Вы тут

Качанава: Беларускі шлях дзяржаўнасці ўнікальны


У Мінску на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце прайшоў выязны семінар «Рэспубліка Беларусь: ад вытокаў да сучаснасці (гістарычны шлях дзяржаўнага будаўніцтва)», які арганізаваў Савет Рэспублікі сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук, Акадэміяй упраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў. Размова ішла аб вытоках беларускай дзяржаўнасці, гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыне, шляху да нацыянальнай дзяржаўнасці і яе ключавых вехах, духоўнасці нацыі і выкліках сучаснасці, станаўленні і развіцці беларускай дзяржаўнасці ў перыяд незалежнасці Беларусі. 


«Беларусы беражліва абараняюць хрысціянскія каштоўнасці».

Як адзначыла звяртаючыся да прысутных Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, сімвалічна, што мерапрыемства праходзіць тады, калі 2022 год, аб’яўлены Годам гістарычнай памяці перадаў эстафету 2023-му — Году міру і стварэння. 

— Можна па праву лічыць гэта чарговым момантам ісціны ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці, пошукам адказаў на лёсавызначальныя пытанні: хто мы, адкуль мы, і куды ідзём. І гэтаму садзейнічалі тыя мерапрыемствы, якія былі праведзены ў межах Года гістарычнай памяці. Ключавая роля належыць двум унікальным падзеям — адкрытаму ўроку ў Дзень ведаў «Гістарычная памяць — дарога у будучыню» і патрыятычнаму форуму «Гэта наша гісторыя». Менавіта тады Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сапраўдны лідар нацыі, па-бацькоўску давёў да кожнага адзіна дакладныя і гістарычна праўдзівыя адказы, заснаваныя на шматвяковым вопыце розных пакаленняў беларусаў, на іх гістарычным выбары, на подзвігах продкаў, на прыкладах сапраўднай любові да сваёй Радзімы, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Яна нагадала, што першая дзяржава — Полацкае княства — узнікла яшчэ ў Х стагоддзі. Гэта святая зямля — калыска беларускай дзяржаўнасці. Полацк быў адным з трох ключавых цэнтраў Старажытнай Русі нароўні ў Ноўгарадам і Кіевам і заўсёды адрозніваўся самастойнасцю. Таму ніхто не мае права папракнуць беларусаў у тым, што яны нібыта не маюць права на сваю незалежную, суверэнную дзяржаву. Уласны беларускі шлях сапраўды ўнікальны і можа служыць прыкладам для многіх іншых краін і народаў.

— Наша дзяржава з’яўляецца носьбітам і захавальнікам базавых традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў. Больш за тое, і сёння беларусы беражліва абараняюць і культывуюць іх, у той час як у «новай Еўропе» пад прыкрыццём барацьбы за правы і свабоды чалавека насаджаецца антыхрысціянскі светапогляд, які супярэчыць каштоўнасным асновам і традыцыям еўрапейскай цывілізацыі, — падкрэсліла Наталля Качанава.

«Наш народ валодае каласальным інтэлектуальным і эканамічным патэнцыялам»

Спікер Савета Рэспублікі засяродзіла ўвагу на тым, што беларусы — народ з вялікай гісторыяй, які валодае каласальным інтэлектуальным і эканамічным патэнцыялам, працавітасцю, народ, які з годнасцю і мужнасцю перанёс найцяжэйшыя нягоды і жахі войн, што неаднаразова развязваліся на беларускай зямлі не па нашай волі. Толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ страціў кожнага трэцяга, пасля стаў адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, перажыў Чарнобыльскую катастрофу. І пры гэтым не азлобіўся, а, наадварот, праявіў вялікую чалавечнасць, спачуванне і дабрыню падчас усіх выпрабаванняў.

— Знаходзячыся ў самым сэрцы Еўропы, на стыку дзвюх цывілізацый — Захаду і Усходу, — мы паслядоўна і нязменна ажыццяўляем сваю гістарычную місію — садзейнічаем мірнаму суіснаванню ўсіх членаў міжнароднай супольнасці, дээскалацыі існуючых канфліктаў, увасабляем прынцып узаемнай падтрымкі дзяржаў у барацьбе з выклікамі сучаснасці, — адзначыла Наталля Качанава.

Спікер падкрэсліла, што беларуская міралюбнасць і добрасуседства з’яўляюцца характэрнай рысай беларусаў і вызначаюць палітыку краіны на сучасным этапе. Але мала здабыць перамогу. Яе разам з правам на самастойнае вызначэнне свайго лёсу, трэба ўмець абараніць. Таму Беларусь стала больш актыўна дамагацца прызнання і асуджэння на міжнародным узроўні генацыду беларускага народа, а таксама ўмацоўваць добрыя сувязі паміж нашчадкамі пераможцаў.

У мінулым годзе Савет Рэспублікі сумесна з Саветам Федэрацыі Расіі упершыню рэалізаваў маладзёжны патрыятычны праект «Цягнік Памяці», які кожны раз будзе прырастаць новымі ўдзельнікамі. У гэтым годзе плануецца сабраць дзяцей з пяці дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза, у 2024-м — з 10 краін СНД, а да 80-годдзя Вялікай Перамогі — запрасіць удзельнікаў з 15 былых саюзных рэспублік, якія атрымалі Перамогу над фашызмам. Сумесна з расійскімі калегамі летась было арганізавана пахаванне знойдзеных у Геленджыку астанкаў беларускага лётчыка Сцяпана Каваленка на яго Радзіме — у Бешанковіцкім раёне. 

Адным з ключавых напрамкаў умацавання гістарычнай памяці Наталля Качанава назвала сумесную распрацоўку дзяржавай і зацікаўленымі арганізацыямі адэкватных мер абароны ад інфармацыйнага націску і процідзеяння фальсіфікацыі гісторыі. Яна адзначыла работу Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага міжведамаснага каардынацыйнага савета па патрыятычнаму выхаванню насельніцтва краіны, якія ўносяць важкі ўклад у выкананне гэтай гістарычна важнай і адказнай задачы.

Акрамя гэтага, паводле меркавання Старшыні Савета Рэспублікі важкі ўнёсак у папулярызацыю гістарычных ведаў робяць, у прыватнасці, выданне Нацыянальнага архіва «Без тэрміну даўнасці. Беларусь»; сумесныя праекты БЕЛТА з Генеральнай пракуратурай «Апошнія сведкі» і Міністэрствам юстыцыі «Архівы. Нічога, акрамя праўды»; спецыяльны праект выдавецкага дома «Беларусь сегодня» «Вечныя агні», праекты пры падтрымцы Генеральнай пракуратуры «Сапраўдны генацыд» і сумесна з Нацыянальным архівам «Партызаны Беларусі»; праект газеты «Звязда «Вогненныя вёскі. Нельга забыць»: праекты Сталічнага тэлебачання «Каб памяталі» і «Героі майго лёсу». 

Сярод самых маштабных ініцыятыў, якія аб’ядноўваюць неабыякавых і актыўных грамадзян у імкненні захаваць гістарычную — прапанова Беларускага саюза моладзі аб наданні аб’ектам «Хатыні» статусу Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. 

Пры гэтым Наталля Качанава заўважыла, што з завяршэннем Года гістарычнай памяці шырокая цікавасць да вывучэння гісторыі беларускай дзяржаўнасці не толькі не скончылася, а няўхільна расце. Адначасова важна, каб усе рашэнні па рэалізацыі дзяржаўнай гістарычнай палітыкі і ў далейшым садзейнічалі кансалідацыі грамадства, умацаванню духоўна-маральнага стрыжня беларускага народа, фарміраванню трывалага патрыятычнага фундамента для процідзеяння выклікам сучаснасці і забеспячэнню паступальнага стваральнага развіцця рэспублікі.

Доўгі шлях развіцця дзяржаўнасці 

Як адзначыў рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Дзяніс Дук, Беларусь прайшла доўгі шлях развіцця дзяржаўнасці, якая ўключае ў сябе гістарычныя і нацыянальныя формы. Полацкае і Тураўскае княствы з’яўляліся першымі гістарычнымі формамі беларускай дзяржаўнасці. Гэтыя два ўсходнеславянскія княствы займалі асноўную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі, у асноўным паўночныя і паўднёвыя яе часткі. Першая летапісная згадка Полацка ў 862 годзе ў поўнай меры пацверджана археалагічнымі крыніцамі і з’яўляецца пачаткам гісторыі беларускай дзяржаўнасці. 

Паводле яго слоў, як пераканаўча пацвердзілі даныя археалагічных раскопак, скандынавы (або вікінгі) не пакінулі ў Полацку ІХ-Х стагоддзяў масавых сведчанняў сваёй матэрыяльнай культуры. Пры гэтым у Ноўгарадзе і Кіеве было інакш. Так, матэрыяльная культура скандынаваў у поўнай меры прадстаўлена на Рурыкавым гарадзішчы — гэта папярэднік Ноўгарада. Па словах навукоўца, гэта значыць, што першы полацкі князь Рагвалод, які прыйшоў, паводле летапісаў, з-за мора, абапіраўся не на прышлую скандынаўскую дружыну, а на мясцовае полацкае баярства. Інстытут княжацкай улады Рагвалодавічаў, мясцовае баярства і народнае веча сталі вызначаць асаблівасці палітычнага ладу полацкага княскага дома.

Як падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Марзалюк, гісторыя дзяржаўнасці — гэта заўсёды адказ на некалькі фундаментальных пытанняў: адкуль мы; чаму мы такія, якія ёсць; якая наша стратэгія развіцця на будучыню; з кім нам сябраваць і як выбудоўваць гэтыя адносіны; а таксама што самае важнае мы павінны пакінуць ад продкаў.

Ён расказаў пра фарміраванне Вялікага княства Літоўскага як гістарычнай формы беларускай дзяржаўнасці, адзначыўшы, што ВКЛ — гэта другі цэнтр аб’яднання ўсходніх славян, і такім ён успрымаўся яшчэ ў Маскве ў XVI-XVII стагоддзях. А таксама пра набыткі і страты, якія былі ў ВКЛ, у прыватнасці, пасля таго, як гэтыя землі аб’ядналіся з Польшчай у Рэч Паспалітую.

Унікальная археалагічная і духоўная спадчына

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза адзначыў, што Беларусь можа ганарыцца сваёй унікальнай археалагічнай спадчынай. Цяпер у дзяржаўным спісе змяшчаецца больш за 5,6 тысячы аб’ектаў культурнай спадчыны, больш за 2,2 тысячы помнікаў археалогіі, а таксама некалькі тысяч аб’ектаў, пра якія вядома з літаратуры па археалогіі. 

— У Беларусі знаходзіцца самая буйная калекцыя духавых музычных інструментаў эпохі неаліту. Акрамя таго, ёсць пацвярджэнне, што першыя шахцёры на беларускіх землях з’явіліся ў канцы ІІІ тысячагоддзя да нашай эры. Да таго ж на тэрыторыі нашай краіны знойдзена вялізнае мноства ўнікальных артэфактаў, сярод якіх наканечнікі стрэл XIII стагоддзя, шабля часоў Напалеона Банапарта і іншыя каштоўнасці, — дадаў Вадзім Лакіза.

Духаўнасці беларускай нацыі быў прысвечаны выступ Праасвяшчэннага архіепіскапа Феадосія, ганаровага настаяцеля прыходу храма іконы Божай Маці «Неспадзяваная Радасць» г.Наваполацка. 

— Мы мусім даследаваць вытокі беларускай дзяржаўнасці, і канешне ж, іх духоўны аспект. Бо дух чалавека — той бок яго асобы, якая мае стваральны характар. У цяперашні час гэта вельмі актуальна, бо ў свеце, у грамадстве, у галовах гаспадарыць разруха. З’явілася думка, што ісціна не адна, а быццам бы яна множная. Гэта, канешне, вялікая памылка і няправільнае суджэнне. Ісцін шмат быць не можа. Яна адна — божая, духоўная, стваральная. І толькі знішчыўшы разруху ў галаве, у нашым мысленні, знайшоўшы ісціну і сэнс жыцця — і асобы, і дзяржавы, — мы можам з упэўненасцю глядзець у будучыню. І на дадзеным этапе супрацьстаяць той сіле разбурэння, якая дзейнічае. Гэта неабходна для нашага выжывання. Калі мы паглядзім на нашу гісторыю, мы ўбачым, што мы нашчадкі выдатных пакаленняў, якія цягам стагоддзяў, у розных гістарычных умовах атрымлівалі перамогу над ворагамі. І ў нас ёсць гэты патэнцыял, дзякуючы якому мы можам зноў атрымаць перамогу над усімі сіламі разбурэння. 

«У аснове — сумленнасць, прыстойнасць і справядлівасць»

***

Падводзячы вынікі семінара, Наталля Качанава падкрэсліла, што беларусы жывуць ва ўнікальнай дзяржаве са сваімі гістарычнымі каранямі і ганарацца краінай. 

— Задача ўсіх тут прысутных, і перш за ўсё гэта датычыцца нашых гісторыкаў, — пісаць праўдзівую гісторыю нашай сучаснай дзяржавы, каб заўтра нікому не прыходзіла ў галаву яе перавярнуць. У аснове павінна быць сумленнасць, прыстойнасць і справядлівасць, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі. 

Па выніках семінара ўдзельнікі падпісалі Рэзалюцыю.

Алена КРАВЕЦ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.