Вы тут

Да 40 гадоў, непрацуючыя, мясцовыя — партрэт тыповага браканьера


Хаця, па словах начальніка ўпраўлення аператыўнага рэагавання Дзяржаўнай інспекцыі жывёльнага і расліннага свету Віктара Ждановіча, апісаць яго сацыяльны партрэт складана, таму што імі могуць быць розныя катэгорыі людзей па адукацыі або статусе.


Фота: pixabay.com

Калі гаварыць аб рыбалоўстве, дык асноўны від браканьерства — лоўля рыбы сеткамі. Звычайна ім зарабляюць мясцовыя жыхары, чые дамы знаходзяцца паблізу вадаёмаў. Хтосьці ловіць рыбу для сябе, але ёсць і групы асоб, якія займаюцца браканьерствам пастаянна, — гэта крыніца іх існавання. Гаворка ідзе пра грамадзян да 40 гадоў, як правіла, непрацуючых або якія занятыя няпоўны працоўны дзень. Іх не так проста злавіць, таму што яны ставяць так званых дазорцаў, каб сачыць за перамяшчэннем дзяржінспектараў. Тыя, хто багацей, — а гэта пераважна паляўнічыя — выкарыстоўваюць квадракоптары і фотапасткі, але Дзяржінспекцыя з гэтай задачай спраўляецца.

Сёння яе работнікі аснашчаны цеплавізійнымі прыцэламі, прыборамі начнога бачання, квадракоптарамі, транспартнымі сродкамі, маламернымі маторнымі суднамі з магутнымі рухавікамі. «Па аснашчэнню ад браканьераў мы дакладна не адстаём. Штотыдзень праходзяць трэніроўкі з агнястрэльнай зброяй, мы выкарыстоўваем яе ў выпадку супраціўлення», — распавёў спецыяліст.

Гаворачы аб выніках 2022 года, Віктар Ждановіч адзначыў, што за гэты перыяд было выключана з абароту больш як 10,5 тысячы рыбалоўных сетак агульнай працягласцю 421 кіламетр. «Ад Мінска да Брэста каля 320 кіламетраў. Вось уявіце, мы можам выкласці гэтымі сеткамі дарогу да Брэста і яшчэ да Барысава хопіць, калі скласці. Гэта сапраўды вялізны метраж». Таксама ў 2022 годзе работнікамі інспекцыі было канфіскавана 14 электралавільных установак. Практычна ўсе яны канфіскаваны падчас затрымання браканьераў пры здзяйсненні злачынства.

Колькасць выпадкаў браканьерства з выкарыстаннем электравудаў у краіне знізілася. Змяншэнне колькасці такіх правапарушэнняў начальнік упраўлення аналізу і кантролю за аховай і выкарыстаннем аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету Дзмітрый Матора звязвае ў тым ліку з тым, што ў Дзяржінспекцыі наладжана вельмі сур’ёзнае ўзаемадзеянне з праваахоўнымі органамі. «Яно дазваляе спыняць не толькі грубыя парушэнні, але і замаскіраваныя. Мы прыкладна ўяўляем асобу правапарушальніка ці нехта паведамляе пра яго, а пасля мы можам атрымаць санкцыю пракурора і агледзець домаўладанне падазраванага. Гэта на пачатковым этапе дапамагае нам выключыць электравуды і сеткі, каб прадухіліць сур’ёзную шкоду прыродзе».

Начальнік упраўлення аператыўнага рэагавання Дзяржінспекцыі Віктар Ждановіч дадаў, што на сітуацыю з электравудамі паўплывала і тлумачальная работа з насельніцтвам. «Пры затрыманні браканьера з электравудай урон спаганяецца ў пяціразовым памеры, што стрымлівае людзей. У мінулым годзе быў выпадак у Мядзельскім раёне, калі з дапамогай электравуды было здабыта дзесяць вугроў. Урон склаў больш як 33 тысячы рублёў. Мы афішуем гэтыя факты і людзі разумеюць, што здабываць рыбу такім спосабам нельга».

Што да палявання, то летась было канфіскавана 565 адзінак агнястрэльнай зброі, з іх незарэгістраванай — амаль 300. Усяго заведзена каля 180 крымінальных спраў у дачыненні да парушальнікаў.

Начальнік упраўлення аналізу і кантролю за аховай і выкарыстаннем аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету Дзмітрый Матора паведаміў, што за 2022 год выяўлена 2,4 тысячы парушэнняў правілаў лесакарыстання, у тым ліку незаконных высечак агульным аб’ёмам 27 тысяч кубічных метраў. У большасці сваёй гэта адміністрацыйныя парушэнні, але ёсць і з прыкметамі крымінальнай — гэта прычыненне шкоды звыш 200 базавых велічынь. «Ёсць выпадкі прыцягнення ў тым ліку службовых асоб, якія абавязаны захоўваць гэтыя прыродныя багацці», — адзначыў спецыяліст.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?