Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Нябесная вершніца»


Восень. Ляціць лісце, перламутравыя аблокі пад сонечнымі прамянямі. Тралейбус пахіснуўся і крануўся. На сядзенні побач са мной прысела бабулька ў хустачцы. Круглатварая, з пушком над верхняй губой, гадоў васьмідзесяці.


«Не ведаеце, па якім кошце там прадаюць бульбу?» — яна кіўнула на машыну ля абочыны, з якой здымалі мяшок. «Не», — адказала я. «Учора была па дзевяноста капеек за кілаграм», — сказала яна. Адчувалася, ёй хочацца пагаварыць.

«Нядорага, — сказала я. — трэба і мне будзе купіць». «Цана добрая, толькі менш трох мяшкоў на кватэру не дастаўляюць. А навошта мне тры мяшкі?» — паскардзілася яна. 

На мяне глядзелі яе добрыя шэрыя вочы. Мы пагаварылі аб надвор’і. «Ведаеце, — сказала мне бабуля, — я люблю глядзець на неба. Я загаварыла з вамі, бо надоечы бачыла, як вы глядзелі на аблокі. Яно такое...» У яе не хапіла слоў, каб апісаць, якое яно.

У мяне таксама не хапае слоў, каб апісаць неба, і я з разуменнем кіўнула. «Хто ведае, колькі яшчэ часу засталося бачыць яго, — працягвала бабулька. — У маладосці неяк усё бягом і бягом, на неба вачэй не падымаеш. А цяпер думаю, вось жыццё прайшло, а жыцця не бачыла: бегла».

Нашы думкі былі сугучныя. Прыемна пагаварыць з чалавекам, які бачыць неба. «Я бяру фатаграфіі, на якіх маладая, і гляджу на сябе ў люстэрка. Параўноўваю. Здаецца, на фатаграфіі — я, а ў люстэрку — не, — сказала бабулька. — Мне ўсё яшчэ думаецца, што я маладая». Я з разуменнем кіўнула: «Старэюць цела, а не душы. Я маладзей за вас, але такія думкі і мяне наведваюць».

«Сёння бачыла дзіўны сон», — бабулька зазірнула ў мае вочы з чаканнем. Ці хачу я пачуць пра яе сон? «Раскажыце», — папрасіла я. «Я бачыла свайго брата, ён даўно памёр і мне ніколі не сніўся. Быццам бы маёўка, людзі весяляцца, а брат у капюшоне з апушчанай галавой падышоў і кажа: „Навошта прыйшла? Ідзі адсюль“. І я пайшла».

«Добры сон, — сказала я. — Доўга жыць будзеце». «Так, — пацвердзіла яна. — Гэта ён мяне з таго свету выгнаў. Я рэдка бачу сны, але адзін сон памятаю ўсё жыццё». «Гэта прарочы сон? — пацікавілася я. — Раскажыце». Яна паглядзела ў акно, хвіліну памаўчала і стала распавядаць:

«Бачыла ў сне, што ў небе прыгожая жанчына-вершніца з залатым лукам. Яе конь у срэбных даспехах. А побач са мной незнаёмая жанчына. Я не памятаю яе твару, але тады дакладна ведала, што мяне з гэтай жанчынай нешта звязвае. Раптам у небе з’явіліся два лебедзя, і Нябесная Вершніца ўскінула лук. Я крыкнула: „Не страляй!“ Але страла апярэдзіла мой крык. „Лавіце, — крыкнула нам вершніца, — хто зловіць — таго і шчасце“. Лебедзь упаў да мяне на рукі, а Вершніца знікла».

Я прачнулася, шчаку калола, з падушкі прабілася пёрка. Я выцягнула яго і паклала на падваконнік. Вечарам зайшла суседка, узяла пёрка і кажа: «Лебядзінае». Я і распавяла ёй сон, а яна кажа: «Гэта значыць — Пётр твой вернецца».

Мой муж Пётр тады быў у Расіі. Тры гады прайшло, як з’ехаў на заробкі. І ні слыху, ні духу. Яго сябар, які з’ехаў з ім, даўно вярнуўся і сказаў: «Пётр застаўся, жыве з іншай жанчынай». Я ўжо і чакаць яго перастала. Думала, доля такая, адной гадаваць дзяцей. І што вы думаеце, праз тры дні прыходжу дадому, а Пётр з дзецьмі важдаецца.

Я не расказала яму, што ведаю пра іншую жанчыну. Паплакала ад радасці і ўсё, што было, забылася. З таго дня прайшло ўжо сорак восем гадоў. «А ваш муж жывы?» — спытала я асцярожна. «Вядома, жывы», — яна здзівілася майму пытанню. Я падумала, што не тое сказала, і згладзіла: «Добра, што вы не адна». «Мы жывем шчасліва. Дзяцей выгадавалі, унукаў», — пахвалілася бабуля. Трэба было выходзіць, і я развіталася.

На выхадзе я пачула ззаду яе ціхі голас: «Хай благаславіць цябе Бог». Напэўна, яна перахрысціла мяне ўслед. Я ішла, з задавальненнем шаргацела лісцем, на душы было лёгка ад таго, што сустрэла чалавека з сугучнымі пачуццямі, і думала: «Бывае, трэба камусьці расказаць, што на душы».

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.