Вы тут

Алена Васілевіч — яе гісторыі надзвычай важныя для духоўнага развіцця дзіцяці


У снежні 2022 года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Алены Сямёнаўны Васілевіч. У юбілейны перыяд варта было б яе часцей успамінаць — выдатную пісьменніцу і пры гэтым выключна сціплага чалавека. Ніколі не імкнулася яна заяўляць пра сябе, самапіярыцца, увогуле паводзіла сябе стрымана, але нязменна з пачуццём уласнай годнасці. Бог за яе чалавечыя якасці дараваў ёй доўгае жыццё (памерла ў 2021-м).


Я мела магчымасць назіраць тую выключную прыязнасць, якая існавала паміж Іванам Шамякіным і Аленай Васілевіч. Яны ўзаемна вельмі паважалі адно аднаго і па-чалавечы любілі. Некаторыя апавяданні Васілевіч Шамякін называў бліскучымі. Былі гэтыя празаікі і па характарах нечым падобныя, і ўвогуле як калегі духоўна блізкія. Дзіўна тое, што нават інтарэсы дзяцей Шамякіна і Васілевіч аказаліся аднолькавыя. Уладзімір Васілевіч — наш найвыдатнейшы фалькларыст, міфолаг, аўтар немалой колькасці кніг. І аўтар гэтых радкоў здаўна цікавіцца міфалогіяй, праўдане ў плане персанажаў, духаў локусаў, а ў сувязі з мастацкай літаратурай.

Але што абумовіла імпрэсінг (вызначальныя абставіны ў станаўленні) пісьменніцкіх дзяцей? Адкрыццё гэтага праліло б святло і на характар пісьменніцкіх індывідуальнасцей іх бацькоў. Усё ж не шмат сярод дзяцей пісьменнікаў міфолагаў. Такая спецыялізацыя дапамагае зразумець менталітэт уласнай нацыі, бо вывучае яе коды, сімвалы, этнічныя прыхільнасці, непарыўна звязаныя з умяшчальным ландшафтам, сярод якога народ жыве і творыць сваю гісторыю.

На інтарэсах дзяцей не маглі не адбіцца ідэі бацькоў. Пісьменнікі Шамякін і Васілевіч — дактары сацыяльных навук, хоць без ступеняў і званняў, — аналітыкі, даследчыкі грамадскіх працэсаў і чалавечай псіхалогіі. А яшчэ агульным было ранняе наша з Валодзем дзяцінства ў паэтычнай мясціне пад Мінскам — Доме творчасці беларускіх пісьменнікаў Каралішчавічы.

У той час, у 1950-я гады, жылі там пісьменнікі своеасаблівай камунай, як бы адной сям’ёй. Сёння нават цяжка ўявіць. І іх творчасць, і адпачынак пасярод густога лесу былі асветлены прысутнасцю класікаў, вучобай у іх — да 1956 года ў Якуба Коласа, які мясціну гэтую любіў, а таксама ў Міхася Лынькова з яго літаральна ўніверсітэтамі для маладзейшых пісьменнікаў: Я. Брыль, І. Шамякін, А. Васілевіч і іншыя заўсёды з замілаваннем успаміналі вогнішчы Міхася Ціханавіча з яго бясконцымі аповедамі пра 20—30-я гады. Мы, малыя дзеці, натуральна, у іх не ўдзельнічалі, але агульная атмасфера — з брацкімі адносінамі майстроў паміж сабою, — безумоўна, дзейнічала. У падсвядомасці будучых міфолагаў занатавалася жыццё ў Доме творчасці як мадэль існавання грамады, сялянскай абшчыны, у ідэале — нацыі. Асабліва пяшчотныя ўспаміны пра Каралішчавічы засталіся ў Валодзі. Блізкасць да прыроды і цёплыя, гарманічныя адносіны ў чалавечым калектыве калег і аднадумцаў як бы абвастралі спрадвечныя архетыпы, якраз закладзеныя ў міфалогіі.

Адной з матывацый звяртання пісьменніцкіх дзяцей да міфалогіі і фальклору — ужо ў сталым узросце — стала чытанне імі ў маленстве дзіцячых кніжак, захапленне народнымі казкамі. Тут таксама дзякуй нашым бацькам. Усё жыццё працуючы са студэнтамі (як і Уладзімір Аляксандравіч), я пераканалася: сапраўдныя філолагі атрымліваюцца толькі з тых, хто ў дзяцінстве любіў казкі, у падлеткавым узросце — прыгодніцкія кнігі, а ў юнацтве — фантастыку.

Я не буду пералічваць усе магчымыя матывацыі фарміравання будучых міфолагаў. Гавару не для самарэкламы, а дзеля імкнення разабрацца ў законах
псіхалогіі творчасці, у тых фактарах, якія спрыяюць фарміраванню крэатыўнасці. Варта і самой зразумець, бо далёка не ўсё раскрыта, а тым больш наш прыклад, магчыма, дапаможа бацькам, выхавальнікам і настаўнікам.

Іван Шамякін і Алена Васілевіч пісалі для дзяцей. Шамякін — у пачатку творчасці і пад канец жыцця. Яго хвалявала і здзіўляла, чаму ў яго, рэаліста, дачка — міфолаг, а ўнучкі — фалькларысты і спецыялісты па фантастыцы. Я думаю, што хоць Шамякін па творчым метадзе — рэаліст, але па жыцці — ідэаліст: ён ідылічна ўспрымаў рэчаіснасць, нездарма яго творчасць, пры ўсёй рэалістычнай стылёвай манеры, характарызуе рамантычны і сентыментальны пафас.

За А. Васілевіч увогуле замацавалася рэпутацыя дзіцячай пісьменніцы, а значыць, рамантыка. Наш выдатны крытык Алесь Марціновіч пісаў да 100-годдзя пісьменніцы: «…калі акінуць позіркам творчасць Алены Васілевіч, лёгка заўважыць, што аўтар, па сутнасці, пастаянна сочыць за нейкім сваім пэўным чытачом. У самым раннім узросце яму прапануюцца невялікія апавяданні, у крыху старэйшым — таксама творы “малога жанру”, толькі з больш складанай праблематыкай і, нарэшце, калі школьнік ужо здатны самастойна арыентавацца ў падзеях, калі ў яго ёсць пэўная жыццёвая пазіцыя, ён перагорне тыя старонкі жыцця Ганькі Гурыновіч, калі яна вучылася…»

Сапраўды, тэтралогія Васілевіч пра Ганьку — «Пачакай, затрымайся…» — стала шырока вядомай і любімай у чытачоў-падлеткаў. Я, памятаю, была ў захапленні ад гэтай кнігі. Але сёння прадмет нашай увагі — творы пісьменніцы для малодшага ўзросту, выдадзеныя асобнай кніжкай выдавецтвам «Мастацкая літаратура» (складальнік — Аксана Спрынчан) пад назвай «Калінавая рукавічка».

Кніга складаецца ўсяго з трох апавяданняў, праўда, немалых. Першае — «Калінавая рукавічка» — у прынцыпе аўтарская казка. Ды і сама пісьменніца яе так назвала. Вядома, што развіццё ўсяго чалавецтва ў цэлым своеасабліва паўтараецца ў кожным чалавеку: дзяцінства людской грамады адлюстравана ў маленстве, і дзіця быццам праходзіць міфалагічны ўзрост. Вось чаму так важна чытаць у пэўным узросце — ад трох да дзесяці гадоў — дзецям казкі. Паглыбленне ў міфалогію адбываецца ў Васілевіч праз, кажучы па-навуковаму, аднаўленне анімізму, а для любога дзіцяці — праз адухаўленне ўсіх прадметаў, рэчаў, з’яў прыроды. У казцы апавядаецца пра негатыўную рэакцыю дрэў-зайздроснікаў на маладую каліну. Толькі старая яліна-казачніца спачувальна пазірала на прыгажуню каліну, баючыся, праўда, ці вытрымае яна непагадзь і непачцівае стаўленне людзей да дрэў і ўвогуле жыцця лесу. Яліна шмат што перажыла на сваім вяку і ўсяго баялася. Ды і вецер раіў маладой каліне паляцець у цёплы край разам з ім. Ды толькі каліна засталася на радзіме, бо не верыла ў зло. Сапраўды, і вецер, і мудрая яліна памыляліся. Каліна спатрэбілася людзям: яе ягады — лекавыя, і мама з сынам сабралі іх зімою: яны так прыгожа, прыцягальна чырванелі сярод снегу.

У казцы, акрамя дрэў, дзейнічаюць, вядуць гутаркі таксама і жывёлы, птушкі: вавёрка, сава, зязюля, дзяцел. У кожнага свая жыццёвая філасофія. А самая правільная аказалася ў каліны — прыносіць дабро людзям.

Другое апавяданне ў зборніку — «Геша» — з рэальнага жыцця: пра гуску Гешу, якая пасябравала з дзяўчынкай Наташай.

Міфалагічны ўзрост дзіцяці — гэта, уласна кажучы, асноўны перыяд фарміравання асобы. Ідэалагічныя, маральна-этычныя каштоўнасці закладваюцца ў сям’і і ў малодшых класах. Прыкладна ў 10—12 гадоў фарміруюцца базавыя патэрны светаадчування. А далей адбываецца толькі раскрыццё гэтых патэрнаў, іх карэкціроўка. Таму так важна ў гэтым узросце чытаць, як спяваў Уладзімір Высоцкі, «патрэбныя кнігі». Апавяданне «Геша» вучыць дабрыні і спагадзе да жывога. Дзеці палюбілі маладую гуску, гадаваліся разам з ёю.

У дачыненні да гэтага, на першы погляд, вельмі простага па змесце апавядання падзялюся сваім вопытам выхавання пазнаваўчага інтарэсу ў дачок і нават у студэнтаў. Я заўсёды з дзецьмі абмяркоўвала прачытанае і абавязкова выходзіла, так бы мовіць, за межы тэмы ў іншыя сферы, іншыя сюжэты. Так і тут можна расказаць дзецям пра незвычайную птушку — гуску. Па-першае, гусі намнога разумнейшыя, скажам, за кур. Так, гусей можна спакойна адпраўляць пасціся адных за ваколіцы вёскі — яны заўсёды знойдуць дарогу дадому. У апавяданні Геша згубілася, але толькі таму, што апынулася сярод бязладнага натоўпу людзей, а потым усё ж знайшла свае вароты. Можна расказаць маленькім чытачам пра выратаванне гусямі Рыма, пра аповесць Сельмы Лагерлёф «Падарожжа Нільса з дзікімі гусямі» — твор не можа не зацікавіць. Абмеркаваць з дзецьмі, чаму раней пісалі менавіта гусінымі пер’ямі. Дзіўна будзе пачуць маленькім чытачам, што гусі, як і лебедзі, верныя ў сям’і птушкі: шлюбы заключаюць на ўсё жыццё.

І такія гутаркі варта з дзецьмі праводзіць рэгулярна. Так і прывучаюць да чытання — абуджаюць пазнаваўчы інстынкт рознымі фактамі і жыццёвымі цудамі, звязанымі паміж сабою ў дзіўнае сеціва быцця.

Казкі, гісторыі надзвычай важныя для духоўнага развіцця дзіцяці. У апавяданні А. Васілевіч «Мая гаспадарка» гарадскі хлопчык далучаецца да вясковага жыцця і адначасова спасцігае скарбы народнай мовы. Увесь аповед будуецца на метаніміі: бабуля прапаноўвае паглядзець на «падушачкі», а гэта аказваюцца гусяняткі, пер’ем і пухам якіх набіваюць падушкі, «сала ходзіць па выгану» — гэта свінні, «хлеб расце ў полі» — жыта. Уласна, раскрываюцца пачаткі вобразнасці.

Кніга Алены Васілевіч выйшла ў серыі «Жывая класіка дзецям»: апавяданні ў ёй розныя па тэмах, але прасякнуты казачнасцю, вобразным адкрыццём свету, такім важным для ўспрыняцця дзецьмі.

Ілюстрацыі да кнігі зрабіла Вольга Барай. На думку рэцэнзента, выбраны не самыя ўдалыя эпізоды з твораў для паказу — якраз пазбаўленыя вобразнасці.

Але сама кніга адкрые для маленькіх чытачоў і іх бацькоў, настаўнікаў надзвычай цікавую, арыгінальную беларускую пісьменніцу.

Таццяна ШАМЯКІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».