Вы тут

Міхаіл Пташук — са спагадай да герояў і ўпартай верай у справядлівасць


Жыццёвы шлях лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужанага дзеяча мастацтваў і народнага артыста Беларусі Міхаіла Пташука азнаменаваўся самаадданай працай на карысць айчыннага кінамастацтва. Служэнню «дзясятай музе» Міхаіл Мікалаевіч прысвяціў трыццаць гадоў свайго жыцця і мог бы яшчэ столькі ж, ды ўмяшаўся лёс — творчым планам не дазволіла здзейсніцца аўтакатастрофа.

З заўчасным адыходам Міхаіла Мікалаевіча адышла і цэлая эпоха ў гісторыі беларускага кінематографа, эпоха вялікіх тэм і аўтараў. Хто ведае, калі склалася б усё іначай, магчыма, заўтра разам з прыхільнікамі творца адзначаў бы сваё 80-годдзе...


Міхаіл Пташук на здымачнай пляцоўцы фільма «У чэрвені 41-га». Фота з архіва «ЛіМа».

Яго рэжысёрскі почырк вызначаўся спагадай да герояў і ўпартай верай у справядлівасць. Найбольш ярка гэтыя якасці праявіліся ў фільмах на ваенную тэму. Тым сімвалічней успомніць пра іх сёння, у Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Карціны «Час выбраў нас», «Вазьму твой боль», «Знак бяды», «У жніўні 44-га...», «У чэрвені 41-га» існуюць як напамін аб жудасці любой вайны і Вялікай Айчыннай у прыватнасці, аб незагойных ранах, пакінутых на целе нашай Радзімы. «Усё, што я зняў, мае дачыненне да гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя», — прызнаўся аднойчы Міхаіл Мікалаевіч. Ды праўда ў тым, што знятае майстрам мае дачыненне не толькі да беларускай літаратуры, але і да гісторыі ўсяго народа, застанецца ў калектыўнай памяці навекі.

Няхай прагучыць бесцырымонна, але трэба прызнаць: у новым стагоддзі асірацелае беларускае кіно прыкметна падрабнела. На жаль, спрабуючы знайсці адказ на пытанне «У чым заключаецца веліч і ўнікальнасць рэжысёрскага стылю Міхаіла Пташука, аднаго з апошніх прадстаўнікоў слаўнай плеяды пастаноўшчыкаў?», непазбежна прыходзіш да такой высновы. Таму словы пра сыход эпохі — не проста рытарычная фігура... Запрашаем вас у невялікую вандроўку па кінематаграфіі майстра, падчас якой мы паспрабуем намацаць вузлавыя пункты яго аўтарскага почырку, галоўныя складнікі яго кіно.

Першае, што звяртае на сябе ўвагу, калі бярэшся вывучаць фільмаграфію класіка: Пташук быў рэжысёрам надзвычай гуманным, чалавекалюбівым. Працуючы над сваімі карцінамі, ён пільна ўзіраўся ў чалавека, імкнуўся знайсці нават у апошніх нягодніках штосьці светлае і рэдка выносіў прысуды (хочацца думаць, не апошнюю ролю сыграла тут мастацкае кіраўніцтва Георгія Данеліі ў пачатку кар’еры). Сляды гэткага падыходу віднеюцца ўжо ў рабоце «Час выбраў нас» (паказ першай серыі шматсерыйнага тэлепраекта адбыўся ў 1979 годзе).

Афіша фільма «Наш браняпоезд», 1989 г.

Нельга не адзначыць, якімі жывымі і натуральнымі атрымаліся героі фільма. Салдаты, бліскуча ўвасобленыя на экране маладымі артыстамі і прызнанымі майстрамі сцэны, раптам усведамляюць, што фронт перасунуўся недасяжна далёка і яны апынуліся ў глыбокім тыле праціўніка. На першы погляд, характары акрэслены груба... Доля праўды ў тым, канешне, ёсць (перад намі ўсё ж такі тэлевізійны праект), ды гэта толькі на першы погляд. Варта крыху ўгледзецца ў персанажаў — і зразумееш, якія яны насамрэч складаныя.

Чаго каштуе хаця б старэйшы брат галоўнага героя Сцяпан Варанецкі! Да вайны ён быў старшынёй калгаса, немцы ж зрабілі яго старастай гаспадаркі, і цяпер Сцяпан Лукіч вымушаны весці двайную гульню. Няпростая роля стала лебядзінай песняй акцёра Аляксея Эйбажэнкі (1934–1980), адным з найярчэйшых выхадаў за ўсю яго непрацяглую кінакар’еру. Не злітаваўся лёс і над іншым артыстам, задзейнічаным у праекце, — Станіславам Жданько. Дваццацічатырохгадовы выканаўца ролі рэзкаватага лейтэнанта Чырвонай арміі Аляксея Небыловіча быў забіты ў бытавым канфлікце падчас здымак...

Асобна вылучым галоўнага героя Івана Варанецкага, увасобленага маладым Яўгенам Герасімавым (можа быць вядомы чытачам па ролі біяробата Вертэра ў фільме «Госця з будучыні»), і надзвычай каларытнага пажылога партызана Мяфодзія Кузьміча (у другараднай ролі адзначыўся народны артыст СССР Яўгеній Лебедзеў). Уласна, ў гэтым праяўляецца першы і адзін са стылеўтваральных элементаў аўтарскага почырку Міхаіла Пташука — апора на акцёрскі талент. Ён з тых, каго называюць «акцёрскімі рэжысёрамі».

Пташука захапляе работа з артыстамі, менавіта на харызме галоўных герояў нярэдка трымаецца ўвесь фільм. Дадзеная акалічнасць збліжае яго падыход з падыходам пастаноўшчыкаў тэатральных спектакляў. Адсюль і схільнасць вылучаць улюбёнцаў, працаваць з тымі, у кім упэўнены. Так, бадай, няма ў гісторыі беларускага кіно больш плённага акцёрска-рэжысёрскага тандэма, чым творчае супрацоўніцтва Гасцюхіна і Пташука. Народны артыст сыграў у чатырох фільмах рэжысёра («Час выбраў нас», «Вазьму твой боль», «Знак бяды», «Наш браняпоезд»). Сяброўскія стасункі звязвалі Пташука і з народнай артысткай Стэфаніяй Станютай, чыё імя таксама неаднойчы фігуравала ў цітрах да яго фільмаў («Час выбраў нас», «Вазьму твой боль», «Гульня ўяўленняў»).

Ніна Русланава ў фільме «Знак бяды», 1986 г.

Гэткая арыентацыя на акцёраў вымагае адпаведнай інтанацыі. Так, фільмы Міхаіла Пташука за рэдкім выключэннем размаўляюць на мове буйных і сярэдніх планаў, на мове аскетычных мізансцэн і паслядоўнага мантажу. Ды, варта адзначыць, работы Міхаіла Пташука наогул досыць гаваркія. Найлепшыя з іх з’яўляюцца экранізацыямі літаратурнай класікі, а ўлюбёны прыём пастаноўшчыка — закадравы голас, які ілюструе ўнутраны дыялог героя.

«У кожным фільме, знятым паводле твораў класікаў, ёсць часцінка мяне самога, маёй маці, суседзяў — людзей, сярод якіх я вырас <...> Калі раней бег ад самога сябе, ад свайго мінулага, то цяпер праходзіш зваротную дарогу. На гэтым шляху адбываецца здабыванне самога сябе, таму што там няма нічога выдуманага, толькі праўда, якая належыць у рэшце рэшт не толькі табе аднаму, а — з прыходам фільма на экран — усяму народу», — зазначаў майстар.

Бернард ЗАТЫЛКІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».