемных дэталей, чытаць пра якія — адно задавальненне.

Напрыклад, кітайскія аспіранты і студэнты, жывучы ў інтэрнатах у Беларусі, каменданта называюць Гаміньдан (па назве Кансерватыўнай партыі Кітайскай Рэспублікі). Проста па падабенстве гучання, так ім лягчэй вымавіць! А яшчэ аказалася, што амаль усе прадаўцы на «Камароўцы» ведаюць некалькі слоў па-кітайску і запрашаюць кітайскіх пакупнікоў на іх роднай мове.

Уважлівы, дапытлівы погляд кітайскіх экспатаў бачыць нас па-іншаму, з новага, невядомага нам самім боку. Кітайскі слых інакш успрымае беларускае маўленне і нашу манеру гаварыць. I калі чытаеш кнігу «Кітайцы ў Беларусі: жыццё, праца, вучоба», усё раптам становіцца новым, нязведаным, убачаным упершыню: і постаці рыбакоў на скаваным ільдом Мінскім моры, і смак салёных гуркоў, якія так падабаюцца кітайцам, і шашлыкі на дачы, і элегантна апранутыя людзі, і хораша прыбраныя бабулі на мінскіх бульварах.

Шматлікія рэчы, зʼявы і падзеі раптам выходзяць на першы план. І аказваецца, што з гэтых рысак і драбніц сатканы наш партрэт, а мы яго і не бачылі ў сваім звычайным люстэрку.

Кнiга, якая выйшла ў выдавецтве «Усходняя культура» пад агульнай рэдакцыяй Анатоля Тозіка і Лю Сулін, адрасавана шырокаму колу чытачоў.

Алена МІХНЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.