Вы тут

Як частаваць птушак правільна? І чаму небяспечна вешаць кармушкі на вокны?


Год пяць таму ўзімку я зайшла ў кавярню-кнігарню ля Нацыянальнага мастацкага музея і ўбачыла там рарытэтны чамадан-вітрыну напоўнены папяровымі пакуначкамі з надпісам «Корм для птушак». Як высветлілася, прынесла яго пастаянная наведвальніца гэтага месца, актрыса дзіцячага тэатра. Яна марыць пра тое, каб у горадзе з’явіліся месцы, дзе кожны ахвотны па дарозе на працу, спатканне ці дадому мог бы бясплатна ўзяць корм для сініц і вераб’ёў, каб падтрымаць іх у суровыя зімнія дні.


Не выкідайце вішнёвыя костачкі 

І гэта не адзіная ініцыятыва гараджан, накіраваная на дапамогу птушкам. Падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу я натрапіла ў ітэрнэце на адвент-каляндар «Два вераб’і». У яго ўваходзіць драўляная кармушка, правільны корм і розныя заданні, звязаныя з птушкамі, якія бацькі могуць у чаканні Калядаў выконваць разам са сваімі дзецьмі. Падумалася, што ён можа быць актуальны ўсю зіму. Бо дапаможа ў гульнявой форме прывучыць хлопчыкаў і дзяўчынак да клопату за птушкамі. 

Сябар маёй калегі, які вельмі любіць птушак, сёлета пачаў рабіць на продаж металічныя арт-кармушкі з бярозавай палачкай, на якой могуць сядзець птушкі. Гэтая бізнес-ідэя цікавая сваімі інтэрактыўнымі момантамі. Можна, напрыклад, пайсці ў лес з дзіцём, знайсці палачку, якая спадабалася, і ўставіць яе ў адтуліны замест купленай. Акрамя таго да кожнай кармушкі прыкладаецца картка з выявамі птушак, пры дапамозе якой можна гуляць ва «Угадай, хто прыляцеў». 

Майму сыну на Новы год Дзед Мароз прынёс цукеркі ў кармушцы замест пакунка. Перш чым яе павесіць, мы з Сымонам вырашылі даведацца, як дапамагаць птушкам правільна. Што можна класці ў кармушку? А якая ежа для птушак шкодная? 

Шматдзетны тата з Новалукомля Віталь Кашчэеў цікавіцца птушкамі з дзяцінства. Біёлаг па адукацыі, ён працуе на Лукомльскай электрастанцыі машыністам. У вольны час неабыякавы птушкалюб назірае за іх паводзінамі і міграцыяй, кальцуе, у сцюжу вывешвае кармушкі, падсыпае корм. Паводле яго слоў самы ўніверсальны корм для дробных птушак — несалёныя нясмажаныя семкі сланечніка.

— Яны заўсёды ідуць на ўра, — кажа Віталь. Я іх звычайна купляю на рынку, кілаграм каштуе парадку 3-4 рублёў. 

Ёсць месцы, дзе прадаюць семкі адмыслова для птушак. Праўда, яны нічым не адрозніваюцца ад семачак для людзей, проста не адсартаваныя па памеры. Людзі, якія не першы год кормяць птушак, замаўляюць іх па восені ў фермераў. Мая былая аднакурсніца, прынамсі, купляе на сезон цэлы мяшок. За 25 кілаграм аддала 85 рублёў. 

— Яшчэ адна недарагая альтэрнатыва — авёс, на рынку вядро можна купіць за 4 рублі, — працягвае Віталь. — Я насыпаю ў кармушкі сумесь з аўса, насення кабачкоў, гарбузоў, сланечніка, проса, рапсу і льну, журавінаў, кавалачкаў яблыка. А яшчэ рэгулярна раблю тлушчавыя падкормкі. Свіны тлушч растапліваю у каструлі, засыпаю туды семечкі сланечніка, перамешваю і заліваю ў палавінкі шкарлупы ад какосавых арэхаў, у якіх загадзя прасвідроўваю дзірачку. Калі тлушч застывае, падвешваю доўгагуляючыя кармушкі на провалачцы на галінкі. Сінічкі вельмі радуюцца такому пачастунку. 

Падобным чынам робяцца і сытныя шарыкі-кармушкі. Замест жывёльнага тлушчу можна растапіць какосавае масла (для мяккасці раяць дадаць крыху сланечнікавага ці рапсавага алею). Унутр кожнага шарыка абавязкова трэба закласці нітку, каб потым яго можна было падвесіць. А каб птушкі маглі садзіцца і есці, у корм устаўляюцца кароткія палачкі. Апошнія маніпуляцыі з ніткай і палачкамі можна не рабіць, калі купіць адмысловыя кармушкі ці металічныя спіралі для падвешвання кармавых шарыкаў. Такія ядомыя шарыкі маюць перавагу над драўлянымі домікамі. Бо апошнія неабходна рэгулярна чысціць — прыбіраць рэшткі корма і памёт, каб птушкі не захварэлі. 

— Акрамя таго, свіным тлушчам можна мазаць ствалы дрэў, — кажа заўзяты аматар птушак з Новалукомля. — На такія ствалы любяць прылятаць ласавацца дзятлы. Будуць рады сініцы і прычэпленаму на галінку кавалку несалёнага нясмажанага сала. Летам, падчас сезону закатак, я нарыхтоўваю вішнёвыя костачкі. Гэта любімы ласунак дубаносаў. Абавязкова сушу насенне кабачкоў, якое звычайна нікуды не выкарыстоўваецца, нарыхтоўваю семкі гарбуза, бо апошнія дорага каштуюць. Можна купіць той жа корм для хвалістых папугаяў у зоакраме і высыпаць у кармушкі. Многія падкармліваюць птушак несалёным арахісам. Можна проста разрэзаць какос і падвесіць яго, сініцы будуць есць з задавальненнем. Але гэта ўсё не вельмі танна. Я ж выступаю за бюджэтныя спосабы кармлення.

Ні ў якім разе нельга карміць птушак рэшткамі са стала. Ім нельга нічога смажанага, печанага і салёнага. Хлеб і батон, як свежы так і сухі — таксама непрыдатны ў якасці корму. 

Кінатэатр для коціка 

Зараз вельмі модна павесіць кармушку за акном. Сярод маіх знаёмых многія так робяць. Піць каву ранкам пад любімую музыку і назіраць, як птушкі за шклом клююць семкі — пагадзіцеся, чым не рамантыка. 

Сумяшчае прыемнае з карысным і мая прыяцелька. Штогод напрыканцы восені Надзя вывешвае драўляную кармушку за акном. Шматдзетная мама жыве побач з паркам на пятым паверсе, і птушак там вельмі шмат. 

— Вельмі цікава назіраць, як па-рознаму яны ядуць. Сініцы акуртна бяруць адну семечку і злятаюць з ёй на бліжэйшае дрэва. Вераб’і доўга сядзяць у кармушцы і спрабуюць раскрыць семечку дзюбай. Дубанос жа, здаецца, гадзінамі можа прымаць ванны з семечак, з’ядае шмат, пакідаючы шкарлупкі ў кармушцы. 

Надзя зараз у дэкрэтным адпачынку. Кажа, што паспявае прыгатаваць абед пакуль яе дзеткі—пагодкі захоплена назіраюць за птушкамі. А старэйшая дачка штодня перад школай з задавальненнем напаўняе кармушку семкамі. 

— Калі здымаю па вясне кармушку, больш за ўсё сумуе наш кот Рудзік. Бо назіраць за птушкамі праз вакно яго галоўная забава, такі сабе кашачы кінатэатр. Многія сябры, пасля таго, як пабылі ў нас у гасцях, таксама купілі кармушку і павесілі ў сябе, каб часцей бачыць птушак за акном. А мой муж зрабіў драўляны дамок і занёс яго да сябе ў офіс. Кажа, гэта дапамагло згуртаваць калектыў, бо з’явіўся агульны прыемны сумесны занятак. 

— Бёрдвотчынг — вельмі папулярнае хобі ва ўсім свеце, — кажа Віталь Кашчэеў. — Людзі без спецыяльнай адукацыі, розных прафесій і ўзростаў, купляюць дарагія фотаапараты, біноклі і назіраюць за птушкамі. Ёсць школы і акадэміі бёрдвотчынга. У гэтым годзе на тэрыторыі Беларусі зацверджана 342 віды птушак. Я ў сацсетках назіраў за групай людзей, якія зладзілі спаборніцтвы — хто сфатаграфуе больш за ўсё птушак на працягу года. Дык вось дзяўчына, якая заняла першае месца, зняла на камеру ажно 262 віды. 

Назіраць за птушкамі і здымаць відэа зручней пры дапамозе празрыстых кармушак. Яны з лёгкага акрылавага шкла, на прысосках, іх вешаюць непасрэдна на вокны. У адрозненні ад драўляных кармушак, такія кармушкі лёгка мыць. Праўда, каштуюць яны не танна, самая маленькая сорак рублёў. У якасці альтэрнатывы, кажуць, можна выкарыстаць паліцу для ваннай з прысоскамі. 

— Празрыстыя кармушкі, канечне, самыя эфектныя для назірання, але тут ёсць падводныя камяні. Людзі, якія вешаюць іх на акно, павінны быць гатовымі да непрыемных сюрпрызаў, — кажа Віталь Кашчэеў. — Ястраб-перапелятнік, які палюе на дробных птушак, можа спікіраваць у такую кармушку. Ад удару драпежнікі, як правіла, разбіваюцца і гінуць. А буйны ястраб-цецяроўнік можа нават прабіць шыбу. Мне сёлета званілі па такому пытанню. Пыталіся, што рабіць з ястрабам, які сутыкнуўся з вакном. Дзякуй богу, усё абышлося, птушка праз дзень прыйшла ў сябе і яе выпусцілі на волю. Менавіта з гэтай прычыны на шкло наогул не рэкамендуецца вешаць празрыстыя кармушкі. Акрамя таго, у прыватных дамах вельмі часта ставяць вялікія вітрынныя вокны. Яны таксама з’яўляюцца пасткамі для птушак, якія аб іх разбіваюцца. Для таго, каб пазбегнуць такога, прадаюцца ультрафіялетавыя маркеры. Імі можна намаляваць гарызантальныя палоскі, каб гэтыя вокны былі бачнымі для птушак. 

І да вясны вісяць пустыя…

Кармушкі могуць быць вельмі фотагенічнымі, я бачыла нават унікальныя экземпляры з ручным роспісам. Але гэта не значыць, што яна прывабіць птушак. Знаёмая распавядала, што ёй з-за мяжы сяброўка прывезла стыльную празрыстую кармушку з дазатарам і двума аддзяленнямі для корму. Але ў яе прыляталі толькі сінічкі. А хацела, каб значна больш відаў. Пасля таго, як Таня павесіла самаробную кармушку з пластыкавага кантэйнера ад шампіньёнаў (прымацавала да кожнага вугла вяровачку, завязала на вузел і вешала прама на акно: кармушка звонку, а вузельчык знутры) у так званную ванную з семачак сталі прылятаць самыя розныя птушкі — дамавыя і палявыя вераб’і, дубаносы, папаўзні, зелянушкі, лазараўкі, чачоткі, таўстадзюбы, гілі, дзятлы, сойкі, чыжы, амялушкі... 

— Раней я сам рабіў драўляныя кармушкі і развешваў па горадзе ўздоўж сваёй дарогі на працу, але іх пастаянна хтосьці ламаў, ці яны знікалі, — кажа Віталь. — Таму апошнім часам выразаю невялікія акенцы ў пластыкавых бутэльках і развешваю на дрэвах. Калі будзеце рабіць такія кармушкі, не выкарыстоўвайце каляровы пластык. Толькі празрысты, які добра праглядаецца. Калі павесілі кармушку з пластыкавай бутэлькі ці з пакета з-пад малака, не забудзьце зняць іх вясной і ўтылізаваць, бо адмоўны момант такіх кармушак, што яны вісяць гадамі і псуюць від двару і парку. 

Галоўныя патрабаванні да кармушкі: каб дно было з адтулінамі, адкуль будзе выцякаць лішняя вільгасць. Дах і невялікі борцік, каб корм не намакаў і насенне не здзьмувала ветрам. Лепш рабіць некалькі ўваходаў, каб птушкі адчувала сябе ў бяспецы. 

— Я ў сваёй дачкі нядаўна спытаў: «У вас у школе вешалі кармушкі?» — Вешалі — «А хто-небудзь корміць зараз птушак? — «Не», — кажа Віталь Кашчэеў. — Праблема большасці кармушак у тым, асабліва калі акцыя праходзіць у школах ці дзіцячых садках, што іх робяць вельмі шмат, развешваюць на прышкольным участку, але потым не насыпаюць нічога. І яны да вясны вісяць пустыя. Ад такіх кармушак наогул ніякага сэнсу. На адну школу дастаткова пару кармушак, галоўнае, каб туды рэгулярна штосьці засыпалася. Лепш няхай дзеці забяруць сваю кармушку і павесяць побач з домам, каб рэгулярна падсыпаць корм па дарозе ў школу. А на ўрокі прыносяць фотаздымкі. 

Калі кармушак няма, можна высыпаць корм на ўтаптаную сцяжынку ў двары ці парку. Там робіць тата маёй калегі. Ён жыве ў прыватным сектары ў Лепелі. І птушкі, ведаючы такі яго рытуал, злятаюцца імгненна. 

Лебедзяў і качак карміць наогул не рэкамендуецца

На Чыжоўскім вадасховішчы пастаянна бачу, як бацькі з дзеткамі кормяць качак і лебедзяў хлебам ды батонам. Мой сын таксама хацеў пакарміць, але я патлумачыла, што так лепш не рабіць. Тады Сымон падышоў да таты з дачкой, якія кідалі ў ваду батон, і сказаў: «А мама сказала, што качак хлебам карміць нельга». У выніку, дзякуючы дзіцячай непасрэднасці, мы разгаварыліся і я падзялілася, што карміць лебядзяў і качак лепш аўсянымі шматкімі альбо прарошчаным зернем. 

Паводле слоў Віталя Кашчэева, вадаплаваючых птушак наогул не рэкамендуецца падкармліваць, таму што ў іх прытупляецца інстынкт да міграцыяў. У прыватнасці, лебедзі павінны злятаць у вырай, але масава застаюцца зімаваць на некаторых беларускіх вадаёмах. Напрыклад, на Лукомльскім возеры ў гэтым годзе зімуе каля сотні, а ў асобныя гады і 400-500 птушак. У Новалукомлі лебедзі — гэта атракцыён, бацькі прыводзяць сваіх дзетак на бераг вадаёма, каб малыя паглядзелі на птушак, часам нават пагладзілі. 90 працэнтаў з іх прыносяць з сабой хлеб і батон. Але асабліва ва ўмовах вялікіх гарадоў, такіх, як Мінск, дзе ў птушак абмежаваныя магчымасці змяшаць гэты корм з натуральнай ежай з дна вадаёма, кармленне батонам і хлебам можа прывесці да іх гібелі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.