Вы тут

«Плеяда маладых». Аляксандра Ганчарова — пра актуальнасць піянерскага руху, яго рэбрэндынг і новыя традыцыі


Летась споўнілася 100 гадоў з дня стварэння піянерскай арганізацыі. За гады існавання піянерскага руху ў ім удзельнічала больш за 200 мільёнаў хлопчыкаў і дзяўчынак. На сучасным этапе непарушныя традыцыі савецкіх піянераў у нашай краіне працягвае грамадскае аб’яднанне «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя», якая з’яўляецца самай масавай дзіцячай арганізацыяй. Піянерскі рух ахоплівае ў Беларусі больш за 600 тысяч дзяцей і падлеткаў: гэта акцябраты ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў і піянеры ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў. Адна з галоўных традыцый піянераў — «Ні дня без добрых спраў!»

У пачатку студзеня стала вядома, што Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя ўдастоена Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Так высока быў адзначаны яе ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення і рэалізацыю сацыяльна значных дзіцячых праектаў і ініцыятыў. Пра тое, чым жывуць сучасныя піянеры і як піянерскаму руху ўдаецца не страчваць сваю актуальнасць, мы гутарым з сакратаром ЦК БРСМ і старшынёй Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Аляксандрай Ганчаровай.


Педагагічная дынастыя і прызванне

— Аляксандра, работа вашай каманды была ацэнена на самым высокім дзяржаўным узроўні. Не маглі б вы расказаць пра вашых калег? Як увогуле дарослыя людзі прыходзяць у дзіцячы рух? Хто яны па адукацыі? Знайсці агульную мову з дзецьмі — зусім няпроста. І яшчэ цяжэй павесці іх за сабой, захапіць, зрабіць так, каб яны табе давяралі...

— Ні для каго не сакрэт, што ў БРПА няма сваёй структуры і мы абапіраемся на патэнцыял Міністэрства адукацыі. Нашы старшыні Мінскага гарадскога і абласных саветаў БРПА з’яўляюцца супрацоўнікамі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія на грамадскіх пачатках курыруюць дзейнасць піянерскай арганізацыі. А ў першасным звяне (у нашых школьных дружынах) гэту функцыю выконваюць педагогі-арганізатары. Усе яны маюць педагагічную адукацыю, таму работа з дзецьмі — іх прызванне. Многія калегі прызнаюцца, што калі спачатку апека над піянерамі была для іх проста дадатковым абавязкам, то потым усё змянілася, бо піянерыя ў сябе ўлюбляе. Мы стараемся «прапампоўваць» «скілы» нашых педагогаў на форумах важатых, праводзім для іх дыстанцыйныя адукацыйныя курсы. Калі казаць пра штатную структуру Цэнтральнага савета БРПА, то ў нас акрамя мяне працуюць тры цудоўныя дзяўчыны — намеснік старшыні і кіраўнікі інфармацыйнага і метадычнага цэнтра. Па адукацыі яны таксама педагогі, выхадцы з устаноў адукацыі і БРСМ.

Асабіста для мяне прафесійны выбар быў прадвызначаны: я з сям’і педагогаў. Бацька (настаўнік фізікі) быў дырэктарам Вучэбна-вытворчага камбіната Кастрычніцкага раёна сталіцы. Маці (па адукацыя яна настаўнік рускай мовы і літаратуры) — рыхтавала ў вучэбна-вытворчым камбінаце сакратароў-рэферэнтаў. Дзве мае родныя сястры таксама так ці інакш былі звязаны з педагогікай. Таму, калі ў 9 класе трэба было вызначацца з прафесіяй, я не сумнявалася, што мая работа абавязкова будзе звязана з сацыяльнай сферай.

Пасля праходжання прафарыентацыйнай дыягностыкі выбар спыніўся на педагагічным каледжы. Пасля яго заканчэння я пайшла працаваць педагогам-арганізатарам у мінскую лінгвістычную гімназію № 74. Скончыла БДПУ. У гімназіі я і пазнаёмілася з дзейнасцю грамадскіх арганізацый. Жыццёвым крэда ў рабоце было рабіць усё творча, каб кожнаму дзіцяці ў нашым пакоі дзіцячых і маладзёжных арганізацый (ад першага да адзінаццатага класа) было цікава. Затым мяне запрасілі працаваць у сталіцы ў Кастрычніцкі раённы камітэт БРСМ, дзе я курыравала ў тым ліку дзейнасць піянерскай арганізацыі. Адтуль трапіла ў Цэнтральны камітэт БРСМ. А пяць гадоў таму была абрана старшынёй Цэнтральнага камітэта БРПА, пры гэтым застаюся сакратаром ЦК БРСМ.

— Да прэзідэнцкай прэміі прыкладаецца грант. Ці вырашылі ўжо, як ім распарадзіцеся?

— Калі мы даведаліся, што атрымалі спецпрэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, першай нашай думкай было накіраваць сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы Цэнтральнага камітэта, мінскага гарадскога і абласных саветаў БРПА, але ў Міністэрстве культуры нам патлумачылі, што гэтыя грошы можна выдаткаваць толькі на матэрыяльнае заахвочванне людзей. Таму вырашылі аддзячыць прэміяльнымі выплатамі нашых калег, раздзяліць грант сярод старшыняў мінскага гарадскога і абласных саветаў. Усе яны, як я казала вышэй, курыруюць дзейнасць піянерскай арганізацыі выключна на грамадскіх пачатках, працуюць, так бы мовіць, за ідэю. Таму, спадзяёмся, гэта будзе для іх прыемным бонусам.

Піянерскія сімвалы

— Аляксандра, на момант вашага абрання старшынёй Цэнтральнага савета БРПА вы ў ЦК БРСМ курыравалі многія напрамкі: валанцёрскі рух, міжнароднае супрацоўніцтва, маладзёжныя атрады правапарадку. Але да іх дадаўся яшчэ і піянерскі рух. Што было напачатку самым складаным і калі да вас прыйшло дакладнае разуменне, у якім напрамку трэба далей развівацца?

— Мы з маёй камандай яшчэ ў самым пачатку шляху вызначылі, што задачай на першыя тры гады стане фарміраванне пазнавальнага сучаснага аблічча піянерскай арганізацыі. Была сфарміравана іміджавая канцэпцыя. Задачай было дайсці да кожнага школьніка, растлумачыць, што такое піянерская арганізацыя. Максімальна выцягнуць з дзяцей ініцыятывы. Зрабіць арганізацыю цікавай, такой, у якую дзеці будуць імкнуцца.

Вядома, праблемы ёсць, паколькі ў нас адсутнічае свая вертыкаль на месцах, а напрамкаў дзейнасці вельмі шмат, але ўсе пастаўленыя задачы мы вырашаем. Вялікую работу праводзім з нашымі лідарамі і арганізатарамі піянерскага руху — педагогамі, важатымі, старшынямі раённых і абласных саветаў БРПА. Яны — праваднікі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на месцах. Лічу адной з галоўных заслуг сучаснай піянерскай арганізацыі выбудоўванне метадычнай дапамогі і падтрымкі нашых важатых.

— У савецкія часы галоўным сімвалам прыналежнасці да піянерскай арганізацыі быў чырвоны гальштук. Яго тры канцы сімвалізавалі непарушную сувязь трох пакаленняў — піянераў, камсамольцаў і камуністаў. А якія сімвалы і традыцыі ёсць у сучасных піянераў і які ў іх падтэкст?

— Беларускім піянерам за 30 гадоў існавання сваёй арганізацыі ўдалося захаваць традыцыі і разам з тым быць сучаснымі. 13 верасня 1990 года на Х Рэспубліканскім піянерскім злёце было прынята рашэнне аб стварэнні Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Былі зацверджаны статут, дэвіз і законы беларускіх піянераў. Галоўны сімвал з савецкіх часоў не змяніўся — гэта піянерскі гальштук. Ён па-ранейшаму з’яўляецца сімвалам прыналежнасці да нашай арганізацыі, сімвалам датычнасці кожнага піянера да спраў сваёй арганізацыі, гатоўнасці падзяліць яе добрую славу і адказнасць, але знешні від гальштука змяніўся. Ён уяўляе сабой трохкутную хустку, якая складаецца з двух трыкутнікаў чырвонага і зялёнага колераў — гэта колеры Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Калі піянер становіцца важатым ці піянерам-лідарам, на яго гальштуку з’яўляецца белы кант, які сімвалізуе лідарства. А акцябрацкая зорачка цяпер утрымлівае не выяву Леніна, а контуры карты Рэспублікі Беларусь і тры языкі полымя, якія сімвалізуюць адзінства акцябрат, піянераў і нашых лідараў.

Традыцыі, якія закладваліся ў савецкія часы, захоўваюцца, бо мэта нашай арганізацыі — выхаванне грамадзяніна-патрыёта — не змянілася. Піянер — той, хто імкнецца ісці наперад, хто гатовы да творчага пошуку, гатовы ствараць, прыйсці на дапамогу людзям, краіне і свету.

Адна з галоўных традыцый піянераў — «Ні дня без добрых спраў!» Піянеры заўсёды дапамагаюць тым, каму патрэбна дапамога, бо ад кожнай добрай справы свет вакол становіцца крышачку шчаслівейшы і змяняецца да лепшага! Для піянераў дзейнічаюць Закон слова (іх словы не разыходзяцца са справамі), Закон гонару (піянер беражэ сваё добрае імя і гонар піянерскай арганізацыі), Закон сяброўства (піянер паважае меркаванне таварышаў і верны сябрам) і іншыя.

— Першыя члены піянерскай арганізацыі сто гадоў таму ўдзельнічалі ў суботніках і агіткампаніях, дапамагалі змагацца з дзіцячай беспрытульнасцю і непісьменнасцю. А якімі справамі могуць пахваліцца сучасныя піянеры?

— Вядома, змяніліся формы і метады работы, але засталіся традыцыйныя для савецкіх піянераў праекты і напрамкі. Так, мы некалькі трансфармавалі цімураўскі рух. Ён рэалізоўваецца ў фармаце вялікіх дыстанцыйных гульняў — піянерскіх даручэнняў. Гэта такія праекты, як «Цімураўцы.bу», «ДабраДзел». У нас развіваецца дзейнасць экацімураўцаў, ёсць такі праект, як «Зрабі свет чысцейшым».

Цімураўскі рух сёння — гэта шэфства над дзіцячымі дамамі, бальніцамі, дзіцячымі садзікамі, дапамога ветэранам вайны і працы... У рамках цімураўскага руху нашы піянеры наведваюць адзінокіх грамадзян, ветэранаў піянерскага і камсамольскага руху, размаўляюць з імі, дапамагаюць добраўпарадкоўваць прыдомавыя тэрыторыі. З задавальненнем далучыліся мы да акцыі, ініцыяванай кіраўніком нашай дзяржавы, — «Ад усёй душы». Хачу заўважыць, што сустрэчы розных пакаленняў заўсёды праходзяць вельмі душэўна і пазнавальна: дзеці рыхтуюць творчыя нумары, а прадстаўнікі старшага пакалення дзеляцца з імі гісторыямі з уласнага жыцця і свайго піянерскага мінулага.

У рамках акцыі з БРСМ «Цуды на Каляды» мы наведваем сацыяльныя ўстановы для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў або дзяцей-інвалідаў. «У прынцыпе, усе кірункі піянерскай арганізацыі засталіся. Мы ахопліваем сваёй дзейнасцю і спорт, і творчасць. Магчыма, больш актыўна сталі апошнім часам выкарыстоўваць новыя інфармацыйныя тэхналогіі і нашы сацыяльныя медыя (гэтаму паспрыяла і пандэмія). Але дзякуючы ім нам удаецца зрабіць шмат карысных спраў. Узяць той жа праект «Цімураўцы.bу»: на працягу навучальнага года кожны месяц нашы цімураўцы выконваюць піянерскія даручэнні і папаўняюць такім чынам «скарбонку добрых спраў БРПА».

«Чэрпаем натхненне ў дзяцей»

— Праз піянерскую арганізацыю прайшло не адно пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак. Адзін з самых яскравых успамінаў з савецкага мінулага — піянерскія вогнішчы і гульня «Зарніца»...

— Гэта традыцыя ў нас таксама захавалася, але мы пайшлі яшчэ далей. Малодшыя школьнікі ўдзельнічаюць у нас у спартыўна-патрыятычнай гульні «Зарнічка», а падлеткі 13-14 гадоў — у ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца». Яны надзвычай папулярныя, ахопліваюць да 10 тысяч чалавек. А фіналы «Зарніцы» і «Зарнічкі» — унікальная па сваім маштабе і відовішчнасці падзея, якая аб’ядноўвае наймацнейшыя каманды з усёй краіны.

Гэты праект мы рэалізуем разам з Міністэрствамі адукацыі і Міністэрствам абароны. Апошні фінал прайшоў у 2021 годзе пад Брэстам, дзе на працягу двух дзён спаборнічалі нашы акцябраты і на працягу пяці дзён за званне юнармейцаў змагаліся пераможцы абласных і мінскага гарадскога этапаў. Фіналісты спаборнічалі ў сямі дысцыплінах, якія ўключаюць страявую падрыхтоўку і страявую песню, квіз на веданне ваеннай гісторыі Беларусі, творчы конкурс «Візітка атрада», зборку і разборку аўтамата, ваенізаваную эстафету з пераадоленнем спецыяльнай паласы перашкод і інш.

Хачу заўважыць, што праект знайшоў свой працяг. Пачынаючы з мінулага года, на рэспубліканскім узроўні мы разам з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі арганізоўваем таксама і гульню «Арляня», якая разлічана ўжо на старшых школьнікаў.

— У БРПА ёсць шмат цікавых праектаў: «Тэрыторыя дзяцінства», «Тэрыторыя ведаў», «Сустрэча на ўсе 100!», «Лічбавая трансфармацыя» і іншыя. А як нараджаюцца праекты? Вы адштурхоўваецеся ад жаданняў саміх дзяцей? Яны вам падказваюць?

— Наша праектная дзейнасць вельмі разнастайная: прапануем грамадзянска-патрыятычны, спартыўны, экалагічны, валанцёрскі напрамкі і гэтак далей, каб кожнае дзіця магло знайсці сацыяльную актыўнасць сабе па душы.

Сёння мы практыкуем анлайн-рэгістрацыю для ўдзелу ў нашых праектах. Гэта дазваляе нам не толькі паглядзець, колькі дружын удзельнічаюць у тым ці іншым праекце, але і прааналізаваць іх папулярнасць, спланаваць нашу далейшую дзейнасць. Ад нейкіх праектаў адмаўляемся ўжо праз год, а ёсць вельмі папулярныя праекты, такія як «Піянерскі квіз», які рэалізоўваем ужо пяты год, «Зарніца» і іншыя.

Кожным праектам мы ахопліваем у год каля 1800 дружын. Гэта добрыя паказчыкі з улікам таго, што ў нас усяго каля 2680 дружын па ўсёй краіне. Гэта значыць, больш за дзве траціны піянераў і акцябрат прымаюць удзел у праектах і праграмах Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Кожны можа зайсці на наш сайт, які з’яўляецца яшчэ і інфармацыйна-адукацыйнай платформай, паглядзець праекты, якія мы прапануем, сабраць каманду аднадумцаў, зарэгістравацца і цягам навучальнага года ўдзельнічаць у адным ці некалькіх праектах.

Працэс нараджэння праектаў у нас двухбаковы. Пры Цэнтральным савеце БРПА дзейнічае Дзіцячая палата — гэта орган самакіравання і нашы памочнікі. Мы чэрпаем у дзяцей натхненне і ідэі. Таксама адсочваем, што цікавае і карыснае рэалізоўваецца ў дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы. Імкнёмся дасягнуць кампрамісу: каб і дзецям было цікава і захапляльна, і для грамадства іх актыўнасць была карысная.

У 2020 годзе, калі мы сутыкнуліся з СОVІD-19, паўстала пытанне, а чым заняць школьнікаў дома. І мы ў гэты перыяд запусцілі першы анлайн-праект «Клёвыя канікулы». Многія скептыкі казалі, што вы зноў зацягваеце дзяцей у гаджэты, але ўсё атрымалася з дакладнасцю да наадварот. Мы проста выкарысталі сацыяльныя медыя як інструмент для таго, каб выцягнуць нашых піянераў з інтэрнэту. На працягу дня дзецям трэба было зрабіць зарадку, потым прыгатаваць сабе сняданак, напісаць гісторыю аб сваім прадзедзе і гэтак далей — разнапланавых заданняў было вельмі шмат, у тым ліку гэта былі і піянерскія даручэнні.

Дарэчы, сайт БРПА ў 2022 годзе ўзяў прэмію «ТІБА» як найлепшы сайт для дзяцей і падлеткаў. Цяпер гэта аналаг адукацыйнай платформы. Ва ўкладцы «Важаты» там можна пазнаёміцца з актуальнымі метадычнымі распрацоўкамі і прайсці анлайн-урокі. А ва ўкладцы «Піянеру» ў цікавай форме даведацца аб дзейнасці піянерскай арганізацыі.

БРПА: перазагрузка...

— Як думаеце, што яшчэ можна зрабіць, каб піянерская арганізацыя была больш прывабная для школьнікаў?

— Лічу, што рэбрэндынг, які адбыўся, зрабіў нашу арганізацыю цікавай і сучаснай. У 2019 годзе ў сучаснай піянерыі з’явіўся свой талісман — рысяня Вогнік. Ён быў абраны па выніках Рэспубліканскага конкурсу на распрацоўку піянерскага талісмана і слогана піянерскай арганізацыі «рrоБРПА — перазагрузка». За аснову быў узяты эскіз вучаніцы гомельскай школы № 25 Вікторыі Жалезняковай.

Вогнік сімвалізуе актыўных і крэатыўных, адказных і працавітых, ветлівых і сціплых, сумленных і вясёлых піянераў Беларусі. Асабліва ён палюбіўся нашым малодшым школьнікам. На працягу трох гадоў у нас праходзіў фестываль «Вогнік запрашае сяброў».

У беларускіх піянераў ёсць сучасныя песні, а да стагоддзя піянерскага руху з’явіўся піянерскі гімн. Нашы праекты актыўна асвятляюцца ў сацыяльных медыя. Мне здаецца, што для таго, каб дзейнасць піянерскай арганізацыі была яшчэ больш на слыху, трэба актыўна прыцягваць да сумеснай дзейнасці бацькоўскую грамадскасць і асвятляць нашу работу ў СМІ. Бацькі, якія зараз вядуць дзетак у школу, самі мала сутыкаліся з дзейнасцю піянерскай арганізацыі, бо ў 1990-я гады мы толькі пачыналі сучасны этап развіцця. Таму імкнёмся працаваць на бацькоўскіх сходах. Ствараем ролікі, у якіх дзеці самі расказваюць, чаму ім цікава, і, самае галоўнае, карысна быць у піянерскай арганізацыі.

 

— Аляксандра, ваша дачка зараз таксама знаходзіцца ў піянерскім узросце. Яе меркаванне мае для вас значэнне?

— Для нас вельмі важная зваротная сувязь ад усёй дзіцячай аўдыторыі. А меркаванне ўласных дзяцей — выдатная лакмусавая паперка: можна зразумець, што нам удаецца і над чым яшчэ трэба працаваць. Маёй дачцэ 12 гадоў, у маёй намесніцы таксама двое дзяцей 12 і 14 гадоў, таму перад тым, як запускаць новы праект, абавязкова цікавімся меркаваннем уласных дзяцей. І, мушу канстатаваць, што не заўсёды тое, што мы прапануем, знаходзіць у іх водгук. Тады мы мадыфікуем, дапрацоўваем сваю задуму і толькі потым прапануем яе шырокай грамадскасці.

— Новае пакаленне вельмі не любіць маралізатарства. Як вам удаецца рэалізоўваць патрыятычна-выхаваўчы складнік у рабоце і не адштурхнуць пры гэтым дзяцей?

— Абсалютна ва ўсіх нашых праектах прысутнічае выхаваўчы момант, але мы даўно адышлі ад гучных лозунгаў і гучных слоў у іх назвах, выхоўваем, але робім гэта ненавязліва. Духоўна-маральныя каштоўнасці, патрыятызм — усё гэта ёсць у змесце праекта. Ва ўсіх на слыху нашы акцябрацкія і піянерскія праекты, звязаныя з вывучэннем малой радзімы, захаваннем гістарычнай памяці, — «Вотчына.бай», «Спазнай Беларусь», дыстанцыйная гульня «Па слядах Перамогі». Нашы дзеці, у тым ліку з дапамогай гаджэтаў, вывучалі сваю малую радзіму, здымалі відэаролікі, стваралі экскурсійныя маршруты. У праекце «Падарожжа Вогніка» рысяня-талісман вандравала па ўсёй краіне. Мы шмат працуем над змястоўным напаўненнем праектаў, і, мяркую, што вялікая колькасць удзельнікаў, уцягнутых у праект, з’яўляецца найлепшым доказам таго, што нашы праекты не адштурхоўваюць, а, наадварот, прыцягваюць дзяцей.

Слухаючы выступленне кіраўніка дзяржавы на ўручэнні Спецыяльнай прэміі «За духоўнае адраджэнне», мы яшчэ раз пераканаліся, што неабходна павялічыць колькасць праектаў, накіраваных на выхаванне традыцыйных каштоўнасцяў. І грант, які мы выйгралі ў конкурсе прэзідэнцкіх грантаў, будзе накіраваны як раз на стварэнне мультыплікацыйных фільмаў, што будуць папулярызаваць культуру, мову, мастацтва і музыку нашага народа.

Актыўныя, ініцыятыўныя і дапытлівыя

— Падчас святкавання векавога юбілею піянерскага руху адбылася сустрэча піянерскага актыву з кіраўніком дзяржавы. Вялася размова і пра тое, што сувязь паміж піянерскай арганізацыяй і БРСМ павінна быць больш шчыльнай...

— Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя і Саюз моладзі заўсёды працавалі ў звязцы. Але тэзісы кіраўніка дзяржавы сталі для нас своеасаблівым пунктам адліку для таго, каб яшчэ больш уніфікаваць нашу праектна-праграмную дзейнасць. Намі была распрацавана праграма ўзаемадзеяння — «Платформа магчымасцяў», дзе вызначаны дакладны каляндарны план сумесных мерапрыемстваў. Ужо ў лютым мы правядзём сумесны акцябрацкі, піянерскі і маладзёжны квіз.

Летась у нас з’явілася новая традыцыя — цырымонія развітання з піянерскім гальштукам і ўступлення ў БРСМ. Усё новае — добра забытае старое. Мы паднялі архіўныя звесткі. У 50–70-х гадах ХХ стагоддзя была традыцыя, калі піянер развітваўся з піянерскім гальштукам і перадаваў яго малодшаму школьніку.

Першая цырымонія адбылася ў рамках святкавання 20-годдзя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў скверы Марата Казея ў сталіцы. Перад урачыстым уручэннем маладзёжных білетаў новым актывістам БРСМ прайшоў прыгожы і патрыятычны рытуал развітання з піянерскім гальштукам для 20 піянераў сталіцы.

Мы плануем часцей прыцягваць актывістаў з БРСМ да нашых праектаў «Па слядах Перамогі», «Цімураўцы.bу». А нашы піянеры-лідары з задавальненнем далучаюцца да адкрытых дыялогаў і мерапрыемстваў Саюза моладзі. Робім акцэнт на пераемнасць.

— Аляксандра, калі параўнаць ваша дзяцінства і дзяцінства, напрыклад, вашай дачкі... Каму пашанцавала больш?

— Складана адказаць на ваша пытанне. У маім дзяцінстве былі свае непаўторныя моманты, мы больш часу праводзілі ў дваровых гульнях, самі знаходзілі сабе занятак, нам ніколі не было сумна пры адсутнасці цацак, камп’ютарных гульняў і гаджэтаў. Але ў цяперашняга пакалення больш магчымасцяў, кампетэнцый, яны імгненна могуць знайсці патрэбную інфармацыю. Таму я назвала б пакаленне сучасных падлеткаў актыўным, ініцыятыўным, дапытлівым і прагрэсіўным. Яны з задавальненнем рэагуюць на прапановы нашых грамадскіх арганізацый і, самае галоўнае, растуць патрыётамі сваёй радзімы.


Традыцыі піянераў

Традыцыя Саветаў:

  • Толькі калектыўна, усім разам можна знайсці слушны шлях, прыняць новае рашэнне.

Традыцыя праўды:

  • Піянер адважна стаіць за праўду і справядлівасць.

Традыцыя росту:

  • Уменне, спрыт, адвага прыходзяць не адразу — неабходна прайсці прыступкі росту.

Традыцыя захавання спадчыны:

  • Піянер беражліва захоўвае прыроду і культуру роднага краю.

Традыцыя дабра:

  • Ні дня без добрых спраў! Піянеры заўсёды дапамагаюць тым, каму патрэбна дапамога, бо ад кожнай добрай справы свет вакол становіцца крышачку больш шчаслівым, мяняецца да лепшага.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД і з сайта brро.bу

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.