Вы тут

Гандаль і самаразвіццё — чым займаецца моладзь у Расіі і Казахстане


Падабаецца самаразвіццё

Каля 80 працэнтаў моладзі ў Расіі займаецца самаразвіццём. Такія даныя прыводзяцца ў сумесным даследаванні Расійскага таварыства «Веды» і Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскага меркавання. Высокая цікавасць да навучання праз пяць-дзесяць гадоў можа прывесці Расію да далейшага развіцця рабатызацыі, штучнага інтэлекту, з'яўлення новых прафесій на рынку ІТ, біялогіі, хіміі, фізікі і медыцыны.


Усяго апыталі больш за 1,6 тысячы расіян ад 16 да 35 гадоў на прадмет спажывання імі асветніцкага кантэнту. Пры гэтым рэспандэнты маглі даць некалькі варыянтаў адказаў. Па выніках даследавання навука заняла першае месца — ёю захоплена 74 працэнты рэспандэнтаў. У тройцы любімых напрамкаў таксама аказалася псіхалогія і гісторыя (па 69 працэнтаў). Акрамя таго, апытаныя гаварылі аб цікавасці да ўрбанізму (41 працэнт), развіцця софт-скілс (39 працэнтаў) і сучаснага мастацтва (34 працэнты). Менш за ўсё маладое пакаленне захоплена журналістыкай (26 працэнтаў) і модай (25 працэнтаў). Усяго ж цікавасць да асветніцкага кантэнту ёсць у 79 працэнтаў моладзі: такі паказчык складае сума адказаў хлопцаў і дзяўчат, якім ён «падабаецца» і «хутчэй падабаецца».

Пры гэтым традыцыйныя фарматы атрымання новых ведаў застаюцца больш пераважнымі: першынство падзялілі тэкставыя матэрыялы і артыкулы, а таксама відэаролікі. Менш папулярныя аказаліся падкасты, стрымы, а таксама квізы. Зрэшты, развіццё інтэрнэт-тэхналогій адбілася і на крыніцах атрымання інфармацыі: найбольш запатрабаванымі аказаліся YouTube (64 працэнты) і пошук даных праз «Яндэкс» і Google (56 працэнтаў).

Роўна палова расіян выдаткоўвае на самаразвіццё ад адной да чатырох гадзін у тыдзень. Прычым часцей за ўсё маладое пакаленне спажывае асветніцкі кантэнт, каб развіць эрудыцыю і даведацца нешта новае пра навакольны свет і чалавека (57 працэнтаў), атрымаць карысныя навыкі ў жыцці (51 працэнт), для працы (33 працэнты) або вучобы (20 працэнтаў) і проста прыемна правесці час (31 працэнт).

Вабіць сфера продажаў

У Казахстане амаль палова ўсёй моладзі занятая ў гандлі, адукацыі і сельскай гаспадарцы. Даныя аб эканамічнай актыўнасці маладых казахстанцаў Бюро нацстатыстыкі РК апублікавала ў зборніку «Моладзь Казахстана».

51 працэнт ад агульнай колькасці моладзі (1,9 мільёна чалавек) адносіцца да ліку працоўнай. Большая частка (78 працэнтаў) — гэта наёмныя работнікі, а 22 працэнты, або 420 тысяч чалавек, — самазанятыя. Адметна, што 14,6 тысячы маладых казахстанцаў ужо кіруюць сваім бізнесам і самі з'яўляюцца работадаўцамі.

Калі размеркаваць усю працоўную моладзь па відах эканамічнай дзейнасці, дык атрымаецца, што найбольшая доля прыпадае на сферу продажаў — іх 17,8 працэнта. Аптовым і рознічным гандлем у краіне займаюцца 353 тысячы маладых казахстанцаў. Даныя за апошнія пяць гадоў паказваюць, што цікавасць моладзі менавіта да гэтай галіны расце кожны год. Гэта пацвярджае як рост колькасці тых, хто працуе ў гандлі, так і іх высокая доля сярод занятых.

На другім месцы па колькасці занятых застаецца сельская гаспадарка. На жывёлагадоўчых фермах або ў агракампаніях працуе больш за 238 тысяч казахстанцаў да 28 гадоў. Кожны год ахвотных даглядаць жывёл або займацца вырошчваннем гародніны становіцца ўсё менш і менш. Пяць гадоў таму іх доля была роўная 15 працэнтам, па выніках 2021 года — ужо 12 працэнтаў.

На трэцім радку па колькасці працоўных у гэтай узроставай катэгорыі знаходзіцца сфера адукацыі. Настаўнікамі і выхавальнікамі працуюць звыш 232 тысяч маладых казахстанцаў. У асноўным гэта дзяўчаты. Іх доля складае 70 працэнтаў.

На прамысловыя прадпрыемствы моладзь таксама працаўладкоўваецца. У мінулым годзе ў горназдабыўной і перапрацоўчай прамысловасці працавалі 45 тысяч і 124,8 тысячы чалавек адпаведна. Мяркуючы па аналізе даных за апошнія пяць гадоў, цікавасць да такой працы пасля пандэміі ў казахстанцаў падае. Аналагічныя тэндэнцыі — зніжэнне папулярнасці рабочых прафесій — праглядаецца і ў іншых відах эканамічнай дзейнасці.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?